Зоська Верас. Я помню ўсё
Успаміны, лісты
Міхась Скобла
Памер: 498с.
2013
Беларускі Нацыянальны зьезд умацаваны ў шчырым жаданьні нясьці часьць вялікай працы на карысьць вольных народаў Расеі, моцна пераконаны, што яго Нацыянальны Камітэт, кфуючыся да паляпшэньня жыцьця у родным краю, абапіраючыся на ўсіх жыхароў Беларусі, прынясе карысьць агульнадзяржаўнаму будаваньню на фундамэнце фэдэратыўнага строю дэмакратычна-рэспубліканскай Расеі, аб чым зьезд даручае сваёй дэлегацыі данесьці да ведама Часовага Ураду.
V дэлегацыю да Часовага Ураду выбраны: 1) I. Краскоўскі (упаўнамочаны Саюзу гарадоў Юго-западного фронта), 2) Р. Скірмунт (дэпутат / Государ[ственной] Думы'), 3) Э. Будзька (член Беларускага каміт[эту] помачы ахвярам вайны ў Петраградзе, селянін Вілейскага павету), 4) Я. Канчар20 (упаўнамочаны ад Часовага Ураду па арганізацыі каапэратываў у Менскай губ[эрні]), 5) П. Аляксюк (юрыст), 6) М. Кахановіч (рэдактар “Магілёўскага весніка”), 7) I. Касяк21 (народны вучыцель).
Зьезд высказаўся за прылучэньне прадстаўнікоў ад праваслаўнага і каталіцкага духавенства.
У Нацыянальны камітэт выбраны: 1) Р. Скірмунт, 2) А. Смоліч (аграном), 3) П. Аляксюк, 4) Л. Заяц (юрыст), 5) Э. Будзька (публіцыст), 6) У. Фальскі (чыноўнік Ліб[ава] Ром[енскай] чыгункі), 7) Б. Тарашкевіч (кандыдатфілялёгіі), 8) кс[ёндз] Гадлеўскі, 9) Я. Канчар, 10) I. Краскоўскі, 11) А. Бурбіс (банкаўскі служачы), 12) К. Кастравіцкі (гаспадар), 13) Бобрыкін (вучыцель гімназіі), 14) Ф. Шантыр (прыватны адвакат), 15) М. Кахановіч, 16) В. Іваноўскі (інжынер), 17) Дубейкаўскі (архітэктар), 18) 3. Жылуновіч (работнік і паэт).
Беларускі Нацыянальны Камітэт мае права кааптацыі, а таксама пашыраецца прадстаўнікамі сялянскіх і беларускіх нацыянальных арганізацый (у тым парадку, як пры Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў).
Удзельнікі Белнацкаму з 18 асоб выбралі прэзыдыюм з менскіх працаўнікоў — 5 чалавек: 1) Скірмунт (старшыня), 2) П. Аляксюк, 3) У. Фальскі, 4) Л. Заяц (скарбнік), 5) Б. Тарашкевіч (пісар).
Старшыні зьезду: Кастравіцкі, Скірмунт; віцэ-старшыні: Аляксюк, Смоліч; сакратары зьезду: Тарашкевіч, Заяц.
Дадам толькі некалькі сваіх заўвагаў: 1) у прэзыдыюме апрача пералічаных упратаколетаксамабыліТ. Грыб22іС. Рак-Міхалоўскі23;2)чамугэтаБ.Тарашкевіч гэтак “далікатна” піша аб выступленьні Метліна? Чаму не прыводзіць яго грубіянскія выкрыкі: “Далой эту тряпку!” — гэта пра наш беларускі сьцяг!!! 3) чаму падае адказ Метліну сяброў прэзыдыюму, а не зварочвае ўвагі на выступленьне дэлегатаў з залі: Ф. Шантыра (адказ востры, з глыбіні абуранай душы) і старэнькага сівога селяніна, які, сказаўшы некалькі простых, але моцных слоў, укленчыў і пацалаваў сьцяг!
Гэта было мацней, чым прамовы пры стале прэзыдыюму, і шмат большае зрабіла ўражаньне. Адначасова дало адказ на закіды, што наш рух не натуральны і нізы ім не закранутыя.
Адразу пасьля лютаўскага перавароту беларусы захапілі Губэрнатарскі дом, дзе і была зроблена фатаграфія сяброў Зьезду. Доўга я думала і прыпамінала і ў канцы мушу згадзіцца зтым, што Зьезд утварыў Беларускі Нацыянальны Камітэт. Ён нядоўга праіснаваў, ператварыўся ў Цэнтральную Раду беларускіх арганізацыяў, куды ўвайшлі і Грамада, і Камітэт Таварыства помачы ахвярам вайны. Гэта дало повад для іранічнай заўвагі, што “прыцягнулі нават бежанцаў”, як бы бежанцы беларусы не былі людзьмі раўнапраўнымі для сваёй Бацькаўшчыны!
