Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча
Партрэт пісьменніка і чалавека
Адам Мальдзіс
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 208с.
Мінск 2010
А раніцою прачнешся ў сене: трава росная, хмызы гараць расою пад сонцам. Нейкі дзядзька ідзе з вобраццю лавіць каня, а балабон аддаецца недзе ў лугах, чысты, ясны, як звон той царквы, якая патанула калісьці ў Чырвоным возеры».
Пісалася гэта, калі мы пра экалогію, пра навакольнае асяроддзе яшчэ і не думалі, не гаварылі. Здавалася тады, што адведзенага нам прыродай хараства хопіць на ста-
годдзі. А Караткевіч, няхай і падсвядома, разумеў ужо: не хопіць, калі не ашчаджаць. Таму ў аповесці адчуваецца не толькі радасць ад адзінства з прыродай, але і затоеная трывога за яе лёс. За лёс кожнай траўкі, кожнай птушкі і нават экзатычнай афрыканскай змяі лаў.
Такая ж трывога, толькі, можа, больш выразна, палемічна выражаная, агортвае Ухадзіслава Берасневіча, калі ён думае ці разважае пра гістарычную памяць народа, пра яе зберажэнне і памнажэнне. Тады, калі пісалася аповесць, нямала было дзеячаў, якія лічылі, што сапраўдная гісторыя пачынаецца толькі з іх, а ўсё ранейшае не варта асаблівай увагі або нават і шкодна. У аповесці ж Караткевіча настойліва праводзіцца думка аб жывой повязі пакаленняў. Берасневіч ганарыцца, што яго продкі актыўна ўдзельнічалі ў рэвалюцыйна-вызваленчай барацьбе. Яму блізкі стары дэкан Грушэвіч, які ў вольныя хвіліны расказваў «пра свае сустрэчы з Горкім, пра тое, як яму давялося працаваць некаторы час з Леніным». Ідэал Берасневіча — выкладчык філасофіі Маркевіч, чыё «цела ўсё пасечана ў вайну». Так што ў аповесці і блізка няма таго супрацьпастаўлення розных пакаленняў, якое не-не дый сустрэнецца сярод сённяшняй моладзі. Наадварот, ёсць глыбокае разуменне іх пераемнасці, разуменне таго, што трэба зберагаць і памнажаць нашу гістарычную спадчыну, захоўваць памяць пра важныя падзеі і вялікіх людзей. I гэтым, сваім гістарычным мысленнем, Берасневіч блізкі і нам, людзям іншай, але сугучнай эпохі.
I яшчэ адна вельмі істотная рыса прываблівае нас у галоўным героі аповесці. Уладзіслаў Берасневіч — чалавек дзейсны, сацыяльна актыўны. Праца дзеля іншых, дзеля грамадства — ці то на суботніку, ці то ў вясковым клубе — спараджае ў ім глыбокае, унутранае задавальненне, пачуццё выкананага абавязку. Берасневічу блізкая і дарагая родная Беларусь, яе мова, гісторыя, фальклор — і адначасова ён сапраўдны інтэрнацыяналіст, бо паважае «другія народы», ведае іх культурныя здабыткі. Ён адданы сваёй сацыялістычнай айчыне, нават у самыя цяжкія хвіліны не аддзяляе
сябе ад камсамола. I таму ў адказ на дэмагагічныя абвінавачванні можа з поўным правам і адкрыта, нібы на споведзі, сказаць на студэнцкім сходзе: «I вы ведаеце мяне, вы ведаеце, я не зрабіў ніводнага ўчынку, які можна было б назваць варожым учынкам, учынкам чалавека, які ненавідзіць нашу рэчаіснасць. Маё жыццё чыстае перад камсамолам, перад дзяржавай. Калі я думаю, што ёсць у нас яшчэ цемрашалы, якія імкнуцца парушыць еднасць нашых народаў — я кажу гэта проста ў вочы і гэта не азначае, што я лічу цемрашаламі ўсіх. Калі я люблю сваю радзіму — гэта яшчэ не нацыяналізм. Я кажу адверта, што люблю».
