• Газеты, часопісы і г.д.
  • Зоська Верас. Я помню ўсё Успаміны, лісты  Міхась Скобла

    Зоська Верас. Я помню ўсё

    Успаміны, лісты
    Міхась Скобла

    Памер: 498с.
    2013
    152.73 МБ
    81.	АДАМУ МАЛЬДЗІСУ
    12 мая 1979 г. Вільня
    Паважаны Адам Язэпавіч.
    Дзякую за прыемную вестку. А таксама за ўсю помач у гэтай справе. Шмат Вы пасьвяцілі часу і стараньняў. Шчыра і сардэчна дзякую.
    Вельмі шкадую, што Вы не ўваходзіце ў рэдкалегію — была б я спакойнейшая за свой артыкул. Баюся скарочываньня, бо маю прыкрую практыку за сабой.
    Магчыма, помніце ў 1972 г. у “Маладосьці” мае ўспаміны аб Гродзенскім гуртку беларускай моладзі? Там іх рэдакцыя скарачывала. Відавочна мэханічна вырэзывалі кускі з рукапісу, ня вельмі дбаючы, які сэнс астаецца ў рэшці матэр’ялу.
    А тут — што А. Разанаў1 можа ведаць аб тым, якая частка “другарадная”, а якая першаплянавая? Тэма для ўсіх, я думаю, terra incognita2. Але што будзе — тое будзе. Я тут голасу ня маю.
    Часы і звычаі мяняюцца, і я не магу хацець, каб захаваліся звычаі такія, якія практыкаваліся падчас маёй працы ў ролі рэдактара. To была “гульня”, а цяпер справа паважная. Пры гэтай аказіі пазвольце мне зьвярнуцца з такой просьбай. Калі не мыляюся, пасьля сьмерці Янкі Шутовіча гр. А. Разанаў прыяжджаў у Вільню і сартаваў астаўшыеся архівы Я. Шутовіча. Магчыма, гр. Разанаў помніць, што там было, што ўдалося знайсьці і захаваць, і ласкава мяне аб гэтым паведаміць. Я ведаю, што астаўся нарыс аб віленскім Беларускім музэі імя I. Луцкевіча (ён у майго зяця) і нарыс аб сьпеваку М. Забэйдзе — ён таксама ёсьць захаваны. А што больш?
    Як ведаеце, маю рукапісны зборнічак жыцьцяпісаў — у тым ліку і Я. Шутовіча. Хацела б да яго дадаць інфармацыі, што з працаў і наагул архіваў Я. Ш[утові]ча захавалася і дзе. Была б вельмі ўдзячная.
    Выбачайце, што сваёй просьбай раблю клопат. Ці зьбіраецеся ў Вільню сёлета?
    Усяго найлепшага! Ад маіх — таксама. Л. Войцікава.
    82.	ФЁДАРУІГНАТОВІЧУ
    14 мая 1979 г. Вільня
    Паважаны Фёдар Іванавіч.
    Ці Вы ўжо атрымалі якую-небудзь вестку з “Нёмана”? Я Вам пісала, што прасіла этнографа Арсеня Сяргеевіча Ліса, каб зайшоў у рэдакцыю “Нёмана” і запытаўся, чаму яны маўчаць. Атрымала адказ, што быў, пытаўся. Абяцалі праз тыдзень (гэта было недзе 3-га ці 4-га) напісаць Вам. Канкрэтнага нічога не сказалі. А. Ліс меў уражаньне, што нават яшчэ не разглядалі пасланага матэр’ялу.
    Бачыце, каб Вы знайшлі ў дзейнасьці “Пчалы” нешта адмоўнае, то напэўна адразу пайшло б у друк. А дзейнасьць пазытыўная ў Заходняй Беларусі — рэч падазроная...
    He дзівіцеся майму пэсымізму. V апошні час у Менску пачалі барацьбу з нябожчыкамі. Я Вам аб гэтым не пісала б, але ведаю, што цікавіцеся рознымі дакумэнтамі, так што і да Вашага ведама можа дайсьці тое, што тычыцца гэтага доктара-беларуса, і адразу даць фальшывы вобраз чалавека. Хачу адразу папярэдзіць.
    Гэты Станіслаў Грынкевіч паходзіў з мястэчка Новы Двор Сакольскага павету — ад Гродна адна станцыя Бяляны (цяпер у Польшчы — Беластоцкае ваяводзтва). Я яго ведала як малога хлопчыка, калі паступаў у 1-ю клясу Гродзенскай дзяржаўнай гімназіі ў 1913 г. Але гэта ня мае значэньня...
    Скончыў мэдыцыну. Пачаў навуку ў Вільні — канчаў (дзеля сямейных абставінаў) у Пазнані. Скончыўшы, нейкі час працаваў у Харошчы на Бельшчыне ў шпіталі, а пасьля прыехаў настала ў Вільню. Працаваў у 1-ай паліклініцы. Беларус-патрыёт, асьветнік, крыху пісьменьнік. Напісаў некалькі брашураў па мэдыцыне і гігіене. Езьдзіў шмат па 3[аходняй] Беларусі, чытаў іх па вёсках як лекцыі. Яго марай былі народныя ўнівэрсытэты. Напісаў брашуру “Асьвета”, якая была сканфіскаваная, а аўтар адсядзеў кару і заплаціў штраф.
