Зоська Верас. Я помню ўсё
Успаміны, лісты
Міхась Скобла
Памер: 498с.
2013
Апрача п’есы “У зімовы вечар” і хору былі яшчэ дэклямацыі. Асабліва падабаўся публіцы маналог “Ай зубы, праклятыя зубы” ў выкананьні Янкі
Ждановіча (ён ня быў сваяком ф. і Д. Ждановічам). Антук Ждановіч з такой сілай выканаў сваю ролю, што атрымаў сэрцавую атаку (ён быў хворы на сэрца), і яго вынесьлі са сцэны.
Далей Ф. Ждановіч працаваў вытрывала і з посьпехам. Ставілі: “Пашыліся ўдурні”, “Паўлінку”, “Апошняе спатканьне”У. Галубка. Усё гэта ставілася, як мне здаецца, у летнім тэатры, бо помню, што каса была пры ўваходзе ў сад. Я пару разоў у касе прадавала білеты ў бел[арускай]нац[ыянальнай] вопратцы.
РОЗНЫЯ БЕЖАНЦЫ I ФАБІЯН ШАНТЫР
Ужо летам 1917 г. уцекачы, якія спыніліся ў глыбіні Расеі пачалі зьяжджацца ў Менск, каб пры першай магчымасьці вярнуцца да родных кутоў. Пакуль можна будзе ехаць далей, уцекачы шукалі працы. Дзеля гэтага пры менскім Камітэце Таварыства помачы ахвярам вайны было арганізавана бюро працы. I вось, прыйшоўшы аднойчы на сваё месца працы, я бурна пазнаёмілася з Янкам Станкевічам (пазьней у Вільні мы яго называлі спадаромУ Ён быў у войску, але на зьездзе вайсковым ня быў — прычыны ня помню. А цяпер прыехаў пазнаёміцца з працай беларускіх арганізацыяў. Уляцеў, як бомба, не прывітаўся і адразу напаў на мяне: “Чаму ўчора ў вас было зачынена? Што гэта за парадкі?!” Я спакойненька кажу: “Перадусім не крычыце, вы не ў казарме. А чаму зачынена? Калі чалавек, у даным выпадку я, праз цэлы тыдзень тут па гадзін дзесяць, то ў нядзелю мае права адпачыць. Замяніць мяне німа каму”.— “А што рабіць, калі хто ў нядзелю прыедзе?” — “Пачакаць да панядзелка, а тым часам пайсьці ў Вайсковую Раду, там працаўнікі-сябры жывуць на месцы”.
Ня цешыла праца нашых арганізацыяў: Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый і Грамады. Сядзелі, прамаўлялі, дыскутавалі і — таўкліся на месцы. 3 тым большым захапленьнем, нават з зайздрасьцю бачыла я, як працаваў Бабруйск. Які размах, якая энэргія! А працаваў там адзін чалавек — Ф. Шантыр. У адным з лістоў 1917 г. ён пісаў мне: “Сягодня чуюся надта шчасьліва: была ў нас маніфэстацыя салдат і сялян. Народу было некалькі тысяч. Пасьля маніфэстацыі былі мітынгі, спачатку салдацкі, а пасьля вясковы. На абодвух мітынгах я выступаў. I знаеце, перажытае падчас мітынгаў я ніколі не перажываў і, мабыць, ня буду перажываць! Народ страпянуўся, і старонка, хоць памалу, але ж будзіцца і ідзе па праўдзівай дарозе. Пытаецеся, як расходзяцца адозвы? Было выпушчана 5000 адозваў. Адна мая сваячка равозіла іх па вёсках. Адозвы ўсе раздала, так народ быў рады, што мог прачытаць... Беглі за возам, хапалі як бы грошы ім хто даваў! Вось наколькі народ галодны на шчырае друкаванае слова”.
Іншы ліст: “Як ведаеш, тут арганізаваўся аддзел Беларускай сацыялістычнай грамады. Цяпер грамада налічвае ўжо больш 100 сяброў. Выдалі 5000 адозваў. Грамада выступіла на маніфэстацыі са сваім сьцягам. Купальле будзем ладзіць таксама арганізавана. Мо будзе ў Менску прыгатоўлена на Купальле якая літаратура, то высылайце загадзя... Ладзім скарбоначныя зборы. У маленькім Бабруйску сабралі каля 500 рублёў. Бяда адно, што німа каму арганізаваць хор! Вышлі як хутчэй усе песьні з нотамі і п’есы беларускія. Маю надзею, што калі справы і далей будуць ісьці, як цяпер ідуць, то незадоўга пачнем выдаваць у Бабруйску газэту”.
Энтузыяст, палымянытрыбун,Ф. Шантырвёўзасабой масы.Зайздросьціла, захоплівалася, а ўсё ж кінуць сваю шэрую работу і ехаць у Бабруйск не магла: у Менску я была патрэбная, і гэта мяне трымала.