На першым паседжаньні створанага зьездам Нацыянальнага Камітэту мяне выбралі сакратаркай. Б. Тарашкевіч выяжджаў назад у Петраград. Ня помню, чаму я недзе паехала з ім на рамізьніку. У горадзе прашу Тарашкевіча, каб даў мне пратаколы зьезду. He пачынаць жа мне на пустым месцы! А ён мне са злосьцю: “Ня маю ніякіх пратаколаў, згубіў”. Я засьмяялася і кажу: “He гава-
рыце глупства, можа, адкажаце з большым сэнсам?” (Мы былі крыху знаёмы і раней.) Ад гэтага часу нейкая варожасьць асталася паміж намі.
На франтах арганізаваліся ў асобныя батальёны палякі, украінцы. А сколькі там было беларусаў! Параскіданыя па ўсіх франтах, у большасьці нацыянальна несьвядомыя, пазбаўленыя ўсялякай сувязі з беларускімі арганізацыямі... Вось тады нарадзілася думка склікаць вайсковы зьезд. Галоўным пачынальнькам быў Сымон Рак-Міхайлоўскі. Але ён быў са сваёй часьцю пад Маладзечнам і асабіста заняцца друкам адозваў, іх высылкай і г.д. ня мог.
У Менску быў М. Шыла24, быў А. Уласаў, але яны як ваенныя кожную хвіліну маглі выехаць, і дзеля таго ўсю тэхнічную справу вайсковага зьезду Рак-Міхайлоўскі даручыў — мне! Гэта было крыху дзіўна і крыху сьмешна. Але ён тлумачыў так: “Я ведаю, што вы ўсё зробіце аккуратна і сумленна, а потым вы ж — ваенная костачка”. (Мой бацька быў вайскоўцам.) Ну што ж... С. Рак-Міхайлоўскі аставіў мне чарнавікі адозваў, адрасы розных вайсковых аддзелаў і т.п. Думаючы, што ў мяне могуць быць нейкія няпэўнасьці, пазнаёміў мяне з сакратаром у штабе фронту і прасіў, каб мне, як будзе трэба, пазволілі карыстацца талефонам — парадзіцца з ім. Але і без яго дала я сабе рады.
Адозвы, павесткі разасланыя. Шыла наладзіў кватэры (у Губэрнатарскім доме) і справу харчаваньня так, як раней было ўзгоднена з Ракам-Міхайлоўскім і іншымі. Я пры помачы Рэні Бядулькі прыгатавала цэлую масу чырвона-белых сьцяжкоў для дэлегатаў. Здаецца, усё... Заўтра з раніцы пачнуць зьяжджацца, увечары зьезд адкрываецца.
Вечар. У Беларускую хатку прыходзіць Шыла і здаволена кажа: “Дзяжурных на вакзал назначылі — выйдуць на самы раньні цягнік”. У гэту мінуту ў мяне бліснуладумка: “Чакайце-чакайце, аякжа дэлегаты і дзяжурныя пазнаюцьадныя другіх? Трэба ж неяк дзяжурных адзначыць!” — “Праўда,— кажа Шыла,— якжа мы аб гэтым забыліся?Трэбаапаяскі на рукавы зрабіцьз надпісамі”.— “Ну так давайце рабіць”,— “Але з чаго, чым падпісваць?” — “3 чаго — гэта не праблема, зараз у мамы нейкага палатна дастану, сшыю, а на надпісы бярыце мае фарбы, я учора купіла сьвежыя акварэлі ў цюбіках”,—“To я,— кажа Шыла,— пайду ў кнігарню з гэтай работай, бо позна, а хутка гэтага ня зробіш”,— “На вуліцы цёмна, у кнігарні сьвятла німа, трэба браць лямпу са сталоўкі, то хіба я вас правяду, бо ўсяго разам не забераце”.
Кнігарня была побач, ключ Ядвігін Ш. часова аставіў у сталоўцы, так што ўсё ясна. Толькі мама мая сьмяялася, што нас міліцыя затрымае за шпацыр з запаленай лямпай.
На раніцу апаяскі былі гатовыя з надпісам: Беларускі вайсковы зьезд. Увечары ў зале Губернатарскага дому зьезд адкрыўся. Колькі было дэлегатаў — ня помню. Але шмат і салдатаў, і афіцэраў — з генэралам Кандратовічам25 у тым ліку. Ад Балтыйскага флоту матросы: Муха і Вярбіцкі. Усе сапраўды ўзрушаныя, усе здаволеныя, што сабраліся ў адной грамадзе... Знаёміліся паміж сабой, а беларуская мова цешыла і давала нейкую надзею на лепшую будучыню. Я была там адзінай жанчынай і ня чулася паміж імі не на месцы.
