Зоська Верас. Я помню ўсё
Успаміны, лісты
Міхась Скобла
Памер: 498с.
2013
Вярнуся да Вашых справаў. Чаму гэта нельга было рамантаваць царквы? Мо патрэбны быў на гэта дазвол?
У Гродне ў 90-годзьдзе нараджэньня Максіма Багдановіча хочуць паставіць помнік на магіле яго маці і ніяк ня могуць дабіцца дазволу. Калі мы тут, сабраўшы на падпісныя лісты грошы, ставілі помнік на магіле Ядвігіна Ш., то толькі паведамілі кіраўніцтва могільніка, болыл нічога. Сяньня так нельга.
Вашае і маё пакаленьне нялёгка згаджаецца з усім “цёмным”, ня страціла права абурацца. Маладыя — ужо ня тое. Мо гэта для іх і лепш? Але я ніяк не магу пагадзіцца з крыўдай, са злосьцю людзкой, з няпраўдай. Усё ўва мне кіпіць, хоць сілы асталося менш, чым у ката. Гэтакі ж быў і мой с.п. сын. Мы з ім разам кіпелі пры кожнай такой нагодзе.
Цяпер я адна са сваімі перажываньнямі. I гэта бывае цяжка пераносіць. А сколькі, на жаль, ёсьць прычынаў да абурэньня! I ў прэсе, і ў літаратуры для выгоды дапускаецца яўная мана. Пераіначваньне падзеяў, плююць на тое, што было для чалавека сьвятым...
Спакойнай быць ня ўмею, хоць гэта вельмі дрэнна дзеіць на здароўе. 3 цяжкасьцю хаджу, не магу спаць, страўнік перастае працаваць. Арганізм зьнішчаны ўшчэнт, і нічога на гэта не парадзіш. Ды і не пара ўжо радзіць.
А хацелася б дажыць да наступнага году, пакуль і Галя і зяць пойдуць на пэнсію — было б каму пільнаваць дому. А страціць яго была б для Слаўкі вялікая крыўда. Ён так любіць працу ў садзе, на гародзе. Ён жа тут выгадаваўся ад першых сваіх дзён. Цяпер хоць я ўжо амаль нічога не раблю, але хаты пільную. Разам з аўчаркай Асам і трыма катамі.
Пішыце, што ў Вас як складаецца, што мяняецца ў той ці іншы бок. Цалую моцна. Нешта Данута Іванаўна [Бічэль]ня піша. Што ў яе чуваць? Л.В.
151. ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
3 сьнежня 1981 г. Вільня
Дарагая Дануся Іванаўна.
Я рада, што Вы ўсё ў пару атрымалі. Вядома, сумна, што справа музэю дагэтуль няясная, усё цягнецца. Цікава, чаму нельга адразу вынесьці пастановы? Што замінае? Ня вельмі мне падабаецца і мінская праграма. Так усе былі настроеныя на галоўнае сьвяткаваньне 9 сьнежня, аж тут згары загад: 5 сьнежня — адкрыцьцё мастацкай выстаўкі, 7-га — адкрыцьцё помніка і гарадзкі вечар, 9-га — вечар у Маскве. Дзе лёгіка — ня бачу...
Пішаце, што атрымалі ад мяне “запісачку” (пісульку)? Ня ведаю, што маеце на ўвазе. Ці пісульку, уклееную ў мае ўспаміны, атрыманую ад Максіма [Багдановіча] ў 1917 годзе? Ці — яго рукой пісанае “прошенйе г-ну губернатору”1 Што да апошняга, нават ня ведаю, ці Вы яго атрымалі? Гэты дакумант — арыгінал — захоўваецца ў мінскіх архівах. Адзін работнік энцыкляпэдыі, Віталь Уладзіміравіч Скалабан1, заўсёды, як знойдзе ў архівах што датычнае маёй працы ў Мінску (1915-1918 г.), робіць копіі і мне прысылае. Так і з аўтографам Максіма — прошенйя. Зрабіў ксэракопію і прыслаў.
Як пачалася гутарка аб Багдановічавым музэі ў Гродне, я напісала Скалабану і папрасіла, каб такую ксэракопію выслаў у Гродна на Ваш адрас. Хутка атрымала кароткі адказ: “Просьбу выпаўніў — выслаў”. Ці дайшло? А пісульку да мяне (арыгінал) я аддала ў Мінскі музэй. Сабе аставіла копіі.
Мела я вельмі сумны ліст ад Ларысы Антонаўны [Геніюш]. Цікава, каму і чаму замінае яе хата? Абавязкова трэба яе зьліквідаваць? Ці гэта спосаб пазбыцца непажаданай асобы?
He пішу больш. Чуюся нядобра, а яшчэ трэба напісаць у Гудзевічы.
