Зоська Верас. Я помню ўсё
Успаміны, лісты
Міхась Скобла
Памер: 498с.
2013
Думка Ваша добрая. Каб толькі ўдалося зьдзейсьніць. Ці ўдасца такі матэр’ял надрукаваць? Гэта іншая справа. Але трэба мець надзею, мо абставіны палепшаюць.
Вясна, хіба, ужо недалёка. Тады, калі ласка, прыяжджайце. Пытаецеся, ці я жыву ў дачкі? Як жа ж гэта было б магчыма? А хто ж пільнаваў бы дом, сад? Ды я ніколі б не згадзілася жыць у горадзе! Цярпець не магу гораду, гарадзкой няволі.
Слаўка працуе ў Вільні, у экспэрымэнтальным бюро. Жывем разам. I ён ня любіць гораду. Ужо цяпер прыгатаўляецца да веснавой работы ў садзе. Думае шмат што шчапіць, перасаджваць. Гэта яго замілаваньне.
Бывайце! Усяго добрага.Л. Войцікава.
49. ЛАРЫСЕГЕНІЮШ
23 лютага 1977 г. Вільня
Даражэнькая Ларыса Антонаўна.
Як жа дзіўна пераплятаюцца людзкія сьцежкі! Пішаце, што маці Вашага мужа з дому Палубінскіх? Сям’я маёй мамы і мама сама з Палубінскімі былі добра знаёмые. А мая цёця нейкі час жыла ў Палубінскіх, вучылася музыкі. А пасьля ў Менску ў 1916 г. мы з мамай выпадкова спаткаліся з Палубінскім на вуліцы. Ён з жонкай і дачкой былі бежанцамі. Дачку іх спараліжавала — ляжала з безуладнымі нагамі. Мы з мамай пару разоў іх адведывалі.
Я сама ў іх у Малой Бобры (там быў яшчэ маёнтак Вялікая Бобра, аб уласьніках якога нехта злосна і несправядліва нахлусіў у “Ніве”) не была, але ўсе казалі, што ў іх гаспадарка вялася вельмі блага, няўмела. Так што, хіба, мэзальянсу ў яе замужжы вялікага не было.
Прозьвішча Контрым таксама мне знаёмае. У Гродне ў гімназіі вучыўся Контрым з Вільні. Ён жаніўся з маёй школьнай каляжанкай.
ШтодаШантыраў,тотуту Вільнінейкі Шантырмеўаптэку.Амой мужпаходзіў са Слуцка. Ён ужо ў 1909 г. шмат друкаваўся ў “Нашай ніве”. А пасьля ў “Вольнай Беларусі”, у “Дзяньніцы’” і “Swietacy”2. Год таму зацікавіліся яго творамі. Сабралі ўсё, што друкавалася, а яшчэ ў архівах знайшлі рукапісы. Думалі выдаць, напісаўшы ўступны артыкул з яго біяграфіяй. Бо трэба дадаць, што ён быў выдатным дзеячом і сябрам Першага беларускага ўраду — як камісар па справах нацыянальных. Але з друку, напэўна, нічога ня выйдзе, бо замала матэр’ялу.
Вельмі непакоюся станам Алеся Мікалаевіча [Белакоза]. Я напісала ў Гродна да яго стрыечнага (цётчынага) брата Яўгена Канстанцінавіча [Петрашэвіча], але не адказаў ні слова. Аляксей Міхайлавіч П[яткевіч] выехаў на 4 месяцы ў Менск, ён таксама нічога ня піша.
Ужо некалькі дзён німа марозу. Цёпла. Да +4°. Сьнег памалу сходзіць. Але яго так шмат, што сыйдзе яшчэ няхутка. А могуць яшчэ і маразы быць. Такая, як цяпер, пагода здароўю ня вельмі спрыяе. Галі страшна баліць галава, а мяне мучыць моцны радзікуліт.
Слаўка нарэзаў розных шчэпаў да веснавога шчапленьня і ў канцы гэтага тыдня будзе сеяць у скрыначкі насеньне нейкіх пазёмак, што прыслалі яму з Варшавы.
Пішаце, што ня трэба так шмат думаць аб с.п. сыне. А як жа можа быць інакш? Я па 10 гадзін удома адна. А тут усё на кожным кроку гаворыць аб ім. Кожны цьвік, кожная кніжка на полцы. Адна разрыўка мая — гэта кармленьне птушак: сінячкоў, дзятлаў, дзятлікаў і інш., якія зьлятаюцца нават на голас. Клічам іх, як куранят. Але і гэта раблю з памяцьцю аб сыне. Ён кожны вечар перад сном сыпаў ежу птушкам, каб, яктолькі засьвітае, маглі спакойна пад’есьці. Што яму лепш, я ведаю вельмі добра. Але мне баліць.
