Зоська Верас. Я помню ўсё
Успаміны, лісты
Міхась Скобла
Памер: 498с.
2013
Выбачайце за клопат, які раблю маёй просьбай. Усяго найлепшага! Л. Войцікава.
84. АДАМУ МАЛЬДЗІСУ
10 чэрвеня 1979 г.
Паважаны Адам Язэпавіч.
Дзякую за інфармацыі аб архівах Шутовіча. Перасылаць іх Ю. Туронку ня буду, бо ён сам у канцы чэрвеня прыедзе — тады і скажу.
Пісала мне неяк Ларыса Геніюш, што нехта з Менску прыяжджаў да яе, гаварылі аб выданьні яе зборніка. Яна была вельмі задаволеная, пісала, што адчула сябе бесьпячнейшай і менш самотнай. Шкада, што гэта быў толькі аднаразовы кантакт, і ня ведаю, з якімі вынікамі. ЦяперЛ.Г. чуецца вельмі адзінокай, проста забытай. А становішча яе проста жахлівае, бо ці ж можа чалавек утрымацца з назначанымі ёй 33 руб. з капейкамі? Ёй памагаюць, як могуць, мясцовыя простыя людзі. Некаторыя проста хочуць забраць яе да сябе...
Але як жа гэта цяжка — апынуцца на чужой ласцы... Mae свой дамок і гарод. Толькі ня ведаю, ці хопіць ёй сілы ў гэтым гародзе працаваць, каб мець з яго карысьць.
Учора атрымала ад яе ліст, бо яна непакоіцца, што я доўга не пісала. Ая хварэю.
Думаючы аб ёй і яе долі, напісала Вам. Бо сапраўды яе доля непакоіць мяне моцна. Падобна, што ня піша ёй ніхто, нават ад сына лістоў ня мае. Магчыма, лісты не даходзяць з той ці іншых прычынаў...
Усяго Вам найлепшага!Л. Войцікава.
85. ФІЁДАРУІГНАТОВІЧУ
16 чэрвеня 1979 г. Вільня Паважаны Фёдар Іванавіч.
Ліст Ваш з 10 чэрвеня атрымала — дзякую. Дзякую за весткі аб М. М. [Марцінчыку]. Я ўжо (яшчэ перад Вашым лістом) з ім сьпісалася, яго адрас К. Буйло паслала.
Разумею яго — прападаньне лістоў можа непакоіць. Я М.М. прасіла, каб напісаў сваю хоць кароткую аўтабіяграфію ў мой рукапісны зборнічак біяграфіяў знаёмых мне людзей. Ён маю просьбу выпаўніў — напісаў, выслаў, а гэтага ліста і сьлед прапаў. Ня дзіва, што чалавек траціць усялякую ахвоту што-небудзь пісаць...
Тым больш, што амаль у кожным нумары “Маладосьці” друкуюць г.зв. “творы” (і то падпісаныя “дактарамі навук” або знанымі пісьменьнікамі!), у якіх — адна хлусьня паганяе другую. I што з гэтым можна зрабіць? Пратэставаць? Ясна — трэба. Але хто той пратэст пабачыць? Ён адразу пойдзе ў рэдакцыйны кошык...
Калі прачытаеце ў № 5 “Маладосьці” г.зв. “дакумэнтальную” аповесьць “Пасланец Праметэя”1, зразумееце, чаму “Нёман” нават не адказывае Вам на Ваш артыкул аб “Пчале”2. Там жа ясна сказана, што “Праметэі”ледзь цярпелі розныя ўстановы — як Бел[арускі] банк, каапэратывы, розныя рэдакцыі... Ачым мы шкодзілі бел[арускай], сапраўды беларускай справе? Працавалі ціха, аддана, бяз крыку, галоўнае — без усялякай фінансавай карысьці. А сяньня нам кажуць, што нас цярпелі...
Аб гэтым можна было б пагаварыць асабіста. Мне пісалі з Менска, што справу др. Ст. Гр[ынкевіча] “адробяць”. Але я ведаю, што зрабіцьбрудную работу лёгка, а адрабіць — шмат цяжэй. Я маю надзею сабраць больш матэр’ялаў аб Ст. Гр[ынкевічу]. Біяграфію і сьпісак твораў мэдычных — то пэўна. А можа, што і з віленскіх архіваў.
У канцы гэтага месяца прыедзе з Варшавы адзін беларус у Вільню — шукаць у архівах сьлядоў свайго бацькі — былога студэнта-мэдыка Віленскага
ўнівэрсытэта. Пагавару з ім, каб зьвярнуў увагу і на сьляды Ст. Гр[ынкевіча]. Тым больш, што абодва мэдыкі, насколькі ведаю, былі знаёмыя. Усё, што даведаюся, Вам перашлю. А калі захочаце прачытаць тое, што ёсьць у мяне, то, калі ласка, прыяжджайце ў першы-лепшы сьвяточны дзень. Гэта ж недалёка.
