Зоська Верас. Я помню ўсё
Успаміны, лісты
Міхась Скобла
Памер: 498с.
2013
Абрамовіч ніякіх вестак аб гуртку Вам ня дасьць. Быў у гуртку коратка — адну зіму. Пасьля з Гродна выехаў. Бацька яго — вайсковы лекар са Слуцка. Нават аб пачатку гуртка Абрамовіч мала помніць. Пішучы заканчэньне сваіх успамінаў аб I. Буйніцкім (яшчэ гэта заканчэньне не друкавалася), такога аб гуртку наплёў! Шчасьце, што гэты разьдзел прыслаў мне (копію) — я проста спалохалася, каб не надрукавалі і, не пытаючыся згоды аўтара, каб ня траціць часу, адразу напісала спраставаньне ў Менск на імя Арсеня Сяргеевіча Ліса, а ён аддаў А. Сабалеўскаму1.
Як бачыце, карысьці ў гэтым выпадку з Абрамовіча ня будзе. 3. Абрамовіч у мяне ня быў і, на дзіва, ні адзін яго ліст, пісаны з Менска, да мяне не дайшоў. Што з Менска пісаў — паведамілі мяне людзі.
Пранук Эйсмант (паміж іншым, хрышчоны сын маёй бабкі — па матцы) — сын лесьніка (ці аб’ежджыка?). Жылі ў вёсцы Кусьцінцы Сакольскага павету (паміж Кузьніцай і Новым Дваром). Скончыў гімназію ў Гродне. Пасьля я яго страціла з вачэй.
Салянкі мелі дом... вуліцы ня помню. Бацька — нейкі ўрадовец. I дома гаварылі па-польску, хоць належалі да гуртка і былі дзейнымі сябрамі, але пісалі да мяне па-польску. Яны абедзьве былі шмат за ўсіх старэйшыя, ужо дарослыя асобы. Старэйшая з іх, Анна, выехала ў Манахіум на нейкія курсы, там пазнаёмілася са студэнтам-расейцам, выйшла за яго замуж, вельмі нешчасьліва. Скончыла самагубствам у Вільні, тут пахаваная. Магілу даглядаем мы з сынам або ўнукам. Другая, Марыя, падобна, памёрла ў Самаркандзе.
Аб Эйсмантах пагаворым, раскажу больш. Пісаць доўга. Ды і да ГГБМ не адносіцца. Вось, здаецца, адказала на ўсе Вашыя пытаньні. Чакаю далейшых — пытайцеся...
Моцна сябе віню, што не старалася даць хоць маленькую вестку аб ГГБМ у энцыкляпэдыю. Ці прайшла б — гэта другая справа. Артыкул аб 3. Верас моцна скарочаны. Але ці было там аб ГГБМ — сапраўды ня помню. І.У. Саламевіч прысылаў мне артыкул разы тры — дзеля перагляду. Бачыце, каб мае ўспаміны аб ГГБМ былі надрукаваныя ў “ЛІМе” або хоць у беластоцкай “Ніве”... Пасылала і сюды, і туды...
Яшчэ адно глупства зрабіла — не падала ў БелСЭ аб “Беларускай борці”. Мая віна. Цяпер — каб не прапусьціць літару П і даць аб пчалярскім таварыстве “Пчала”. Мо прапусьцяць?
Падумаўшы, як абышліся ў “ЛІМе” з Вашым артыкулам і інфармацыямі аб вечарах у інстытуце, сапраўды траціцца ўсялякая надзея, каб матэр’ялы, якія зьбіраеце аб ГГБМ, прайшлі ў Вашай кніжцы. Ці не дарэмная Ваша праца?
He зьмясьцілі інфармацыяў аб тым, што робіцца цяпер, і то ў чэсьць Я. Купалы... А як жа можна прызнаць, што нешта рабілася ў той далёкі час перад кастрычнікам?.. Там мог быць толькі хаос і цемра...
Нічога неўспамінаеце, ці ў Вассьвяткавалі 80-я ўгодкі Максіма Багдановіча. Як сёлета сабралася шмат 80-х гадавін нараджэньня! I Максім Б[агдановіч], і Я. Купала, і Б. Тарашкевіч, і Р. Шырма... Хоць, праўда, угодкі М. Багдановіча былі ў леташнім годзе.
Напісала шмат. Чытаць Вам абрыдне. Я чуюся ня надта добра. Вельмі баліць галава. Гэта ў мяне ад сэрца. Сын рабіў мне ўколы. Маю заўсёды поўны асартымэнт патрэбных лякарстваў, але гады бяруць сваё. Ды яшчэ гэтыя маразы. Хоць мае апекуны — сын і дачка — робяць усё магчымае, каб мне было цёпла. Сьцеражыцеся маразоў і не хварэйце.
