• Газеты, часопісы і г.д.
  • Зоська Верас. Я помню ўсё Успаміны, лісты  Міхась Скобла

    Зоська Верас. Я помню ўсё

    Успаміны, лісты
    Міхась Скобла

    Памер: 498с.
    2013
    152.73 МБ
    Пытаецеся аб здароўе Галі? На жаль, нічога добрага сказаць нельга. Ходзіць да дактароў, прыймае лекі, але чуецца дрэнна. I ціск скача, і сэрца, і яшчэ нейкае жаночае недамаганьне. Найцяжэй тое, што яна вельмі скрытная. Ня любіць аб сваіх недамаганьнях гаварыць, дзяліцца. Бачу, што дрэнна чуецца, а запытаюся — адмахіваецца. У хаце раблю, што магу, хоць Галя стараецца і абед зварыць, і вымыць, што трэба. Але калі магу, то стараюся работу зрабіць без яе. Бо для мяне мець занятак — неабходна. Каб ня думаць, не перажываць, што было — ня вернецца. Але і забыцца ня так лёгка.
    Дзякую Вам, што помніце, калі ў мяне самыя цяжкія дні. Спагадлівасьць заўсёды падтрымлівае на духу. Заўсёды ў гэтыя дні я атрымлівала адпаведны ліст ад Веры Андрэеўны, якая любіла і паважала майго с.п. Тоніка. Ня ведаю, ці ў гэтым годзе напіша.
    Вельмі трывожыць сытуацыя ў Дануты Б[ічэль]. I яе нага, і стан здароўя яе мужа. Для хворага канец — гэта вызваленьне ад мукаў, але для сям’і — трагедыя.
    А яшчэ ёсьць другі бок справы — грамадзкі. Пані Данута — адзіны чалавек, які ўкладаў сваю працу ў арганізацыю ў Гродне Музэю М. Багдановіча. У мяне на юбілеі яна пазнаёмілася з Нінай Александраўнай Ляшковіч — былым працаўніком віленскіх архіваў. Дамовіліся, што п. Данута прыедзе ў студні ў Вільню, каб пры помачы Н.А. шукаць у архівах патрэбных для музэяў матэр’ялаў. Цяпер, зразумела, усё гэта нерэальна. Тым часам гродзенскі кампазытар А.К. Шыдлоўскі пісаў да Я.Хвораста, прасіў дапамагчы экспанатамі, бо калі іх ня будзе дастаткова, музэю адчыніць не пазволяць.
    Да ўсяго гэтага яшчэ адно няшчасьце — цяжкая хвароба Сяргея НовікаПеюна. Ня помню, ці я Вам пісала аб гэтым. С. Новік яшчэ ўвосені страціў на вуліцы прытомнасьць (сэрца), упаў, разьбіў моцна галаву, бок, пабіў рукі і ногі. Былі ў яго дактары-хірургі, аставілі ляжаць удома, а ў яго нікога німа, каб даглядаў. Пляменьнік адвёз яго ў Слонім да сястры. I вось адзін раз напісаў некалькі слоў, а цяпер ні да мяне, ні да свайго прыяцеля Янкі Хвораста — ні слова. Што з ім — няведама.
    С. Новік перад выпадкам абяцаў зрабіць копію маіх успамінаў аб Гродзенскім гуртку беларускай моладзі і прыгожа, як гэта ён умее, аформіць для гродзенскага Музэю Багдановіча. Гэтай копіі (са здымкамі-групамі гуртка) чакала п. Данута. Цяпер усё затрымалася. Копію мог бы зрабіць і Лявон, але ці захоча? Ды і выгляд будзе ня той. Разам з успамінамі мелася даць у музэй яшчэ пару дробных рукапісаў. Данута пісала: не высылайце поштай, каб не ламаць аркушаў у капэрце, прыеду — забяру ўсё разам.
    Доля музэю ў Гродне вельмі мяне хвалюе. Гэта ж ідзе ад Максіма Б[агдановіча] — яго дом, яго памяць. I што цяпер рабіць? Што парадзіць — ня ведаю. Гэта мучыць — такая бездапаможнасьць.
    Можа, і сьмешна, што я такая страшна старая, ды і здароўя не найлепшага, усё ніяк не магу перастаць думаць, не магу навучыцца бязьдзейнасьці і перажываць страту знаёмых.
    Цяпер не магу пагадзіцца з тым, што ўжо німа Алеся Бачылы. Столькі гадоў знаёмства, перапіскі! Цяпер толькі даведалася, што ён узяў на сябе рэдагаваньне майго зборніка, які выходзіць у выдавецтве “Юнацтва”. Гэта зборнік маіх публікацыяў, што былі параскіданыя па розных часапісях. Цяпер гэтым заняўся Сяргей Панізьнік, заняўся шчыра і аддана.
