Зоська Верас. Я помню ўсё
Успаміны, лісты
Міхась Скобла
Памер: 498с.
2013
на толькі, каб гэтыя прыхільнікі ня страцілі пашаны да беларусаў, калі на іх выступленьні-прывітаньні ў беларускай мове чуюць у адказ — у расейскай...
Гэта здарылася ў Дні беларускай культуры — з адказам у чужой мове выступіў сам вялікі Народны паэт М.Танк. Трэба з радасьцю прызнаць, што на адкрыцьці выстаўкі П.Сергіевіча гэтага не было. Мастакі нашы стаяць на вышыні, маюць свой гонар і выступалі па-беларуску. Слава ім за гэта.
За адным захадам пасылаю Вам верш літоўскага паэта пра беларускую мову.
Усяго Вам найлепшага! Дзякую, што не забываеце. Шчыра вітаю. Л. Войцікава.
Беларуская мова (верш літоўца Ёзаса Рыбікаўскаса)
Як хвалі нёманскай вады, пяшчотная,
Як гоман шматвяковых пушч і шум бароў,—
Гучыш ты на зямлі бацькоўскай горда,
Прайшоўшы праз віхуры цёмныя вякоў.
Як маці родную, цябе любілі
Сыны народа — гордыя арлы.
А ворагі шалёныя усё рабілі,
Каб твайму сьледу не застацца на зямлі.
Гучала ты і за калючым дротам,
Была заўсёды Каліноўскаму сябром,
Ляжала пад цяжкім жандармскім ботам
“Мужыцкай праўды” вогненным радком.
Крывёй гарачаю бацькоў аблітая,
Ты праўду мужыкам нясла заўжды.
Славамі моцнымі, нібы з граніту,
Гісторыю пісала праз гады.
Твой лёс мне сёньня вельмі блізкі,
Маёй ты мовы родная сястра.
Шляхом тваім — дарогай камяністай -
I мова летувіская прайшла.
Ты — як цымбал чароўныя акорды,
Як жаўранка сьпеў з нёманскіх палёў.
Ты — беларусаў сіла, вера, гордасьць
I неўміручасьць вогненных баёў.
Табе я верным застаюся назаўжды,
Глыбока ў маё сэрца ты запала.
Любіце мову родную, браты,
Як Каліноўскі, Багдановіч і Купала.
101. АЛЯКСЕЮ ПЯТКЕВІЧУ
9 лютага 1980 г. Вільня
Дарагі Аляксей Міхайлавіч.
Ня пішаце — значыцца, мае ўспаміны аб ГГБМ прапалі... Перапіска мая з др. Ігнатовічам спынілася. Відаць, яму адтуль пісаць цяжка.
Артыкул “Беларуская борць і народная мэдыцына” др. Ігнатовіча таксама недзе ў рэдакцыі “Нёману” ляжыць не чапаны. Адным словам — не шанцуе.
Але ў мяне важнейшая справа. Вы, напэўна, “Беларускі каляндар” на 1980 год з Беластока атрымалі і артыкул А. Бэргмановай аб С. РакуМіхайлоўскім чыталі. Магчыма, захочаце пры нагодзе гаварыць аб ім з Вашымі студэнтамі, таму сьпяшаюся пазнаёміць Вас з тымі памылкамі, якія яна пазволіла сабе ўставіць у артыкул.
Яна мяне пыталася аб часе, калі Рак-Міхайлоўскі з сям’ёй жыў у Гродне — 1919-ты, 20-ты, 21-шы гады. Я ёй адказала, што назову вуліцы ня помню, але аб’ясьніла раён, дзе яна знаходзілася. I дадала, што сям’я РакаМіхайлоўскага жыла разам са Смолічамі (жонка А. Смоліча Аляксандра выкладала ў Гродзенскай Беларускай гімназіі беларускую мову і літаратуру). Тым часам у А. Бэргмановай нейкім цудам Смолічы зрабіліся Лёсікамі'. Апошнія ніколі ў Гродне не былі.
Далей, ужо з часу працы Рака-Міхайлоўскага ў Вільні, піша, што ён адзін адказываў за выдавецтвы грамадаўскай прэсы — выпраўляў матэр’ялы, хадзіў у друкарню... I ніякага дачыненьня ня меў да гэтай справы А. Луцкевіч...
Точаму ж, калі я пераехалаўВільнюўлістападзе1923 г. іспаткаласяз РакамМіхайлоўскім (добрым маім знаёмым з Менска) ў “Беларускай кнігарні”, то ён не запрапанаваў мне ад сябе асабіста працы ў рэдакцыі, а сказаў: “Ідзем да А. Луцкевіча, пагаворым”.
