Зоська Верас. Я помню ўсё
Успаміны, лісты
Міхась Скобла
Памер: 498с.
2013
Бачыце, як я моцна з Гроднам зьвязаная? А кантактаў амаль ня маю.
Ня ведаю, ці Вы знаёмыя з др. М.М. Марцінчыкам3. Гэта мой знаёмы яшчэ 31924 г. Мы ўвесьчас ліставаліся. Малатаго, прыяжджаўу Вільню і вельмі шчыра апекаваўся маім здароўем. А цяпер сам цяжка хворы. Ляжыць у шпіталі. Вельмі я неспакойная, і шкада мне яго.
Другі добры знаёмы — гэта Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч. Але і ад яго вельмі даўна весткі німа. А чаму — ня ведаю.
Цяперашнія назовы вуліц, нават у старым горадзе, нічога мне не гавораць. I чужыя — падвойна, бо, хіба, ніводнай німа з беларускім гучаньнем. А Вы дзе жывеце, у якой часьці гораду? Але хопіць — столькі заняла Вам часу. А запрашаю шчыра і сардэчна.
Усяго Вам найлепшага. Л. Войцікава.
Адрас Сяргея Міхайлавіча Новіка-Пеюна: вул. Купрыянава, д.9, кв. 108; тэлефон: 26-08-48.
108. ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
5 чэрвеня 1980 г. Вільня Дарагая Данута Іванаўна.
Учора атрымала Ваш ліст — дзякую. Сьпяшу адказаць. Лістоў набралася шмат, а маё здароўе моцна падарвала сьмерць др. М.М. Марцінчыка. Ня ведаю, ці асабіста былі з ім знаёмыя, а я аж ад 1924 г., калі ён быў студэнтам Віленскага ўнівэрсытэту, а пасьля вельмі дзейным сябрам беларускіх арганізацыяў. Апошнія пару гадоў лячыў мяне, хоць і жыў у Гродне, а я ў Вільні. Прыяжджаў, a то і здалёк слаў парады, рэцэпты, а часам і лекі. Цяжка траціць старых сяброў, асабліва калі яны амаль равесьнікі.
Дзякую за апісаньне сучаснага Гродна. Я больш-менш арыентуюся, бо была ў Гродне ў 1970 г,— з унукам у Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча. Гасьцявалі дні тры. Я ўнуку паказывала ўсе старажытнасьці Гродна. Касьцёлы ўсе ведаю, бо амаль усе зьвязаныя з жыцьцём або сям'і майго бацькі, або з Гродзенскім гуртком беларускай моладзі. Гэты наш гурток (яго коратка называлі ГГБМ, бо быў нелегальны) нічога супольнага з рэлігійнымі пытаньнямі ня меў, але адным з арганізатараў быў кс. Францішак Грынкевіч,
і мы дзеля кансьпірацыі нейкі час ладзілі свае сходкі ў яго — як школьнага капэляна.
Улісьцеўсягонеапісаць. Мару,кабдажыць,пабачыцьВасусябе,падзяліцца ўспамінамі аб Гродне майго часу. Можа, і Вас зацікавяць нейкія факты.
Чаму не абзываецца да мяне А.М. Пяткевіч — не разумею. Пісаў жа даволі часта — і перад тым, як яго пазбавілі катэдры, і пасьля. Ды ўсё зьбіраўся прыехаць. Прыяжджаў раз адзін, а другі раззжонкай. Але гэта былі кароткія візыты, а хацеў прыехаць на пару дзён — пакапацца ў маіх архівах. А цяпер — ціха. Я нават ня так даўна пісала. Але калі нават ён ужо жыў у новым памяшканьні, то дачка, хіба, ліст яму аддала.
Просіце аб якую легенду ці факт — як тэму да гістарычнага верша? Думаюдумаю, і нічога не прыходзіць у галаву. Мяне заўсёды больш цікавіла прырода, а не гісторыя, і на такія легенды не зьвяртала ўвагу. У дзіцячай часапісі “Заранка” друкавала легенду “Скуль узяліся асіны і бярозы”, а ў часапісі “Беларуская борць” — “Скуль узяліся пчолы”. Але маю для Вас такую прапанову, гэта часткова зьвязана з гісторыяй — беларускімі пісьменьнікамі.
Каля Вёскі МясотаМаладзечанскагар-ну праходзіцьстары шлях —тракт, які злучыў Менск з Вільняй. 3 дакумэнтаў вядома, што па гэтым тракце каля Мясоты праяжджала шмат нашых пісьменьнікаў, паэтаў, дзеячоў. Ехалі таксама славутыя літоўцы, латышы, расейцы. I вось па ініцыятыве загадчыка Маладзечанскага музэю Генадзя Аляксандравіча Каханоўскага1 пры самой вёсцы злажылі помнік з каменьняў, і на ім — імёны тых, хто ў тыя далёкія часы сюдой ехаў.
