Зоська Верас. Я помню ўсё
Успаміны, лісты
Міхась Скобла
Памер: 498с.
2013
3 Менска дрэнныя весткі ад Новіка-Пеюна. На вуліцы страціў прытомнасьць, упаў. Разьбіў галаву, пабіў моцна бок, рукі і ногі. Ляжыць. Але ж ён зусім адзін, даглядаць німа каму. Прыехаў пляменьнік і адвёз яго ў Слонім. Там у Новіка 2 сястры, і абедзьве хворыя.
Да ўсіх магчымых хваробаў немалой прычынай зьяўляецца нетыповая восень. Цёпла, сяньня +5, прычым хмарна, цёмна. Лепш бы ўжо сьнег і марозік.
Ці піша Вам Ларыса Антонаўна [Геніюш]? Ёю, мусі, таксама нялёгка перажываецца такая пагода. Вярнуся да Вашай хваробы. Хіба, не раптоўна ў Вас гэта зрабілася? Пішаце, што ногі балелі з маладосьці. А прафіляктычна Вы нічога не прыймалі?
Пішу без вялікага сэнсу і ня вельмі выразна. Вельмі далягае страўнік. He магу спаць цэлымі начамі. Час ад часу бяру таблеткі на сон.
Калі зможаце, пару слоў напішыце. Цалую шчыра. Л. Войцікава.
159. ДАНУЦЕБІЧЭЛЬ
17 лютага 1982 г. Вільня
Дарагая пані Дануся.
Дзякую за вестачку. А я ўжо непакоілася, што Вы хварэеце, што, як пісалі ў папярэднім лісьце, не змаглі вылежацца. Аляксей Міхайлавіч [Пяткевіч] перад ад’ездам у Менск пісаў, што пасьля візыту да ўладаў гродзенскіх мільганула надзея на лепшае ў справе Багдановічаўскага музэю. Аказалася, што “ўлада” ўлады ня мае і сама моцна залежная.
Ну, а менскім Высокім Асобам ня так ужо сьпешна пашыраць славу Багдановіча. Пабачым, як Вам удасца захаваць хоць якую самастойнасьць. Зразумела, зычу найлепшага.
Помню, што абяцала Вам выслаць фрагмэнт успамінаў аб Максіме — як свой аўтограф. А таксама напісаць аб старым Гродне. Усё не ўдаецца за гэта ўзяцца. Чуюся дрэнна, часта цэлыя ночы ня магу спаць, і пасьля як разьбітая — нічога ня клеіцца. Лістоў шмат, і ёсьць такія, што адказаць трэба абавязкова і хутка. Апрачатаго, нэрвы зусім растрэсеныя — не магу ўспакоіцца. Гэта пасьля той часткі “раману” А. Лойкі, апублікаванай у “ЛіМе”.
Задалёка зайшла несусьветная брахня гэтага “прафэсара”. Страшна падумаць, што цэлая кніжка выйдзе ня толькі ў Менску, але і ў Маскве — у перакладзе. 3 усіх бакоў сыплюцца лісты, поўныя абурэньня, крытыкі. Але што з таго? Адкрыта, публічна ніхто не запратэстуе. Рады німа. Гэта ўжо так увайшло ў звычай — чым горш, тым лепш. Праўда ня толькі нікога не цікавіць, але нават лічыцца шкоднай. Для каго? Гэта іншая справа.
У наступны ліст улажу крыху насеньня кветак на Ваш балькон, а пасля — яшчэ. Прыйшло мне ў галаву, каб Вы паспрабавалі пасадзіць на бальконе у глыбокай скрынцы або вазоне пару кустоў памідораў — тых дробных, жоўтых (парэчкавых), што Вы ў нас бачылі. Іх можна расшпіліць на сьцяне. Будзе і дэкарацыйна, і смачна. Насеньня прышлю.
Тут у Вільні садзяць памідоры на бальконах, і ня дробныя, а вялікія, як чырвоныя сьліўкі. Яны таксама растуць вельмі высокія і доўгія, і іх можна расшпіляць на сьцяне. А мо ўдасца Вам прыехаць да нас? Тады ўзялі б гатовыя флянсы. Дагаварыцца аб гэта яшчэ маем час. Сеяць памідоры будзем у канцы сакавіка. Думаю, што яшчэ змагу ўнуку крыху памагчы.
Хопіць. Мушу яшчэ сяньня напісаць 3-4 лісты, а ўжо позна. Мая дачка таксама, як і Вы, сёлета ідзе на пэнсію — адпрацавала 33 гады.
Цалую Вас сардэчна, зычу вялікага плёну ў будучай працы. Ад маіх — прывітаньне. Л. Войцікава.
160. АЛЯКСЕЮ ПЯТКЕВІЧУ
21 лютага 1982 г. Вільня
Дарагі Аляксей Міхайлавіч.
