• Газеты, часопісы і г.д.
  • Зоська Верас. Я помню ўсё Успаміны, лісты  Міхась Скобла

    Зоська Верас. Я помню ўсё

    Успаміны, лісты
    Міхась Скобла

    Памер: 498с.
    2013
    152.73 МБ
    Так што я зусім без патрэбы Вас непакоіла, просячы тое-сёе скараціць. Выбачайце. Давайцеўсё, як было. Разумеецца, апрача дробных паправак. Чакаць з публікацыяй ня варта. Той альманах выйдзе няведама калі. Можа цягнуцца гэтая справа і паўгода, а мо год, a то і два. Ведаю, што ў выдавецтве цягнуць гадамі, а часам і зусім зьнімаюць з плянаў.
    Мне і самой было б прыемна, каб вестка аб “Борці” і “Пчале” выйшла ў сьвет. Аб іх жа ніхто ня ведае. Ня я адна там працавала. А мо часам хто са старых падпісчыкаў “Борці” яшчэ жыве і Ваш артыкул прачытае. Так што не адкладайце — пасылайце, і посызехаў Вам у друку.
    Прачытала яшчэ раз Ваш машынапіс. Вы мне прыпомнілі мае санітарныя курсы. Так сабе, дзеля Вашай цікавасьці скажу, што я з іх шмат карыстала падчас 1-ай сусьветнай вайны (напачатку), а пасьля ў 1921 г., калі якраз там, дзе я жыла ў фальварку майго дзеда (18 км ад Гродна), ішлі баі. Баі — 3 дні на нашым панадворку і на полі. Я ўвесь час рабіла перавязкі параненым... He паду-
    майце, што хвалюся! Проста прыпомніўся той час... Калі Вам цікава, раскажу больш падрабязна калі-небудзь.
    Разумеецца, калі б менш было аб маёй асобе — было б лепш. Але што зрабіць, калі інакш не выходзіць...
    А цяпер бывайце. Ня гневайцеся, што столькі клопату Вам нарабіла. Усяго найлепшага. Л. Войцікава.
    77.	ЯНКУ САЛАМЕВІЧУ
    28 лютага 1979 г. Вільня Дарагі Іван Уладзіміравіч.
    Адна просьба — не мая асабістая. Ю. Туронак паміж цэлай літаніяй пытаньняў да мяне пытаецца аб псэўдонімы, якія спатыкаліся ў беларускіх календарах 1910-1914 гадоў пад гаспадарчымі артыкуламі. Гэта: Юрка Бусел з-пад Слуцка', Лемеш, Крэмень, Борысовіч, Село, П.Г Ці ёсьць яны ў Вашым зборніку? Калі што маеце, калі ласка, напішыце мне, а я яму перашлю разам з іншымі весткамі.
    Калі б ведала, што мая дачка будзе ў Вас, папрасіла б на пэўны час вярнуць мне мае ўспаміны. Вельмі мне бяз іх трудна. Часта-густа нехта пытаецца аб той ці іншы факт, ня ўсё помню, што пісала. Усё ж прайшлі гады — больш 10-ці. Перасылаць поштай боязна. Могуць загінуць.
    Дрэнна чуюся, а работы яшчэ маю шмат — над тымі ўспамінамі, што Вам паказывала. Праўда, асталося толькі перапісаць у 2-х экзэмплярах, але гэта шмат, а сядзець доўга не магу. Дзякуючы Янку Хворасту, які вельмі шмат памог у расшыфраваньні розных недарэчнасьцяў, наагул работа скончаная. Перапісаць і выслаць.
    Марозу амаль німа, але сьнег сыпле бясконца. На гародзе шмат што прымёрзла. Сумныя весткі з Зэльвы. Др. І.П. Геніюш2 дажывае апошнія дні — лекары ўжо ня робяць ніякай надзеі. Вельмі мучыцца.
    Усяго добрага! Чакаю хуткага адказу. У Польшчу лісты ідуць вельмі доўга. Л.В.
    А галоўнае — забылася! Сардэчна дзякую за кніжку! Мая бібліятэка вярнулася на старое мейсца — на полкі ў пакоі Слаўкі, і мне цяпер выгодна карыстацца кніжкамі.
    78.	АЛЯКСЕЮ ГІЯТКЕВІЧУ
    [Люты 1979 г.]
    Дарагі Аляксей Міхайлавіч.
    Ведаючы, што Вас ня будзе нейкі час у Гродне, не сьпяшалася з адказам. “Коласа бел[арускай] нівы” не пасылаю, бо гэта немалая рэч, і з высылкай шмат клопату — нязручны фармат. Прыедзеце — возьмеце. Праўда, прыкрая справа з Вашай кніжкай... I чаму так робяць? Тое самае — са “Слоўнікам псэўданімаў” Я. Саламевіча. Ён над ім працаваў 15 гадоў, калі ня больш. У друк прынялі, назначылі тэрмін, а пасьля адлажылі... I ён нават ня ведае, ці перасунулі на іншы год, ці зьнялі з пляну зусім.
