Зоська Верас. Я помню ўсё
Успаміны, лісты
Міхась Скобла
Памер: 498с.
2013
Слаўка ўдзячны Вам за добрыя пажаданьні ў навуцы. Экзаміны ўжо пачаліся. За 1-шы (ангельскі) дастаў 5. Цяпер канчае рэфэрат па філязофіі. Сяньня лёг а 4-й раніцы, устаў — а 6-й. Ня ведаю, як доўга так можна вытрымаць. Паміма таго і сад даглядае — апрысківае і г.д. Гэта ж яго вялікае hobby.
Усяго найлепшага! Прывітаньне Вашым родным. Л. В.
174. ЛАРЫСЕ ГЕНІЮШ
5 жніўня 1982 г. Вільня Даражэнькая Ларыса Антонаўна.
Шчыра і сардэчна дзякую за кніжку1. Чытаю з вялікай прыемнасьцю і асалодай. Нікому не даю, бо зяць мае сваю — нехта яму падараваў у Менску, як быў там на адкрыцьці выстаўкі. А Слаўка чытаць паэзіі ня мае часу, бо чытае Энгельса2 — да экзаміну. А я па некалькі разоў на дзень адчыню кніжку, прачытаю адзін-два вершы, асьвяжу душу, глытну прыгожае слова-думку. А часам і ажывіць душу трэба, калі яна ўжо вельмі заглохне ад жыцьцёвага націску.
Бываюць вогнішчы, бурай-дажджамі залітыя3,
Вуголлем чорным, попелам шэрым пакрытыя...
Бываюць душы, як той агонь, спапялеўшыя, Напоў бы мёртвыя, напоў бы абамлеўшыя...
Калі ж рукою бязбоязнай іх закранём —
Заззяюць полымем ясным, жывым агнём...
Сумны Ваш ліст. Спагадаю з цэлага сэрца. Але як і чым можна памагчы? Зьмяніць атмасфэру? Пераконваюся, што гэта агульная бяда-гора. Менск? Што Менск? Шмат слоў, шмат добрых намераў. А бліжэйшая і далейшая правінцыя — сама па сабе, незалежная!
У Радашкавічах (вестка з ліста — ня выдумка) падчас так горача спраўлянага 100-годзьдзя Я. Купалы выдзерлі з зямлі, адламаўшы прытым галаву, помнік Я. Купалы, а як пабачылі, што помнік сапсаваны, усё цалкам укінулі ў балота. Чаму? Бо пашыралі дарогу, ды яшчэ таму, што той скулызтар, які рабіў помнік, выехаў у Ізраіль. Гэта ж хіба не са згоды Менска? Нічога ўжо мая старая галава не разумее. А мо ад гарачыні і сушы мазгі сохнуць? Але гэта я жартам.
Як Вы даяце сабе рады ў гэтую сушу? Вады каля дому ў Вас німа? Чым паліваць? I ў нас німа вады. Адразу, як пачалі будавацца, выкапалі студню. Вада была крынічная. Але як пачалі будаваць навокал фабрыкі, “сьцягнулі” ўсю ваду — у суседняй вёсачцы (цяпер гэта вуліца гораду) ўсе студні высахлі і ў нас таксама. На гэтую вулічку правялі ваду, а да нас — праз горы — немагчыма. Вось і ловім дажджавую. Стаіць 5 бакаў. Зяць зрабіў 2 басэйны. Але яны патрывалі пару гадоў, а цяпер нічога нявартыя — прапускаюць ваду. Вядома, каб рабіў чалавек, які гэту работу ведае, было б што іншае. Але мой зяць лічыць сябе майстрам на ўсё. Вось і робіць на кароткі час — як гульня. А сколькі гэта каштуе нэрваў...
Але бываюць і добрыя весткі, добрыя падзеі. Падобна, Лойкава пісаніна “Як агонь, як вада”, якую мы чыталі ў часапісным вар’янце, кніжкай ня выйдзе ні ў Менску, ні ў перакладзе4. Як кажуць: “кніжку зарэзалі”. Вось і добра! А вось нашто было друкаваць той часапісны вар’янт? Каму ён быў патрэбны? Каб дагадзіць тым, хто любіць вакол сябе балоты ды ў балоце капацца, ды абрыдзіць жыцьцё тым, хто брахні цярпець ня можа? Гэта ж ня аўтар самавольна друкаваў, а знайшліся такія, што яго ахвотна падтрымалі.
Слаўка заўтра едзе ў літоўскую вёску на вясельле. Жэніцца Галі хрышчоны сын. Яго бацькі — нашы старыя знаёмыя, а матка — мая вучаніца. Жонку бярэ літоўку, ды ён сам па бацьку літовец. Малады скончыў тэхнікум ды цяпер вучыцца на нейкіх вышэйшыхтэхнічных курсах, а маладая скончыла Пэдінстытут
у Вільні. Запрашалі Галю, але гэта не на яе здароўе — адмовілася, то хоць аднаго Слаўку запрасілі. Добра, што крыху праветрыцца, a то за працай і навукай сьвету ня бачыць.
