• Газеты, часопісы і г.д.
  • Зоська Верас. Я помню ўсё Успаміны, лісты  Міхась Скобла

    Зоська Верас. Я помню ўсё

    Успаміны, лісты
    Міхась Скобла

    Памер: 498с.
    2013
    152.73 МБ
    Але, ведаеце, не дае мне спакою адно пытаньне. Гэта асоба, што рассылала паведамленьне аб сьмерці (піша, што выслала каля 200!), піша аб даўніх прыяцельскіх адносінах яе сям’і з М. Забэйдам. Піша, як ім апекаваліся, як цяпер сумуюць па ім і г.д.
    Дык трэба Вам выясьніць, хто гэта — Надзея Кастэцкая1. Паходзіць з Баранавіч. Вучылася ў Вільні ў Рас[ейскай] гімназіі, але належала да хору, які вёў Шыдлоўскі2, знала Г. Цітовіча3, 14-гадовай дзяўчынкай у 1936 г. пабачыла сьпевака на канцэрце. Пасьля вайны апынулася ў Празе. Выйшла замуж за чэха — артыста-скрыпача. I вось абодва артысты і яна збліжыліся, пасябравалі і г.д.
    Але цікава, чаму М.Забэйда ў лістах ніколі ні словам ня ўспомніў, што мае такіх блізкіх сяброў? I ня толькі я, але і іншыя яго карэспандэнты лічылі яго вельмі адзінокім, без апекі і г.д. А мо проста такая ўжо была натура, што не любіў шмат аб сабе пісаць? Ня ведаю, але неяк прыкра.
    Назьбіралася маса лістоў, аніяк не пасьпяваю адказываць, а тут чуюся так, што толькі сіла волі трымае. Апошні час не было тут патрэбных лекаў, і таму пагоршала, але ўжо ёсьць — прыслалі з Ленінграду. Мо яшчэ папраўлюся.
    Усяго Вам найлепшага — перадусім паправы здароўя жонкі. Ад мяне ёй правітаньні і найлепшыя пажаданьні. Бывайце здаровыя. Л. Войцікава.
    163.	ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
    22 сакавіка 1982 г. Вільня
    Дарагая пані Данута.
    Цешуся, што насеньне дайшло. Бяда толькі, што вясны як німа — так німа. Ляжыць сьнег, прымаразкі. Нядоўгаўжо будзеце адпачываць, час ляціць хутка, і красавік ужо блізка. А якое ў Вас начальства? Магчымае з пункту гледжаньня беларускасьці? Якія думаеце зьбіраць матэр’ялы? Выключна багдановічаўскія, ці і іншыя?
    Менск ужо адсьвяткаваў юбілеі Б. Тарашкевіча і Р. Шырмы, цяпер думае аб 100-годзьдзі Купалы, Коласа і У. Галубка. Юбілей апошняга назначаны на15 чэрвеня.
    Я атрымала сардэчны ліст ад дачок У. Галубка. Дзьве з іх я бачыла ў Менску малымі, 9-10-гадовымі дзяўчынкамі. Адказала пакуль што коратка, але
    абяцала напісаць больш, расказаць аб нашай супольнай працы з іх бацькам у Менску ў 1916-17 г. Усё не зьбяруся напісаць. Апошні час дрэнна чуюся: часта і моцна баліць галава.
    Непакоюся за Ларысу Антонаўну. У апошнім лісьце пісала, што вельмі дрэнна з сэрцам, што німа патрэбных уколаў... А цяпер німа ніякай весткі. Мо Вы што ведаеце?
    Пісалі мне з Менска, што Лойку моцна раскрытыкавалі і за вочы, і ў вочы. I што, магчыма, у кніжцы ён што-небудзь зьменіць. Пабачым. Падобна, пахвалы не атрымаў ад нікога. Гэта пацяшаючы факт...
    Ці Вы бачылі ўжо дватомнік Канстанцыі Буйло? Добра выданы. Яна вельмі цешыцца, што дачакала. Будзе хвілінка часу — пішыце. Цалую шчыра — Л. Войцікава.
    164.	ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
    31 сакавіка 1982 г. Вільня
    Дарагая пані Дануся.
    Я Вам не пісала, але часта думала аб Вас. Аб Вашых справах — музэйных і асабістых. Вы мне пісалі недзе ў канцы мая ці ў пачатку чэрвеня, што чакаеце, каб Ваш муж пайшоў у адпачынак, а тады пачнеце езьдзіць, і паміж іншым — у Вільню. Вось я і чакала... А пасьля мне Ларыса Антонаўна [Геніюш] напісала, што стан здароўя Вашага мужа пагоршаў... Думала пра Вас, але пісаць не хацела, каб не рабіць Вам лішняга клопату.