Цалую сардэчна — Л. Войцікава.
152. АЛЯКСЕЮ ПЯТКЕВІЧУ
1 студзеня 1982 г. Вільня Дарагі Аляксей Міхайлавіч.
Толькі што атрымала Ваш ліст і адразу адказываю. I мне цяжка на душы, і тым больш цяжка, што незразумела, чаму такія адносіны да М. Забэйды? Што ён зрабіў такога, што можна яго выгнаць з роднага Краю і з людзкой памяці? Ён жа на ўвесь сьвет панёс нашую песьню...
На 80-я ўгодкі яго нараджэньня ў Менску мастакі цішком, прыватна ўшанавалі яго гэтае сьвята. Толькі ня ведаю, якім цудам у Брэсьце ўдалося ў тэлебачаньні зрабіць перадачу аб М.Забэйдзе. 3 яго здымкамі, з яго
песьнямі — я ня верыла, што гэта ўдасца, але неяк праскочыла. А цяпер аб яго сьмерці, аб такой нашай вялікай страце — трэба маўчаць...
Мо ў працягу гэтых чатырох месяцаў удасца Вам на які дзень пад’ехаць у Вільню? Прачыталі б лісты М. Забэйды — мо з часам Вам прыгадзілася б. А мо што зьменіцца?
Крыху пацешылі Вы мяне весткамі аб магчымасьці папхнуць справу Музэю М. Багдановіча ў Гродне. Менскі літ[аратурны] музэй М. Б[агданові]ча ўжо, падобна, у сваім памяшканьні, працуюць. Хваляцца колькасьцю экспанатаў, колькасьцю купленых працаў мастакоў... Але я неяк скептычна на гэта гляджу. Шмат што мне не падабаецца. Проста дух ня той, што трэба.
Аб тым, калі Чаржынскі быў літкрытыкам, запытайцеся пры нагодзе Арсеня Ліса. Ён ведае. Ведае таксама аб артыкулах, пісаных Я. Натусэвічам’. Я маю толькі адну яго рэч. У “Студэнцкай думцы” ў сьнежні 1924 г. надрукаваны яго пасьмертны ўспамін аб нашым сябры Гэнрыку Матуку2. Вельмі добра напісана.
Гэнрык Матук (пасьмертны ўспамін)
Да жалобнае кнігі памёршых беларусаў-інтэлігентаў прыходзіцца з вялікім жалем упісаць яшчэ адно блізкае нам імя нашага сябра с.п. Гэнрыка Матука. Дня 27 жніўня 1924 г. бязьлітасная сьмерць скасіла маладое жыцьцё Г. Матука.
С.п. Г. Матук паміж студэнцтвам вядомы быў ня толькі сваёю безгранічнаю працавітасьцю і дужа высокай этычнасьцю — як у жыцьці прыватным, так і ў адносінах да таварышаў, але ня менш ён быў знаны і асабліва паважаны за тую шчырую сьведамасьць, з якою адносіўся да працэсу разьвіцьця беларускай справы. Яшчэ будучы вучнем старэйшых клясаў Гродзенскай гімназіі, с.п. Г. Матук шчыра аддаўся студыям культурнага багацьця беларускага народу.
Паходзячы з Гродзенскагапавету, Г. Матук дасканальнаведаўдушу беларускагаселяніна.
Вайна кідае с.п. Г. Матука ў Пецярбург. Тутака мы ўжо бачым яго студэнтам. Яшчэ з большаю інтэнсыўнасьцю аддаецца ён грунтоўным студыям беларускага слова. Ня раз у беларускай бурсе прыходзілася чуць, як с.п. Г. Матук ціха, скромна, але лягічна і з вялікім пераконаньнем гаварыў няверуючым аб багацьці духу і магутнасьці дрэмлючых скарбаў беларускага народу.
Вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, с.п. Г. Матук працуе як сябра Горадзенскага Беларускага камітэту. Пасьля ўступае ў Галоўную школу сельскага гаспадарства ў Варшаве.
Скончыўшы вясною 1924 г. высокую школу ў званьні ляснога інжынера, с.п. Г. Матук маніўся занясьці ў народ сваю навуковую веду, якую, між іншым, меўся перадаць у беларускай мове. Ужо рыхтаваўся на выезд у Віленшчыну. Перад выездам мне прыйшлося спаткаць с.п. Г. Матука на станцыі ў Горадні.
Колькі харошых думак, колькі сільнага жаданьня было ў с.п. Г. Матука — працаваць для дабра беларускага сялянства! Буйна ліліся яго пляны на будаўніцтва шчасьця беларускага селяніна. Бедны, ня чуў с.п. Г. Матук, што сьцюдзёная сьмерць ужо тачыла сваю касу, каб падцяць пульс яго жыцьця. I ня стала с.п. Г. Матука.