    Ці трэба гаварыць, што тут сярод нас заслужыў на пашану і глыбокую ўдзячнасьцьі яклекар, і якчалавек.У1943 г. (прыблізна), як шмат хтоз віленскіх беларусаў, быў арыштаваны і вывезены. Недалёка — у Менску памёр у турме. Якая была яго віна — ніхто з нас не зразумеў...
    Астаўшыеся пасьля яго працы — кніжкі — дагэтуль перахоўваліся ў фундамэнтальнай Бібліятэцы АН у Менску. Раптам цяпер — навіна! Кніжкі забралі і схавалі адлюдзкога вока, бо: няпраўда, што памёру Менску, а выехаў за граніцу і там вёў шкодную для БССР работу...
    I гэта так катэгарычна гаворыцца... А праўда зусім іншая. Гэты наш др. Ст. Грынкевіч безумоўна памёр у Менску — год 1944 (мо пачатак 1945-га).
    А ў Амэрыцы быў зусім іншы чалавек — таксама доктар, таксама Станіслаў Грынкевіч1, але “малодшы” (няродны пляменьнік таго “старшага”), які радзіўся ў 1913 г., выехаў у 1947-м, памёр у 1966-м. Якая была там яго дзейнасьць — ня ведаю, і гэта няважна. Важнатое, што, ня ведаючы і не стараючыся ведацьдакладна, як і што, абвінавацілі нябожчыка, паднялі цэлую паніку, каб хто такога “вырадка” кніжкі ў рукі не дастаў...
    Ня толькі я, але і іншыя, хто нашага д-ра ведалі, абураныя. Паміж іншым, добра яго ведаў і Мікалай Міхайлавіч [Марцінчык]. Я Вам аб др. Ст. Грынкевічу не ўспамінала, бо падумала, што да Вашай працы яго біяграфія не падыйдзе.
    Але калі б Вас ён зацікавіў, змагу падаць загалоўкі яго працаў. Пакуль што маю толькі загалоўкі бэлетрыстыкі, але дастану ад яго сына і загалоўкі брашур па мэдыцыне. Толькі паведамце, калі ласка, ці гэта Вам спатрэбіцца.
    Чакаю адказу і адрасу Вашага Інстытуту ці яго музэю. Усяго Вам найлепшага! Л. Войцікава.
    P.S. Учора напісала ліст, а сяньня разарвала капэрту і дапісываю, бо забылася аб адной немалаважнай справе. Аб др. С. Грынкевічу зможаце шмат даведацца ад Мікалая Міхайлавіча, які яго добра ведаў асабіста і, як мне казаў, “вельмі шанаваў”. Думаю, што гэта для Вас будзе паважным матэр’ялам.
    Ці зьбіраецца на буру, ці якая іншая прычына, але чуюся выняткова нядобра. Хіба, ціск падняўся?
    Ці не зьбірацеся часам у нашы архівы? Пытаюся аб гэтым усіх знаёмых, бо і я маю ў архівах справу, а тут у нас ніхто ня мае да іх доступу.
    Бібліяграфія твораў др. Станіслава Грынкевіча: “Асьвета” прыблізна ў 1935 г. друкавалася ў “Беларускай крыніцы”2. Пасьля была выданая асобнай брашурай, але тады яе адразу сканфіскавалі. Адбыўся суд, які засудзіў аўтара на2тыдні арышту і штраф. “Арлянё" “Царква”, “Помста”, “Вязьніца”зьвязаныя адной тэмай, на падставе мясцовых падзеяў. “Капля вады” — прыродазнаўчае апавяданьне ў часапісі для дзяцей “Заранка”. “Узгадаваньне характару’’ — “Студэнцкая думка”, год 1928, №2 (9). “Аб прывычцы ў самаўзгадаваньні” — “Студэнцкая думка”, год 1928, № 3 (10). “У братоў украінцаў” — брашура-рэпартаж, год 1937.
    8 і 15 сакавіка 1931 г. у памяшканьні Бел[арускага] інст[ытуту] гаспад[аркі] і культуры др. Ст. Грынкевіч прачытаўлекцыі натэму “Народныяўнівэрсытэты”.
    Сьпісак брашур па мэдыцыне прышлю пазьней — як атрымаю ад сына др. Гр[ынкевіча].
    Усяго добрага.Л. Войцікава.
    83.	ФЁДАРУІГНАТОВІЧУ
    26 мая 1979 г. Вільня
    Паважаны Фёдар Іванавіч.
    Сапраўды дзіўна, што др. Ст. Грынкевічам заняліся і Вы і я — адначасова. Але гэта і добра, бо Вы ўжо былі крыху падгатаваныя да гутаркі аб ім. Гэта чалавек, дзейнасьцю якога варта і трэба зацікавіцца.