Сяньня атрымала бандэроль і адразу адказываю. Прачытала ўважна — усё добра. Усё ж пару маленькіх заўваг. Там, дзе пералічываеце аўтараў “Коласа беларускай нівы” (ст. 3), у Вас напісана Лабенецы — трэба Лабенцы. Другое — ці ня варта было б крыху шырэй напісаць аб першым старшыні — Адаме Бычкоўскім?
У беластоцкім календары за 1981 г. у маіх успамінах аб ГГБМ аб ім (асобная нататка) напісана: працаваў у 30-я гады ў Варшаве адвакатам — адзін з заснавальнікаў Асьветнага т[аварыст]ва ў Варшаве. Больш аб ім у календары 1980 г. Гэта як доказ, што з ГГБМ выходзілі і дзейныя беларусы. He канчалася толькі на Гродна.
Я гэта пішу, а ў думцы: ці не дарэмная Вашая надзея на друк? Каб Вы нас і нашу дзейнасьць крытыкавалі, нас лаялі, ну тады друк быў бы пэўны. А пазытыўная ацэнка? Што ж, прабаваць не зашкодзіць...
Што будзеце пісаць у энцыкляпэдыю — добра. Праўду сказаць, я сама аб гэтым В. Скалабану прыпамінала, каб аб ГГБМ не забыліся.
Яшчэ не ўспакоіліся нэрвы пасьля “раману” А. Лойкі (а злуюць на яго ўсе — і тут, і за мяжой), а тут новы падарунак — у № 2 “Полымя” артыкул Якуба Міско1. Ужо здавалася, пасьля яго сьмерці будзе з гэтага боку спакой, аж тут зьявілася спадчына... Агідна, балюча чытаць. Ды і хлусьня несусьветная. Цяпер толькі чакаем, што яшчэ прыдумаюць. У лісьце і не ўдакладнім усяго, у чым справа. Мо яшчэ калі спаткаемся — будзетэмадля гутаркі.
Чакаю весткі, як прымуць Ваш артыкул. Я заўважыла, што найлягчэй трапіць у ‘Толас Радзімы”. Марная гэта газэціна, толькі што далёка ідзе.
Вельмі мяне ўцешыла вестка, што Ларыса Антонаўна [Геніюш] трапіць у энцыкляпэдыю. А вось з с.п. Забэйдай — ня ведаю, што і думаць. Я атрымала ліст ад яго добрых прыяцеляў з Прагі. Яшчэ раней паведамілі мяне і С. Новіка, што с.п. Забэйда прасіў пераслаць усе яго цэнныя рэчы: фартэп’яна, магнітафон, усе стужкі, кружэлкі з песьнямі, архівы — у менскі Дзяржаўны музэй. Учора атрымала ізноў ліст. Паведамляюць, што з Менска ніякага адказу, ні слова...
А там ліквідуецца тое памяшканьне, дзе ён жыў. Ня ведаюць, што рабіць. Мала таго — ня ведаюць, што рабіць з урнай з яго попелам! Ці закупіць мейсца ў Празе, ці суайчыньнікі забяруць, каб пахаваць у роднай зямлі. I што тут адказаць? Калі нават нэкралёгу ў нас нідзе не было... Што Вы на гэта? I за што з ім так абышліся і абходзяцца? А ён, як мне пішуць, гуртаваў каля сябе беларусаў, якіх вайна выкінула з Краю — вучыў мовы, падтрымліваў сьведамасьць.
Мела сяньня ў Прагу пісаць, але ўжо не магу. Апошні час дрэнна чуюся. Сьпяшаюся, каб гэты ліст дайшоў перад Вашым ад’ездам у Менск. Як жа здароўе Вашай жонкі?
Усяго найлепшагаІЛ. Войцікава.
161. ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
23 лютага 1982 г. Вільня
Дарагая Данута Іванаўна.
Перадусім аб звароце да Вас. Думаю, што Вам не падабаецца, што я пішу пані Дануся. Гэта бывае, таму зьвяртаюся да Вас па бацьку. Так мяне зьдзівіў Ваш ліст, што я ўсё кінула і пішу.
Першы раз чую, што Лойка ў сваёй “Гісторыі літаратуры” нешта падобнае пісаў. Ці маеце на ўвазе II том гісторыі? Там ён сапраўды рабіў нейкі намёк, але вельмі невыразны, я толькі паціснула плячамі. Лойка ёсьць Лойка, на гэта нічога не парадзіш.
Але цяпер ня ў тым справа. Ня толькі я, але і сотні людзей, у тым ліку паважных дасьледчыкаў, асуджаюць Лойку. За што? За яго артыкул — фрагмэнт
раману аб Я. Купале, які быў надрукаваны ў “Літаратуры і мастацтве”. Хіба, Вы не чыталі?
Там жа ён з балотам зьмяшаў “Нашу ніву”, яе рэдактароў, выдаўцоў, супрацоўнікаў. Часткова выдумаў, часткова даслоўна ўзяў безумоўна хлусьлівыя высказываньні П. Мядзёлкі ў яе кніжцы “Сьцежкі жыцьця”. I тым самым дыскрэдытаваў пачынальнікаў беларускага руху. Вось за што ня толькі тут, але і за мяжой яго сурова асудзілі.