    Цяпер бачу, што ў Вас ня так ужо дрэнна, калі можаце езьдзіць. А калі ж у Вільню? Вы, як былі, прасілі напісаць сваёй рукой нешта з таго, аб чым я расказывала, каб быў мой аўтограф. Я ўжо даўна гэта зрабіла. He адсылала, бо не хачу складаць паперы ў капэрту — няхай будзе аркуш роўны, гладкі. Возьмеце пры аказіі.
    Успаміны аб Гродзенскім гуртку ў мяне ёсьць, толькі трэба зрабіць копію (на машынцы), вокладку і здымкі. А з гэтым трэба пачакаць, бо ўдома ў нас рамонт. Зяць ня мае часу.
    У Слоніме ў адной са школаў ладзяць школьны музэй — “Слонімшчына літаратурная”. Просяць даць туды нешта аб Леўчыку, а і менскі музэй М. Багдановіча штораз нечага патрабуе. А тут, як на бяду, дрэнна чуюся, цяжка што-небудзь рабіць. Стараюся хоць на лісты адказываць. Атрымліваю іх — безьліч. За сем месяцаў болып за 300. Пакуль што на ўсе адказала.
    Вельмі была б рада атрымаць ад Ларысы Антонаўны яе зборнік. Я яго адным вокам бачыла. Зяць быў у Менску і ад некага яго дастаў. Паказаў мне, а каб для мяне купіць — не здагадаўся...
    Вельмі буду рада Вас пабачыць. Прыяжджайце. А “Жалейку” мець бы не пашкодзіла. Калі ў Вас лішняя — буду ўдзячная. Вітаюць Вас каты Пірат, Чып і Шэры ды сабака Ac.
    Цалую шчыра. Ад маіх — прывітаньне. Л. Войцікава.
    165.	ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
    4 красавіка 1982 г. Вільня Дарагая пані Данута.
    Ці ня ведаеце, што дзеецца ў Ларысы Антонаўны [Геніюш]? Вельмі непакоюся за яе. Пасьля апошняга (даўна) вельмі трывожнага ліста аб дрэнным стане здароўя — ні слова. Адказу на мае лісты ня маю. Мо не даходзяць? Там усё магчыма.
    А што ў Вас? Ужо працуеце? Якія адносіны з непасрэднымі ўладамі? Калі зможаце — кіньце некалькі слоў.
    Шчыра Ваша Л. Войцікава.
    166.	ВЯЧКУЦЕЛЕШУ
    14 красавіка 1982 г. Вільня Дарагі Вячаслаў Міхайлавіч.
    Замарудзіла і я з адказам на Ваш ліст. Такая благая вясна, холад, сьнег, вецер, што мае старыя косьці не вытрымліваюць — чуюся ўвесь час дрэнна. Па чарзе адкажу на Вашыя пытаньні.
    1)	Хто такі Эдмунд Навіцкі1? Ня ведаю. I я заўважыла гэты подпіс на паштоўках, але хто гэта быў — ня ведаю. Хацела запытацца ў Янкі Багдановіча, які меў дачыненьне да выдавецтваў і друкарняў, але ён ляжыць у шпіталі.
    2)	Максім Багдановіч належаў і працаваў, як і мы ўсе, у Беларускім камітэце т[аварыст]ва помачы ахвярам вайны (вул. Захараўская, 18) — Беларуская хатка. Гэта праца грамадзкая. А дзеля заробку працаваў у Гарадзкой управе, у харчовым аддзеле — гэта ўстанова казённая. А дзе была, на якой вуліцы — зусім ня помню.
    3)	Аб Земскім музэі абсалютна нічога ня ведаю.
    4)	Тая паштоўка — юбілейны партрэт Максіма Б[агданові]ча, абсалютна нічога ня варты. Я маю такіх, хіба, з дзясятак. Адразу напісала ў Менск, у музэй — аб сваім паглядзе. Я і ім казала (былі ў мяне нядаўна з Менска, з музэю), і Вам кажу, што я лічу адзіным добрым і падобным здымак, зроблены ў 1915 г. у газэце “Голос”. Вядома, перафатаграфаваны з газэты, мае тэхнічныя недахопы, але падабенства выключнае. Такім я Максіма бачыла і помню. Пасылаю адзін такі Вам.
    Работа мастака Пратасені2 па задуме добрая, вельмі добры фон — стары Менск, але я мала падобная, і Максім павінен быць на галаву вышэйшы за мяне. Каб Пратасеня, будучы ў мяне, сказаў, што мае намер нас рысаваць, я б падсказала розьніцу ва ўзросьце і дала б на ўзор сваю фатаграфію — якраз з 1916 году. Ну і подпіс не зусім удалы... Трэба было напісаць: Л. Сівіцкая (Зоська Верас). Апошняе — як аб’ясьненьне, хто такая Л. Сівіцкая — тады я была якраз Л. Сівіцкай, а псэўдоніму яшчэ ня мела3. Але ўсё гэта няважна.
