Зоська Верас. Я помню ўсё
Успаміны, лісты
Міхась Скобла
Памер: 498с.
2013
Вы пішаце: шкада, што німа майго зборніка? А ў мяне ёсьць аж 2, але не друкаваныя, а машынапісныя. Адзін з драбніцамі для дзяцей — “Каласкі”, другі — з замалёўкамі — “Імпрэсіі”. Зроблены яны стараньнямі Сяргея НовікаПеюна. Прыгожа аформленыя. Ён іх рабіў у 3-х экзэмплярах. Адзін мне, другі я падпісывала яму, а трэці — у бібліятэку рукапісаў АН БССР.
Каб ня Новік, усё так і асталося б параскіданае па розных часапісах — “Заранцы”, “Пралесках”, “Студэнцкай думцы” і г.д.
Вось шчасьліва дачакаем канцы зімы, а Вы вольнай хвіліны — прыедзеце і пабачыце. А што з маім слоўнікам батанічным? Ці Вы яго ўжо здалі ў Мэдінстытут?
Ня ведаю, ці Вы, пані Дануся, знаёмыя з Алесем Мікалаевічам Белакозам? Вельмі даўна ня маю ад яго ніякай весткі. А ён жа такі хворы... Непакоюся, ня ведаю, што думаць. А мо проста часу ня мае?
Сяньня больш не пішу, бо дачка выходзіць і падганяе. А калі сяньня ліста ня выслаць, то трэба чакаць аж да панядзелка. У наступным лісьце адкажу на іншыя Вашы пытаньні. А пакуль што — пішыце.
Цалую Вас сардэчна, зычу ўсяго найлепшага. Л. Войцікава.
131. ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
1 сакавіка 1981 г. Вільня
Дарагая пані Дануся.
Учора я атрымала картку з Варшавы ад сваёй сястры. Піша, што 18 лютага выслала пачку для мяне ў Беласток на імя др. Ю. Геніюша. У гэтай пачцы — таксама лекі, якія прыслаў для мяне на рукі маёй сястры стары знаёмы віленчук, які жыве ў г. Торунь1. Паведамляю Вас аб гэтым, бо баюся, каб гэтая пачка не заляжалася ў Беластоку. Найважнейшае для мяне — лекі, такіх тут німа.
Мушу прызнацца, што чуюся штораз горш. Болі галавы мо зьвязаны з пераходам да вясны, але са страўнікам не магу даць рады. Аслабела. Гэта ўсё ня дзіва ў мае гады, але чалавек так ужо, мусіць, створаны, што трымаецца за жыцьцё да апошняга ды баіцца самога факту пераходу да вечнасьці. Вось і хочацца ратавацца, чым можна.
Невялікія маразы трымаюцца ў нас увесь час. Але сонейка моцна грэе, і ў пакоі ўжо вясна. Цудоўна зацьвілі амарылісы — белыя, у чырвоныя жылкі. Кветкі вялікія, як ніколі дагэтуль.
У апошнім лісьце я абяцала, што адкажу на рэшту пытаньняў. Што датычыць здымка з выстаўкі, які я Вам паслала. Побач Я. Багдановіча стаіць Раманюк2 — мастацтвазнаўца. Той, з павернутай галавой, і ёсьць Купава, а дзяўчынка — яго дачка. Жонкі П. Сергіевіча на тым здымку німа. Што да мяне, то Вы памыліліся — мяне там німа. Прапанавалі прыехаць па мяне машынай, але я адмовілася.
Бачыце, я вельмі дрэнна чую — напалову глухая. Там было шмат знаёмых, маглі вітацца, загаварыць са мною. Якое ж было б маё становішча? Хто да мяне прыходзіць, прыяжджае — пішуць мне, я адказываю. А чытаю лёгка ўсе почыркі без акуляраў. Вось такая мая “гутарка” з людзьмі.
А Слаўка — сын маёй дачкі ад першага мужа. Ён быў (даўно памёр) расеец з выключна расейскім прозьвішчам, якога я ў сям’ю ўводзіць не хацела і запісала Слаўку як Войцікава. Крыху пратэставалі, але ўсё ж я паставіла на сваім. Такія справы.
Слаўка прыносіць мне шмат радасьці — посьпехамі ў працы, працай удома і апякунчымі адносінамі да мяне. Паміма што працуе паміж літоўцамі, расейцамі і палякамі (усе гэтыя мовы добра апанаваў), сваю мову захоўвае чыстай.
А можа, я і дачакаю вясны-лета і пабачу Вас у сябе? Зьбіраюцца прыехаць: унучка Ядвігіна Ш. са сваёй дачкой і ўнукамі (пра-праўнукамі Ядвігіна) — тры пакаленьні. 3 Менска абяцаюць: Алесь Бачыла3, У. Содаль і, нават нягледзячы на дрэннае здароўе, праф[эсар] Ф.М. Янкоўскі. Учора ў мяне быў (ужо другі раз) вучань праф. Янкоўскага В. Несьцяровіч — сымпатычны, шчыры беларус. Прывёз 4 кніжкі мовазнаўства, якія выйшлі пад кіраўніцтвам Ф.М. Янкоўскага.
