Зоська Верас. Я помню ўсё
Успаміны, лісты
Міхась Скобла
Памер: 498с.
2013
20 верасьня 1983 г. Вільня Дарагі Валодзя.
Дзякую за ліст і шчыра вітаю Вас на, хіба, ужо сталым мейсцы. Вельмі цікавіць мяне Вашая праца для Тэатру лялек, г.зн. для дзяцей. Гэта ня “забаўка”, як Вы пішаце, а сьвяты абавязак — у даступнай для дзіцяці форме даць яму веды і навучыць цаніць родную зямельку, мову, прыроду. У тэлевізары бачу шмат дзіцячых па назову ансамбляў. Але ж гэта нічога супольнага ня мае з дзіцячымі гадамі, псыхікай, уяўленьнямі дзяцей — сапраўдных дзяцей. Усе гэтыя ансамблі — малпаваньне дарослых. Да роспачы даводзяць какетлівыя міны дзяўчынак, якія ледзь пасьпелі ад зямлі адрасьці. Няхай жа дзеці як найдаўжэй будуць дзецьмі. Нашым беларускім дзецям памажыце ў гэтым.
Пішаце, што чыталі “Моднага шляхцюка”, і захапіла Вас, як ён добра, проста напісаны. А як лёгка было іграць на сцэне... Здаецца, нават вучыць ня трэба было — прачытаўшы раз-два, само ігралася. Наш Гродзенскі гурток беларускай моладзі ставіў “Моднага шляхцюка” ў 1911 годзе. Ігралі 2 разы (падрад, бо мала людзей мясьцілася ў памяшканьні), а 3-ці раз на вёсцы для сялян — у Сакольскім павеце. Я іграла ролю Ганкі... Бяз грыму, амаль не прыгатаўляючыся.
Каруся Каганца бачыла ў Мінску у 1916 ці 17 г. адзін раз. Толькі што бачыла, бо, здаецца, нават з ім не гутарыла — быў вельмі коратка. Але аставіў выпадкова на стале картку паперы — нейкі адрывак свайго твору, ці што. Надзвычайна арыгінальны як почырк, так і правапіс. Я гэтую картку схавала і цяпер яе маю.
А вось брата Каруся Каганца — ваеннага лекара Кастравіцкага (імя, здаецца, Амброжы) — я добра ведала. Прыходзіў у Менску на паседжаньні беларускіх арганізацый з 2 сынамі-гімназістамі. Др. Кастравіцкі з твару падобны да К. Каганца — падоўжаны твар, барада, але высокі, стройны. Сыны (ім было, хіба, па год 18-19) у бацьку — высокія, сымпатычныя хлапцы.
3 др. Кастравіцкім я даволі часта спатыкалася і ў іншых справах. Ён цікавіўся жыцьцём нашага прытулку для дзяцей. Скамплектаваў аптэчку з усімі найболый патрэбнымі лекамі, даваў мне часам парады, як памагчы дзецям у выпадках хваробы і г.д. У 70-я гады я чула, што сям’я др. Кастравіцкага апынулася пад Лідай у Белагрудзе. Я спрабавала даведацца, ці гэта праўда, і што з імі сталася праз рэвалюцыю, у лідзкай газэты. Але нічога ня выйшла.
Што Панізьніка ў Менску німа, ведаю, бо загадзя прыслаў мне павіншаваньне на дзень майго нараджэньня з Крыму ды падпісаў тэлеграму псэўданімам... Аж мусіла шукаць у “Слоўніку псэўданімаў”, хто гэта такі. А што выйдзе з маёй кніжкай — ня ведаю. Неяк усё вельмі блытана. Ды ўжо
тое, што ў выдавецкім пляне заместа “Заранкі” напісана “Ранак”, насьцярожвае... Што там яшчэ папераменіваюць?
Выразку з “Голасу Радзімы” дасылаю. Першы раз здарылася, што надрукавана ўсё без скарочваньняў, бяз зьменаў.
Усяго добрага! He забывайце. Прывітаньне Вашай сямейцы. Mae Вас вітаюць шчыра. Л. Войцікава.
209. АЛЯКСЕЮ ПЯТКЕВІЧУ
6 кастрычніка 1983 г. Вільня
Дарагі Аляксей Міхайлавіч.
Сардэчна дзякую за кніжку пра Галубка1. У Менску была я на “Апошнім спатканьні”2,ўпершыню пастаўленым насцэне, а“Ганку”3самаперадрукоўвала на машынцы. Так што ўспамінаюцца менскія часы...
Вельмі непакоюся, чаму німа ніякай весткі ня толькі з Гудзевічаў, але і ад Дануты Б[ічэль]. Мелася прыехаць, а нават ня піша. Што сталася?
Нарэшці маю адказ ад Г. Цітовіча4. Тлумачыцца, што артыкул пра Я.Хвораста мела пісаць балетмайстар Ларыса Алексютовіч5. Захварэла, езьдзіла лячыцца і г.д. Але гэта не тлумачыць, чаму ў “ЛіМе” не было весткі аб сьмерці як-ніяк заслужанага для беларускай культуры чалавека...
