Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча
Партрэт пісьменніка і чалавека
Адам Мальдзіс
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 208с.
Мінск 2010
«Быў. Ёсць. Буду», «Маці ўрагану», «У снягах драмае вясна», «Маленькая балерына», дзённікавыя і падарожныя запісы... Кнігі і творы, якіх Уладзімір Караткевіч у надрукаваным выглядзе ўжо не пабачыў... У чытача, натуральна, можа ўзнікнуць пытанне: а ці будуць яшчэ такія ж публікацыі і знаходкі? Ці ўсё мы ведаем са спадчыны пісьменніка? Як член камісіі па гэтай спадчыне, магу адказаць: далёка не ўсё. Калі мы з Янкам Брылём, Генадзем Кісялёвым і Наталляй Кучкоўскай складалі беглы вопіс рукапісаў Караткевіча, якія засталіся ў яго кватэры (частка іх яшчэ пры жыцці была перададзена ў Архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР і Цэнтральную навуковую бібліятэку АН БССР), то ў 114 ёмістых папках, побач з апублікаваным, знайшлі нямала і невядомага чытачу. Гэта— кінасцэнарыі («Расказы з каталажкі», «Мёртвыя ўваскрашаюцца», «Супраць усіх», «Гнеўнае сонца»), п’еса («Трохі далей ад месяца»), казкі, апавяданні, эсэ, пераклады, якія пакуль што не ўвайшлі ў Збор твораў. Некалькі важных знаходак зробленаў іншых рукапісных сховішчах. Працуючы ў Літаратурным музеі Якуба Коласа, Анатоль Верабей выявіў там з дапамогай супрацоўнікаў агульны сшытак з казкамі, двума апавяданнямі («Дзядуля» і «Паляшук»), вершамі на беларускай і рускай мовах, якія юны Караткевіч даслаў песняру (відаць, яшчэ з Кіева), а таксама першую публікацыю — верш «Якубу Коласу», надрукаваны ў аршанскай раённай газеце ў 1951 годзе. А ў акадэмічнай бібліятэцы той жа даследчык знайшоў рукапіс прынцыпова важнага апавядання «Вялікі Шан Ян», пра якое гаварылася, што яно беззваротна загінула. Усё гэта, будзем спадзявацца, неўзабаве пабачыць свет.
Аднак і тое, што сёння апублікавана, здзіўляе нас як аб’ёмам (разам усяго набярэцца больш трохсот выдавецкіх аркушаў), так і жанрава-тэматычнай шматграннасцю. Бадай няма такога жанру, у якім Ухадзімір Караткевіч не спра-
баваў бы свае сілы! Раман і аповесць, апавяданне і навела, верш і балада, трагедыя і кінасцэнарый, лібрэта оперы і эсэ... А былі ж яшчэ нарысы і публіцыстыка. Своеасаблівай візітнай карткай нашай рэспублікі, падручнікам па гісторыі і краязнаўству стала кніга «Зямля пад белымі крыламі», перакладзеная ўжо на англійскую, нямецкую, літоўскую і іншыя мовы. Чытаючы яе, здзіўляешся эрудыцыі аўтара, яго ўменню вобразна і эмацыянальна паказаць, здавалася б, звычайныя факты. Такое ж яркае ўражанне пакінулі эсэ Караткевіча пра Віцебск і Тураў, Кіеў і Прагу, яго артыкулы пра Францішка Скарыну і Максіма Багдановіча, Міхаіла Шолахава і Лесю Украінку, рэцэнзіі на зборнікі Р. Барадуліна, Я. Сіпакова, В. Зуёнка, I. В. Гётэ, Д. Байрана, публіцыстычныя выступленні ў абарону навакольнага асяроддзя ці помнікаў драўлянага дойлідства. Грунтоўны, даследчыцкі аналіз, навуковая аргументацыя спалучаюцца тут з вобразнасцю і займальнасцю выкладання.
Такім жа шматгранным з яўляўся Укадзімір Караткевіч як асоба, як індывідуальнасць. Ён быў надзелены не толькі пісьменніцкім талентам. Здымкі некаторых фільмаў засведчылі, што ў яго было «кінематаграфічнае вока», што ён разбіраўся ў рэжысёрскім і аператарскім мастацтве не горш прафесіяналаў. Ён умеў маляваць, пра што сведчаць змешчаныя тут рэпрадукцыі з майго хатняга «Часопіса», і пры жаданні мог бы ілюстраваць свае кніжкі. Ён любіў спяваць — асабліва старадаўнія беларускія песні. Аднойчы, згадвае В. Шчадрына, калі ён у Кактэбелі зацягнуў «Ой, косю мой, косю...», прыціхла, зачараванае, усё курортнапляжнае ўзбярэжжа... Урэшце, у яго быў акцёрскі талент — яго апавяданні пра розныя забаўныя здарэнні можна было слухаць бясконца. «3 Уладзімірам Караткевічам кожная сустрэча была б занадта кароткая», — пісаў неяк у часопісе «Керункі» польскі журналіст Яцак Москва.