Ня дзіва, што хочаццаяшчэ пажыць... Мой зяцьпішаартыкул аб дзейнасьці свайго дзядзькі Івана Луцкевіча. Гэты артыкул мае ўвайсьці ў “Беластоцкі каляндар”на 1982 год.
Цалую Вас сардэчна. Пішыце.Л. Войцікава.
132. ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
19 сакавіка 1981 г. Вільня
Дарагая пані Данута.
Дзякую за ліст. Вельмі ж мне ў жыцьці не шанцуе. Каб было інакш, то я ўжо магла б мець свае лекі. Тыдзень таму зяць мой гаварыў па тэлефоне з п. М. Гайдуком, які званіў — з Менску! Езьдзіў з турыстычным цягніком, маршрут — Мінск-Кіеў. У Вільні ня быў, але мог бы выслаць поштай з Менска, або ў канцы аставіць у каго з нашых супольных знаёмых.
Відаць, др. Геніюш аб гэтай падарожы Міколы Гайдука ня ведаў. А я ўсё цешыля сябе надзеяй, што папрабую новых лекаў, бо тое, што тут маю,— не памагае, і чуюся штораз горш. Праўда, як-небудзь будзе.
Аб тым, што др. Ю. Геніюш быў паранены1, я ўжо ведала ад Ларысы Антонаўны. Бедная яна — як мусіла непакоіцца і нэрвавацца...
АдА. Белакоза я ліст нарэшці мела, але вельмі сумны, чуецца ня лепш, агорш. Ня маючы весткі,я пісаладаягодачкі Марыны.Алеянамянез8Сакавіка павіншавала, а на мае пытаньні аб бацьку не адказала. Мо ліст мой да яе не дайшоў? Усё бывае.
Наагулзкарэспандэнцыяй цяжка. ВыслалаязаказнымАляксеюМіхайлавічу [Пяткевічу] абяцаную аўтабіяграфію с.п. др. Марцінчыка, а перад гэтым яшчэ напісала ліст. I ня ведаю, ці атрымаў... А мо проста часу ня мае? Праўду кажучы, я і сама не заўсёды ў пару адказываю.
Прыемна ведаць, што выйдзе Ваш новы зборнік вершаў. А як Ларыса Антонаўна, ці ўжо здала ў друк свае вершы? Я забылася яе аб гэта запытацца.
Нешта сёлета вясна не сызяшаецца да нас. У нашай далінцы ў лесе яшчэ шмат сьнегу, а зямля зусім замерзлая. Дні хмарныя, панурыя. Толькі ўдома цьвітуць прыгожыя амарылісы і ў хатняй цяпліцы ўсходзяць агуркі на расаду.
Усяго Вам добрага! Цалую сардэчна. Л. Войцікава.
133. АДАМУ МАЛЬДЗІСУ
29 сакавіка 1981 г. Вільня Паважаны Адам Язэпавіч.
Дзякую за вестку. Я рада, што і Вы, і гр. Разанаў са мной згодны. “Пчала” некалісь “лётала” па ўсёй у той час Заходняй Беларусі, няхай жа і ўспамін пра яе ўсюды мае доступ.
3 Беластоку атакуюць, каб хутчэй матэр’ял прысылаць, а я чакаю, пакуль зяць перадрукуе (ён мае машынку з бел[арускім] шрыфтам), бо хачу мець машынапіс успамінаў у сябе ў цэласьці. Мушу дадаць, што рукапіс іх да гэтай пары ў І.У. Саламевіча, і ня ведаю, калі я яго дастану. А пара б ужо было. Ведаю, што ў Менску ўсе занятыя па горла, але і мой час ужо агранічаны.
Помніце мой рукапісны зборнічак біяграфій бел[арускіх] дзеячоў? Прыбыло 2 цікавыя — др. Ст. Грынкевіча (з вялікай бібіліяграфіяй) і др. М. Марцінчыка, які памёр 23 траўня 1980 г., амаль год таму. Апошняя не зусім поўная. Гэта аўтабіяграфія, і хіба ня ўся, бо яго жонка, прысылаючы яе, мне пісала, што “часьць перапісала і пасылаю”. Значыцца, у яе ёсьць і больш. А ў мяне ёсьць больш чым 100 яго лістоў. Варта, каб хто гэтым заняўся. He ўяўляю, ці Вы яго (др. Марцінчыка) ведалі, а праф[эсар] Ф. Янкоўскі быў з ім знаёмы.
Маю надзею, што сёлета заглянеце? Усяго найлепшага! Гр. А. Разанаву — прывітаньне. Л.В.
134. ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
5 красавіка 1981 г. Вільня Дарагая пані Дануся.