А ў Менску нават Купальля не сьвяткавалі? Бо Купальле не праца... Так, але прапаганда беларускіх звычаяў, песьняў... Неяк пайшлі ў лес — Галубок, Ядвігін Ш., Фальскі, Бядуля, я. Пасядзелі гадзінку, памаўчалі і — вярнуліся. Апрача газэты “Грамада”, якая час ад часу выходзіла, не друкавалася нічога. Каб хоць крыху запоўніць гэтую пустку, надумаліся выдаць аднаднёўку. Крыху палітычнага агляду, пару паважнейшых артыкулаў і шмат бэлетрыстыкі. Помню, сабраліся ў нейкім маленькім пакойчыку: Ядвігін Ш., Галубок, прыехаў Ф. Шантыр, Андрэй Зязюля (кс [ёндз] Астрамовіч) і я. Гутарылі, праектавалі, абдумывалі... Здаецца, абдумалі ўсё дакладна. Пастанавілі пісаць, падбіраць матэр’ялы. Тады Ф. Шантыр кажа: “Я хутка прыехаць не змагу, а для аддзелу бэлетрыстыкі магу цяпер даць сваё апошняе апавяданьне. Можа, прачытаць? Буду адразу ведаць, ці падыйдзе”. Разумеецца, папрасілі чытаць. Гэта было апавяданьне “Сьвяты Божа” — рэч моцная, трагічная... Уражаньне? Як яго апішаш? I тут — неспадзянка! А. Зязюля: “Я гэтага не дапушчу! Гэта багахульства. Як можна нават думаць, каб гэта пусьціць у друк?” Ф. Шантыр на дзіва не абурыўся, не запратэставаў. Схаваў рукапіс, разьвітаўся і выйшаў. Усе маўчалі. Урэшці Ядвігін Ш. кажа: “Што ж, ня думаю, каб хто згадзіўся аддаваць свае працы ў такую жорсткую цэнзуру. Значыцца, з праекту аднаднёўкі нічога ня будзе”. I так добрыя намеры ня зьдзейсьніліся.
Па нейкім часе я атрымала ад Ф. Шантыра ліст, у якім ён прасіў аддаць уложаны ў капэрту ліст да А. Зязюлі. Я аддала. Што там было — ня ведаю. “Сьвяты Божа” было надрукавана пазьней у “Вольнай Беларусі”, пасьля быў друкаваны ў Маскве пераклад, і на польскай мове ў “Przeglqdzie Wilenskim”. А ў “Хрэстаматыі” I. Дварчаніна ў апавяданьні канец адрэзаны, ды так няўдала, што загаловак страціў сувязь са зьместам...
Як я ўжо ўспамінала, бежанцы з глыбіні Расеі накіроўваліся бліжэй да сваёй старонкі. Некаторыя заходзілі ў наш Камітэт, рэгістраваліся, ішлі на работу. Большасьць радзіла сабе сама. Сябры Камітэту не паказваліся. Адзін Фальскі, сталы віцэ-старшыня, заглядываў часам на хвілінку. Я адна мусіла даваць раду. I вось раз прыходзіць цэлая грамада бежанцаў. Адна старая жанчына, дзьве маладыя і тры падросткі па гадоў 16-17. Усе здаровыя, сільныя і бязьмерна нахальныя. 3 гэтакімі яшчэ не прыходзілася спатыкацца. Адразу з вымаганьнем — дайце нам кватэру! Я кажу, што кватэраў ня маем, начлежкі даўно ліквідаваныя, бо жыўшыя ў іх уцекачы, наладзіўшы сваё жыцьце, нанялі сабе кватэры. “Нутакмы пажывем у васу калідоры”.— Гэтага ня зробіце. Тут памяшканьне Камітэту, дом належыць да магістрату, і ніхто тут жыць ня мае права”,— “Усё роўна мы сягодня ня пойдзем нікуды, ужо вечар”,— “Што ж, пераначуйце, але заўтра шукайце сабе кватэры”.
Пераначавалі ноч, другую, ніякай сілай не магла іх пазбыцца. Дайшло да таго, што прыгразіла ім паліцыяй. Тады яны перайшлі ў складзік на дровы (ён быў пусты). Цэлыя дні сядзяць, ляжаць на сваёй пасьцелі — было цёпла, суха. А мяне ліха бярэ. Здаровыя бабы нічога не робяць, хлапцы ляжаць, кураць. Вырабілі сабе паёк, які быў агранічаны, не на ўсіх хапала.
Аднаго разу звоняць з чыгункі, каб прыслаць работнікаў — пільная праца. Неяк з бядой угаварыла я сваіх гультаёў, каб ішлі на работу, асталася толькі
старая матка. На другі дзень, з трэскам адчыніўшы дзьверы, убягае разьюшаная баба і да мяне: “Што вы нарабілі! Паслалі нас на работу, і нам цяпер пайка не даюць!” — “Але плацяць, а паёк прыгадзіцца тым, хто працаваць ня можа”. Яшчэ там нешта крычала, стукнула дзьвярамі, а потым адчыніла ізноў ды крыкнула: “Каб вам сэрца згарэла!”.
