Зоська Верас. Я помню ўсё
Успаміны, лісты
Міхась Скобла
Памер: 498с.
2013
Пішу і крыва, і коса, знача, трэба кідаць і легчы. Цалую — Л. Войцікава.
Зоська Верас.
Данута Бічэль, Аляксей Пяткевіч, Зоська Верас. 1982 г.
3 Уладзімірам Ягоўдзікам.
Зоська Верас каля Лясной хаткі. Фота С. Панізьніка. 1978 г.
Лясная хатка. Фота Л. Луцкевіча.
Зоська Верас. 1982 г.
Ліст Нілу Гілевічу. 1980 г.
Янка Багдановіч, Галіна Войцік, Мікола Купава, Зоська Верас, Яраслаў Войцік, Яўген Кулік, Вячка Целеш. 1980 г.
Лявон Луцкевіч, Марыя і Аляксей Пяткевічы, Зоська Верас, Ніна Ляшковіч, Аляксандр Ліпень, Данута Бічэль, Генадзь Каханоўскі, Сяргей Панізьнік. 1982 г.
Зоська Верас і Сяргей Новік-Пяюн. 1977 г.
Антон Шантыр, Галіна Войцік, Станіслава Сергіевіч, Зоська Верас, Кастусь і Леакадзія Шышэі, Янка Багдановіч, Пётра Сергіевіч. 1970-я гг.
Зоська Верас, Аляксей Пяткевіч, Генадзь Каханоўскі. Фота С. Панізьніка. 1982 г.
V чаканьні гасьцей. Фота С. Панізьніка. 1978 г.
Зоська Верас. Фота С. Панізьніка. 1978 г. 3 Уладзімірам
Содалем. 1981 г.
Вольга Іпатава, Сяргей Панізьнік, Зоська Верас, Ала Чорная, Віталь Скалабан, Уладзімір Содаль. 1987 г.
3 зяцем Лявонам Луцкевічам, унукам Яраславам, пляменьніцай Валянцінай і дачкой Галінай. 1980 г.
Сустрэча
з моладзьдзю. 1987 г.
Лявон Луцкевіч, Пётра Садоўскі, Сяргей Шупа, Мікола Мурашка, Тацьцяна Сапач, Зоська Верас.
Аляксей Пяткевіч, Зоська Верас, Сяргей Панізьнік, Марыя Пяткевіч. 1987 г.
3 Сяргеем Панізьнікам. 1987 г.
Ніна Ляшковіч, Зоська Верас, Ніна Ватацы, Лявон Луцкевіч.
Сяргей Новік-Пяюн чытачам “Заранкі” быў вядомы як Малады Дзядок.
3 Анатолем Наліваевым.
V гасьцях у Зоські Верас слонімскія настаўнікі. 1986 г.
Здымаецца фільм пра Зоську Верас.
У кадры Галіна Войцік і Лявон Луцкевіч.
Лясная хатка без гаспадыні...
Адзін з апошніх лістоў Зоські Верас. 1989 г.
Vita brevis... Панарскія могілкі ў Вільні.
229. ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
72 красавіка 1984 г. Вільня Дарагая пані Дануся.
Шчыра дзякую за ліст. Я ўжо непакоілася Вашым маўчаньнем. Так і думалася, што ў Вас з настроем ня ўсё добра. Неяк не дайшло да мяне, што гэта якраз цяпер угодкі сьмерці Ларысы Антонаўны [Геніюш]. Столькі цяпер у мяне такіх угодкаў — адна за другой падходзяць і праходзяць гэтыя сумныя даты.
А сколькі цяпер новых стратаў, новых неспакояў аб цэласьці спадчыны! Мар’ян Пецюкевіч, Язэп Александровіч1... Аб спадчыне Мар’яна Пецюкевіча памог паклапаціцца Язэп Александровіч, можна сказаць, амаль у канцы свайго ўласнага жыцьця. А што будзе з яго ўласнай спадчынай, думаю, даволі багатай, хоць ён увесь час што болыл каштоўнае аддаваў у музэі...
Трэба даведывацца, пытацца, а тут, як на бяду, чуюся вельмі дрэнна. I ногі, і страўнік, і галава — усё адмаўляецца служыць. Учора неяк чулася лепш — шмат хадзіла, увечары рабіла сабе на лякарства віно з альясу. Пакуль зрабіла, была на нагах гадзіны дзьве. А сяньня ледзь-ледзь рухаюся. Галавы ня могуць успакоіць ні таблеткі, ні гарчычнік.
Сардэчна Вам дзякую за добрыя весткі са Слонімскага школьнага музэю. Нарэшці ведама пэўна, што хоць пачаткі музэю, але ўжо існуюць. Што там дзеці гавораць добрай мовай — ведаю, бо пару разоў да мяне пісалі.