Вельмі спачуваю, што ў Вас усё загінула. Мяне гэта бяда абмінула. Захавалася ўсё, нават лісты, нататкі, вершы з 1905-6 гадоў і далей. А вось кніжкі — бацькава бібіліятэка — прапалі. Бацька вельмі любіў і цаніў кніжкі. У сябе ў палку быў выбраны бібліятэкарам, якім працаваў12 гадоў. Сабе зьбіраў творы расейскіх і польскіх пісьменьнікаў, усе выданьні. Кожны пісьменьнік меў іншага колеру палатняную вокладку. I ўсё прапала. Астаўся адзін том СыракомлР.
Як мы выехалі з мамай у Менск, усё асталося ў дзедавым фальварку. А мамы сястра пазычала да чытаньня направа і налева, усім, хто хацеў. Дамагацца, каб вярнулі, і ня думала. Я і цяпер гэтага бацькавага багацьця шкадую. 3 такім замілаваньнем ён усё гэта зьбіраў!
Як жа я Вам зайздрошчу, што бачыце кросны і працу на іх. Ткацтва — гэта мой конік. Нават дзіўна — у нас у сям’і ўсе любілі даматканыя рэчы. Мая бабуля па маме, напрыклад, уважала, што добра сьпіцца толькі ў начной кашулі з тоненькага кужалю. Але самой работай ніхто не цікавіўся. А я — вельмі.
Адзін год (напачатку І-ай вайны), пасьля курсаў, я жылаў дзеда. Папрасіла, каб пазволіў мне самастойна заняцца лёнам. Сеялі мала, абы крыху было. Дзед пазволіў. Я сама ўсё зрабіла: рвала, сушыла, абівала насеньне, пасьля лён мачыла, сушыла, мяла і часала. Навучылася прасьці. Але ўдаваліся добра толькі пакульле і пачасьсе, а кужалю аніяк не навучылася. Пасьля з пачасься, якое сама фарбавала, аснавала і выткала хаднікі.
Бачыце, які з мяне майстар? А колькі я мела сукенак, касьцюмаў з даматканых тканінаў! Нават едучы ў Варшаву на курсы, пашыла сабе такі касьцюм і 2 сукенкі. Пасьля мне маё знаёмства з пражай і ткацтвам прыгадзілася. Бо ў Менску ў Т[аварыст] ве помачы ахвярам вайны загадывала ткацкай майстэрняй. А перад тым выдавала бежанкам калаўроты, верацёны і лён. Сяньня пераглядаю свае нататнікі з таго часу. Там запісаныя прозьвішчы бежанак, іх адрасы, колькасьці выданага лёну і г.д.
Трэба канчаць. Хачу, каб Галя заўтра ліст укінула. А цяпер ужо позна. Пара піць гарбату. Галя і Слаўка выходзяць рана. Сяньня такі дзень, што Галя прыйшла і начуе.
Усяго Вам найлепшага! Пішыце. Шчырыя пацалункі і прывітаньні ад/7.В.
50. АДАМУ МАЛЬДЗІСУ
24 красавіка 1977 г. Вільня Паважаны Адам Язэпавіч.
Забяру Вам крыху часу, бо хачу парадзіцца ў адной справе. А менавіта: ці ў сваёй “Пчале” падаваць прозьвішчы выдатных пчаляроў? Ці бясьпечней гэта-
га не рабіць? А мо азначаць іх ініцыяламі? Магчыма, гэтых людзей даўно німа, але мо хто з іх у “нечым” замешаны? Ня ведаю, як лепш. Парадзьце, калі ласка. Я, праўду сказаць, у архівы “Пчалы” даўненька не заглядала і цяпер чуюся, як архэалёг пры раскопках. Штораз натыкаюся на нейкія новыя, г.зн. забытыя факты.
Як бы гэта было добра, каб знайшоўся чалавек-энтузыяст старых часоў і захацеў дэтальна пазнаёміцца з рэакцыяй пчаляроў на стварэньне Т[аварыст]ва! Гэта адлюстроўваецца ў шматлікіх лістах, якія — ясна — у артыкул увайсьці цалкам ня могуць, бо іх шмат. Так бы хацелася, каб гэтай тэмай нехта зацікавіўся і напісаў аб “Пчале” і “Борці” незалежна ад маіх успамінаў.
Шкада, што Вы, відаць, не змаглі заглянуць да мяне. Пабачылі б самі, што “Пчала” выклікала немалы рух сярод пчаляроў Гродзеншчыны, Беласточчыны, Наваградчыны і г.д. і як бы злучыла беларускую пчаляровую сям’ю. А што беларускую — гэта відаць з лістоў. Ды і час заняцца “Пчалой” адпаведны: у наступным 1978 годзе — 50-годзьдзе яе нараджэньня! А “Пчала” і, як яе ня стала, “Бел[аруская] борць” існавалі 10 гадоў. Як на тыя часы — нямала...