Я вярнулася да сваёй работы, сяджу, пішу, але мне неяк нядобра... Усё ж не паддаюся. Знэрвавалася, ясна, але гэта міне, думаю. У той час прыйшоў нейкі старэнькі гаспадар з-пад Менска, просіць дастаць яму палонных аўстрыякаў да жніва. Ён ды жонка старыя, а сыны на фронце. Я дагаварылася па тэлефоне з начальнікам лягеру. Дала свайму інтэрэсанту адрас, але ногі мяне не трымаюць. Той пытаецца: што з вамі? Вы — белая, як палатно...
Нічога страшнага, кажу, але ўсё ж трэба ехаць дахаты. Зачыніла Камітэт, узяла возчыка, паехала. Мама паклікаладоктара... Мне нічога не балела, толькі гарачка была да 40 градусаў і білася, як шалёнае, сэрца... Доктарскі дыягназ: нэрвовая гарачка... “Каб вам сэрца згарэла”... Ляжала тры тыдні. Значыцца, бываюць ведзьмы? I праклёны маюць сілу? Хварэла-паздаравела...
Ня гэта было балючым... Але сколькі набрала я праз гэта жыцьцёвай практыкі! Сколькі страціла веры ў людзей, у іх праўду. Тыя, хто так прыгожа думаў, гаварыў, пісаў аб тым, якімі павінны быць адносіны паміж намі, беларусамі (“усё для чалавека”, “усе як адна сям’я”) паказалі яўна, што іх словы ня маюць нічога супольнага з паступкамі. Праз час маёй хваробы ніхто, даслоўна ніхто, не пацікавіўся, што са мной. Можа, трэба дапамагчы? Толькі ў канцы, якужо пачалаўставаць, зьявіўся Галубок. Ф. Шантыр прыехаць ня змог, але лісты былі кожны дзень, непакоіўся, але гэта быў блізкі і родны чалавек.
Затое нашы бежанцы з Бялянаў (Сакольшчына) спагадалі цэлым сэрцам. Паўліна Шыдлоўская прыходзіла кожны дзень; аставалася пры мне, калі мама ішла у горад, у аптэку. Старалася памагчы маме ў хатніх справах. Hi асьвета, ні шырокія глыбокія погляды не заменяць сэрца...
ВІР ГРАМАДЗКАГАЖЫЦЬЦЯ
Сходы, дэбаты Цэнтральнай Рады бел[арускіх] арганізацый ішлі пастарому. Пакрысе прыбывалі новыя людзі. Ну, не зусім новыя, але тыя, што толькі прыехалі, або толькі цяпер змаглі працаваць. Да такіх належалі Тодар Вернікоўскі1 і вайсковы др. Кастравіцкі — брат Каганца. Высокі, з сівеючай барадой, часта прыводзіў з сабой сыноў-гімназістаў.
Урэшці, каб выканаць пастанову Зьезду “Аб утварэньні Краёвай Рады”, стварылі Вялікую Беларускую Раду. Пачала яна працаваць увосені 1917 г. у Губэрнатарскім доме. Мяне кааптавалі у Раду і назначылі сакратаром! У маім жыцці шмат што зьмянілася. Адносіны з Ф. Шантырам псаваліся. Ненармальны ваенны час, нязгода ў поглядах і г.д. часова нас разлучылі. Маці мая выехала пад Глыбокае, дзе працавала вучыцелькай у маёнтку адной абшарніцы, якая, баючыся надыходзячых падзеяў, старалася залагодзіць сваіх работнікаў. Якія благія прычыны ні кіравалі гэтай абшарніцай, усё ж выкарыстаць магчымасьць даць дзецям навуку было неабходна.
Мне прыйшлося шукаць сабе кватэру. Бядуля запрапанаваў, каб я жыла ў яго, з яго сёстрамі: яны займалі вялікі пакой, дзе хапала месца і на трэцяга чалавека. Пакой, дзе жыў М. Багдановіч, цяпер займаў Я. Лёсік. У Вялікай
Радзе работы было шмат, тым больш, што я ўсюды цягнула за сабой і работу Камітэту помачы ахвярам вайны. Пры ўсёй гэтай працы неабходна была машыністка. Паслалі на курсы машыністкі малодшую сястру Бядулі — Чэрню. Скончыўшы курсы, яна пачала працаваць у Вялікай Радзе. Вось і хадзілі мы на работу разам. Ад 10-й рана розная папяровая работа, ды мая з бежанцамі, а вечарам — паседжаньні. Справы асьветы, друку, зямельная рэформа, пераход зямлі да сялян з выкупам ці бяз выкупу і г.д. Дэбаты, дэбаты, спрэчкі... Сходы штораз больш людныя, бо і сябры Вайсковай Рады ўваходзілі у Вялікую Раду. Чым больш было людзей, тым мне з маім слабым слухам цяжэй было вясьці пратаколы сходу, і тады па ініцыятыве С. Рака-Міхайлоўскага выбралі другога сакратара, ці, лепш сказаць, памочніка мне — Анну Сакалоўскую.