Дык якім жа быў ён, адзін з самых папулярных сёння беларускіх пісьменнікаў?
Быў розны — як і яго вочы. Часта вясёлы, гарэзлівы — тады яго нязмушаны смех гучаў гучна, раскаціста. Часам
задумённы і сумны — асабліва калі сустракаўся з праявамі чалавечай дурасці і кар’ерызму. Часам — у апошнія гады жыцця — раздражнёны і гнеўны. Але заўсёды сумленны (яму давяралі падлічваць галасы пры бурным галасаванні, лагодзіць канфлікты паміж пасваранымі сябрамі). I высакародны. Колькі яму папсавалі крыві розныя крытыкі-дагматыкі (даходзіла да таго, што Л. Жога ў «Літаратуры і мастацтве» заклікаў Караткевіча пісаць... «сэрцам, а не жоўцю»), аднак ён не апускаўся да дробнай помсты. Часам толькі кіне ў адказ рэпліку з залы або складзе дасціпную прыпеўку.
Аднак непараўнальна больш, чым ворагаў, было ў Караткевіча сяброў. А сярод іх — акадэмікі і леснікі, Васіль Быкаў і невядомы нікому пачатковец, артысты віцебскага тэатра і дняпроўскія рыбакі, зарубежныя паэты-перакладчыкі і калгаснікі з-пад Рагачова... Караткевіч усіх гасцінна прымаў, да ўсіх ставіўся даверліва, часам наіўна — як дзіця. Віктар Карамазаў расказваў мне (а потым і апісаў) такі выпадак. Караткевіч часта хадзіў на Старажоўскі рынак, дзе любаваўся рознай жывёлай. Яго ўжо там ведалі — асабліва прадаўцы сабак і птушак. I вось аднойчы падыходзіць ён да «галубятніка» і абураецца тым, што той трымае такіх прыгажуноў у цеснай клетцы. Гандляр здзекліва адказвае: «Калі шкада — то плаці: выпушчу на волю». «Колькі?» «Па дзясятцы за кожнага!» Караткевіч аддаў тады ўвесь свой ганарар. Браў кожнага голуба з клеткі і трыумфальна ўзнімаў увысь: ляці! А тыя птахі... вярталіся звычным шляхам да гаспадара, у яго клеткі.
Вызначальнай рысай Уладзіміра Караткевіча была ўсебаковая адукаванасць. Ён аднолькава добра разбіраўся ў гісторыі сусветнай літаратуры, жывапісу, музыкі, архітэктуры. Колькі разоў мне даводзілася прысутнічаць пры тым, калі ён беспамылкова вызначаў аўтарства карціны або мелодыі, выйграваў пары ў мастакоў або кампазітараў. Эрудыцыя Караткевіча была такая глыбокая, энцыклапедычная, што побач з ім, гаворачы яго ж словамі, «ажно боязна было сядзець». Эрудыцыя не мёртвая, не схаластычная... Калі на-
ставала патрэба, назапашаныя веды тут жа імкліва выкарыстоўваліся ў творах, у сяброўскай дыскусіі.
Як ужо гаварылася, У\адзімір Караткевіч быў заўзяты падарожнік. Ён аб’ездзіў (з кінагрупамі, акадэмічнымі экспедыцыямі, пісьменніцкімі брыгадамі) усю Беларусь, абхадзіў (з вудай на стронгу і кошыкам на смарчкі) усю Міншчыну і Аршаншчыну. Вандраваў за народнай песняй і трапным словам, дзеля сустрэч з жывымі людзьмі і помнікамі гісторыі. А яшчэ ж былі паездкі ў братнія рэспублікі і замежныя краіны. I адусюль ён прысылаў ці прывозіў уласнаручна зробленыя фатаграфіі — дасціпныя, нечаканыя па сюжэце. Прывозіў сувеніры, што запаўнялі на паліцах месца перад кнігамі. Колькі там было гліны і дрэва, забаўных чарцей і рэдкіх выкапняў!
Дарэчы, пра кніжныя паліцы. На ўсіх мінскіх кватэрах Укадзіміра Караткевіча яны нязменна займалі галоўнае месца ў інтэр’еры. Беларуская і руская класіка, дарэвалюцыйныя выданні па гісторыі, альбомы з рэпрадукцыямі, прыгоды, фантастыка, дэтэктывы, падарункі сяброў з аўтографамі... Усё гэта стаяла вонкава ў хаосе, але гаспадар дакладна ведаў, дзе што шукаць.
Уладзімір Караткевіч быў дасведчаным, вялікім кніжнікам. У кожную вольную хвіліну, дома або ў гасцях, ён хуткім позіркам аглядаў паліцы, беспамылкова выцягваў адтуль нешта цікавае і тут жа паглыбляўся ў чытанне.