А другі раз, у 1925 г., калі я запрапанавала выдаваць раз у месяц даграмадаўскіхгазэтаў“Гаспадарчыдадатак”ізапыталася Рака-Міхайлоўскага, ці гэта магчыма, ён зноў сказаў: “Пойдзем да Антона Л[уцкевіча] Значыцца, А.Л. не стаяў збоку і ў выдавецтве голас меў. А Рак-Міхайлоўскі ня быў поўным гаспадаром. Ды і ўсе сходкі-нарады па выдавецтву грамадаўскай прэсы адбываліся на Віленскай, 8 — у кватэры А. Луцкевіча.
Чаму ж А. Бэргман маніць? Скуль узяла такія весткі? Ці не апіраецца яна на “ўспаміны” сына Максіма Бурсэвіча1 — Ігара2? Помніце, я Вам аб яго “ўспамінах” гаварыла, а мо і паказывала. Калі А. Бэргман у кароткім артыкуле ў “Ніве” аб М. Бурсэвічу напісала і пахвалілася, што знайшла яго дачку і сына, я адразу падумала, што з гэтага нічога добрага ня будзе.
Мне калісьці пісаў Мікалай Іванавіч Ермаловіч: “Да чаго ж сфальшавалі нашу гісторыю! I жыцьця ня хопіць, каб унясьці крыху яснасьці”. Тое самае робіцца і цяпер.
Я вельмі шкадую, што пачала адказываць на яе пытаньні і тым самым быццам прыймала ўдзел у яе памылках. Ужо ў “Rzeczy о В. Taraszkiewiczu” яна наблытала, што далей не ідзе, а цяпер працягіваецца тое самае... Хоць бы нарэшці перастала пісаць! Быў бы спакой. А ён мне вельмі патрэбны. Чуюся вельмі нядобра і ўжо проста ня ведаю, што рабіць. На бяду, столькі сьнегу, што нават доктара німа як выклікаць. Але нічога, неяк будзе.
Знойдзеце хвіліну — адгукніцеся. Буду рада. Мушу дадаць, што знайшоўся адзін з самых малодшых сяброў Гродзенскага гуртка. Піша мне сардэч-
ныя лісты. Але рэдка, бо ён аж на Флёрыдзе. Але ёсьць з кім паўспамінаць сяброў гуртка.
Усяго добрага Вам і цэлай Вашай сям’і. Са шчырым прывітаньнем — Л. Войцікава.
102. ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
4 сакавіка 1980 г. Вільня
Дарагая Данута Іванаўна1.
Учора атрымала ліст ад Ларысы Антонаўны [Геніюш] 2. 3 яго даведалася, што ў Вас сытуацыя са станам здароўя мужа пагоршала. Сьціснулася за Вас сэрца. 3 цэлай душы Вам спачуваю. Каб жа магла ў чым памагчы...
Мо што патрэбнае такое, чаго німа ў Гродне, а ў нас можна дастаць? He кажу аб леках, бо ў нас з гэтым шмат горш, чым на Беларусі. Калі што трэба — пішыце без усякай цырымоніі.
А ці Ваш муж ніколі не прабаваў лячыцца зёлкамі? He закранаю сяньня іншых пытаньняў, бо Вам не да іх. Знойдзеце магчымасьць — напішыце пару слоў, што і як у Вас.
Шчыра і сардэчна зычу ўтрымаць сілу духу, бадзёрасьць, хоць вонкавую, бо гэта неабходна хвораму.
Усяго самага лепшага. ВашаЛ Войцікава.
103. МІКАЛАЮ МАРЦІНЧЫКУ
70 сакавіка 1980 г. Вільня Паважаны Мікалай Міхайлавіч.
Абедзьве з дачкой дзякуем Вам за сьвяточныя пажаданьні, а я — і за ліст. Відаць, ня ўсе лісты даходзяць, бо таго, што Вы пісалі пасьля атрыманьня “Нівы”, я не атрымала. “Ніву” буду і далей адсылаць Вам па некалькі нумароў адразу. Я рада, што Вы здаволены гэтым.
Калі ласка, напішыце, ці маеце насьценны каляндар “Прырода Беларусі”? Мова не надзвычайная, але малюнкі вельмі добрыя — прыемна глядзець. Калі ня маеце, то вышлю разам з “Нівай”, бо я маю два. Адзін экзэмпляр прыслаў мне 3. Пазьняк яшчэ перад Новым годам, а пасьля яшчэ нехта прыслаў, а хто — ня помню.
У апошнім лісьце я пісала Вам, што Содаль не прыяжджаў, і пакуль што ня ведаю, ці прыедзе. Вашыя лісты, у якіх ёсьць аб “Р[одным] слове”, адкладаю асобна, каб Содалю, калі прыедзе, паказаць. А.М. Пяткевіч аб “Р[одным] слове” таксама піша вельмі крытычна. I яго ліст Содалю пакажу.
Ф.М. Янкоўскага ня варта гэтай справай нэрваваць. Ён зусім слабы — ня можа прыйсьці да сябе пасьля чароднага побыту ў шпіталі. Пісаў мне некалькі слоў... Я яго асабіста ня ведаю і, хіба, ніколі не пабачу, бо прыехаць ён ня зможа.