Пару дзён таму я мела госьця з Маладзечна. Той проста сказаў: “А. Лойка аканчальна страціў аўтарытэт як дасьледчык”. Адзін з прафэсароў Менскага ўнівэрсытэту пісаў мне: “А. Лойку — абы кніжка выйшла, а ці ў ёй ёсьць праўда — гэта няважна”.
Друкаваўся толькі фрагмэнт, а цэласьць мае зьявіцца ў “Маладосьці”. Адначасна пераклад на рускую мову выйдзе ў Маскве! Вось у чым справа. Я той артыкул проста перахварэла. Арганічна цярпець не магу няпраўды. Адзе ў Лойкі няпраўда, я ведаю найлепш, бо ў рэдакцыі “Нашай нівы” бывала ня раз.
Ларыса Антонаўна той артыкул чытала. I яе пагляд ня розьніцца ад майго і іншых, хто Лойку асуджае. Яшчэ тое трывожыць, што такі чалавек працуе з моладзьдзю, уводзіць яе ў жыцьцё, мае свой уплыў.
Выбачайце маю памылку, што да зьмены Вашай працы. Проста я не зразумела і памылілася. Пісаў мне Аляксей Міхайлавіч [Пяткевіч], што ўжо звольнілі тры пакоі ў былым Багдановічавым доме, і што прэса загадзя раструбіла аб Музэі М. Багдановіча. А мо гэта і добра?
Канчаецца люты — зараз пачнеце новую захопліваючую і разам адказную працу. Шчыра зычу як найлепшага плёну. Цалую сардэчна — Л. Войцікава.
P.S. Ці Вы ведаеце аб сьмерці Міхася Забэйды? Толькі прыватна распаўсюджваецца гэтая вестка, бо нават нэкралёгу нідзе не было. Ведаю, што зьбіраліся пісаць, відаць, не прапусьцілі.
162. АЛЯКСЕЮ ГІЯТКЕВІЧУ
75 сакавіка [1982 г.] Вільня Паважаны і дарагі Аляксей Міхайлавіч.
Дзякую за ліст. Спачуваю ў Вашых бедах-хваробах. Гэта сапраўды зашмат ужо для Вашай жонкі — гэтая блудзячая нырка. А яшчэ і Вам трэба было прастудзіцца...
У нас таксама нічога добрага. У маёй дачкі аказалася стэнакардыя. Пры яе працы гэта лячыць цяжка, бо патрэбны спакой, адпачынак. Да ўсяго і я вельмі дрэнна чуюся, і яна стараецца памагчы мне ў хаце, што яшчэ горш яе мучыць. Мо я і мыляюся, але ня вельмі веру ў адданасьць дактароў сваёй справе. Выглядае, што лечаць, каб выканаць плян...
Надыходзіць вясна, а хто зможа засеяць-засадзіць агарод — ня ведаю, бо ўнук мой прыгатаўляецца да экзамінаў у асьпірантуру. Думае паступаць у завочную, каб хоць як заняцца гаспадаркай. Ня ведаю, як гэта яму ўдасца ўсё павязаць. А саду і агароду шкада — столькі працы ўложана.
Вельмі шмат перажываньняў дае справа спадчыны с.п. М. Забэйды. Пісаў мне А. Мальдзіс, што Танк рабіў захады на высокім узроўні, а цяпер справу разглядаюць у Міністэрстве культуры. Але ў Прагу, мусі, ніхто ня піша і аб захадах не паведамляе, бо там сябры-прыяцелі сызевака непакояцца.
Сяньня С. Новік прыслаў мне копію ліста той асобы, што апекавалася Міхасём Іванавічам. А Янка Хвораст (харэограф) адаслаў мне ліст, што атрымаў з Прагі ў адказ на свой. I адзін (С. Новік), і другі (Я.Хвораст) былі з М. Забэйдам знаёмыя і перапісываліся з ім. Але і адзін, і другі ня маюць нікога блізкага, таму ўсялякія важнейшыя лісты або іх копіі адсылаюць мне. Гэта значыць, хочуць, каб тое, што тычыцца М. Забэйды, было ў адных руках. Забываюцца, што і я толькі адной нагой яшчэ трымаюся тут...
Таксама дагэтуль нічога няведама, што з урнай з попелам нябожчыка. Ці ўжо пастанавілі аставіць у Празе, закупіўшы там мейсца, ці чакаюць, што тут будзе пастаноўлена? А якраз аб гэтым ніхто і не заікаецца. Як гэта нясьцерпна балюча... He было яму тут мейсца пры жыцьці, німа і па сьмерці. Каб гэта ў Менску быў хто адважны — прыпомніў, падштурхнуў... Тыя, хто перапісываецца з Прагай,— людзі маленькія, і іх голас ня мае вагі. Вось і цягнецца...