Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
160.92 МБ
Мінск «Лімарыус» 2017
УДК 94(476)(093)
ББК 63.3(4Бен)
M61
Серыя заснавана ў 2011 годзе
Пераклад, укладанне, прадмова, каментары Марыны Запартыкі
Навукова-рэдакцыйная рада: Валянцін Голубеў, Ганна Запартыка, Аляксей Каўка, Вітаўт Кіпель, Адам Мальдзіс, Мікола Нікалаеў, Генадзь Сагановіч, Алесь Смалянчук, Лявон Юрэвіч
ISBN 978-985-6968-65-8
© Зыгмунт Мінейка, 2017 © Запартыка М., пераклад, укладанне, прадмова, каментары, 2017
© ТАА «Лімарыус», 2017
ПРАДМОВА
Імя Зыгмунта Мінейкі ў польскіх навуковых даследаваннях гісторыі паўстання 1863-1864 гадоў сустракаецца дастаткова часта. Сціплыя артыкулы пра яго прысутнічаюць і ў некаторых беларускіх энцыклапедыях. Але самае яркае і дэталёвае ўяўленне пра асобу 3. Мінейкі і яго эпоху ствараюць яго ўспаміны.
Зыгмунт Мінейка за сваё доўгае жыццё перанёс вялікую колькасць выпрабаванняў, а яго прыгодам няма ліку. Невыпадкова мемуарыста назвалі «графам Монтэ Крыста», хоць з упэўненасцю можна сцвярджаць, што ён перажыў нашмат больш, чым вядомы літаратурны герой. Удзел у паўстанні, неаднаразовыя ўцёкі з палону, нелегальны пераход мяжы, дуэль, пераўвасабленні — усё гэта выпала на долю 3. Мінейкі. Яго жыццё з усімі неймавернымі выпрабаваннямі з’яўляецца адлюстраваннем лёсаў цэлага пакалення равеснікаў мемуарыста. Шматлікая моладзь, а менавіта паўстаннем маладых назвалі падзеі 1863—1864 гадоў, у большай ці меншай ступені пацярпела ад свайго жадання вызваліць край ад захопнікаў. Атмасфера, у якой выхоўвалася моладзь таго часу, прыклад мужнасці бацькоў — герояў паўстання 1831 года і трагічныя яго вынікі маглі выклікаць у маладых людзей толькі адно жаданне — змагацца за радзіму.
Успаміны 3. Мінейкі выкарыстоўвае ўжо не адно пакаленне польскіх гісторыкаў у якасці крыніцы інфармацыі пра падзеі паўстання. У той складаны час нашай агульнай гісторыі аўтар успамінаў знаходзіўся ў самым эпіцэнтры падзей. Мемуары 3. Мінейкі насычаны вялікай кольскасцю імёнаў вядомых гістарычных асоб. Усе гэтыя выбітныя дзеячы адыгралі пэўную ролю ў жыцці аўтара. На першы погляд 3. Мінейка можа падацца чытачу занадта самаўпэўненым чалавекам, які пераболыпваў свае здольнасці і значэнне, патрабуючы нейкага выключнага стаўлення да сваёй асобы з боку калег па зброі і кіраўнікоў паўстання. Часта ва ўспамінах гучыць крыўда, неразуменне, чаму яго, як чалавека з бліскучай прафесійнай вайсковай адукацыяй, не захацелі выкарыстаць у час барацьбы. Зыгмунт Мінейка сапраўды з’яўляўся таленавітым інжынерам і стратэгам, што даказваюць апісаныя ім некаторыя асабіста распрацаваныя вайсковыя аперацыі. Яго здольнасці ў сувязі з рознымі абставінамі не змаглі годна выкарыстаць кіраўнікі паўстання, а невялікі атрад, якім кіраваў 3. Мінейка,
пакінуў яго падчас першай сутычкі з ворагам. Усведамленне, што яго намаганні, памкненні, веды нікому ў выніку не спатрэбіліся і не прывялі да перамогі, і выклікала ў аўтара крыўду, абурэнне і пачуццё недаацэненасці.
I ўсё ж імя Зыгмунта Мінейкі не было забытае, цікавасць да гэтага чалавека і яго ўдзелу ў паўстанні была высокая, пра што можа сведчыць той факт, што нават у «Даведніку па Віленскай губерні», выдадзеным у 1919 г., пры апісанні вёскі Расолішкі сустракаецца такая інфармацыя: «Вёска Расолішкі, недалёка Вішнева, памятная сутычкай ашмянскіх паўстанцаў пад кіраўніцтвам Зыгмунта Мінейкі з расійскім войскам у дзень 16 чэрвеня 1863 г.»‘.