    Усяго найлепшага! Ад усіх маіх — прывітаньне. Значыцца, летам пабачымся? Абы дачакаць. Л. Войцікава.
    167.	ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
    14 красавіка 1982 г. Вільня Даражэнькая пані Дануся.
    Адказываю на Вашы два лісты. Перадусім вельмі дзякую за іх, за весткі аб Ларысе Антонаўне [Геніюш] і аб музэі. Ларыса Антонаўна ўжо мне напісала. Пісала, што чытала карэктуру сваёй кніжкі. Задаволеная. Але што хварэе, то хварэе. Усё ж мае надзею, што сілы яшчэ вернуцца, і будзе садзіць кветкі. Зычу ёй усяго найлепшага.
    Сумна, што такія малацікавыя і здавальняючыя ў Вас справы з музэем. Проста нейкі зьдзек. Хацелася б памагчы. Але чым і як? Ці хочаце мець мае ўспаміны аб Гродзенскім гуртку беларускай моладзі са здымкамі? Гэта, вядома, ня тычыцца М. Багдановіча, але мае дачыненьне да Гродна. Абяцала Вам напісаць аб старым Гродне, ды ўсё рукі не даходзяць. I чуюся нядобра (надвор’е проста забойчае), і лістамі закідалі. Ляжыць лістоў 5 да адказу. Усё ж аб Гродне напішу і аб Максіме Б[агдановічу] таксама. Маю напісанае, толькі перапісаць.
    Дзякую за сьвяточныя павіншаваньні, і Вам таксама мае пажаданьні ўсяго самага лепшага. Каб Вам справа музэю пайшла гладка і плённа!
    Цалую Вас шчыра. Ад маіх — прывітаньне.Л. Войцікава.
    168.	ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
    20 красавіка 1982 г. Вільня Дарагая пані Дануся.
    Засмуціў мяне Ваш ліст. Тым больш цяжка, што гэта ў Гродне. Німа людзей — німа беларусаў. Казёншчына, і ўсё. Мне здаецца, каб Аляксей Міхайлавіч [Пяткевіч] быў на мейсцы, быў бы Вам дапамогай — памог бы ваяваць. Але ж і яго німа.
    Пасылаю Вам адрас В. Скалабана. Зьвярніцеся да яго, спасылаючыся на мяне,— папрасіце, каб прыслаў Вам ксэракопію таго другога дакумэнту. Я да яго таксама напішу — возьмем яго з двух бакоў.
    Ці Вы маеце № 12 “Нёману” за1981 год?Там вельмі добра напісаны артыкул пра М. Багдановіча1. Гэта ў музэі мець не пашкодзіць. Калі ня маеце, напішыце мне. Я маю 2 экзэмпляры — магу прыслаць.
    Ня помню, ці я дала Вам аўтограф М. Багдановіча (копію) — пісульку Максіма да мяне? Калі не — прышлю. Напішу да Ніны Барысаўны Ватацы — мо яна Вам што парадзіць. Нядаўна яна прыяжджала да мяне разам з захавальніцай фондаў Музэю Багдановіча ў Менску і пляменьніцай Я. Купалы2. Шкада, што я тады ня ведала аб Вашых цяжкасьцях, асабіста пагаварыць мо было б больш карысна.
    На жаль, ня ведаю нікога прыватнага, хто мог бы Вам памагчы экспанатамі. Ды, праўду кажучы, нікога такога ў Вільні німа. Старыя паўміралі, а маладыя перасталі быць беларусамі. Адзін чалавек такі ёсьць, але хворы, у шпіталі.
    Я пісала да Новіка-Пеюна. У яго вялікія зборы кніжак. Цяпер ён усё разьбірае — адсылае ў Нясьвіж, у будучы музэй. Але мо яшчэ што мае? Ці Вам ідзе толькі аб тое, што тычыцца М. Багдановіча?
    Сумныя думкі апанавалі, калі даведалася аб усіх Вашых цяжкасьцях.
    Але ўсё ж я засьмяялася, прыпомніўшы, што і мае пачаткі працы ў рэдакцыі грамадаўскай прэсы былі аднолькавыя з Вашымі. I я ў рэдакцыі (адзін праціўны цемнаваты пакой і кухня) у першы дзень прынясла з сабой шчоткі, сьціркі, фартух, хустку на галаву і, зачыніўшыся на ключ, мыла вокны, падлогі. Толькі мела яшчэ адну неспадзяванку — кухня была заваленая пустымі бутэлькамі ад гарэлкі і віна... Такія былі мае папярэднікі.
    Ад Ларысы Антонаўны мела я ліст. Аб карэктуры яе кніжкі ведаю. Выбачайце, што так насьпех пішу. Апошнія дні вельмі дрэнна чуюся. Моцна завастрылася хвароба страўніка. I есьці не магу, і начамі амаль ня сплю. Ды яшчэ вясна ня хоча ўсталявацца — холад, дажджы, а і сьнег па пару разоў на дзень сыпле.