• Газеты, часопісы і г.д.
  • Зоська Верас. Я помню ўсё Успаміны, лісты  Міхась Скобла

    Зоська Верас. Я помню ўсё

    Успаміны, лісты
    Міхась Скобла

    Памер: 498с.
    2013
    152.73 МБ
    Яшчэ раз дзякую за спагадлівасьць і спачуваньне. Л. Войцікава.
    43.	АЛЯКСЕЮ ПЯТКЕВІЧУ
    16 лістапада 1976 г.
    Дарагі Аляксей Міхайлавіч.
    Дзякую за ліст. Перадусім адказываю на пытаньні. Кнігу Ядвігіна Ш. прыслала мне выдавецтва, а пасьля яшчэ і Г.А. Каханоўскі. “Далягляды”1 маю таксама — 2 экз. Цёткі2 мела аж 3 — адзін паслала ў Прагу — М.Забэйду. Я з ім часта перапісываюся. Шкада яго. Слабы, а апекі ня мае. Дзіўна. Ці ж там нельга за грошы знайсьці жанчыну, якая б занялася хатняй работай хоць пару гадзін у дзень? A то ён піша, што “цяжка дайсьці да сталоўкі, цяжка паспратываць свой пакойчык”.
    Здароўе С.М. Новіка — лепш. Прынамсі, нічога небясьпечнага не аказалася. Але старая хвароба — стэнакардыя — дакучае. Цяпер ён выехаў у Слонім. Паклікалі да хворай сястры.
    Аб “Сьмешным доктары” я проста забылася. Гэта жарт народны. К. Калышка (той самы — з гуртка) даў яго ў нашу аднаднёўку “Колас беларускай нівы”. Прачытаўшы ў рэцэнзіі Я. Саламевіча, што гэту рэч М. Б[агдановіч] пералажыў на расейскую мову, я зьдзівілася: скуль ён узяў? Я. Саламевіч прыпомніў мне, што “Сьмешны доктар” друкаваўся ў “Нашай ніве”. К. К [алыш] ка, хіба, больш нічога і не напісаў.
    Ці я Вам дала біяграфію Францішка Грышкевіча3 — апошняга дырэктара Віленскай Беларускай гімназіі? Ён паходзіў з Сухаволі. Калі не — прышлю, здымак таксама.
    Цікава мне, скуль Вы даведаліся аб Антону Бычкоўскім? Гэта стрыечны брат с.п. Адама Бычкоўскага. У “Przegl^dze Wilenskim” (1925, №16) ёсьць артыкул Баляслава Пачопкі — “Bielarus”: ze wspomnien redaktorza”. Там аўтар гаворыць аб Ант. Бычкоўскім. Маю гэты артыкул перапісаны.
    Аб друку “Каласкоў”4 німа чаго і марыць. Там усё, як сказалі б цяперашнія аўтары, “пахне нафталінам”. Hi піянераў, ні даярак...
    Я. Саламевіч быў пару тыдняў таму ў мяне. “Каласкі” бачыў, але яны яго не зацікавілі. Прыяжджаў з таварышам, які меў нейкія скамплікаваныя фатаграфічныя апараты. Зрабілі каля 300 здымкаў: фатаграфіяў, лістоў, розных старых дакумэнтаў, бо Я.С. не хацеў браць арыгіналаў, каб што пры перасылках ня згінула. Прывёз мне матэр’ялы, сабраныя для зборніка Г. Леўчыка,— паказаць, як будзе выглядаць зборнік. Вельмі я яму за гэта ўдзячная. Зборнік мае выйсьці аж у 1980 г., у 100-я ўгодкі нараджэньня Г. Леўчыка, а гэта для мяне задалёкая мэта.
    Я выпадкова знайшла ў сябе лісток Беларускага адрыўнога календара і напісала яго гісторыю. Пасылаю Вам яе і фотакопію лістка. У гэтым годзе якраз 50 гадоў ад выхаду яго ў сьвет. Юбілей...
    Думала напісаць аб ім у пачатку году. Гаварыла аб гэтым са сваім с.п. сынам. Але ня маючы, чым даказаць яго існаваньне, усё адкладала. Але цяпер адзіны лісток знайшоўся. Калі б у Вас быў лішні здымак Макара Краўцова, калі ласка, прышліце. Ён рабіў карэкту майго “Батанічнага слоўніка”.
    Усяго найлепшага Вам і п. Марыі5! Л. Войцікава.
    44.	ЯНКУ САЛАМЕВІЧУ
    22 сьнежня 1976 г. Вільня
    Дарагі Іван Уладзіміравіч.
    Дзякую за ліст. Вы мой апошні, напэўна, таксама атрымалі? Нядобра, што Вы так перамучываецеся. Ці ў такім тэмпе працы надоўга сілаў хопіць? Праз сілу ўсяго не пераробіце.
    Я ўжо канчаю біяграфіі. I вось бяда — ніяк не магу дастаць здымка У. Паўлюкоўскага. Мо Вы дзе ягоздымакбачылі? Мне некалісь АрсеньСяргеевіч [Ліс] казаў, што бачыў здымак: У. П[аўлюкоўс] кі з вядром, пэндзлем бяжыць на сваю малярскую працу (на жаль, ня помніць дзе, у чым).