Алесь Мікалаевіч [Белакоз] піша часта. Толькі быў пэўны перарыў, калі ён езьдзіў у Менск. Г.А. Каханоўскі спаткаў Алеся Мікалаевіча ў Менску і, як расказываў мне, не пазнаў яго — так дрэнна выглядаў. Паміж іншым, Г. Каханоўскі ўжо цэлы тыдзень у Вільні і ў нядзелю 8-га быў у мяне.
У Гудзевіцкі музэй мы са Слаўкам зрабілі 10 табліцаў зусім закончаных. Выслалі. А пасьля я паслала 15 чарнавікоў. Атрымалі. Цяпер зраблю яшчэ 5 чарнавікоў і дадам да іх рысункі-выразкі, якія мне дала Галя — з нямецкіх часопісаў. Калі змагу, буду рабіць далей. Матэр’ял маю, але трэба ж яго апрацаваць, напісаць. Першыя рабіць было лёгка і хутка, бо ў мяне былі гатовыя запісы, а цяпер трэба карыстацца кніжкамі і іншымі крыніцамі. Калі галава не дакучае, сьвяжэйшая, то даю сабе рады, а сяньня і прабаваць не бяруся.
Калі Вам сілы і здароўе пазволяць — прыяжджайце. Я заўсёды рада Вас бачыць. Шмат хто зьбіраецца прыехаць. Званіў Новік-Пяюн, што ён і пляменьнік М. Пецюкевіча прыедуць 21 красавіка. Гэты дзень на прыйманьне гасьцей не найлепшы — Вялікая субота перад Вялікаднем. Хоць крыху нешта прыгатаваць трэба, каб падтрымаць старую традыцыю.
Лістоў, як заўсёды, шмат — па 6-7 аднаго дня. Як магу, стараюся ўсім адказаць. Маю новага цікавага карэспандэнта з Глыбокага2 і новую школу з Лагойска, дзе ладзяць музэйны куток імя Ядвігіна Ш. Апошняе мне “пасватаў” В. Скалабан.
Каб на плячах была нармальная галава, а ня нейкі балючы кацёл, то можна было б жыць. Вартасная мэта была б. Ну, пабачым, што далей будзе. А пакуль што зёлкамі для Гудзевічаў трэба далей заняцца. Падобна, там гэтая работа выклікае вялікае зацікаўленьне.
Цалую сардэчна і чакаю. Ад усіх маіх — шчырае прывітаньне. Ад чатырохлапых — таксама. Л. Войцікава.
230. ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
23 мая 1984 г. Вільня
Даражэнькая пані Дануся.
Што з Вамі, гродзенцамі, робіцца? Hi ад Вас, ні ад Аляксея Міхайлавіча [Пяткевіча] — ні гуку! Ці езьдзіў хто ад Вас у Гудзевічы — на 15-я ўгодкі музэю? 3 Менска езьдзіла чалавек 5 ці 6. Зарганізаваць такую дэлегацыю даручыў У. Скарынкіну Ніл Гілевіч. Хто апрача Скарынкіна езьдзіў, яшчэ ня ведаю. Мяне запрашалі і Алесь Мікалаевіч [Белакоз], і дзеці. Але дзе мне ўжо думаць аб такой падарожы.
Страшна баляць ногі — ледзь хаджу. А так хочацца на гарод. Цэлае мора кветак. Усё цьвіце, буяе ўсімі магчымымі колерамі. Выйду, прайду некалькі крокаў — і хоць на зямлю садзіся.
А сёлета ўсё вельмі буйна цьвіце: каштаны, бэз. Маем бэзу 3 гатункі, пах — на цэлае навакольле. А вось ці зацьвіце белая акацыя? Няведама. 3 9 на 10 мая ўночы быў прымаразак. Прымерзьлі акацыі, кветкі сьліваў, парэчак і інш.
Я далей займаюся лекавымі зёлкамі для Гудзевічаў. I іншай падобнай работы хапае. Лістоў, як заўсёды, шмат. Зьяўляюцца і новыя карэспандэнты — цікавыя людзі. Чакаю Вас, хачу падараваць крыху “Заранкі”, калі яна Вам спатрэбіцца. Новыя кніжкі — “Дарогамі Максіма” А. Бачылы (новае выданьне), “Творы” У. Галубка, хіба, маеце? У мяне знайшлося (прывозяць) па 2 экзэмпляры. Трэба лішняе камусьці аддаць, бо ўжо і класьці німа куды.
Атрымала ліст ад Кожана1 — выкладчыка ў школе ў Германавічах, Шаркаўшчынскі р-н. Ён вельмі хоча летам спазнаць Гродна, яго гістарычныя помнікі. Пытаецца, ці Вы былі б ласкавы з Гроднам яго пазнаёміць? Ён там нікога ня ведае. Кожан — вельмі цікавы чалавек. Апантаны краязнавец. Mae шмат сабранага матэр’ялу аб сваім раёне, яго гісторыі. Перакапаў, хіба, усе віленскія архівы і бібліятэкі, шукаючы гістарычных вестак. Будзе пісаць працу аб сваім раёне. А пісаць умее, і мова ў яго добрая. Я яму абяцала прасіць Вас прыхільна аднесьціся да яго просьбы і Гродна паказаць. Ці зможаце? Гэта летам, падчас канікулаў. Можна загадзя дамовіцца аб часе.