Зыгмунт Мінейка быў уганараваны найвышэйшым польскім ваенным ордэнам — крыжам Virtuti Militari V ступені, якім узнагароджваліся афіцэры, унтэр-афіцэры і шарагоўцы за выключную мужнасць, паяднаную з рызыкай для жыцця. Узнагарода паўстанцу была ўручаная 15 ліпеня 1921 года ў Афінах, дзе аўтар успамінаў правёў рэшту свайго жыцця. Толькі двойчы пашчасціла 3. Мінейку наведаць свой край. Узрост ужо не дазваляў частыя далёкія паездкі, а планы па пераездзе на радзіму ажыццявіць не паспеў. Першае падарожжа адбылося ў 1922 годзе. Усё праходзіла з асаблівай урачыстасцю, паўстанца асабіста прыняў першы кіраўнік незалежнай Польшчы Юзаф Пілсудскі. Наведаўшы Вільню, 3. Мінейка падараваў універсітэту Стафана Баторыя багаты нумізматычны збор. Сам мемуарыст заўсёды называў сябе вялікім аматарам Грэцыі: ён неаднойчы ўдзельнічаў у археалагічных раскопках, у 1876 годзе адкрыў месца знаходжання храма Зеўса ў Дадоне, які апісвалі ў сваіх творах Гамер, Гесіёд і Герадот. На пачатку 1920-х гадоў ён быў захоплены ідэяй арганізацыі археалагічнай экспедыцыі ў Грэцыю, жадаючы такім чынам пазнаёміць сваіх землякоў са старажытнай грэцкай культурай. Праўда, планы гэтыя ажыццявіць не атрымалася. Другі прыезд паўстанца на радзіму адбыўся ўжо праз год. Прыём быў не менш цёплым, краіна ўзнагародзіла свайго героя Крыжам Мужных (Krzyzem Walecznych) і званнем палкоўніка-ветэрана. Універсітэт Яна Казіміра ў Львове надаў яму тытул ганаровага доктара (honoris causa). Шматгадовая настальгія і настрой, выкліканы прызнаннем заслуг, вабілі Зыгмунта Мінейку на радзіму. Нягледзячы на свой сталы век, ён паспрабаваў рэалізаваць мару, зрабіўшы ўсё магчымае для вяртання. На вялікі жаль, ажыццявіць свае планы не паспеў.
Зыгмунт Мінейка нарадзіўся ў 1840 годзе ў заможнай шляхецкай сям’і Станіслава і Цэцыліі Мінейкаў герба «Газдава» ў вёсцы Балванішкі
Maliszewski, Е. Przewodnik ро Gubernii Wilenskiej. Warszawa, 1919. S. 27.
Ашмянскага павета, якая з 1969 года носіць назву Зялёны Бор (Ашмянскі раён). Дом, у якім правёў свае дзіцячыя гады аўтар успамінаў, не захаваўся. Дзеці ў сям’і Мінейкаў выхоўваліся ў патрыятычным духу. Станіслаў Мінейка, у мінулым удзельнік паўстання 1831 года, вёў актыўную канспіратыўную дзейнасць, у доме адбываліся тайныя сустрэчы і вяліся смелыя размовы. Ён карыстаўся вялікім даверам вядомага біскупа Мацея Валанчэўскага. Усё гэта павялічвала ўвагу з боку расійскіх уладаў, неабходна было захоўваць асцярожнасць. Дзеці Мінейкаў — Альберціна, Яўстахій, Зыгмунт, Разалія і Юлія — нягледзячы на свой малы ўзрост, адчувалі небяспеку і нават дапамагалі сваім бацькам пазбегнуць верагоднага арышту. Змалку ведалі, што адно неасцярожнае слова перад прадстаўнікамі ўлады можа зламаць вялікую колькасць жыццяў.
Адну з такіх гісторый са свайго дзяцінства мемуарыст апісаў ва ўспамінах. Бацькі імкнуліся даць сваім сынам найлепшую адукацыю. У Зыгмунта для гэтага было больш магчымасцяў, у яго брата Яўстахія з дзяцінства былі сур’ёзныя праблемы са зрокам. Пасля атрымання хатняй адукацыі ў адзінаццацігадовым узросце Зыгмунта аддаюць у падрыхтоўчую школу Германа ў Вільні. Аўтар успамінаў зазначае, што не памятае, чаму бацькі скіравалі яго менавіта ва ўстанову, якой валодалі немцы, спадар Ян Герман і яго дачка Эльвіра (у некаторых іншых крыніцах фігуруе як жонка Яна Германа). Верагодна, бацькі не хацелі аддаваць свайго сына ў расійскую публічную школу, бо школы пры каталіцкіх манастырах былі зачыненыя, а людзям каталіцкага веравызнання забаранялася мець прыватныя школы. Пансіянат, які належаў лютэраніну па веравызнанні, болын падыходзіў для Зыгмунта. Магчыма, гэта было звязанае з тым, што бацькі Зыгмунта Мінейкі па веравызнанні былі лютэранамі, пра што паведамляе ў сваіх працах Крыштаф Мінейка, які грунтоўна даследаваў генеялогію свайго роду.