I яшчэ: як зрабіць з перапіскай? Дагэтуль, калі я нешта пісала (рэчы кароткія), то пасылала пераважна I.V. Саламевічу проста рукапісы. Мушу дадаць, што чарнавікоў у мяне не бывае. Іван Уладзіміравіч перапісываў на машынцы, рукапіс астаўляў у сябе, а мне прысылаў машынапіс, каб у разе, калі матэр’ял у друк не ідзе, я мела ў сябе сваю работу.
Для Вас гэта, хіба, завялікі клопат. To як зрабіць? Прыйдзецца, мусі, перапісаць самой... Вельмі хацелася б скончыць “Пчалу”. Яшчэ шмат пісаць, а бываюць, на бяду, дні, калі чуюся вельмі дрэнна і пісаць не магу. Мо неяк выйдзе.
Чакаю ласкавага адказу. Усяго найлепшага! Л.В.
51. АДАМУ МАЛЬДЗІСУ
3 чэрвеня 1977 г. Вільня Паважаны Адам Язэпавіч.
Сорамна мне высылаць рукапіс у гэтакім непрыгожым выглядзе, але перапісываньне заняло б шмат часу. Апрача таго, вельмі блага чуюся і брацца за такую работу ня маю адвагі. Пасылаю так, як ёсьць.
Пісала на картках таму, каб можна было іх уклеіць у мае агульныя ўспаміны — падходзяць разьмерам. Калі, прачытаўшы, зробіце вывад, што гэта нечага вартае, і пастановіцца перадрукаваць на машынцы, то, калі ласка, рукапіс мне вярніце. Ведаю, што такога звычаю німа, але я ўжо другі раз не напішу, а гэта якраз канец маіх успамінаў.
Шкадую, што не пісала на адным баку, так як трэба. Але не падумала, а пасьля ўжо перапісываць не хацелася. Старасьць зрабіла мяне гультаём...
Пасылаю здымкі сяброўскай кніжкі і пару вокладак “Б[еларускай] борці”. Мо спатрэбяцца, а не — захавайце. Думаецца мне, што, хіба, мала хто аб Т[аварыст]ве “Пчала” і аб “Б[еларускай] борці” ведае. Няхай гэтыя здымкі будуць доказам, што яны сапраўды існавалі, а ня ў снах я іх бачыла.
У такія ўспаміны ўсяго ня ўпішаш. Толькі перагледзеўшы лісты пчаляроў у “Б[еларускай] борці”, асабліва паштовую скрынку, можна сабе ўявіць настроі пчаляроў і працу арганізацыі ды рэдакцыі. Скончыла я пісаць акуратна да чэрвеня — 31 траўня. Толькі з высылкай затрымалася.
Усяго найлепшага! Чакаю весткі або
Вас асабіста.
3 прывітаньнем — Л. Войцікава.
52. УЛАДЗІМІРУ ЯГОЎДЗІКУ
15 ліпеня 1977 г. Вільня.
Дарагі Валодзя.
Вось як у мяне, паміма найлепшай волі, спазьняюцца адказы. Шмат работы на гародзе, а вынікі з прычыны зьменаў пагоды марныя. Вось адсюль і перамучаньне, і дрэнны настрой. Без канца зьмены: то суха ды пячэ, то холад, то льюць дажджы празьмерна. А сяньня ізноў пахаладнела, хмарна... Гэта і на здароўі адбіваецца. Вам там у бары дождж таксама, напэўна, даўся ў знакі? Але Вы ўсе маладыя, гэта нічога. Я калісьці, у маладосьці, нават любіла ў дождж, а то і ў буру пайсьці ў поле, на сенажаць, зьнікнуць, надыхацца парным паветрам.
Добра, што берацеся пісаць. Трэба набірацца практыкі, раскручваць здольнасьці. Я ўсё перачытываю (і Слаўка таксама) Янкі Брыля1 “Жменю сонечных промняў” і “Акраец хлеба”. Люблю яго лірычныя замалёўкі. Коратка, а сколькі глыбокіх думак, сколькі выяўляецца ўніклівага нагляданьня ў навакольле. У “Акрайцы хлеба” вельмі добры рэпартаж з Балгарыі. Апавяданьні менш мне падабаюцца... У нашай літаратуры вельмі не хапае добрых рэпартажаў. Хоць бы з уласнага краю.
Я Вам пісала аб мэмарыяльным помніку Максіму Багдановічу ў Ракуцёўшчыне. Ня помню, ці пісала, што ўвосені думаюць ладзіць сьвята паэзіі Багдановіча і навокал помніка зьбіраюцца закласьці невялікі парк: кожны з пісьменьнікаў пасадзіць дрэўца... Гэта добрая думка, і я думаю, што варта было б і студэнтам-філёлягам да гэтага далучыцца.