Думаю таксама, каб яму наладзіць паездку ў Менск, каб мог пазнаёміцца з менскім Батанічным садам. Там, падобна, шмат цікавага. Гэта ж для Слаўкі замілаваньне. Цяпер гадуе ружы — ёсьць вельмі прыгожыя, добра растуць, добра цьвітуць. Ёсьць і іншыя вельмі дэкарацыйныя кветкі. Нікуды далей, як бывала ў час адпачынку, Слаўка не зьбіраецца, бо экзамін ня так далёка.
Я, насколькі магу, займаюся зрэзываньнем і сушэньнем лекарскіх зёлак. Далёка нікуды хадзіць ня трэба, бо ў нас на дзялцы маем самыя розныя. А рухацца трэба абавязкова.
Ці атрымліваеце лісты з Беластоку? А ад Язэпа [Найдзюка]5? А як з пачкамі? Ці можна што пасылаць?
Цалую шчыра і сардэчна. ВашаЛВ.
175. УЛАДЗІМІРУЯГОЎДЗІКУ
5 жніўня 1982 г. Вільня Дарагі Валодзя.
Аж сорамна мне — смачная вельмі каша з Вашых крупаў, а дагэтуль не падзякавала. Усё таму, што паверыла зяцю, быццам Вы вось-вось прыедзеце. Зьбіралася напісаць да Вашай жонкі з удзячнасьцю і падзякай — то ізноў ня ведала, як яе па бацьку. Перашкоды дробныя, а выйшла зусім няветліва. Хоць так шмат часу прайшло, але вельмі шчыра і сардэчна за падарунак дзякую!
3 увагай і цікавасьцю чытала ў “ЛІМе” Ваш артыкул пра творчасьць Я. Брыля1. Першае, што мне трапіла ў рукі,— гэта яго “Жменя сонечных промняў”. Захапілазусім. Люблютакія маленькія формы-цуды. Маласлоў, а якія глыбокія абразкі-думкі. Цярпець не магу шматслоўя, думак, якія цягнуцца, быццам гума. Асабіста я Я. Брыля ня ведаю, але прыслаў мне “Золак, убачаны здалёк” і яшчэ нешта з аўтографам. I так ужо павялося, што перасылаем сабе сьвяточныя пажаданьні.
Нічога ня ведаю, дзе Вы цяпер, што ў Вас чуваць, якія пэрспэктывы? Аб сабе нічога цікавага сказаць не магу. Здароўе дрэннае, паправы не відаць і, хіба, ня будзе. Лістоў, як заўсёды, шмат, штораз нешта і нехта новы. Пакуль што — адказываю. Хоць, напэўна, чытаць нялёгка? Почырк псуецца, рука ня слухаецца. Пішыце. Цікавіць мяне вельмі, што ў Вас. Яшчэ раз дзякую за грэчку. Усяго найлепшага Вам і сямейцы.
Л. Войцікава. Ад маіх прывітаньне.
176. ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
11 жніўня 1982 г.
Дарагая пані Дануся.
Дзякую за весткі. Гэта вельмі добра, што можаце прыймаць удзел у экспэдыцыях Акадэміі, а Вільня не ўцячэ. У Слоніме робяцца дзіўныя рэчы. За стварэньне музэяў бяруцца адразу дзьве школы — 1-я і 7-я. у адной — “Пісьменьнікі Слонімшчыны", у другой — “Слонімшчына літаратурная”. Што
гэта — спаборніцтва? Мне здаецца, музэй ці, скрамней, музэйны куток, можа і павінна мець кожная школа, але чаму абедзьве аднаго профілю? Ці ўжо так шмат знойдзецца матэр’ялаў, што кожная школа зможа наладзіць музэй пасвояму? А паўтарацца які сэнс?
Наагул, да Слоніма німа ў мяне даверу. Слонімскі гарадзкі музэй раздае свае экспанаты прыватным калекцыянерам, нішчыць партрэты і г.д. атыя прыватныя калекцыянеры зьбіраюць свае калекцыі не зусім чыстымі спосабамі. Так у аднаго з іх аселі ўспаміны аб Гальяшу Леўчыку, напісаныя да 30-годздзя яго сьмерці Пятром Ластаўкай спэцыяльна для мяне і на маю просьбу, а прывезеныя з Беластоку ў Слонім. Доўга пра гэта можна гаварыць, але ці варта?
Жупранская школа мне ніколі не падабалася. Дзеці адтуль мне пісалі. Я ім, як і іншым, адказывала. У адным з лістоў пішуць: “Як гэта Вам удавалася выдаваць “Заранку” ў такі час поўнага заняволеньня беларусаў?” і г.п. Я ім: “Што Вы пішаце? Ці ж была адна “Заранка”? Былі ж газэты, арганізацыі, гімназія, музэй, выдавецкае тав[арыств] а, кнігарні і інш. Ці ж Вы ня ведаеце?” Яны ў адказ: “Мы ад бацькоў чулі. Але мала верылі, бо нам у школе гэтага ня кажуць”. Гэта быў апошні ліст. Відаць, школьныя ўлады пісаць дзецям да мяне забаранілі. А вось Мясоцкая школа і яшчэ школа ў Празароках імя I. Буйніцкага — гэта зусім іншае.