    Тое, што др. Ст. Гр[ынкевіч] друкаваўся ў г.зв. хадэкаў і чытаўу іх лекцыі, тое, што быў арыштаваны і памёр падчас сьледзтваў Менску ўтурме (год 1944-45), відаць, не папсавала яго апініі, бо яго творы да нядаўняга часу перахоўваліся ў фундамэнтальнай Бібліятэцы АН БССР і лічыліся вартаснымі.
    Раптам знайшоўся чалавек, які — ці па сваёй умысловай агранічанасьці, ці па злой волі — зблытаў нашага др. Ст. Гр[ынкевіча] з другім доктарам — таксама Станіславам Грынкевічам, на гадоў дзесяць малодшым ад першага і яго далёкім пляменьнікам (ня родным), які выехаў за граніцу ў 1917 г.— ужо пасьля сьмерці нашага доктара і памёр там 10 красавіка 1966 г. He стараючыся выясьніць, ці мае справу з адным і тым самым чалавекам, ці не — прыпісаў творы старшага — малодшаму. Вось і паднялі беспадстаўную трывогу...
    Што за злачынствы прыпісываюць малодшаму — ня ведаю. Бо якраз нядаўна выпадкова спаткалася я з беларусамі, якія таго малодшага ведалі
    асабіста (я яго ня ведала) і адзываюцца аб ім як аб сумленным чалавеку. Але гэта няважна. Важна тое, што я паслала ў Менск падрабязную гэнэалёгію сям’і Грынкевічаў і атрымала адказ, што яна будзе перададзена загадчыку аддзелу рэдкіх кніг фунд[амэнтальнай] Бібл[іятэкі] — з тым, каб там справу выясьнілі і творы др. Ст. Гр[ынкевіча] вярнулі на належнае ім мейсца. Хачу спадзявацца, што гэтак будзе.
    Ня думаю, каб брашуру “Асьвета” можна было дзе знайсьці, бо яна была сканфіскаваная. Але калі гэты матэр’ял першапачаткова быў надрукаваны ў “Бел[арускай] крыніцы”, то, магчыма, яго можна знайсьці ў віленскіх архівах. Тое, што друкавалася ў “Заранцы” і “Студэнцкай думцы”, можаце прачытаць у мяне. Я больш нічога ня маю, але, можа, даведаюся тут у каго, а мо трапіцца? Тады паведамлю.
    Адрас Вашага Інстытуту я ўжо паслала знаёмаму, які будзе рабіць стараньні аб копію слоўніка. А вось ці варта пасылаць у музэй успаміны аб гуртку — я моцна задумалася. Ініцыятарам нашага гуртка быў ксёндз Францішак Грынкевіч — старшы брат др. Станіслава... Ужо адно гэта (ксёндз) палічаць “падазроным”, і ўспамінаў людзкое вока не пабачыць. Фактычна дзейнасьць гуртка ніякага непажаданага напрамку ніколі ня мела, але што зрабіць, калі зразумець гэтага ніхто ня можа або проста ня хоча.
    Атрымліваецца сьмешна (было б сьмешна — каб не балюча). Y “Полымі” быў надрукаваны артыкул Сьц. Майхровіча “Мілеці Сматрыцкі”, у якім аўтар даказывае, што “нацыянальная сьвядомасьць да беларусаў прыйшла праз царкву”, ды яшчэ — царскую. А калі хоча абудзіць сьвядомасьць у моладзі ксёндз — то гэта скандал... Ну але хопіць — мне ж няможна нэрвавацца.
    Чуюся дрэнна, нешта робіцца з галавой. Было шмат лепш, а цяпер зусім нядобра. Дачка і ўнук не пазваляюць нахіляцца, не даюць нічога рабіць на агародзе. Асталася безработнай.
    Калі Вам што трэба, якія весткі — калі ласка, пытайцеся. Заўсёды з прыемнасьцю адкажу, што змагу. А ў мяне да Вас такая просьба. Нешта Мікалай Міхайлавіч [Марцінчык] пісаць перастаў, мусі, таму, што ня ўсе лісты даходзяць... Як ён быў у мяне апошні раз, я даведалася, што ён ведаў сястру і швагра нашай беларускай паэткі Канстанцыі Буйло, якая ад 1923 г. жыве ў Маскве.
    I вось яна вельмі просіць адрас Мікалая Міхайлавіча, бо хоча ў яго распытаць аб жыцьці сваёй сястры. Ясна, я адрасу без дазволу Мікалая Міхайлавіча даць не магу, а няпэўная, што ад яго адказ атрымаю. Таму вельмі Вас прашу: запытайцеся М.М., ці магу паслаць яго адрас нашай паэтцы, і ці захоча ён ёй адказаць. Яна — хіба, адзіная пасьля мяне з часоў “Нашай нівы”, і павінна карыстацца асаблівай увагай.