Ці не хацелі б Вы папрабаваць узмоцніць здароўе ўнука аўсом? Калі хочаце — напішыце, прышлю рэцэпт, як гэта робіцца. Загадзя не падаю, бо дрэнна чуюся і маю шмат работы.
Усяго найлепшага! Прывітаньне для пані Марыі. Шчыра зычлівая Л. Войцікава.
210. ДАНУЦЕБІЧЭЛЬ
23 кастрычніка 1983 г. Вільня
Дарагая пані Дануся.
Хацелася адразу адказаць на Ваш сумны ліст, але ўжо месяц вельмі дрэнна чуюся. Якраз месяц таму, 23 верасьня, быў доктар. Прымаю лекі, але паправы амаль німа. Цяпер яшчэ пагоршылася надвор’е, дык улез рэўматызм у левую руку, у ногі, ды і ўсе косьці баляць.
He ляжу, але сядзець і рухацца цяжка. Заляжалася цэлая гара лістоў — адказаў на розныя пытаньні і просьбы. Стараюся, як магу, хоць пакрысе выпаўняць, атут усё новыя і новыя. Трымаюся сілай волі і раблю (хоць марудна) усё задуманае. Бо нашто жыць, калі не ўдаецца нічога рабіць?
Вас, Ваш боль я разумею і шчыра спачуваю, бо і сама вось ужо амаль 8 гадоў не магу звыкнуцца з адсутнасьцю на сьвеце сына. Кожны вечар, як лягу, вачамі памяці бачу, як ён ідзе праз пакой і раптоўна падае без жыцьця...
Я кожны вечар паўтараю сабе: “Яму лепш”. Ужо ня мучыцца ні фізычна, ні маральна. Бо яго жыцьцё было вельмі цяжкае. I Вы, дарагая, скажыце сабе: “Яму (Вашаму мужу) лепш”. Ня церпіць ужо ніякіх боляў, ніякай вісячай над ім аканчальнай небясьпекі. Усё мінула... Ці ёсьць загробнае жыцьцё? Ці поўны нябыт? Хто ведае... Залежыць ад веры ў тое ці іншае. Усё ж ёсьць Спакой. Нічога ўжо не баліць — ні цела, ні душа... Як часам хочацца гэтага Спакою!
А пераступіць парог — страшна...
Цяпер я ня так часта адна, бо і дачка ўжо толькі месяц мае дапрацаваць да пэнсіі, і ўнук менш працуе. Здаваў экзамін у Каўнасе пры Політэхнічным інстытуце (здаў на 5). Праз месяц паступае ў асьпірантуру. Будзе больш удома вучыцца, а ў Каўнас езьдзіць час ад часу.
Так хочацца Вас бачыць. Час ад часу нехта прыяжджае, але рэдка. Пісала я да Аляксея Міхайлавіча. Адказу — ні слова. Пішучы да яго, пыталася аб Вас і аб Алесі Мікалаевічы [Белакозе]. Аб апошнім ня маю ніякіх вестак ужо месяцы тры. I надалей нічога ня ведаю, што сталася. V апошнім лісьце пісаў, што ізноў ідзе ў шпіталь. На тым і скончылася. Пісала і да Веры Ігнатаўны, але таксама не адказала. Як гэта разумець? Ня ведаю.
Трэба на гэтым скончыць. Прыгатавала да высылкі 2 бандэролі і гэты ліст, а яшчэ 9 ляжыць без адказу. Так цягне легчы...
Усяго добрага, што толькі добрага можа быць. Да пабачаньня. Цалую сардэчна.Л Войцікава.
211. АЛЯКСЕЮ ПЯТКЕВІЧУ
26 кастрычніка 1983 г.
Дарагі Аляксей Міхайлавіч.
Толькі што атрымала Ваш ліст. Сьпяшаюся адказаць, каб Вы хутчэй змаглі прабаваць рабіць для хворай пані Марыі аўсянае малако. Аўса дастаць Вам, хіба, нятрудна. Каб хоць памагло. Зычу з цэлага сэрца. Я цяпер ня п’ю, бо мушу прыймаць шмат лекаў. Чуюся вельмі дрэнна. Сяньня быўлекар — запісаў далей тыя самыя таблеткі, але заўважыў, што ў мяне ў дадатку — хранічны бранхіт. Лёгкі, але лячыць трэба. А што горш — не даюць мне нават носа высунуць на сьвежае паветра, а яшчэ ж — восень.
Ад Дануты [Бічэль] я мела ліст. Ведаю, што была ў Менску на пленуме паэзіі ў Саюзе пісьменьнікаў. А сяньня даведалася з ліста А. Наліваева, што яна была таксама ў Кушлянах — на сьвяце Ф. Багушэвіча. Вельмі непакоіць мяне маўчаньне Алеся Мікалаевіча [Белакоза]. Ніхто нічога ня ведае. Я раз пісала да Веры Ігнатаўны, але адказу не атрымала. Болыл не дакучаю.