Драматычны сход, на якім прагучалі працытаваныя словы, з’яўляецца ў аповесці кульмінацыяй усяго дзеяння. Ён істотна заважыў на лёсе галоўнага героя: яму давялося пакінуць універсітэт, адмовіцца ад аспірантуры. На доўгі час адцуралася ад яго нават Алёнка, натура тонкая і ўражлівая. Але Берасневіч свядома і мужна робіць свой выбар, ідзе на канфлікт з Маркічам і Холадавым. Мог пайсці на кампраміс, мог пакаяцца ва ўяўных грахах і, у выніку, атрымаць меншае пакаранне. Але такое не ў натуры Берасневіча. Маркічаўшчына здавалася яму небяспечным адступленнем ад ленінскіх прынцыпаў, якія для яго, як і для ягонага бацькі, свяшчэнныя. Таму ён і ідзе на подзвіг, не меншы, чым выратаванне Сяляўкі ад пэўнай смерці пад бетоннай плітой. Гэты подзвіг патрэбны не толькі Берасневічу, але і яго сябрам, бо адкрыў вочы на праўду, дазволіў ім, таму ж Сяляўку, духоўна выпрастацца, скінуць з сябе цяжар «маркічаўшчыны». А калі мы прыгадаем, што тады яшчэ быў 1952 год, a «маркічаўшчына» — даволі распаўсюджанай зявай (аналагічныя сходы перажыў Караткевіч, памятаюцца яны і мне па Беларускаму ўніверсітэту), то становіцца зразумелай уся значнасць учынку Берасневіча. Ён пратэставаў супраць мёртвага дагматызму сталінскай «зімы», выступаў за веснавое абнаўленне грамадства.
I Берасневіч дачакаўся гэтага абнаўлення, прыняў яго арганічна і радасна, бо, як кажа Алёнка, «інстынктам, сумленным сэрцам прадбачыў гэта наперад».
Як і сам Караткевіч.
Аповесць «У снягах драмае вясна» — павучальная гісторыя адной маладосці, у якой праглядваецца лёс цэлага пакалення. Пакалення, што выступала тады за адзінства слова і справы, за шырокую галоснасць, супраць «забароненых» тэм і твораў (прыгадаем, як Берасневіч абараняе «рэакцыянера Дастаеўскага»). I ў гэтым — пазнавальнае і выхаваўчае значэнне аповесці, яе актуальнасць. Многія старонкі яе (асабліва пра важнасць маральных прынцыпаў, працоўнага выхавання, неабходнасць адрозніваць здаровую крытыку ад дэмагогіі, патрыятызм — ад нацыяналізму) нібы спецыяльна адрасаваны сённяшняй моладзі, наглядна вучаць яе таму, што жыццё развіваецца дыялектычна, праз адмаўленне адмаўлення. Вучаць аптымізму.
«У снягах драмае вясна» ўяўляецца мне маладым і свежым парасткам, з якога потым вырасла ўся проза Уладзіміра Караткевіча. Парасткам, у якім ужо былі яе многія вызначальныя рысы. I ўменне бачыць у звычайным, будзённым узнёслае і рамантычнае. I незвычайнасць, неардынарнасць учынкаў. I яркая вобразнасць, спалучэнне неспалучальнага. I непаўторная, насычаная новаўтварэннямі лексіка. Праўда, у аповесці яшчэ няма так характэрнага для Караткевіча напружання дзеяння (хаця і яно з’яўляецца ў апісанні сходу). Сюжэт яшчэ не заблытаны, не «закручаны», як у пазнейшых творах — скажам, у «Чорным замку Алыпанскім». Чытача яшчэ не інтрыгуюць ніякія таямніцы. Але, зрэшты, гэта і не вымагалася матэрыялам аповесці. У ёй усё проста і ясна. А ў некаторых мясцінах — і прамалінейна. Пры жаданні ў аповесці можна знайсці і іншыя пралікі (напрыклад, недастатковую індывідуалізаванасць некаторых постацей, псіхалагічную нематываванасць некаторых учынкаў), што найперш тлумачыцца маладосцю аўтара. Але напісана яна па-караткевічаўску насычана, «густа» — у ёй няма нічога неабавязковага, лішняга. I галоўнае, напісана таленавіта.
Яшчэ адным незабыўным адкрыццём для мяне (і, спадзяюся, для чытача) сталі запісныя кніжкі Уладзіміра Караткевіча, з якімі я, побач з іншымі членамі камісіі па
спадчыне пісьменніка, пазнаёміўся раней, чым аддаць іх Язэпу Янушкевічу для падрыхтоўкі да друку.