    Вы ўжо, хіба, ведаеце, што 8 лютага памёр Іван Пятровіч Геніюш. Хай яму зямелька лёгкай будзе. Але Ларыса Антонаўна то сапраўды нешчасьлівая.
    Уяўляю, як перажывае... I як яна цяпер будзе жыць? Адна-аднюсенькая... Ня думаю, каб хацела ехаць да сына. А на мейсцы што яе чакае? I з чаго будзе жыць? Пэнсіі ёй, пэўна, не дадуць? Моцна за яе перажываю. I здароўе яе благое, і блізкай душы побач німа...
    Ня думаю, каб Я. Саламевіч зьбіраўся выкарыстаць матэр’ялы “Коласа бел[арускай] нівы”. Але найлепш з ім паразумецца лістоўна, тады будзе ясна, што рабіць.
    Цяпер пасылаю тое, што абяцала. Крыху фактаў з жыцьця Я. Л[явіцка]га і здымкі — яго і Марысі Бобрык. Мо гэта і дзіўна, але хоць я з ёю была знаёмая і часта спатыкалася, і ў хаце ў яе бывала, а некаторых фактаў з яе жыцьця ня ведаю. Ня ведаю, калі радзілася, ня ведаю, калі і дзе памёрла. Маю некалькі лістоў ад яе. Прыедзеце — прачытаеце, мо гэта Вам нешта дасьць.
    Казалі мне пра Я. Л[явіцка]га — забіты на фронце. Яго былая нарэчаная, якая і цяпер жыве ў Варшаве, расказывае, быццам спаткала Адольфа Зенюка з Сухаволі, які вёз для сваякоў Я. Лявіцкага здымак яго ў труне... Быццам Я. Л[явіц] кі працаваў у Маскве ў шпіталі, заразіўся там тыфусам і памёр.
    Сваякі Я. Л[явіцка]га, якія жывуць у вёсцы Хлевіска, кажуць, што ў Пецярбургу (хіба, ў 1917 г., у час Рэвалюцыі) Я. Лявіцкі і нейкі ксёндз (магчыма, таксама з Сухаволі або ваколіцы) былі арыштаваныя. Ксяндза таго выпусьцілі, а Я. Л[явіцка]га расстралялі (афіцэр, хоць і лекар...). Думаю, што той ксёндз — навочны сьведка — і расказаў.
    Нарэчаная Я. Л[явіцка]га трымаецца сваёй вэрсіі. Абяцае прыслаць той здымак. Калі прышле, тады будзе ясна, што яе вэрсія праўдзівая.
    Усяго найлепшага Вам і ўсёй Вашай сям’і. Л. Войцікава.
    Зьвярніце ўвагу на капэрту — юбілейная: 400 лет. Вйльнюсскйй унйверсйтет йменй В. Капсукаса. 400 metu. Vilniaus V. Kapsuko universitetas.
    79.	АЛЯКСЕЮ ПЯТКЕВІЧУ
    15 сакавіка 1979 г. Вільня
    Дарагі Аляксей Міхайлавіч.
    Даўна ня маю ад Вас весткі. Ня ведаю нават, ці Вы атрымалі мой заказны ліст — весткі пра Язэпа Лявіцкага, здымкі яго і М. Бобрык.
    Пазаўчора атрымала ліст з Новага Двара — ад К. Грынкевіча. Ён піша, што быў у яго пляменьнік Я. Лявіцкага. Выясьніў аканчальна справу сьмерці свайго дзядзькі. Тая вестка, што той быў расстраляны,— непраўдзівая. Фактычна памёр ад тыфусу. Але здымка ня маюць. У іх згарэў дом і ўсё, што ў доме было.
    А назоў вёскі (нават гэта ня вёска, а хутар) — Хлеўск Горны (gorny). Бацька Язэпа купіў кусок зямлі з маёнтку, які называўся Хлеўск. Так што цяпер з гэтым ясна.
    Грынкевіч піша, што той пляменьнік Я. Лявіцкага і яго сям’я вельмі добра, чыста гавораць па-беларуску. Вось дзе захаваўся моцны беларускі дух — можна пазайздросьціць. А мне можна з чыстым сумленьнем ганарыцца маімі сакольскімі сябрамі.
    Нават крыху непакоюся, што Вы нічога ня пішаце. Мо ў Вас што нядобрае здарылася? Мне думалася, што мо прыедзе ў гэтыя тры дні сакавіцкіх сьвятаў.
    Усяго добрага ўсёй Вашай сям’і. Л. Войцікава.
    80.	ЯНКУ САЛАМЕВІЧУ
    8 красавіка 1979 г. Вільня
    Дарагі Іван Уладзіміравіч.