У вёсцы ёсьць школа. Дзеці гэтай школы пастанавілі зрабіць у сябе куток пісьменьнікаў. Пачалі зьбіраць адпаведныя матэр’ялы, здымкі, артыкулы, успаміны. Зьвярнуліся яны да мяне, просячы расказаць ім аб Ядвігіне Ш., М. Багдановічу і г.д. Я ім паслала крыху сваіх успамінаў, крыху здымкаў, пазнаёміла іх (лістоўна) з Уладзімірам Содалем з менскага тэлебачаньня. I ён ім, падобна, шмат памагае ў арганізацыі кутка.
Дзеці Мясоцкай школы прыслалі мне сьпісак імёнаў зьмешчаных на помніку, а таксама верш літоўскага паэта — на жаль, па-руску. Я ім абяцала, што папрашу каго з нашых беларускіх паэтаў зрабіць пераклад на беларускую мову. Мо вы гэта зробіце? Была б Вам вельмі ўдзячная. А мо і самі на гэтую тэму напішаце? Было б цікава і карысна. Пасылаю верш і сьпісак.
Выбачайце, што так невыразна і малазразумела пішу. Чуюся дрэнна. Хочацца, каб Вы прыехалі. Можа, наш цудоўны лясны куток зрабіў бы добрае ўражаньне...
Усяго Вам найлепшагаІЛ. Войцікава.
109. УЛАДЗІМІРУЯГОЎДЗІКУ
17 чэрвеня 1980 г. Вільня Дарагі Валодзя.
Ужо даўно прачытала Вашую “Стронгу”1, якая мне вельмі спадабалася. I ня толькі мне — маёй дачцы, Слаўцы таксама. Як шкада, што Вы так мала пішаце! Арыгінальная тэма, добры стыль, добрая мова ўносяць у нашую літаратуру нейкі сьвежы подых. А ён так патрэбны...
Як Вам жывецца? Як гадуецца дачушка? Пісаў мне Сяргей Міхайлавіч
[Новік-Пяюн|, быццам Вы яму казалі, што выслалі да мяне ліст? Я нічога ад Вас не атрымлівала ўжо даўно. Сама я чуюся вельмі дрэнна. Асабліва падарвала мне здароўе сьмерць старога сябра, шчырага, чыстай душы беларуса, амаль майго равесьніка, доктара Марцінчыка — гродзенчука. Адыходзяць добрыя людзі, і на гэта німа рады.
Вось ужо мінула 14 чэрвеня 80-годзьдзе нашага сызевака Міхася Іванавіча [Забэйды] — і нідзе аб гэтым ні гуку. Хоць бы дзе цёплым словам успомнілі, ушанавалі. Казалі, што мастакі ў Менску мелі нешта наладзіць, але ня верыцца мне, каб з гэтага што было. У апошнім нумары “ЛіМа” выцягнулі знекульсь нейкага Шапіру2 — у яго 75-годзьдзе — а свайго заслужанага беларуса абмінулі. I не рада я, што да такіх часоў дажыла. Цяжка ўсё гэта прыймаецца!
Усяго Вам найлепшага і Вашай сямейцы шчыра зычу.Л. Войцікава.
Слаўкі ўдома німа і не будзе аж 3 тыдні. Паехаў вандраваць па гарах Грузіі. Хоць мне без яго сумна, але я рада, што адпачыне, пабачыць сьвет. I так ён зашмат працуе. У сябе па прафэсіі, а пасьля ўдома, у садзе, агародзе і г.д.
Яшчэ слова аб Вашым апавяданьні. У Вас маленькі недагляд: пішаце — картаплянік, а пасьля — бульба. Ужо або адно, або другое: картаплянік — картоплі, бульба — бульбоўнік. Праўда? Яшчэ раз усяго добрага! Бывайце! Л.В.
110. ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
26 чэрвеня 1980 г. Вільня
Даражэнькая Данута Іванаўна.
Пазаўчора быў у мяне Новік-Пяюн. Прывёз нарэшці скончаны альбом “Наш сьпявак МіхасьЗабэйда”. Працаваў над ім амальб гадоў. Там шматтэксту: нарыс Янкі Шутовіча “На вышынях мастацтва”, напісаны ў 1971 годзе, успаміны самога сьпевака, рэцэнзіі канцэртаў, праграмы і г.д. А таксама шмат здымкаў сьпевака ў розных ролях, у розныя часы. Рэч цікавая і цэнная.
Альбом у мяне, бо куды ж яго даць? Каму? Калі нават аб 80-годзьдзі нідзе ні аднаго слова... Крыўдна за яго, горка, я абураюся бязьмежна. Ад самога юбіляра кароткую картку маю — моцна перажывае сьмерць др. Марцінчыка. He напісаць аб гэтым сумным факце нельга было, бо вельмі непакоіла б Міхася Іванавіча маўчаньне прыяцеля.
А ці Вы свой верш М. 3[абэйду] паслалі? Ці надрукавалі яго дзе-небудзь? У “ЛіМе” німа...