    Замучыцеся, чытаючы мае грымзолы. Канчаю. Пасылаю адзін здымак з юбілею, дзе ёсьць абое Шышэі. Пабачыце, як выглядаюць. Ад юбілею я іх ня бачыла. Цалую Вас сардэчна. Ад маіх — прывітаньне. ВашаЛ.В.
    189.	АЛЯКСЕЮ ПЯТКЕВІЧУ
    7 лютага 1983 г. Вільня
    Дарагі Аляксей Міхайлавіч.
    Выбачайце, што ізноў Вас турбую, але ня маю ў каго запытацца аб тое, што мяне непакоіць. Ізноў справа Станіславы Буйло. Атрымала я ліст ад Чаркасавай у гэтай справе. Піша, што прыяжджала ў Менск старая настаўніца (83 гады) Каліноўская, якая Стан. Б[уйло] ведала асабіста. Падае шмат фактаў, але вельмі блытаных. Падаю па чарзе:
    1)	у 1920 г. Стася напісала бацькам, што выйшла замуж; 2) Каліноўская
    сьцьвярджае, што мужа ў Ст[асі]не было; 3) Апекаваўся Стасяй Сяргей Баранавых (яна піша — Баранаў1); 4) лячыў Ст[асю]нейкі доктар Бяляўскі; 5) ксёндз пахаваць Ст[асю] адмовіўся, бо яна была бальшавічка; 6) пахавалі ў цэнтры гораду на могілках, якія ўжо скасаваныя; 7) паставілі крыж з надпісам “Ст. Буйло” — меліся ставіць помнік; 8) Ст. Буйло працавала ў Бел[арускім] прытулку, які знаходзіўся ў Барыса-Глебскім манастыры...
    Я ўжо нічога не разумею... Дзе ў цэнтры Гродна быў калі могільнік? I дзе — калі ён наагул быў — Барыса-Глебскі манастыр2? Могілкі і кляштар — гэта ж ня шпількі, што іх можна ня ўбачыць...
    Мушу крыху сказаць аб сабе... Я, пачынаючы ад 6 месяцаў жыцьця, кожны год летам бывала ў сваіх дзядоў па бацьку (Міхал і Міхаліна Сівіцкія). Так да1907 г. уключна.
    Ад 1909 да 1913 г. уключна жыла ў Гродне стала. Ад 1919 да паловы 1923 г. бывала ў Гродне 1-2 разы ў месяц.
    У гэты апошні пэрыяд бывала ў бел[арускай] арганізацыі і кожны раз у Рака-Міхайлоўскага. У арганізацыі спатыкала Паўлінку Мядзёлку, Тамаша Грыба, Дзекуць-Малея3, Сяргея Баранавых... Атаксама сваю сяброўку з Менска Алесю Ігнатаўну Смоліч, якая ў 1920-21 гадах выкладала ў Бел[арускай] гімназіі бел[арускую] мову і літаратуру (Рак-Міхайлоўскі выкладаў матэматыку).
    3 Алесяй Смоліч мы сьпісаліся ў 1960 г. і аж да яе сьмерці ў 1974м перапісываліся. Маю ад яе каля 140 лістоў. Помніла, што яна там успамінала Гродна і тамтэйшыя падзеі. Учора перагледзела ўсе лісты. А. Смоліч успамінае, што застала ў Гродне бел[арускіх] дзяўчат Серафіму Кішко і Мальчэўскую. С. Кішко была загадчыцай Бел[арускага] дзіцячага прытулку, а Мальчэўская працавала ў гімназіі. Яшчэ Алеся Смоліч пісала мне: “Старайся знайсьці Серафіму Кішко — яна можа шмат расказаць аб прытулку, гімназіі і інш. Яшчэ пісала, што прытулак быў на вул. Ерузалемскай — у тым самым панадворку, дзе тытунёвая фабрыка Шарашэўскага.
    Цікава надзвычайна, чаму гэта ні адзін чалавек не гаварыў мне нічога аб Стасі Буйло? Што за прычыны? А цяпер проста звар’яцець можна...
    Чаркасава піша кніжку аб Канстанцыі Буйло. Аж страшна, каб яна не ўнясла ў сваю аповесьць гэтай усёй блытаніны. Вельмі прашу, адкажыце мне, што Вы з гэтага ўсяго зразумелі? Галоўнае — справа могілак і таго Барыса-Глебскага манастыра. Няўжо я іх ня бачыла, ня помню? Гэта немагчыма.
    Ведаю, што ня маеце часу, а можа, і бяда якая ўдома, але сапраўды вельмі мне патрэбная Ваша помач.
    У мяне і свае асабістыя справы — ня вельмі. У выдавецтве “Юнацтва” ідзе ў друк (а мо яшчэ не ідзе) зборнік маіх публікацый. Рэдактарам быў с.п. А. Бачыла, аб чым я нядаўна даведалася. Пасьля яго сьмерці ўзяў гэтую справу на сябе С. Панізьнік. А цяпер ён захварэў... Зборнік на ласцы Вольскага4. А я нават ня ведаю, які даюць загаловак, што зьмяшчаюць. Мо ў гэтай справе зьбіраўся ехаць у Вільню А. Бачыла — за тры дні перад сьмерцю... Непрыемная сытуацыя.