    Доўга не адказывала і не падзякавала за прысланыя даведкі, якія адразу пераслала далей — Ю. Туронку, дадаўшы тое, што атрымала ад С.В. Говіна (аб бел[арускіх] выдавецтвах у 1919-20 гады). Вашы весткі перапісала, а Говіна адаслала з цэлым лістом. Шмат было б перапісываць, а я ня вельмі магу доўга сядзець. Ці веснавая пагода, ці старыя хваробы давялі да таго, што ўсё баліць. Vee косьці, усе мускулы, уся — адзін боль. Пасьля ночы лепш, а ад паўдня і ўвечары цяжка цярпець. Змагаюся як магу, бо работы, як заўсёды, хапае. Лісты залежываюцца, а людзі добрыя чакаюць.
    Ужо і веснавыя работы падышлі. Я ўжо пасадзілаў скрыначках памідоры і іншыя расьліны. Нават паўсходзілі. Слаўка, як прыйдзе з работы, усё ў садзе — абрэзывае, замазывае. А яшчэ пастанавіў зрабіць цяплярню — шкляную і аграваную. Абодва з Лявонам працуюць над гэтай задумай. Слаўка муруе печку паводле ўласных плянаў. Цікава — што выйдзе.
    Я ўжо скончыла папраўкі да тых успамінаў, якія Вам паказывала. Шмат прыйшлося патрасьці людзкую памяць, але сабраліся цікавыя матэр’ялы, напрыклад, аб беларускіх гімназіях, асабліва аб Наваградзкай. Цікавая, азусім неапісаная дзейнасьцьдраматычнага гуртка Віл[енскай] Бел[арускай] гімназіі. Мне вельмі хочацца, каб былыя сябры драмгуртка апісалі і зрабілі дадатковую старонку да альбому Віл[енскай] Бел[арускай] гімназіі. Нават дагаварылася з Новікам[-Пеюном]’, што ён гэтую старонку надрукуе і прыгатуе, каб уклеіць у альбом. Зразумела, найлепш гэта зрабіў бы Янка Хвораст (напісаў успаміны), але ён ізноў ляжыць у шпіталі. Даручыў работу сваёй каляжанцы па гуртку, але ад яе — ні слуху, ні духу.
    Выявілася, што драмгурток выяжджаў — ставіў спэктаклі ў Эйшышках, Гродне, Беластоку, Слоніме і Баранавічах, і пасьля былі пахвальныя рэцэнзіі ў газэце “Kurjer Wilenski”2 — гэта словы Я. Хвораста. Трэба было б тыя нумары газэты адшукаць у архівах і рэцэнзіі перапісаць. Была б цікавая старонка з жыцьця Віл[енскай] Бел[арускай] гімназіі. Але ці ўдасца гэта зрабіць? Ня ведаю...
    Як добра, што дачка Гарэцкага дбае аб памяці бацькі. Гэта вялікая помач для ўкладальнікаў кніжкі. Гэта ня тое, што трэба кожнае слова выцягіваць ад абыякавых да справы людзей.
    Іван Уладзіміравіч, дарагі, кіньце Вы гэтыя мае ўспаміны. Што тут сьпешнага — перадрукоўваць іх? Няхай яны ў мяне будуць так, як ёсьць, а перадрукоўваюцца пасьля без мяне. Я ж для гэтага непатрэбная. Самі кажаце, што там усё ясна. Цяпер пры Вашай працы браць на сябе такую работу, калі німа вялікай патрэбы, зусім лішняе. Паслухайце мяне старую і згадзіцеся, што я маю рацыю.
    Я толькі папрашу, каб мне іх пры першай магчымасьці пераслаць, бо сапраўды часта трэба туды заглянуць. Зьбіраецца прыехаць у Вільню Ю. Туронак. Яму шмат што (ва ўспамінах) трэба будзе паказаць.
    За кніжку “Сьвет расьлінны...” будзем удзячныя. Гэтая бібліятэчка цікавіць таксама і Слаўку. Баюся толькі, што там будзе безьліч памылак у назовах расьлін.
    Арсень Сяргеевіч [Ліс] прывёз 2-гі нумар “Роднай прыроды”. Так шка-
    дую, што я там у рэдакцыі нікога ня ведаю. He даравала б такіх русіцызмаў: сьнегіры — замест гілі, медуніца — замест мядоўка, сон-трава — замест сончыкі... Ды яшчэ луньнік (ад луна — месяц) — лацінскі назоў Ійпагіа. А чаму ж тыя, што знайшлі мейсцы, дзе гэтая расьліна выступае, не запісалі народных назоваў?
    У кніжцы “Жывёльны сьвет Беларусі” ў разьдзеле “Птушкі” падана: поползень — народны назоў дзятлік. To чаму ж не ўжываць народнага, а расейскі? Гэта мае быць тэрмін навуковы? I сьмешна, і горка... Скажаце — села на свайго коніка... Праўда?
    Усяго Вам найлепшага. Ад маіх — прывітаньне. Л.В.
    Так мне прыкра, што я нічым не магу даказаць Ніне Аляксандраўне [Ляшковіч]3 майго спачуваньня, хоць часта аб ёй думаю. Сама з дому нікуды не рухаюся — не магу, а Галя і рада мяне паслухаць — пайсьці адведаць, але ёй вельмі баляць ногі, ледзь ходзіць.