Які ж круг чытання быў у Караткевіча? Хто былі яго любімыя пісьменнікі, духоўныя настаўнікі? Адказ на гэтыя пытанні нялёгкі. Даючы інтэрв’ю Розе Станкевіч, ён сказаў: «Што датычыць любімых твораў, то іх вось так — раз і назаўсёды — няма. У кожным узросце меў улюбёнцаў і багоў. Чытаю кожнага ў залежнасці ад настрою. Калі ён светлы — то Пушкіна, гнеўны — ранняга Купалу, Багдановіча, Шаўчэнку, калі настрой філасофскі і грэбліва непрымірымы да смуроду і пошласці — проста хоць на дуэль — Лермантава, Гарэцкага і Льва Талстога, роўны — добрыя гістарычныя раманы Сянкевіча, лепшыя рэчы Аляксея Талстога.
I, прызнаюся, хоць ведаю, што сёй-той скрывіцца, перад працай, якая патрабуе разлічанай, завостранай думкі, вельмі люблю чытаць добрыя дэтэктывы, сапраўды добрыя. Да іх залічваю не толькі, скажам, творы Сімянона і лепшыя раманы Агаты Крысці, але й роднага па духу Стывенсана. I, калі браць вяршыні, на якіх нават дыхаць цяжка, — «Братоў Карамазавых».
Далей сярод творчых настаўнікаў зноў называюцца Багдановіч, Купала, Гарэцкі. Яшчэ — Колас. I, нечакана, Кіплінг. 3 жывых, беларускіх, любімыя — Барадулін, Танк, Панчанка, Брыль, Быкаў. А яшчэ (гэта ўжо з інтэрв’ю для Б. Фірштэйна) — «аўтары гістарычнага жанру і фантасты» Вальтэр Скот, Аляксандр Грын, Шэклі, Лем, браты Стругацкія. Чыталася ўсё гэта ўсхвалявана, эмацыянальна.
А яшчэ Уладзімір Караткевіч быў працаўнік. Вось я перачытаў напісанае — пра тое, што галоўнае месца ў кватэры Караткевіча займалі кніжныя паліцы — і сумеўся: а ці так гэта? Бо галоўнае месца займаў усё ж пісьмовы стол. Столпрацаўнік. I, як ужо казалася, стол-рамантык.
Працаўнік — таму, што на ім нязменна ляжалі папкі з рукапісамі, добрая папера і добрае — кітайскае або паркераўскае — пяро. Караткевіч адносіўся да пісання як да свята, асабліва ў маладзейшыя гады. Апранаў чыстую кашулю. Ставіў побач кубак моцнай кавы. Даставаў падрабязна прадуманы і неймаверна счырканы план дзеяння. I — «свяіценнодействовал». Пісаў дробным почыркам, амаль без паправак, «начыста і намёртва», як казаў ён сам. Хаця пасля настаўнічання ў Лесавічах і Оршы Караткевіч нідзе стала не працаваў, не меў «партфеляў», бо не імкнуўся да іх, жыў на «вольным» творчым хлебе, больш таго, не разумеў і не спагадаў іншым, хто хадзіў у « дэпартамент», аднак працаваць умеў і любіў. I злаваў, калі хто адцягваў яго ад стала дробязнымі справамі. Бо разумеў цану часу. Дзесьці пасля пяцідзесяцігоддзя спецыяльна паставіў на стол электронны гадзіннік, які міргаў зялёнымі лічбамі, пульсаваў кропкамі: momento mori, памятай аб смерці.
А рамантык — таму што на стале заўсёды можна было пабачыць нешта незвычайнае, выключнае. To плоскую полацкую плінфу. To каменную сякеру, прынесеную кімсьці з археолагаў. To шкляное рыбацкае грузіла ці дзівосныя каралы.
Такім жа — працаўніком і рамантыкам — быў і сам гаспадар стала. Тыя ж рысы набывалі і творы, напісаныя ягонай рукой. Будзённае, дакладнае, рэалістычнае ў іх (ад аповесці «У снягах драмае вясна» да «Чорнага замка Альшанскага» і «Маці ўрагану») арганічна спалучалася з узнёсла-рамантычным, таямнічым. Караткевіч паказваў мінулае, навакольны свет і такімі, якімі яны былі на самай справе, і такімі, якімі маглі быць. Героі пісьменніка часта дзейнічаюць у выключных сітуацыях, нібы ўзнятыя над рэальным жыццём. I адначасова гістарычны фон, на якім яны выступаюць, паказаны канкрэтна, дакладна. Рамантызм Караткевіча ўжо даўно прызнаецца большасцю літаратуразнаўцаў. Праца М. Рочынь, апублікаваная ў 1983 годзе ва ўкраінскім часопісе «Дніпро», так і называецца: «Рамантычны свет Уладзіміра Караткевіча». А вядомы савецкі даследчык Леанід Навічэнка на сустрэчы ў Інстытуце літаратуры АН БССР сказаў: