• Газеты, часопісы і г.д.
  • Зоська Верас. Я помню ўсё Успаміны, лісты  Міхась Скобла

    Зоська Верас. Я помню ўсё

    Успаміны, лісты
    Міхась Скобла

    Памер: 498с.
    2013
    152.73 МБ
    Цэлыя дні — па 6-8 гадзінаў — сяджу адна. Ды яшчэ ўнук выехаў на некалькі дзён службова ў Маскву. Усё гэта нэрвуе. А як Вашае здароўе? Ці алергія цалкам мінула? Гэта, хіба, ад нейкіх хімікаліяў?
    Чакаю ад Вас весткі. Трымайцеся! Сардэчна цалую — Л. Войцікава.
    169.	ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
    26 красавіка 1982 г. Вільня
    Дарагая пані Дануся.
    Віншую з 1 Мая! Няхай ён прынясе Вам шмат цяпла, сонца, радасьці і забярэ лішнія клопаты. Быў у мяне ўчора Арсень Сяргеевіч Ліс. Я яму сказала аб Вашых клопатах з музэем. Ён кажа, што Вам трэба зьвярнуцца ў сакратарыят Саюзу пісьменьнікаў. Папрабуйце! А мо гэта што дасьць.
    Ужо 2 асобы прасілі аб адрас Н.Б. Ватацы, і не магу дачакацца адказу. Ці Вы атрымалі мой папярэдні ліст?
    Усяго добрага. Л. Войцікава.
    170.	ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
    3 мая 1982 г. Вільня
    Дарагая пані Дануся!
    Пішаце, каб не хвалявацца? Навучыце, як гэта робіцца, бо я ня ўмею. Усё жыцьцё нечагахвалююся,трэбаці нятрэба. Пытаецеся аб Ніне Аляксандраўне Ляшковіч — я аб ёй даўна ведаю, як аб чалавеку рупным, добразычлівым для кожнага, хто патрабуе рады і дапамогі. Янаўжо не працуе. Яе добра ведае мой зяць Лявон, а я асабіста пазнала яе пару тыдняў таму, калі яна была ў мяне разам з Нінай Барысаўнай Ватацы і з захавальніцай фондаў музэю М. Багдановіча Валянцінай Францаўнай Бяляўскай1.
    Толькі што менскія госьці так мяне занялі роспытамі пра Максіма, што з гр. Ляшковіч я і не пагаварыла. Прыяжджайце, знаёмцеся, прабуйце.
    За адрас Н. Ватацы дзякую — ужо мела, а што самае сьмешнае — я маю яго вельмі даўна, але не была пэўная, ці ён актуальны. А цяпер і яе тэлефон маю.
    Пацяплела, пачалася маёвая пагода. Нягледзячы на гэта, чуюся вельмі нядобра. I ніякія лекі не памагаюць.
    Цалую Вас сардэчна і чакаю. Л. Войцікава.
    171.	ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
    3 чэрвеня 1982 г. Вільня
    Даражэнькая пані Дануся.
    Дзякую шчыра за павіншаваньні і добрыя пажаданьні. Спаткаў мяне гэты гонар, але ці не запозна? Я, здаецца, ужо сваё адрабіла і на большае ня здатная. Чуюся дрэнна і тым больш рада буду пабачыць усіх, хто да мяне зьбіраецца.
    30 мая была ў мяне Ніна Аляксандраўна Ляшковіч. Нарэшці пазнаёміліся асабіста. Я з ёю гаварыла аб патрэбах гродзенскага Музэю М. Багдановіча. Яна ўжо не працуе, але добра помніць, дзе што ёсьць, дзе чаго шукаць, і гатовая памагчы Вам усімі магчымымі парадамі.
    Зразумела, што твор Лойкі абурыў мяне, тым больш, некаторыя былі перакананыя, што часьць крытыкі да яго дайшла, і ён зразумеў, у чым справа, і тое-сёе паправіць. Тым часам нічога ён не зразумеў і нічога папраўляць і ня думаў. Што пішуць абы што — гэта ня дзіва, кар’ерыстаў хапае, але што друкуюць такое — гэта горш. Значыцца, даецца зялёная дарога ўсякім брахунам.
    Дзіўлюся, што Аляксей Міхайлавіч [Пяткевіч]не атрымаў майго ліста. Я да яго пісала — прасіла, каб ён напісаў у Літаратурную энцыкляпэдыю вестачку аб “Коласе беларускай нівы”, выданым у 1913 г. Гродзенскім гуртком беларускай моладзі. Прапанавалі зрабіць гэта мне, але я адмовілася. Немагчыма пісаць — ацэньваць тое, да чаго сама прылажыла руку амаль 70 год таму. Ад Аляксея Міхайлавіча адказу не атрымала. Мо спаткаеце яго, калі ласка, падыміце гэтую тэму.
    Усяго добрага. Шчыранька Вас цалую. Ад маіх — прывітаньне. Ваша Л. Войцікава.