Я ўжо лекі атрымала, Ларысе Антонаўне [Геніюш] падзякавала. I Вам шчыра дзякую за параду, як пераслаць, за клопаты. А ці не пісаў Вам др. Геніюш, ці не казаў па тэлефоне, што пераслаў да маткі ня ўсю пачку, атрыманую з Варшавы, а толькі лекі? Бо справа такая: апрача лекаў, якія мой знаёмы Мар’ян Пецюкевіч выслаў у Варшаву да маёй сястры, яна разам запакавала і выслала ў Беласток і сваю пачку для мяне — насеньне лекарскіх зёлак і сякія-такія прыправы, аб якія я яе прасіла, бо ў нас іх і сьледу німа.
Я Ларысе Антонаўне аб гэтым не пісала, не хацела яе нэрваваць, і Вы ёй не кажыце. Да сястры пакуль што не пішу — а мо што выясьніцца. Магчыма, той, хто перавозіў з Беластоку, не хацеў большай пачкі браць? А мо проста “не давёз”? Вельмі непрыемна перад сястрой...
Лекі прыймаю, але чуюся дрэнна. Магчыма, пераход да вясны гэтак дзеіць. Найгорш далягае страўнік. Зусім страціла апэтыт. Але гэта няважна. Найгорш нэрвуе, што ўжо не магу брацца за работу (на гародзе), якая мяне цікавіць і дражніць, калі што ня зроблена, а мае проста не даюць рады — не хапае ні сілы, ні часу.
Вясна позная і халодная — кожную ноч прымаразкі, але ў лесе no634 дому поўна пралесак, пачынае цьвісьці мядоўка, а ў кветніку — белыя падсьнежнікі, крокусы.
Унук ужо ўпарадкаваў цяпліцу, думае сеяць. А сам 12-га выяжджае на тыдзень у Тбілісі -на канфэрэнцыю фізыкаў. Вось будзе страху, каб падчас яго адсутнасьці адпаведна цяпліцу дагледзець.
Праз паўтара дня быў у мяне У.І. Содаль — рэдактар “Роднага слова” з менскага тэлебачаньня. Рыхтуюць перадачу аб М. Багдановічу — для школаў. Прывёз мне паказаць сцэнарый. Гаварылі амаль без перарыву, надзіва я чулася амаль добра. Што значыць — нэрвы трымалі.
На 90-годзьдзе нараджэньня М. Багдановіча мае быць фільм на цэлую гадзіну, багата ілюстраваны. Але гэта яшчэ няхутка. Сцэнарый толькі пачынае пісаць Алесь Бачыла.
Але — забіраю Вам час сваімі навінамі. Пасылаю Вам марку, выдадзеную ў Амэрыцы на 450-я ўгодкі друку ў Беларусі. Мо Вас зацікавіць.
Цалую Вас сардэчна. Л. Войцікава.
135. ЛАРЫСЕГЕНІЮШ
11 красавіка 1981 г. Вільня Даражэнькая Ларыса Антонаўна.
Дзякую за ліст. He адразу адказала — былі розныя перашкоды. У Менску рыхтуюцца да ўрачыстасьці 90-годзьдзя з дня нараджэньня Максіма Багдановіча. Мастакі прыгатаўляюць выстаўку, зьвязаную з жыцьцём і творчасьцю паэта. Знаходзяцца пытаньні і да мяне: якую вышываную белую кашулю меў Максім, як надзяваўся зімой, ці насіў цёплы шалік і г.п. Стараюся прыпамінаць усе дэталі, хоць гэта пасьля 64 гадоў ня так лёгка.
Ужо паставілі помнік М. Б[агданові]чу перад Тэатрам-опэрай. Ужо гатовы помнікнамагілуўЯлце,кабзамяніцьтойнедарэчны,што стаіцьцяпер — абэліск з зоркай. Адчыняецца Літаратурны музэй М. Багдановіча. У сувязі з апошнім, прыяжджала да мяне захавальніца фондаў музэю, запісала на магнітафон фрагмэнты маіх успамінаў аб паэце. Мы разам з зяцем прыгатаўляем для гэтага музэю фота і рысункі ўсіх дамоў, дзе жыў і бываў М. Багдановіч, прыяжджаючы на Беларусь.
У1911 г., калі ён прыяжджаўу Вільню.то два месяцы правёўу Ракуцёўшчыне — фальварку, які належаў да дзядзькі (брата маткі) Антона і Івана Луцкевічаў. Лявон езьдзіў туды, парабіў здымкі, стары дом абрысаваў з памяці. А я з памяці адтварыла (штрыхамі) Беларускую хатку ў Менску, дзе была нашая сталоўка і дзе вечарамі ўсе беларусы зьбіраліся. Зрабіла плян усярэдзіне і плян кватэры, дзе Багдановіч жыў. Мая частка працы невялікая, бо толькі словы і “на чорна”, а Лявон рысуе і робіць фатаграфіі. А для музэю гэта будуць нядрэнныя экспанаты.