Вельмі хочацца выпаўніць сваю абяцанку: напісаць для Вас “Старое Гродна”, ілюстраванае копіямі старых паштовак. Ці ўдасца? Я рада, што ў Гродна хоць адна “Заранка” трапіла. А “Беларускай борці” німа? У Гродзеншчыне “Борць” мела шмат падпісчыкаў.
Выбачайце за хаос і невыразны почырк. Увесь час дрэнна чуюся. Цалую сардэчна! Да пабачэньня! Л. Войцікава.
177. АЛЯКСЕЮ ПЯТКЕВІЧУ
29 жніўня 1982 г. Вільня
Дарагі Аляксей Міхайлавіч.
Уцешыў мяне Ваш ліст і абяцаньне адведаць мяне, і то разам з жонкай. Буду вельмі рада. Каб толькі неяк датрымацца, бо нешта нядобра (слаба) чуюся. А можа, проста пачатак восені так дзіць? Пабачым.
Што да “Коласа беларускай нівы”, хочучы-ня-хочучы, прыйшлося самой напісаць зусім кароткую інфармацыю. Няхай В. Скалабан сам пашырае, калі так упёрся, каб я пісала сама.
Крыху раней я пісала пра сваю дзейнасьць у рамках біялёгіі для энцыкляпэдыі “Прырода Беларусі” — на просьбу рэдактара Дзісько1. Ім спадабалася, вось і тут хацелі мяне выкарыстаць. Першы артыкул пісала з ахвотай, і ён удаўся, а другі? Ня ведаю, што з яго зробяць. Але Віталь Уладзіміравіч [Скалабан] упарты — з ім на сваім не паставіш. Сягодня адсылаю ім адказ на анкету.
Пару тыдняў таму былі ў мяне два этнографы, якія пішуць вялікую манаграфію “Беларускае пчалярства”. He ўяўляеце, як я рада, што Таварыства “Пчала”, часопіс “Беларуская борць” паслужаць ім як матэр’ялы. Усё ж праца цэлага дзесяцігодзьдзя не загіне без карысьці. I людзі трапіліся надзвычай сымпатычныя.
Перайду да сваіх успамінаў аб ГГБМ. Дзівіць мяне, хто гэта мог быць — М.К.? Вы пішаце — М. Карповіч2? А ў які час ён мог быць у гуртку? Адкуль мог ведаць пра падзеі гуртка? У нас у 1909-1913 г. такога не было. Я маю групы
гуртка вялікага фармату, дзе ўсе прозьвішчы падпісаныя рукой Г. Леўчыка, калі я, прыехаўшы ў Варшаву ўвосені 1913 г., папрасіла яго павялічыць групы ў фатографа і запісаць прозьвішчы, пакуль усіх добра помню.
Усё, што я пішу ў сваіх успамінах,— адна чыстая праўда. Hi разу не было ў нас вечарыны на Вялікдзень. Першая была на пачатку 1910 г.— ставілі “Па рэвізіі” ў доме Салянкаў на Паліцэйскай вуліцы. 3 гэтым самым спэктаклем выяжджалі пару месяцаў пазьней у Сакольскі павет, у былы маёнтак майго прадзеда I. Кулакоўскага3 — Крыштапарова. Другі спэктакль — “Модны шляхцюк” — ставілі на пачатку зімы 1911 г. I гэты самы “Модны шляхцюк” адыгралі ў Сакольшчыне ў маёнтку Дубніца. У 1912 г. зімой ставілі ў Гродне “Міхалку” Далецкіх4 і мой пераклад з польскай (маю яго і цяпер) — “Варажба цыганкі”.
A 4 кастрычніка 1912 г., у дзень імянінаў нашага кіраўніка кс. Ф. Грынкевіча, малодшая група ў нашым памяшканьні на Гараднічанскай вул. паставіла мой вершаваны пераклад “Пастушка”. Былі дэклямацыі і жывыя вобразы. Зьмест “Пастушкі” помню вельмі добра, але слоў ня помню і рукапісу ня маю, бо ставілі гэтую сцэнку ў Ратамцы ў прытулку ў 1916 г. і мне не вярнулі тэксту. Вельмі шкадую.
Але — ніякіх “Страхаў” (ці ня “Страхі жыцьця” — Аляхновіча5?) ніколі ня ставілі і ня мелі. Ага, яшчэ на канцы 1912 г. рабілі ёлку для дзяцей у вёсцы Серуцёўцы. Аб чым нават была карэспандэнцыя ў “Нашай ніве”. Яе летась знайшоў у газэце У. Содаль, перадрукаваў і прыслаў мне.