Пры нагодзе гаварыла аб задуманай намі помачы — “бедным і адзінокім”. Ня варта было і думаць... Толькі перад Вамі, дарагая, чуюся вінаватай, што без патрэбы турбавала Вас сваімі непатрэбнымі нікому праектамі. Аж сорамна — старая, а такая наіўная...
Аб Хворасьце німа чаго гаварыць — мае сваю Зою і добра. Толькі з ім самім дрэнна — усё яшчэ ў шпіталі, і паправы не відаць. А вось Новік дзясяткі разоў пісаў — жаліўся: “Я адзін, ніхто мяне не наведывае, хіба, толькі тады, як маюць якую справу. Часта німа каму хлеба купіць”...
А цяпер на нашу прапанову — адказ: “Я сам сабе добра раджу, маю шмат грамадзкіх (?) справаў і нічым іншым займацца ня маю часу”. А ну іх...
Мне толькі прыкра, што я Вам забрала час і заняла думкі ідэяй, як аказалася, нікому непатрэбнай. Сама сябе ў душы лаю.
На гэтым трэба скончыць, бо нічога добрага і цікавага не напішацца.
Надвор’е дрэннае — дождж, хмарна. Хоць на наш пяшчаны агарод гэта добра — і паліваць ня трэба, і ўсё добра расьце. Як жа мне хочацца паказаць Вам свой лясны куток! Мора кветак, розныя адценьні зелені ў лесе, прытым бываюць і цікавыя спатканьні. Унук сёлета спаткаў статак сарнаў, а дачка ўчора здалёк пабачыла — лася! Вось як мы жывем.
Усяго Вам і Вашай сям’і найлепшага! Як найбольш здароўя і спакою. ВашаЛ Войцікава.
111. АДАМУ МАЛЬДЗІСУ
4 ліпеня 1980 г. Вільня Паважаны Адам Язэпавіч.
Учора атрымала Ваш ліст і зараз адказываю, што толькі магу. I так, па чарзе.
Магіла Казіміра Сваяка1 знаходзіцца недалёка ад магілы Лявона Дубейкаўскага, але ў вельмі недаступным мейсцы. Да таго ж, там ня помнік, а плоская вялікая пліта. Мы з с.п. сынам рабілі здымкі магілаў і помнікаў беларускіх пісьменьнікаў і дзеячаў, як на Росах, так і на г.зв. Былінах — могілках праваслаўных. Але пасьпелі зрабіць толькі 6 з іх. Здымкі маю. Апрача таго, маю спісак беларускіх магілаў, які мы рабілі супольна з Адольфам Клімовічам.
Але вярнуся да К. Сваяка. Увайшоўшы на сходы, якія вядуць да магілы Л. Дубейкаўскага, трэба зьвярнуць адразу налева — там вузенькая сьцяжынка на самым спадзе гары і давядзе да пліты К. Сваяка. Думаю, што там за гэтыя гады ўсё зарасло, ды і літары, хіба, не прачытаюцца. Апрача мяне гэтую магілу ведае і Янка Багдановіч, і яму, хіба, лягчэй, чым мне, туды дабрацца.
Успомніць таксама ня толькі варта, але і трэба — Уладыслава Паўлюкоўскага, пахаванага на Росах. Гэтую магілу таксама мы двое — Янка Багдановіч і я — ведаем. Ня ведаю, ці Вы зьвярнулі ўвагу ў маім рукапісным зборнічку біяграфіяў беларускіх дзеячоў на гэтае прозьвішча — У. Паўлюкоўскі. Ён няшмат пісаў, і творы сярэдняй вартасьці, але адна работа вельмі цікавая — каляндар на круглы год. Кожны месяц мае назовы ў самых розных мовах, гісторыя кожнага месяца, пачынаючы ад назову, да сьвятаў, звычаяў і г.д. пачынаецца ад рымскіх часоў, канчаецца звычаямі, прыказкамі і г.д. беларускага народу.
Друкавалася гэта праца ў “Шляху моладзі”, а я маю перапісаную ад рукі. На яго магіле ёсьць маленькі помнік. Надпіс — па-беларуску. Апекаваліся магілай удава і яе сын — пасынак Паўлюкоўскага. Але апошнія гады, як мне казаў Янка Багдановіч, магіла зусім запушчаная.
“Беларуская кнігарня” была на Завальнай, № 7. Гэта рог Завальнай і Малой Пагулянкі, якая цяпер называецца вул. Кастуся Каліноўскага. Цяпер гэты дом зусім перабудаваны, аж пазнаць цяжка. Лявон зрабіў здымкі, і я меншбольш арыентуюся, як было. Уваход у кнігарню быў ад Завальнай, і адна вялікая вітрына. Другая вітрына — ад Малой Пагулянкі, і адтуль з панадворка быў другі праход у памяшканьне кнігарні. За самой кнігарняй быў даволі вялікі пакой, дзе ў годзе 1911-12 жыў Іван Луцкевіч, і там стаяла вялікая скрыня, у якую ён складаў свае скарбы — першыя музэйныя экспанаты. Я іх бачыла ў канцы 1912 г.