Што да Рака-Міхайлоўскага... Як бачу, Вы артыкул Бэргмановай з календара 1980 г. ведаеце. Яна перад гэтым пыталася мяне аб гродзенскім часе. Калі Рак[-Міхайлоўскі] жыў у Гродне, я ёй дакладна напісала, бо ў Гродне ў яго сям’і часта бывала. А яна вось і Смолічаў на Лёсікаў перамяніла, на што я пасьля, атрымаўшы каляндар, зьвярнула ёй увагу.
Можа, Рак-Міхайлоўскі з Гродна выяжджаў, але стала жыў з сям’ёй разам, бо і ў гімназіі выкладаў. Я яго, прыяжджаючы, кожны раз бачыла. А з Менска ведала яго вельмі добра. Але Вы, хіба, ня будзеце пісаць у энцыкляпэдыю, што па яго ініцыятыве быў у Менску скліканы Вайсковы зьезд? Ён сам у той час са сваёй вайсковай часьцюстаяў пад Маладзечнам.Таму ўсютэхнічную работу па скліканьні зьезду даручыў мне. Я аб гэтым падрабязна пішу ў сваіх успамінах.
Пасьля ўжо, у 1923 г., мы з Р[акам-Міхайлоўскім] спаткаліся тут у Вільні. А. Бэргманова ня мае рацыі, пішучы, што рэдагаваньнем грамадаўскіх газэт займаўся Рак[-Міхайлоўскі] — апрацоўваў матэр’ялы і г.д. Ен даваў свае артыкулы, найчасьцей прамовы ў Сойме і г.д., але займаўся толькі фінансавымі справамі. 3 яго рук я (як адміністратарка) атрымлівала кожны месяц грошы
і яму давала справаздачы. Ну і падтрымлівалі мы (мая маці і я) сяброўскія адносіны з яго сям’ёй. Мы бывалі ў іх, яны ў нас.
Але ці Р[ак] Мрхайлоўскі] што пісаў ды друкаваў апрача сваіх артыкулаў у пэрыядычным друку — ня ведаю.
He магу таксама знайсьці вестак, ці належаў да Выдавецкага таварыства або Т[аварыст]ва беларускай школы. Як бачыце, нічога я Вам не памагла. Можа, што знайшла б, але на гэта трэба часу. А я ўжо і сядзець доўга не магу. I ляжаць стала пры бранхіце нельга. Хоць вазьмі ды павесься...
V нас поўная цяплярня цудоўных хрызантэмаў, але пайсці паглядзець не пазваляюць. Дажылася...
Пішыце. Усяго добрага! Пані Марыі зычу хуткай паправы. Шчыра зычлівая Л. Войцікава.
Авёс (зерне) — на ўзмацненьне арганізму
Адну шклянку аўсу добра перамыць у некалькіх водах (разоў 5-6 зьмяняць ваду), заліць яго 1, 5 бутэлькі малака і парыць на маленькім агеньчыку 2 гадзіны. Тады перацадзіць (зярняты выціснуць праз марлю), і гэтую жыжку — а яе павінна застацца 350 грамаў — піць 3 разы ў дзень перад ядой. Малако гэтае залацістага колеру і прыемнае на смак. Я цэлай колькасьці (350 гр.) за адзін дзень не выпівала, для мяне зашмат пры хворым страўніку. Але хто можа, то і ўсю дозу за дзень можа выпіць.
212. ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
30 кастрычніка 1983 г. Вільня Даражэнькая пані Дануся.
Дзякую за ліст, за тое, што зьбіраецеся прыехаць. Вельмі хачу Вас бачыць. Здароўе не папраўляецца. Хвароба моцна мучыць. Але сілай волі трымаюся. Учора і сяньня пастанавіла адказаць на лісты, якія, як камень, ляжалі на маім сумленьні. Ліст да Вас — сёмы.
Што Вы былі ў Кушлянах, я ведала. Анатоль Наліваеў, які езьдзіць паміж Маладзечнам і Менскам, акуратна паведамляе мяне аб усіх падзеях. Апрача паэта Някляева1, усіх, хто там быў, ведаю асабіста. М. Ермаловіч даўней, як быў здаровы, часта пісаў і прыяжджаў. Цяпер зрэдку піша пару слоў. Ведаю, што жонка Аляксея Міхайлавіча [Пяткевіча] хворая — пісаў.
Дзякую за вестку аб Алесю Мікалаевічу [Белакозу]. Відаць, таму не пісаў, што скрывае, дзе лечыцца. Але што за сакрэт? Я пісала да Веры Ігнатаўны2, але яна мне не адказала. Белакоз, едучы ў шпіталь, прасіў мяне прыслаць копію аднае драбнічкі, якую я яму паслала на 90-я ўгодкі Максіма Б[агдановіча], і яна ў іх недзе загубілася. Я выслала і прасіла Веру Ігнатаўну, каб паведаміла, ці атрымалі. Можа, мой ліст загінуў, а можа — яе? Добра, што хоць яшчэ жывы. Можа, як прыйдзе да сябе, успакоіцца.