Hi ад Янкі Маркавіча [Хвораста], ні ад С. Новіка даўна нічога ня маю. Мела кароценькі ліст ад Вітаўта Тумаша — шле прывітаньне ўсім, хто яго помніць. Наагул, лістоў — безьліч. He пасьпяваю адказываць. 3 Менска шмат навін з выдавецкага руху. Ужо ў друку зборнік твораў Гальяша Леўчыка: больш 100 вершаў, артыкулы, лісты, у іх ліку восем да мяне.
Mae выходзіць зборнік “Спадчына’”, 5-томная энцыкляпэдыя “Прырода Беларусі”, “Гісторыя беларускага тэатру”. У першы том “Псторыі беларускага тэатру” войдзе артыкул аб Гродзенскім гуртку бел[арускай] моладзі. Прысылалі мне машынапіс, каб перагледзець і паправіць. Я ўжо гэта зрабіла і паслала.
Што да элемэнтара (не цярплю слова буквар'), то гэта памылка. Аркадзь Смоліч ніколі яго не пісаў, гэта яго жонка напісала элемэнтар “Зорка” і першую пасьля элемэнтара чытанку — таксама “Зорка”. А Аркадзь Смоліч напісаў і надрукаваў шмат працаў па геаграфіі, эканоміі і г.д. Яго дзьве працы — “Разьмяшчэньне насельніцтва на тэрыторыі Беларусі” і “Сельскагаспадарчыя раёны БССР” — у 1930 годзе ўзнагароджаны малым залатым мэдалём дзяржаўнага Рускага геаграфічнага т[аварыст]ва.
Высланы, працаваў у Ішыме выкладчыкам геаграфіі і яшчэ жыў разам з сям’ёй. Пасьля выслалі няведама куды аднаго, дзе і памёр. Жонка рабіла захады аб рэабілітацыі. Атрымала адмоўны адказ: “основанйй нет...”.
Маю больш 20 лістоў Смоліча. Цікавая душа. Чалавек з вялікай літары. I сяньня яго прозьвішча ўспамінаць у друку нельга. Ён жа належаў да першага Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі — разам з Варонкай, Аўсянікам, Захаркай, Серадой і іншымі. Мела я здымак гэтага Ураду, ды недзе прапаў. А шкада — усіх я ведала асабіста.
Яшчэ вярнуся да элемэнтара Алесі Смолічыхі. Яна яго апрацоўвала тут у Вільні ў 1922 ці 23 годзе. А муж яе Аркадзь пісаў тады ‘Теаграфію Беларусі”. Можа, Вас зьдзівіць, скуль я ўсё гэта ведаю? Я ж іх абоіх вельмі добра ведала. Яго яшчэ з 1913 г., калі была ў Варшаве, а ён у Пулавах (Нова-Александрыі) — у Сельска-гаспадарчым інстытуце. Пасьля амаль праз тры гады разам былі ў Менску. Там Смолічы пажаніліся.
У 60-я гады яна прыяжджала сюды да мяне, і мы карэспандавалі аж да яе сьмерці (памёрла пад Кіевам у 1974 г.). Яшчэ цікавая дэталь — яна ў 1921 г. у Гродне ў Беларускай гімназіі выкладала беларускую мову. Лістоў яе маю, хіба, каля сотні.
Ужо другі тыдзень прыймаю парашкі па Вашаму рэцэпту — і пэпсін таксама. Лепш настолькі, што німа такога stwardnienie2, як бывала, але болі пад лыжачкай ёсьць, і бываюць вельмі моцныя. Папавэрын бяру па тры таблеткі зараз. Ці баралгін можа выклікаць алергію? Калі дачка рабіла мне ўколы АТФ, усё было добра, а ад баралгіну робяцца гузы, хоць і масаж робіць, і грэлку кладзе, і робіць так, як Вы пісалі: палову дозы, а праз гадзіну — другую палову. Боль здымае — гэта так. Але таму, што адзін такі гуз нават нарываў, вялікі, як сьліўка, цяпер дачка баіцца рабіць.
У нас у хаце — вясна! Унук зрабіў пакаёвую цяплярню. Расьце расада памідораў,расадасуніцаў,цыбуля.Аграваеццаіасьвятляеццаэлектрычнасьцю.
Канчаю, бо мой апякун (унук) гоніць, каб хутчэй лажылася. Ад маіх — прывітаньне. Усяго найлепшага! Л. Войцікава.
104. ЛАРЫСЕ ГЕНІЮШ
17 сакавіка 1980 г. Вільня
Дарагая Ларыса Антонаўна.
Шчыра дзякую за даўгі ліст, за тое, што дзеліцеся са мной сваімі думкамі. He адразу адказала, бо было вельмі шмат лістоў, а на некаторыя трэба было