    Аб выданьні “Малюнкаў” пастараюся напісаць1. Але гэта, хіба, толькі для Вас, а не для друку. Бо калі напішу так, як было, што атрымлівала вершы ў лістах нармальных, то той, хто падаваў да друку гутарку з М. Машарай, запратэстуе, скажа, што няпраўда. М. Машара пасылаў грыпсы. Гэта ўсё было так проста. Выбрала, занясла ў друкарню і — усё.
    Добра было б, каб Вы яшчэ хоць раз вырваліся з Менска і прыехалі. Трэбажскончыцьчытацьуспаміны, пакулья магу што дадаць, выясьніць. I я вельмі хацела б, каб Вы прачыталі лісты А. Смоліча. Цікавы быў чалавек. Каб інакш жаніўся, мог бы аставіць па сабе вартасных нашчадкаў. А так Алеся змарнавала (пад узглядам бел[арускай] сьвядомасьці) усіх сваіх дзяцей, хоць сама сябе лічыла беларускай патрыёткай.
    Добра разумею, што значыць ня спаць. I я спаць не магу. Кожную ноч мучуся да гадзіны 5-й раніцы бяз сну. А бывае, што і ўстаю, не заснуўшы. Мая дачка выслала на адрас Арс. Сярг[еевіча Ліса] зёлкі для 3. Пазьняка і для Вас. Калі атрымалі — піце. Яны могуць і на сон падзеяць.
    Мела я цяпер даўгі і цікавы ліст ад М. Забэйды. Усяго найлепшага! Л.В.
    45.	ЯНКУ САЛАМЕВІЧУ
    1 студзеня 1977 г.
    Дарагі Іван Уладзіміравіч.
    Шчыра дзякую за здымкі Вам і Вашаму таварышу. Яны шмат лепшыя за тыя, што я Вам паслала. Учора скончыла біяграфіі. Асталося дадаць нейкія дэталі, якія мушу здабыць. Хіба, у панядзелак, 3-га, вазьмуся пісаць, як паўсталі “Малюнкі”. Што атрымаецца — ня ведаю. Неяк ня пішацца, ня думаецца.
    Гэта ж надыходзяць угодкі с.п. сына. Усё ж прымушаю сябе рабіць, што трэба, бо час не стаіць. А пачатае трэба скончыць. Аб гэтым прыпамінаюць мне абсалютна ўсе — у кожным лісьце.
    Насыпала шмат сьнегу. Слаўка атрасае яго з яблыняў — баіцца, каб не паламаліся галіны. Мароз -4°, цікава, якая далей будзе зіма? Падобна, у Менску грып? А ў Вас ніхто не хварэе?
    Дзякую за добрыя пажаданьні. I Вам, і Вашым родным яшчэ раз сардэчна жадаю ўсяго самага лепшага. He забывайце. Ад маіх — прывітаньне і падзяка за памяць. Л.В.
    46.	ЯЎГЕНУ ПЕТРАШЭВІЧУ
    27 студзеня 1977 г. Вільня Паважаны Яўген Канстанцінавіч.
    Мушу Вас патурбаваць маленькай просьбай. Мо будзеце ласкавы адказаць мне на пытаньне, на якое ніадкуль не магу дастаць адказу.
    Што дзеецца ў Аляксандра Мікалаевіча [Белакоза]? На пасланую ў музэй бандэроль і на два лісты ня маю ніякага адказу. Гэтага ніколі не было. Мо проста лісты гінуць? А мо там нешта нядобрае? Хацела яшчэ адзін экспанат у музэй пераслаць, але пры такіх абставінах ня ведаю, што рабіць.
    Хоць так няхутка, але выражаю Вам шчырае спачуваньне ў сувязі са сьмерцю Вашай с.п. маткі. У свой час не напісала, бо і ў мяне гора — памёр мой с.п. сын.
    Усяго Вам найлепшага. Маю надзею на адказ.Л. Войцікава.
    47.	ЛАРЫСЕ ГЕНІЮШ
    30 студзеня 1977 г.
    Даражэнькая Ларыса Антонаўна.
    Нядаўна я Вам пісала (27/1), але ўчора атрымала “Ніву” і пішу ізноў. Сардэчна дзякую за “Ніву”. Рада мець нумар са сваім артыкулам1. Добра адбілася картка з календара. Шкада толькі, што не адбілі і адваротнага боку, які я ім таксама паслала. Менск наагул гэтым не зацікавіўся.
    Як добра, што Вы думаеце складаць сваю новую кнігу! Рабіце гэта як найхутчэй. Чакаем.
    Учора, у першыя ўгодкі паховін с.п. Тоніка, прыязная яму сям’я езьдзіла на могілкі — інжынер Алег, яго жонка Рыта і іх сын, а пасьля прыехалі да нас. Прыехалі таксама Кастусь і Лёдзя [Шышэі]. Доўга сядзелі, успаміналі, шкадавалі. Зрабілі памінкі. He люблю я гэтага, але штож, трэбажыць, яклюдзі маюць у звычаі.