    172.	АЛЯКСЕЮ ПЯТКЕВІЧУ
    6 чэрвеня 1982 г. Вільня
    Дарагі Аляксей Міхайлавіч.
    Дзякую, што непакоіцеся аба мне. Але гэта віна не мая, што трэба непакоіцца, бо я Вам пісала (15 красавіка) на той часовы адрас у Менску, які Вы мне прыслалі. Пісала там і аб сваіх успамінах аб ГГБМ, друкаваных у “Студэнцкай думцы”, якой маю шмат нумароў, бо ў іх друкаваліся мае маленькія імпрэсіі. У гэтым жа лісьце я прасіла Вас напісаць маленькі артыкул у “Літаратурную энцыкляпэдыю”1 аб “Коласе беларускай нівы”.
    Прапанавалі зрабіць гэта мне, але я адмовілася.Трэбаўмецьтакляпідарна пісаць — гэта адно, а другое — глядзець крытычна. Цяжка крытыкаваць тое, што рабілася пад маім наглядам. Я ж тады была самая старэйшая з гурткоўцаў.
    Выслаўшы той ліст, я вельмі чакала адказу. А ліст, відаць, загінуў. I гэта ня першы раз мае лісты не даходзяць да менскіх адрасатаў. Відаць, таму што пішу адрасы па-беларуску...
    Маю шмат рознай работы, якую трэба абавязкова зрабіць, апрача таго — безьліч лістоў.
    А працаваць цяжка. Мінуўшая гарачыня моцна шкодзіла — безупынна балела галава.
    Учора мы мелі буру і дождж. Здавалася, пасьля зьмены пагоды павінна галаве быць лягчэй — але не, тое самае ад раніцы. Відаць, падняўся крывяны ціск. Апрача таго, старая хвароба страўніка пагоршылася. Лячуся зёлкамі, мо паможа.
    Цяпер у мяне цяжкі час таму, што дачка вельмі запрацаваная. Яна так, як і Вы, запрошаная ваўнівэрсытэтстаршынёй дзяржаўнай экзамінацыйнай камісіі. Апрача таго, прыймае дзяржаўныя экзаміны ў сябе ў пэдінстытуце. Уяўляеце, што гэта значыць. Мушу рабіць усю хатнюю работу, а гэта мне ня так лёгка ўжо даецца. Але ўжо нядоўга такі стан будзе трываць. Далей будзе лягчэй.
    Цяпер і ўнук мала можа памагчы, бо 25 чэрвеня здае першы кандыдацкі экзамін. Працуе па начах, а і работы ў саде ніхто за яго ня зробіць. Толькі ад агароду зусім адмовіўся. Проста не стае на гэта часу. Бо 8 гадзін працы трэба адбыць нармальна.
    Толькі зяць ужо на пэнсіі. Ня думае яшчэ зусім пакідаць працы, але цяпер мае 2 месяцы адпачынку, адзін месяц ужо прайшоў, і яшчэ да канца чэрвеня вольны. Так што добра і тое, што я ня так часта адна.
    Сардэчна дзякую за павіншаваньне. Ці ня сьмешна крыху ў амаль 90 гадоў уступаць у Саюз пісьменьнікаў? Сапраўды, гэта заслуга, стараньне Генадзя АляксандравічаКаханоўскага2,аяшчэі А. Мальдзіса.Яны абодвамяненамовілі, пераканалі, што гэта трэба зрабіць. I ўсе клопаты Генадзь Аляксандравіч узяў на сваю галаву. А. Мальдзіс даў вельмі добрую рэкамэндацыю. Другую даў А. Л іс. А хто трэцюю — так і ня ведаю дакладна — ці С.Х. Александровіч, ці Алесь Мікалаевіч Бачыла.
    Усё задаволеньне сапсавалі толькі здымкі. I я пратэставала, і ўнук таксама, але зяця не пераканаеш. Зрабіў па-свояму, і цяпер у “ЛіМе” паказалі мяне ў самым горшым выглядзе... А. Ліс казаў мне, што можна было даць здымак і з-перад 10 гадоў, ды і пазьнейшага часу ёсьць нямала лепшых. Але што ж, фатограф упёрся і паказаў мяне карыкатурай... Ня вельмі прыемна. Хіба ж у тэлебачаньні я не такая ўжо страшная? А можа, мыляюся? Але хопіць.
    Шалёны сяньня вецер, а гэта таксама выклікае моцны боль галавы. У нас сёлета незвычайна багата ўсё цьвіце. I сад (ужо перацьвілі яблыні), і бэз, цяпер акацыі (у нас іх вельмі шмат), і мора кветак. Даўна не было такога багацьця фарбаў.
    А ведаеце, недалёка Гомеля ёсьць мястэчка Сураж. Там памёр і там пахаваны мой бацька. Сьледу магілы, напэўна, німа ўжо даўна. I крыж, і агароджа былі бярозавыя...