Адыйшоў той, каму ў працягу жыцьця беларуская думка была ясным праменьнем душы і сэрца. Адыйшоў, аднак пакінуў па сабе пекную памятку сярод сялян-суседзяў у змаганьні праўды з крыўдаю, сьвятла з цемраю.
Дык сьпі спакойна, дарагі таварышу. Сьпі, а мы, жывыя, будзем крэпка сьцерагчы твой тастамант барацьбы за самастойнасьць духу беларускага народу.
Натусэвіч
Маеўвагі. С.п. Г. Матукз Петраграду ў1917 г. прыехаўу Менск. Разамз другім
студэнтам Уладыславам Чаржынскім (таксама сябрам Гродзенскага гуртка), які пасьля быў даволі вядомым у Менску літаратурным крытыкам (жанатым з сястрой 3. Бядулі Чэрняй) жылі ў бел[арускім] інтэрнаце на Маскоўскім завулку, 1 (над беларускай сталоўкай), якім кіраваў Я. Лёсік.
Пасьля ліквідацыі інтэрнату абодва зіму 1917-18 г. жылі ў кватэры Бядулі, у праходным пакойчыку, на падлозе спалі на разложаных сеньніках. Матэр’яльнае іх становішча было вельмі цяжкое. 3 чаго жылі — сапраўды ня ведаю. Тады абставіны ў Менску наагул былі вельмі дрэнныя. He было хлеба, крупаў, мукі. Заместа мукі прадавалі змолатыя старыя абаранкі...
Абодва студэнты прыносілі сабе з чайнай вар і рабілі гарбату. Я са сваёй маці жыла таксама ў Бядулі — у суседнім пакоі. Калі не было зусім хлеба, маці мая пякла для нас і для іх бульбяныя дранікі.
Калі Г. Матук выехаў дахаты — ня помню. Асталося ў памяці, як У. Чаржынскі — тып даволі грубы — раніцай будзіў Г. Матука і выпраўляў у чайную па вар. Мы абураліся, што не па чарзе ходзяць. Але Г. Матук лагодна ўсміхаючыся, казаў: “Няхай, пайду, калі яму цяжка”...
Сярод пецярбургскіх студэнтаў, апрача А. Бычкоўскага, А. Зенюка, Я. Лявіцкага, былі яшчэ Пушкарэвіч і Дзядзевіч, але былі яны ня вельмі дзейныя.
Верш “Ня даў мне бацька...” — Я. Лявіцкага. А што напісана ні заместа не, то ў яго наагул мова была спэцыфічная, мясцовая.
Што да Лойкі — дзе б ён праўду шукаў3? Абы больш напісаць, абы больш за гэта ўзяць. Нешта ня пішацца... рука дрыжыць. Чаму — ня ведаю. Больш не пішу, бо і так ледзь зразумееце.
Усяго найлепшага!Л.В.
153. ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
12 студзеня 1982 г. Вільня
Дарагая пані Дануся.
Дзякую за весткі. Сумна, што да гэтай пары не даюць кватэры на музэй. Хто ў Вас там такі заядлы завёўся? Час ляціць хутка, і чым даўжэй чакаць, тым цяжэй будзе здабываць экспанаты.
Аб гарадзкім вечары і габэлене я ўжо ведала ад Аляксея Міхайлавіча [Пяткевіча]. А вось чаму нашы найлепшыя мастакі не прыймалі ўдзелу ў выстаўцы — ня ведаю. Гэта адразу мяне зьдзівіла, калі пабачыла сьпіскі мастакоў, якія свае працы выставілі. Яшчэ горш, калі распаўсюджваюць чуткі, быццам нашы мастакі “ня маюць часу, бо або малююць па заказу, або — што ім асабіста трэба”. Зразумела, я ў гэта ня веру, тым больш Аляксей Антонавіч Марачкін прыслаў мне здымак свайго дывана са “Страцімлебедзем”, а зяцю — з “Пагоняй”. Значыцца, маляваў? Нешта там нядобра пахне...
Аб работах, што былі на выстаўцы, нічога добрага не гавораць. Кожны малюе, як яму ў галаву прыйдзе. На кожным палатне Максім іншы, да сябе не падобны. Адзін мастак намаляваў Максіма разам з Я. Купалам, Я. Коласам, Бядуляй і К. Буйло1... I гэта ў Вільні ў рэдакцыі “Нашай нівы”. А гэтага быць не магло, бо ў 1911 г., як Максім быў у Вільні, гэтых асоб у Вільні не было. Зрэшты, яшчэ запытаюся ў К. Буйло. Можа, яна помніць. Хоць найчасьцей адмаўляецца даваць інфармацыі, спасылаючыся на дрэнную памяць.