Чакаю якой-небудзь ад Вас весткі, а найлепш Вас асабіста. Цалую сардэчна — Л. Войцікава.
231. АЛЕСЮ БЕЛАКОЗУ
17 чэрвеня 1984 г. Вільня
Дарагі і паважаны Алесь Мікалаевіч.
Вы, магчыма, непакоіцеся, што я так доўга не адказываю на Ваш ліст з дня 11/6. У мяне са здароўем усё па-старому, ня горш, але быў у нас дні тры гродзенскі малады мастак Яўген Шунейка1! Маляваў зёлкі. Намаляваў акварэлямі на спэцыяльнай паперы 10 малюнкаў, штук 4 з натуры. Вельмі добра. Пару — горш, але гэта мая віна, бо дала дрэнны ўзор. 3 тымі, што прыслаў менскі мастак Ракіцкі2 (зробленыя алоўкам) — 7 штук, маем усяго 17, але да іх (да часткі) трэба яшчэ напісаць тэкст. Вазьмуся за гэта заўтра. Думаю выслаць усё разам.
Хіба няварта высылаць асобна рысункі, асобна тэкст? Буду старацца напісаць як найхутчэй, але за 1-2 дні не пасьпею, бо работа немалая. I так, астануцца яшчэ зёлкі (тэкст), якія хачу выслаць з выразкамі, бо іх маю, і до-
брыя. Думаю, што лепш зрабіць з існуючымі выразкамі, ці чакаць выпадку, што ізноў падвернецца які мастак, і то такі ахвотны да работы.
Яўген Шунейка — надзвычай сымпатычны. Ня толькі як мастак вартасны, але і як актыўны беларус-энтузыяст. Каб больш нам такой моладзі, можна было б мець надзею, што надыйдуць лепшыя для нас часы. Уладзімір Ракіцкі — натура менш энэргічная, спакайнейшая, але таксама вартасны і сымпатычны чалавек.
Сяньня пажагналіся з Я. Шунейкам. На маё пытаньне, як разьлічымся за работу, адказаў: “Ня крыўдзіце мяне такімі пытаньнямі”. Прыйшлося перапрасіць за прапанову платы і толькі ад усяго сэрца падзякаваць. Здаецца, тое самае і з Ракіцкім. Бо рысункі прыслаў, а сам цяпер у Магілёўшчыне — пры рэстаўрацыі старога касьцёла, і цяжка з ім паразумецца. Вельмі прыемныя былі гэтыя дні. Я нават аб сваіх болях забывалася.
Дзякую за адрасы старшыні калгасу і старшыні райвыканкаму. 3 прыемнасьцю напішу ім, але крыху пачакаўшы, як ужо вышлю Вам рысункі і тэксты.
Баюся, ці не спазьнюся з адказам на Вашае пытаньне аб К.А. Кожане. Можа, ён ужо ў Вас быў? Гэта вельмі вартасны чалавек. Надзвычайна энэргічны і працавіты. Хоча ў сябе ў школе заснаваць музэй. Ён — пэдагог, але з замілаваньня краязнавец. Быў у мяне ўжо некалькі разоў, раз — з жонкай. Ужо даўна пачаў прыяжджаць у Вільню ў архівы ды бібліятэкі, дзе шукаў гістарычных вестак аб сваёй ваколіцы — Шаркаўшчынскім р-не і яго беларусах: Я. Драздовічу, П. Ластаўку, агр[аноме] Я. Пачопку.
Матэр’ялаў мае ўжо шмат і цяпер будзе іх апрацоўваць. Піша добра, добрай мовай. Гэта павінна быць цікавая краязнаўчая праца. Калі будзе ў Вас у Гудзевічах і ў Гродне, якое таксама хацеў пазнаць, то, напэўна, падрабязна мне ўсё апіша. Яго лісты — такія жывыя і падрабязныя, чытаючы іх, быццам усё бачыш сваімі вачамі.
Трэба ўжо канчаць. Ужо па 8-й вечара. Сяньня ўжо ня буду нічога пачынаць рабіць. Увесь час дзень у дзень былі дажджы. Сяньня першы дзень быў сонечны. Але ізноў захмарылася, і таму пачала балець галава. Маю напісаць 5 важных лістоў, людзі чакаюць адказу, а я маўчу. Гэта вельмі непрыемна, і мучыць сумленьне.
Усяго добрага! Пішыце. Як цяпер чуецеся? Шчыра зычлівая Л. Войцікава.
232. ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
1 ліпеня 1984 г. Вільня
Даражэнькая пані Данута.
Ліст Ваш прыйшоў на другі дзень — 27 чэрвеня. Увесь час пра Вас думаю, а напісаць не ўдавалася. Хіба, гэта сучасная хвароба — такія абыякавыя адносіны людзей, адных да другіх, асабліва калі німа патрэбы.