Разумеецца, і дзясятай часьці прозьвішчаў ня помню, але асталіся ў памяці пераважна тыя, хто астаўся працаваць у Вайсковай Радзе: Гацкі, Міхайчук, Русак26, Сакалоўскі, Козіч, браты Красоўскія, а перадусім Чарвякоў27 і Езавітаў28.
Аднаго дэлегата помню добра, хоць прозьвішча яго і ня ведала. Глыбока сьвядомы, разьвіты, але які ж нешчасьлівы. Нядаўна выйшаў са шпіталю, паранены твар. Страшная маска... шрамы... Як жа ён цярпеў духова... Усё дапытваўся: скажыце праўду, страшна на мяне глядзець, усе ад мяне адвернуцца, праўда? Які ж боль у голасе... Я шмат з ім гаварыла, тлумачыла, што ня ў твары, ня ў выглядзе справа, а ў душы, у паводзінах чалавека і г.д. Але ці ён мне паверыў?
У канцы працы Зьезду запранавалі запісывацца у бел[арускія] батальёны. Запісываліся, хіба, усе без вынятку. Запісалася і я. Прасілі высылаць літаратуру, калі будуць — газэты.
У апошні дзень зьезду Ф. Шантыр прачытаў лекцыю “Аб патрэбе нацыянальнага самавызначэньня для беларусаў”. Лекцыю слухалі з вялікім зацікаўленьнем.
Цэнтральны Камітэт беларускіх арганізацыяў працаваў... Сходы, пасяджэньні... Таксама паседжаньні сяброў менскага аддзелу Грамады. Ня маю аб чым успамінаць. He люблю і не любіла гэтакай работы. Шмат мне мілейшай была работа з бежанцамі, там рабілася нешта канткрэтнае. Да вялікіх справаў трэба мець вялікія здольнасьці. У мяне іх не было...
Неяк абодва зьезды успомніліся адзін за адным, а паміж імі прайшоў не адзін месяц, бо Вайсковы зьезд адбыўся 18-21 кастрычніка 1917 г. У міжчасе работа ў Камітэце помачы ахвярам вайны не стаяла на месцы: пастанавілі сталоўку пашырыць. Нанялі вялікую кватэру на Маскоўскім завулку (здаецца) — з мансардай, дзе мы з мамай закватараваліся. А на Захараўскай, 18, у Беларускай хатцы адгэтуль зьмяшчаліся сакратарыяты: Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый, Грамады і Камітэту помачы ахвярам вайны. I ва ўсіх трох я была сакратаром, г.зн. прымала інтэрэсантаў, давала інфармацыі і г.д.
На Маскоўскім завулку мы з мамай нядоўга жылі. Мама хварэла, і займацца сталоўкай, тым больш хадзіць па сходах было цяжка. Ядвігін Ш. знайшоў новую загадчыцу для сталоўкі, а мы нанялі сабе пакойчык на Залатой Горцы, недалёка могілак. Так ужо надаела ў горадзе паміж камянёў, муроў, што лягчэй дыхнулі, выбраўшыся на ціхую вулічку паміж дрэвамі. Хадзіць або езьдзіць на концы было далёка, але затое вочы бачылі зелень, чыстае неба.
У мансардзе над сталоўкай зрабілі інтэрнат, дзе жылі, паміж іншымі, У. Чырскі, Г. Матук, Лытчык і др. Інтэрнатам загадваў прыехаўшы у той час Я.Лёсік29. А. Прушынскі30 (А. Гарун) жыў на Захараўскай, 18, узяўшы да сябе матку і маладога брата. У гэты час тэатральная трупа Ф. Ждановіча ўжо даволі моцна чулася. Распрацавалі і паставілі “У зімовы вечар”. Ролю Рыся іграў брат Флярыяна Антук (псэўданім Крыніца). Якое ж моцнае ўражаньне было, з якой сілай іграў! Я адразу сваімі перажываньнямі падзялілася з Ф. Шантырам. Праз пару дзён ліст: “Пагаварыце з Ф. Ждановічам. Скажыце яму, што запрашаем яго трупу ў Бабруйск. Паведамце загадзя, каб узгадніць тэрмін”.
Ждановіч ахвотна згадзіўся, назначылі дзень. Паехалі трупа і хор, які таксама значна павялічыўся. Асабліва добры быў бас — працаўнік дэпо. Паехала і я з імі. Гэта было ў канцы красавіка 1917 г. У Бабруйску ўсё было арганізавана: заля нанятая (у тэатры ці у нейкім клюбе), афішы расклееныя, прададзена шмат білетаў. Начлег для трупы і хору наладжаны ў будынку шпіталя, г.зн. у старой Бабруйскай крэпасьці.