На першы погляд у гэтых кніжках пераважаюць паўсядзённыя запісы: дзе быў, што бачыў, што чытаў. Да таго ж вяліся яны нерэгулярна, як правіла, у час падарожжаў — па Бярэзінскім запаведніку, Палессю, Чорнаму мору (на цеплаходзе ў 1970 годзе), Чэхаславакіі. Гэта — беглыя занатоўкі са шматлікімі скарачэннямі слоў (часам іх цяжка або і немагчыма расшыфраваць), якія, відаць, прызначаліся для будучых нарысаў і эсэ (а можа, і ўспамінаў). I толькі запісы за 1982 год маюць сістэматычны характар, набліжаюцца да дзённіка. Тут рэгулярна, дзень за днём, адзначаецца, якое было надвор е (нават тэмпература за акном) і якім — настрой.
Аднак побач з паўсядзённым і нават дробязным у запісных кніжках Уладзіміра Караткевіча ёсць багата такога, што мае непераходную каштоўнасць. Як, да прыкладу, верш «Выносьце з сэрцаўсаркафагі», напісаны 1 лістапада 1961 года ў мінскім вакзальным рэстаране, відаць, пад уражаннем ад весткі пра вынас з маўзалея цела I. Сталіна:
Пакуль не ўмерла ў сэрцы прага, Пакуль вы помніце бяду, — He забывайце саркафагі, Што з велічы ў нябыт ідуць.
He пагарджайце чыстым словам, Што краты ведае й свінец, I чалавечнасцю суровай, Што ў пекле марыць аб вясне.
I ведайце: за ўсё чысцее Галеча нездрадлівых слоў, Бо не выносяць з маўзалеяў Hi Бацькаўшчыну, ні Любоў.
Пакуль не ўмерла праўды прага, Пакуль не зведалі бяду, — Выносце з с^рца саркафагі, Выносце саркафагі з душ...
Запісныя кніжкі пераконваюць, што Уладзімір Караткевіч добра ўсведамляў сваю «будзіцельскую» місію, сваё месца ў тагачаснай беларускай літаратуры і беларускім грамадстве. Ен свядома выбраў свой цяжкі шлях. Яшчэ ў 1963 годзе, калі новыя «замаразкі» толькі-толькі наступалі, ён пераканана сцвярджаў: «Мне заўсёды краяла сэрца нейкая недарэчная прамежкавасць нашага народа (народмежеумок, сказалі б расіяне). Заўсёды ён за кагосьці. I амаль ніколі ён не бывае сам за сябе. 14 г[од] як я зразумеў гэта, і ўсё гэта стала для мяне адной вечнай крыніцай пакут. I яшчэ трохі — шчасця, падфарб[аванага] горкім гонарам. Таму што мне нічога і нікога не трэба, акрамя гэтых людзей, якім я непатрэбен і якім непатр[эбна] іх імя.
I таму я бядн[ейшы] за апошняга жабрака і, адп[аведна], самы багаты. Бо я магу дазв[оліць] сабе раскошу любіць усіх.
Пакуль самаасэнс[авання] няма калі, трэба проста, горда і самотна рабіць сваю справу, не зважаючы ані на якія пляўкі, поўхі, страты. Відаць, пры такім становішчы біць будуць з усіх бакоў. Што ж, і гэта набытак. Такім, па-мойму, пакуль што яшчэ ніхто не мог пахваліцца. Калі вытрымаем — значыць, тытаны і не памрэм. Калі не вытр[ымаем] — туды нам і дарога, шэлег нам кошт і смецце нам магіла. I іншага мы не варты. I хай яны тады здыхаюць, такія ўладары думак і такі народ, не пераводзяць дарма хлеб. Таму што кожны купляе права на жыццё мар[альнай] стойкасцю, веліччу душы, у якую ніхто не мае магчымасці запусціць лапы.
Відаць, лёс любіць нас, калі даў нам такі гонар: быць адным супраць усіх. А калі так, то ўступ[ае] у правы дэвіз Давыда Гарадзенскага: «Нас мала, не чакайце літасці».
Або вось гэты запіс, датаваны 1980 годам. Без яго аніяк не абысціся ўсім даследчыкам творчасці УХадзіміра Караткевіча — так дакладна і ёміста вызначыў ён, чаму менавіта ўзяўся за гістарычную прозу: «Без гістарычнага рамана, гістарычнай літаратуры ўвогуле не можа абудзіцца нацыя, бо няма без пачуцця гістарызму, без спакойнага гонару за сябе і проста самапавагі, без веры ў тое, што яна ёсць яна,
непераходзячая, сталая, вечная каштоўнасць вечнага чалавецтва і па ўсіх гэтых прычынах павінна жыць, жыць дзейна і велічна, ведаючы сабе цану і ў дрэнным і ў вялікім».