    Усяго Вам найлепшага! Пішыце. Прывітаньне Вашай жонцы. Шчыра — Л. Войцікава.
    173.	АЛЯКСЕЮ ПЯТКЕВІЧУ
    29 чэрвеня 1982 г. Вільня Дарагі Аляксей Міхайлавіч.
    Ваш ліст з дня 17.06 даўна атрымала. He сьпяшалася адказваць, бо і так Вы гэтага адказу не прачыталі б, пакуль не прыедзеце ў Гродна.
    Да В. Скалабана я зараз жа напісала, але дагэтуль адказу ня маю, ці ён што ў гэтай справе зрабіў. Я сапраўды не магу за такую работу ўзяцца. Маю шмат чаго няскончанага, а і пару тэмаў трэба распрацаваць для музэяў М. Багдановіча — у Менску і Гродна.
    Паміж іншым, Гродзенскаму музэю (ён яшчэ ў пэрспэктыве) не шанцуе. Данута Бічэль зьбіралася прыехаць у Вільню шукаць матэр’ялаў, тым часам
    я ад Ларысы Антонаўны даведалася, што яе мужу шмат горш. Так што і справа музэю адкладаецца. Ці ж можа быць інакш, калі ўся надзея на аднагоадзінага чалавека?
    Вярнуся да сябе асабіста. Ня чуюся добра, і таму ўсё цягнецца, адкладаецца. Ледзь пасьпяваю адказываць на лісты. Надвор’е зусім ня летняе, дажджы, холад, вялікія ветры. I гэта дрэнна дзеіць на фізычны стан і настрой. А як дзеіць на настрой, на нэрвы А. Лойка -хіба, дагадываецеся самі.
    Што я Вам пісала аб “Студэнцкай думцы”, аб сваіх успамінах аб ГГБМ — помню. У мяне “Студэнцкая думка” ёсьць — шмат нумароў. Аб ГГБМ ішло ў 2 нумарах 1925 г. У іншых — некалькі маіх імпрэсіяў. У той час адказным рэдактарам “Ст[удэнцкай] думкі” быў былы сябра ГГБМ Адольф Зянюк. Вось ён і запрапанаваў мне мейсца на старонках часапіса.
    Як я пасьля сьмялася, не дарма, бо калі ў іх на ўнівэрсытэце была сэсія і ня мелі часу займацца “Ст[удэнцкай] думкай”, прыносілі мне матэр’ялы, грошы і выданьне чароднага нумару астаўлялі мне. Я і паперу купляла, і друкарні пільнавала, і карэкту рабіла. Такая была мая сувязь са “Ст[удэнцкай] думкай”. А друкавацца тады было няцяжка — абы нічога падазронага не было. Матэр’ялаў (асабліва маіх) ніхто са студэнтаў не скарачываў (як цяпер), не папраўляў — усё ішло, як было напісана.
    У 1972 г,— на маё 80-годзьдзе — Зянон Пазьняк хацеў зрабіць добрую справу. Даў мае ўспаміны аб ГГБМ у “Маладосьць”. Што з гэтага зрабілі — самі калі-небудзь пераканаецеся. Скарацілі, проста павырэзывалі цэлыя сказы бяз сэнсу. 3. Пазняк за галаву схапіўся, як пабачыў. Пасьля перапрашаў мяне, што не даглядзеў.
    А яшчэ раней Я. Саламевіч даў гэты ж матэр’ял у “Полымя”. Трымалі 14 году. Друкаваць ня думалі (не цікава). Добра, што машынапіс на просьбу Я. Саламевіча вярнулі. Тады С. Новік-Пяюн надрукаваў на машынцы некалькі экзэмпляраў і адпаведна іх аформіў. Так што я магла шмат каму разаслаць, нават за мяжу. Ну а апошні раз пра ГГБМ зьявілася ў беластоцкім “Бел[арускім] календары” ў 1981 годзе.
    Дзякую шчыра за стараньне даведацца аб долі магілы майго бацькі. Ня маю надзеі, каб яна захавалася. Столькі вады ўплыло з таго часу. Гэта ж было ў 1907 г., а крыж і агароджа драўляныя, ды і вайна, хіба, нямала зьнішчыла. Можа, і могільніку таго німа. Першыя гады то даглядалі магілу знаёмыя — нават здымак прыслалі. Маю яго.
    Ці яшчэ доўга будзеце ў Менску? Пішаце, што Гродна шмат страціла са свайго выгляду за апошні час? Ой, як шмат! Для мяне яно цяпер зусім чужое, апрача тых некалькіх старых вулічак, якія захаваліся бяз зьмены. Я абяцала Дануце Іванаўне напісаць аб старым Гродне, такім, якім я яго помню са сваіх дзіцячых гадоў (як мне было 6-7 г.), і гадоў маладосьці, калі яшчэ быў пантонны мост перад Фарай. Пастараюся гэта зрабіць. Можа, яшчэ ўдасца.