Усяго Вам добрага. Л. Войцікава.
А катэдра ў Вас немалая. Калі ў 1950-53 г. мая дачка там працавала, час ад часу прыяжджаў з Менска Пятровіч2.
31. АЛЯКСЕЮ ПЯТКЕВІЧУ
14 лютага 1972 г. Вільня
Дарагі Аляксей Міхайлавіч.
Хоць са спазьненьнем, але з прыемнасьцю падзялюся з Вамі ўсім, што ведаю і што помню. Насамперад мусім дамовіцца, што пад словам Гродзеншчына будзем лічыць не цяперашнюю Гродзенскую вобласьць, а губэрню, у якую якраз і ўваходзілі паветы (паміж іншымі) Сакольскі і Дуброўскі — якраз тое, што сяньня знаходзіцца за мяжой, а тады было найбліжэй Гродна, лічачы па той бок Нёмана, пад Кузьніцу, Саколку. На жаль, тое, што за Нёманам, Вам мала
вядомае, і таму Вам цяжкавата зразумець мае сувязі.
Ну, але пастараюся ўсё выясьніць. Фальварак майго дзеда — матчынага бацькі — ляжаў 18 вёрстаў ад Гродна — па шашы Гродна — Аўгустова — Сувалкі. Там я з маці праводзіла кожнае лета 2-3 месяцы. Першы раз прывязьлі мяне з Мяджыбажа, як мне было 6 месяцаў! Зразумела, што ў працягу лета па некалькі разоў адведывалі мы з маці і маіх гродзенскіх дзядоў (бацькоў майго бацькі). Як бачыце, сувязь з Гродзеншчынай ды Гроднам была самая цесная і трывалая.
Мушу выясьніць, чаму так склаліся абставіны і нашы рэгулярныя падарожы. Мястэчка Мяджыбаж, дзе бацька быў у войску і дзе я радзілася, мела ў сваім раёне вялікія роўныя палі, куды летам на муштру зьбіралася шмат войска: пяхоты і кавалерыі. Мястэчка малое, напаўнялася пылам, гармідарам. Атмасфэра не зусім прыемная ды здаровая. Таму мы ехалі да сваіх па сьвежае паветра, малако, фрукты і г.д. Бацька час ад часу атрымліваў водпуск і ехаў хоць накоратка з намі. I так ужо выйшла, што для мяне Гродзеншчына была бацькаўшчынай, а Украіна — чужой старонкай. Калі-небудзь пазнаёмлю Вас са сваімі вершамі на гэтую тэму.
Пытаецеся, як гэта здарылася, што найбольш сяброў ГГБМ было, як у нас казалі, з нашага боку? Помню я іх таму, што гэта была моладзь самая актыўная. Бачыце, там у нас пад Сухаволяй, Новым Дваром, Кузьніцай вёскі былі пераважна каталіцкія, і яны, хоць веру сваю называлі польскай, сябе не называлі палякамі, а тутэйшымі, і мову сваю — тутэйшай. I як бы розныя цяперашнія гісторыкі ні круцілі, абсалютна не былі спалянізаваныя. Моцна трымаліся сваёй мовы і сваіх звычаяў. А гэтага няможна сказаць аб беларусах праваслаўных. Бо апошніх царкоўныя школы ўтаварыстве з жандармамі здолелі пераканаць, што царква і руская мова неразлучныя.
Найлепшым прыкладам — наш ГГБМ. Vee сябры — і старэйшыя, і самыя малодшыя — адразу прыходзілі (пераважна) сьвядомымі і з добрай мовай, ды ішлі ахвотна. А ўсяго 2-х удалося ўцягнуць праваслаўных — яны па-беларуску ні слова не гаварылі і трымаліся здалёк ад усіх. А чаму? Цяжка зразумець, бо ў настэма рэлігійная ніколі не закраналася, хоць кіраўнік быў духоўнай асобай.
Вось тут можна перайсьці да асобы кс. Франца Грынкевіча. Ён паходзіў з мястэчка Новы Двор (вёрстаў 20 ад Гродна, 3 — ад нашага фальварку Альхоўнікі). Бацькі яго — старыя Грынкевічы — гаварылі па-беларуску, асабліва матка, і да канца жыцьця інакш не гаварылі. Так што і сын вынес з хаты пашану да роднай мовы. Скончыў гімназію (дзе — даведаюся ў яго сястры, бо ня помню, і даты таксама), пасьля духоўную сэмінарыю ў Вільні, далей — духоўную акадэмію ў Пецярбургу, і пасьля яшчэ вучыўся ў Інсбруку.
Арганізуючы гурток (лепш — ён кінуў такую думку і памог у арганізацыі, бо арганізаваліся мы самі пры яго помачы), напэўна, ніякіх пабочных мэтаў ён ня меў, тым больш, што ня ўсе мы былі яго вучнямі. V шмат якіх школах былі іншыя капэляны, якія вельмі варожа адносіліся да ГГБМ і да Фр. Грынкевіча.