Пішаце, што выйдзе кніжка аб ТБШ? Напэўна, надрукуюць, што ТБШ “кожны месяц з сваіх мізэрных сродкаў давала дапамогу на выданьне “Заранкі" хоць яна і не была прагрэсіўнай’’... А гэта ж грубая хлусьня! Я ніколі ніякай дапамогі ад ТБШ ня бачыла ў вочы. Ой як я ня веру ўсім “гістарычным дакумэнтам”...
Дзякую за памяць аб маім здароўі ці, ясьней, нездароўі. Нецікава. Ціск крыві 190/100 — з усімі кансэквэнцыямі. He магу нахіляцца, не магу быць на сонцы. Проста — інвалід. А я жыць бяз руху, без работы ня ўмею.
Дзякую за прапанову помачы. Мне Мікалай Міхайлавіч [Марцінчык] прысылае парады і лекі. А цяпер, магчыма, той беларус з Варшавы прывязе мне лекі польскія, якія парадзіў(і прысылаў на пробу) Мік. Міхайлавіч.
Дзякую за клопаты аб успамінах аб Гродз[енскім] гуртку. Пры першай магчымасьці пасьля 18-га, калі мая дачка будзе ўжо ў адпачынку, вышлем на Вашае імя. Што яны ў экспазыцыю ня пойдуць, я больш чым пэўная, бо ініцыятарам і першым кіраўніком быў ксёндз! Хоць я магу запэўніць, што ў нас ніколі не былі закранутыя ніякія рэлігійныя тэмы. Гэта быў Францішак Грынкевіч — старшы брат др. Станіслава. Ня кажучы аб тым, што зарганізаваў белар[ускую] моладзь, гэта быў чалавек — апякун усёй гродз[енскай] беднай моладзі. Аплачываў школы, апранаў, карміў самых бедных. Пахаваны ў Гродне. Памяць захоўваюць аб ім, кладучы амаль цэлы год сьвежыя кветкі на магілу.
Усяго добрага.Л Войцікава.
86. АДАМУ МАЛЬДЗІСУ
5 ліпеня 1979 г. Вільня
Паважаны Адам Язэпавіч.
Справа такая. Я даведалася, што мае выйсьці кніжка пра Р. Шырму. Зразумела, будуць узяты пад увагу і яго ўспаміны ды артыкулы. Хто кніжку піша — ня ведаю. Звяртаюся да Вас, як да чалавека блізкага да спраў выдавецкіх. Вельмі пажадана было б не дапусьціць да паўтарэньня тых памылак, якія рабіў Р. Шырма ў сваіх артыкулах і высказываньнях. Бо нашто ж заблытваць гісторыю?
Ня ведаю, ці Вы помніце артыкул у беластоцкай “Ніве”, зьмешчаны на юбілей (85 гадоў?) Р. Шырмы. Там былі такія радкі: “Р. Шырме запрапанавалі працу ў Віл[енскай] Бел[арускай] гімназіі... Пачаў працаваць у 1926 г. Але працаваў нядоўга, бо праз два гады гімназію закрылі” (гэта, мусі, значыць — зачынілі). Вынік — Віл[енская] Бел[аруская] гімназія ў 1928 г. перастала існаваць. Я адразу напісала ў рэдакцыю “Нівы”: “Ці гэта злая воля, ці абыякавасьць аўтара артыкулу да гістарычнай праўды?”. Рэдактар мне нічога не адказаў, але паказаў ліст мой аўтару — М. Гайдуку’...
Толькі цяпер, 31 красавіка, як М. Гайдук заехаў да мяне, справа выясьнілася: вестка аб зачыненьні Віленскай Беларускай гімназіі ў 1928 г. узята з успамінаў Р. Шырмы... М. Гайдук на мяне не пакрыўдзіўся. Наадварот, сьцьвярджаючы, што я яго “вылаяла”, сказаў, што гэта добра! Каб ізноў не скараціць існаваньне ВБГ аж на 16 гадоў... У артыкуле — яшчэ паўбяды, але ў кніжцы было б недаравальна.
Другое. У “Літаратуры і мастацтве”, у аддзеле “Пошукі і знаходкі”, былі надрукаваныя два вершы Сяргея Крыўца2 з камэнтарамі — “вершы друкуюцца ўпершыню, арыгіналы перахоўваліся ў архівах Р. Шырмы”. А ў сапраўднасьці абодва вершы друкаваліся ў“3аранцы”ў 1927 і 1928 гг. Прыслаў мне іх сам аўтар, які тады падпісываўся Сярожа Пастушок. Наагул, ён 89 г. нар[аджэньня], пачынаў друкаваць і вершы, і прозу ў “Заранцы”. Ня ведаю, які Ваш пагляд на гэтыя справы і як зарэагуеце на мой ліст. Усё ж пішу. I прашу выбачыць, што турбую.
Мо будзеце ў Вільні? Калі ласка — загляніце. Я бы Вам паказала “ўспаміны” аднаго чалавека, якія складаюцца пераважна з хлусьні.