    Яшчэ раз даруйце, што Вам дуру галаву. Што ў Вас? Ці Вы атрымалі мой папярэдні ліст?
    Усяго найлепшага Вам і п. Марыі. Шчыра — Л. Войцікава.
    190.	АЛЕСЮ БЕЛАКОЗУ
    14 лютага 1983 г. Вільня Паважаны Алесь Мікалаевіч.
    Тры дні таму прынясьлі нам дахаты Вашу пасылачку. Слаўкі тады ўдома не было, і пасылка чакала, каб ён сам яе распакаваў. Усё даехала вельмі добра. Слаўка перасылае Вам шчырую і вялікую падзяку. Прышчэпы, якзаўсёды, апакаваў плёнкай і закапаў у сьнег. Саджанцы таксама апакаваў і прысыпаў. Так бы хацелася Вам нешта на памяць паслаць, каб расло і нас прыпамінала.
    Ну, а цяпер справы менш прыемныя. Помніце, у “ЛІМе”, здаецца, 26 лістапада, была заметка, падпісаная нейкім Д. Зінгерам1? Хто ён такі? Ня ведаеце часам? Ён там паведамляў, што ў Слоніме пры школе ўжо адкрыты музэй. Прачытаўшы, я вельмі зьдзівілася: якім цудам у пару месяцаў можна ўтварыць музэй?
    Тым часам пару дзён таму атрымала ліст ад Новіка-Пеюна, які цяжка хворы, даўжэйшы час быўу Слоніме ў сястры. Там яго адведываў Сідаровіч і сказаў, што музэю фактычна німа. Толькі каб Новік Зосьцы Верас пра гэта не пісаў, бо музэй напэўна будзе. I быццам сам Сідаровіч аб пасланай у “ЛіМ” заметцы нічога ня ведаў...
    Я цяпер ужо і Сідаровічу ня веру. Нашто яны маняць? Каго ашуківаюць? I што з тымі экспанатамі, якія ў добрай веры ім пасылаліся? Я сама нямала паслала...
    Шлю яшчэ адну справу, якая каштуе мне шмат нэрваў. Атрымала я ліст ад Дзіяны Цімафееўны Чаркасавай — супрацоўніцы “Голасу Радзімы”. Яна піша кніжку аб Канстанцыі Антонаўне Буйло і зьбірае розныя факты з яе жыцьця і яе сям’і. Найбольш ідзе пра сястру К.А.— Станіславу, якая, падобна, у пачатку 20-х гадоў жыла ў Гродне, працавала ў дзіцячым прытулку, захварэла на сухоты, у Гродне памёрла і там пахаваная...
    Быццам цяпер Чаркасава сустрэлася са старой настаўніцай Каліноўскай (83 гады), якая Станіславу Буйло ведала. Расказывае, што Станіславу ў прытулак накіравалі Б. Тарашкевіч і Рак-Міхайлоўскі. Быццам пахавалі яе на могілках, якія былі ў цэнтры гораду, а цяпер не існуюць. А прытулак быў у БарысаГлебскім манастыры...
    Ці быў такі? Ну добра, аб манастыры я магла забыцца, але могільнік? Я ж ад малых гадоў бывала ў Гродне год у год летам, і якраз у цэнтры гораду, бо мае дзяды (па бацьку) жылі каля самае Фары. Ад 1909 па 1913 г. я жыла ў Гродне стала.
    Зьлітуйцеся, Алесь Мікалаевіч, памажыце, бо проста звар’яцець можна. А і ў пачатку 20-х гадоў да паловы 1923 г. я бывала як найменш раз у месяц у Гродне і кожны раз — у Рака-Міхайлоўскага. I ніхто мне нічога не казаў, і могілак я ня бачыла? Нешта незразумелае...
    Я прасіла выясьніць справу Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча, але ён нешта не адказывае. Можа, зноў яго жонка хворая? А мо куды выехаў часова? Таму зьвяртаюся да Вас — мо Вы што ведаеце.
    Учора атрымала з Прагі ад Н. Кастэцкай2 праграму канцэрту М.Забэйды ў Празеў1958 г. Прыслала 3 экз. Адзін пасылаю Вам — як дадатакда матэр’ялаў аб М. Забэйдзе. Вельмі буду чакаць ад Вас адказу.
    Усяго найлепшага — Вам, сям’і, школьнай моладзі.Л. Войцікава.
    191.	АЛЯКСЕЮ ПЯТКЕВІЧУ
    1 сакавіка 1983 г. Вільня
    Дарагі Аляксей Міхайлавіч.
    Дзякую за зьмястоўны ліст, за стараньні і пошукі. Але, ведаеце, мне здаецца, што трэба кінуць гэтую клапатлівую і беспэрспэктыўную работу. Столькі загадак, столькі блытаніны ды, праўду кажаце, фантазіі...