Спачатку, калі кс[ёндз] Ф. Грынкевіч жыў пры Бэрнардынах, мы там зьбіраліся і на лекцыі (вёў сам кіраўнік: геаграфію Беларусі, гісторыю, літаратуру), і на паседжаньні. Але пасьля ён быў назначаны капэлянам жаночага кляштару Брыгіткі. Першапачаткова мы і там зьбіраліся, але нядоўга, бо кіраўнічка (па-польску prioress) кляштару паказала свае шавіністычныя рожкі. Пачаліся вымоўкі Ф. Грынкевічу — нават з Віленскай курыі. Штораз большы націск, просьбы. Вось мы і перасталі туды хадзіць, але ў хуткім часе кс. Фр[анцішак] і наагул
(афіцыяльна) ад нас адыйшоў. Пакуль я ня выехала, так і было.
Пасьля мне ў Варшаву А. Зянюк пісаў, што кс[ёндз] Фр[анцішак] паклікаў сяброў гуртка і запрапанаваў дадаць да нашай праграмы яшчэ пункт аб самавыхаваньні (маральным). Але вайна і гэтаму палажыла канец. Аб далейшым запытаюся ў яго сястры. Памёр у Гродне, пахаваны направа ад капліцы.
Мушу дадаць, што малодшы брат кс[яндза] Грынкевіча — доктар Станіслаў’ — шчыры беларус-патрыёт. Як доктар і чалавек, заслужыў на самую лепшую памяць. У свой, цяжкі для ўсіх нас час, быў з Вільні вывезены. Далёка вывезьці не пасьпелі — памёр у Менску ў турме. Наша сям’я, ад дзеда пачынаючы, з сям’ёй Грынкевічаў цесна зьвязаная. У Гродне быў яшчэ адзін кс[ёндз] беларус — Родзька2. Ды і ня так мала іх было.
Цяпер кніжкі: у бібліятэцы гуртка былі ўсе беларускія, якія толькі выйшлі. 3 тамы М. Федароўскага3 “Lud Bia+oruski”, быў слоўнік Насовіча4, быў Карскі5. У маім нататнічку значыцца: хто і што ўзяў на прадажу. Ёсьць запіс: выпісана 366 экзэмпляраў.
Цяпер знайшла цэнную паперку, падпісаную адміністратарам “Нашай нівы” Баляславам Пачопкам6, у якой перасылае дублікат паквітаваньня на высланыя 100 экз. календара. На жаль, німа даты. Але гэта магло быць у 1910-11 гадах. Наагул, у маім блякноце шмат цікавага. Там толькі першыя старонкі замазаныя, а далей усё ясна. А вось перапісываць ня маю часу.
Цяпер прынясьлі мне вялікі нарыс аб Беларускім музэі імя І.Луцкевіча. Мушу сызешна прачытаць, а чытаць цяжка, бо гэта рукапіс, ды яшчэ чарнавік.
Сэрдэчна дзякую за запросіны. Трэба мець надзею, што дачакаю лета — а вельмі-вельмі хочацца яшчэ раз глянуць на Нёман. Толькі хадзіць трэба, гледзячы пад ногі, а не на чужаземныя шыльды ды плякаты. Адно што з начлегам трэба неяк інакш прыдумаць. Вы ж ведаеце, што я дрэнна чую, і самой мне ехаць цяжка. Мушу мець апекуна ў асобе майго ўнука.
Зразумела, дзьве асобы — гэта для Вас завялікі клопат. Час яшчэ ёсьць, нешта прыдумаем. Ня ведаю нават, калі б удалося прыехаць. Ва ўнука сэсія ў чэрвені, да якой даты — няведама, а пасьля едуць на месяц на работу. Калі і куды — таксама яшчэ няведама. Ды і ў Вас таксама сэсія. Адным словам, пабачым. Абы дачакаць.
Яшчэ адно Вашае пытаньне — аб беларускіх кніжках у гродзенскіх крамах. He, не прадаваліся нідзе. У 1913-14 гадах, калі я была ў Варшаве на курсах, В. Ластоўскі пісаў мне, пытаўся, як я думаю, ці ўдасца ў Гродне адчыніць бел[арускую] кнігарню? (Ліст гэты маю.) Гэта быў праект. Зьдзейсьніць ці нават паспрабаваць не пазволіла вайна.
Пакуль што, здаецца, усё. Ara, К. Грынкевіч прыслаў мне некалькі вестак аб трох сябрах ГГБМ, аб іх долі, іх сьмерці.
Усяго добрага. Чакаю далейшай сэрыі пытаньняў. Вашай сям’і — прывітаньне. Л. Войцікава.