Усяго найлепшага! Л. Войцікава.
87. АДАМУ МАЛЬДЗІСУ
23 ліпеня 1979 г. Вільня Паважаны Адам Язэпавіч.
Толькі што атрымала Ваш ліст. Я яго чакала, бо такі спадзявалася, што Ліс не абміне падзяліцца з Вамі сваёй беспадстаўнай выдумкай. Учора выразіла яму сваё абурэньне. Як жа я магла пасылаць туды да друку тое, што тут даўно абгаворана з Вамі? Калі мяне папрасілі з Беластоку прыслаць ім у каляндар свае ўспаміны аб Г. Леўчыку, я насамперад запыталася ў Я. Саламевіча, што ён на гэта скажа, бо ведала, што гэтыя ўспаміны ён даў у зборнік Леўчыка. I толькі тады, калі напісаў мне “пасылайце абавязкова”, я дала згоду і матэр’ял паслала. А тут такое...
Што паслала — гэта праўда, але папярэдзіла, што толькі яму асабіста, як памятку аб супольнай працы і каб спраўдзіць сябе — ці я ўсё добра помню, нічога не пераблытала, не дадала або не прапусьціла...
Ужо пару гадоў я праз супольных знаёмых атрымлівала ад той сям’і словы памяці і прыхільнасьці. А ў канцы 1978 г. паведамілі, што там зробленая рэпрадукцыя майго “Батанічнага слоўніка”. Прыслалі фотастат бібліяграфічнай карткі, здымкі бібліятэкі, здымкі плякатаў з выстаўкі бел[арускай] кнігі падчас Скарынінскага юбілею. Іван Уладзіміравіч Саламевіч гэтыя здымкі бачыў, лісты чытаў.
Я абсалютна не разумею, чым каму-небудзь можа гразіць мая прыватная карэспандэнцыя? Тым больш, што я ведала адно: “яго імені няможна ўспамінаць...”. Ды мала каго няможна ўспамінаць — нават з тых, хто жыве тут у нашым Краі?
Што мне за інтэрас? Я магу мець свой пагляд. Каму гэта не падабаецца, што ж — трудна... Я прыстасаванцам ніколі не была і ня буду.
Здаецца, беларускай справе я дагэтуль ніякай шкоды не зрабіла, хоць вось ужо блізка 70 гадоў з ёю зьвязаная. Магчыма, і Вам маё становішча ў гэтай справе не падабаецца? Тады мой матэр’ял забярыце і вярніце мне. Неяк пражыву і гэтую прыкрасьць. Выбачайце за тон. Але сапраўды цяжка быць спакойнай у такіх абставінах.
Мушу дадаць, што я абрыўкі сваіх успамінаў пасылала шмат каму: тым, аб кім гаворыцца, каго ўспамінаю — яго асобу або працу. Скажаце — гэта ня тое самае? Магчыма. Мне так шмат прыйшлося спаткацца з няпраўдай, са злоснай хлусьнёй, што я вельмі мала веру, калі каго абвінавачваюць.
Але хопіць. Нэрвую Вас і сябе. 3 пашанай — Л. Войцікава.
88. ФЁДАРУІГНАТОВІЧУ
10 жніўня 1979 г. Вільня Паважаны Фёдар Іванавіч.
Сяньня атрымала Ваш ліст, за які ўдзячная, і зараз адказываю. Добра, што “Нёман” адазваўся. Бяда толькі, што ў мяне вельмі непрыемныя ўспаміны (на практыцы) вынікаў іх “скарачэньняў”. Там могуць такое зрабіць, што і самі сваёй работы не пазнаеце. Але мо на гэты раз матэр’ял папаў у рукі сумленнага чалавека, і ўсё будзе добра. Вам абавязкова прышлюць або адбітку, або і сам “Нёман”.
Дзякую, што напісалі аб долі ўспамінаў “Гродз[енскі] гурток”. Бо з музэю ніхто да мяне не пісаў. Што да біяграфіі др. Ст. Гр[ынкевіча] — маю падрабязную, ад яго сястры, і фота маю. Трэба толькі зрабіць адбітку для Вас. Тады ўсё разам прышлю.
Яго сына аб гэта прасіць немагчыма, бо ён быў зусім невялікім хлопчыкам (гадоў 11,12), як бацькі ня стала. Ён быў самы старшы з дзяцей. Адна сястра — лекар — памерла год таму ад раку. Другая — біёляг. А аб самым малодшым нічога ня ведаю.
Дэталі аб старшым сыне даведаюся ад цёткі — сястры др. Ст. Гр[ынкевіча]. Знача — аб тым, дзе працуе. Жыве, здаецца, у Магдэбургу. Я прасіла, каб ён прыслаў сьпісак брашур бацькі аб мэдыцыне. Прасіла праз яго цётку, але нешта ні яна, ні іншыя сваякі ня могуць з ім скамунікавацца. Баяцца — ці ня хворы. У яго былі ўжо 2 інфаркты.