    У мяне да Вас маленькая просьба. Вы, магчыма, заўважалі калі ў “Ніве” прозьвішча Мар’ян Пецюкевіч? Я Вам калісь аб ім успамінала. Ён даўна на пэнсіі. Жыве ў Польшчы, у Торуні. Здаўна зьбірае розныя матэр’ялы з нашай этнаграфіі. Друкаваўся ў “Ніве”, выдаваў паасобныя брашуркі і артыкулы ў польскай навуковай прэсе. Цяпер зьбірае матэр’ялы аб беларускай народнай лазьні. Mae ўжо з розных бакоў Беларусі, толькі з Гродзеншчыны нічога ня мае. Пытаўся мяне. Але я ніколі з гэтым не спатыкалася і ня чула.
    Мо Вы, часам, ведаеце, ці былі па вёсках паравыя лазьні? Ці супольныя, ці ў кожнага свая? Наагул, калі што ведаеце ў гэтай справе, напішыце мне, а я яго паведамлю. У Дзісьненшчыне, адкуль мой с.п. муж, лазьні былі, у мужавай маткі — таксама. А вось у Сакольшчыне — ніколі ня чула. Хацела запытацца А.М. Белакоза, але ён даўна маўчыць. He разумею, што там сталася.
    Ізноў пацяплела, хмарна. I на люты прагнозы такія самыя. Калі ў сакавіку вялікіх маразоў ня будзе, зіма так і адыйдзе лёгкай. Слаўка ўвесь вольны час праводзіць, чытаючы падручнікі садаўніцтва і пераглядаючы старыя часапісі агародніцка-садаўнічыя — польскія і ўкраінскія, якіх я шмат маю. Як выдавалася “Беларуская борць”, мы ў абмен на яе атрымлівалі 12 часапісаў — польскія, чэшскія, украінскія, нямецкія і расейскія. I амаль усе ў мяне захаваліся.
    Цяпер буду пісаць успаміны пра “Беларускае каапэратыўнае т[аварыст]ва “Пчала” і яго орган “Беларуская борць”. Матэр’ял маю вялікі, бо абыймаеЮ гадоў працы. Трэба сьпяшацца, пакуль яшчэ магу пісаць, і даўгія вечары спрыяюць.
    Сардэчна вітаю і цалую. Л. Войцікава.
    48.	УЛАДЗІМІРУЯГОЎДЗІКУ
    17 лютага 1977 г.
    Дарагі Валодзя.
    Я рада, што Вы мяне не забываеце. Рада таксама вестцы, што на Беларусь даходзіць беластоцкая “Ніва”. А я і не думала, што яе выпісываюць. А календара беластоцкага ня маеце? Яны там выдаюць нядрэнныя календары. Праўда, крыху зашмат аб дзейнасцьці свайго т[аварыст]ва і яго гурткоў, але для іх на мейсцы то гэта цікава — для нас менш. Кожны год нешта цікавае дае ў каляндар Аляксандра Бэргман’. Даўней у Вільні, у 20-30-я гады, кожны год выдаваліся вельмі добрыя, цікавага зьместу бел[арускія] календары-кніжкі. I то не па аднаму, а па два-тры — розных выдавецтваў. У нашы дні тыя календары на вагу золата. Асабліва шукаюць іх нашыя лепшыя дасьледчыкі.
    А вось календароў адрыўных і сьлед прапаў. Дзе-нідзе траплялася па аднаму лістку. Нават я проста неспадзявана адзін лісток знайшла ў сябе. Мне пісалі, што некалькі гадоў нехта знайшоў адзін лісток адрыўнога календара і павёз яго ў Менск у выдавецтва на паказ і з прапановай выпускаць такое. Але чамусьці выдавецтва не зьвярнула ўвагі.
    Як добра, што Вы напісалі да М.І. Забэйды! Ён мне пісаў аб Вашым лісьце. Пісаў, што вельмі яму было прыемна. Зьбіраўся Вам адказаць, а калі не адразу, то няможна дзівіцца. Ён надта дрэнна чуецца і, на жаль, штораз горш. Нават ліст напісаць для яго — гэта высілак.
    Што да матэр’ялаў аб I. і А. Луцкевічах, то крыху ёсьць успаміны аб Ів. Л[уцкеві]чу, пісаныя яго нарачонай ці яе сястрой2 — ня помню. Гэтую кніжку мае мой зяць.
    Ёсьць А.Л[уцкеві]ча“За25гадоў”3 — гісторыя Бел[арускай] сац[ыялістычнай] грамады, а тым самым і Л[уцкеві]чаў. Ёсць Антонавава брашура аб цэлі Конрада4 — гэтаабтой цэлі ў Базыльянскіх мурах, дзе, падобна, сядзеўАдам Міцкевіч. Ёсьць і іншыя матэр’ялы. А. Л[уцкеві]ч чытаў шмат публічных лекцыяў. Сьпісак іх я вам прыгатую.