Праз год, калі аўтару ўспамінаў споўнілася дванаццаць, ён паступае ў другі клас Першай віленскай гімназіі. Названая навучальная ўстанова насіла элітарны характар, а навучэнцы мелі магчымасць наведваць заняткі, якія праводзіліся былымі выкладчыкамі Віленскага ўніверсітэта. Такі педагагічны склад, зразумела, уплываў на свядомасць вучняў: маладое пакаленне навучалася і выхоўвалася на прыкладзе ідэалаў мінулага. У віленскай гімназіі, дзе Зыгмунт Мінейка вучыўся да 1858 года, ён пазнаёміўся і пасябраваў з вядомымі ў будучыні героямі паўстання. Неаднойчы навучэнцы сустракаліся са знакамітым паэтам Уладзіславам Сыракомлем. У адзін час з аўтарам успамінаў у гімназіі атрымлівалі адукацьгю Ігнат Здановіч — паплечнік Кастуся Каліноўскага ў час паўстання,
жыццё якога скончылася на шыбеніцы, Францішак Багушэвіч — пачынальнік новай беларускай літаратуры, які пасля ўдзелу ў паўстанні вымушаны быў на доўгія гады пакінуць радзіму. Праўда, прозвішча Зыгмунта Мінейкі ў спісе выпускнікоў Першай віленскай гімназіі адсутнічае. Ён, не скончыўшы навучанне ў гэтай установе, выправіўся ў Санкт-Пецярбург, каб паступіць у адну з самых прэстыжных вайсковых школ Расійскай імперыі — Мікалаеўскае інжынернае вучылішча.
Выхаванцамі гэтай навучальнай установы ў розныя гады былі генерал Канстанцін Каўфман (падчас кіравання Паўночна-Заходнім краем (1865—1867) праславіўся сваёй забаронай друкаваць літоўскія кнігі «лацінска-польскімі літарамі»), генерал-ад’ютант Эдуард Тодлебэн, выбітны рускі фізіёлаг Іван Сечанаў, вядомы вынаходнік Павел Яблачкаў, пісьменнікі Фёдар Дастаеўскі і Дзмітрый Грыгаровіч. Шанцаў на паступленне, як адзначае аўтар успамінаў, ён меў няшмат, нават нягледзячы на абяцаную пратэкцыю ад Эдуарда Тодлебэна, які з’яўляўся кузэнам яго швагра Аляксандра Тыдмана. Аднак надзеі і ўпэненасці не губляў. Генерал Э. Тодлебэн, знакаміты вайсковы інжынер, кіраўнік інжынерных прац падчас абароны Севастопаля, «усёмагутны абаронца Севастопаля», як з іроніяй называў яго Зыгмунт Мінейка, паабяцаў дапамагчы. 3 яго моцнымі сувязямі гэта было не складана. Але аўтар успамінаў, адчуваючы дыскамфорт ад падобнай сітуацыі, разумеў, што дапамога чалавека, які стаіць на службе Расійскай імперыі, яго, як патрыёта сваёй страчанай краіны, кампраметуе. Ён вырашыў не разлічваць на дапамогу генерала, якой, дарэчы, Э. Тодлебэн нават не паспрабаваў аказаць, відавочна, хвалюючыся за сваю рэпутацыю.
Ужо ў 1859 годзе, пасля некалькіх месяцаў, праведзеных у падрыхтоўчай школе, 3. Мінейка, выдатна здаўшы ўступныя экзамены, становіцца студэнтам Мікалаеўскага інжынернага вучылішча. Усведамляючы, што веды, якія ён атрымае падчас навучання ад самых лепшых у краіне выкладчыкаў вайсковых дысцыплін, яму абавязкова спатрэбяцца для будучай барацьбы, пачынае старанна вучыцца. Дзякуючы некаторым шчаслівым выпадкам у гэты год студэнтамі дадзенай установы змаглі стаць многія землякі і аднадумцы 3. Мінейкі. Праз некаторы час там узнікла сапраўднае студэнцкае кола з уласнай бібліятэкай. Усё пачалося з жадання мець моўную практыку, бо было мала магчымасцяў размаўляць на роднай ім польскай мове. Таму студэнты вырашылі набываць супольна кнігі на польскай мове. Першымі былі набытыя творы Тэадора Томаша Ежа (Зыгмунта Мілкоўскага), Адама Міцкевіча, Міхала Чайкоўскага. Так 3. Мінейка спрычыніўся да стварэння так званай Польскай бібліятэкі інжынернага вучылішча.