Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль
Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
Па-польску нельга было адклікацца настаўнікам-палякам, а маскалі маглі яе ўжываць аж да таго часу, пакуль цалкам ёй не авалодаюць, што таксама не было цяжкім, бо гаварыць па-маскоўску ў Вільні ніхто яшчэ не навучыўся. [...] Зразумела, што школьная моладзь не карысталася іншай мовай у сваіх размовах, а маскалі адчувалі яшчэ сваё бяссілле, каб забараніць ужыванне польскай мовы ў публічных месцах. Усе сем’і маскоўскіх чыноўнікаў з прыслугай і дзецьмі павінны былі вывучыць польскую мову, каб забяспечыць адносна камфортнае існавання сярод нас. Вялікая колькасць маскалёў з нашых школьных знаёмых вывучылі і размаўлялі з намі па-польску.
Ліквідацыя вышэйшай навучальнай установы ў Вільні і выкладання прадметаў у ніжэйшых школах на польскай мове пагражала забаронай нашай мовы. Небяспецы такога кшталту давала адпор наша грамадства пры дапамозе прыватнага выкладання мовы і гісторыі Польшчы ў багатых сем’ях і пры дапамозе ўрокаў, якія давала таварыства паняў у кватэрах бедных мяшчанскіх сем’яў. У дадатак засталіся яшчэ ветэраны ўніверсітэта, з якіх мне ўзгадваецца п. Юндзіл82, прафесар прыродазнаўчых навук і аўтар «Літоўскай флоры», таксама п. Ёхер83, здаецца былы бібліятэкар славутай бібліятэкі, вывезенай у Маскву, не пераставалі ўплываць на асірацелую школьную моладзь, збіраючы яе — па нядзелях і іншых святочных днях — для заняткаў, якія адбываліся на нашай звонкай мове, праводзячы нас па разрабаваных музейных будынках і іншых універсітэцкіх кабінетах, амаль зусім спустошаных, і распавядаючы пра іх ранейшае багацце і пра каштоўнасць рэшты прадметаў.
Зразумела, што гэтыя заняткі праводзіліся з вялікай пільнасцю і асцярожнасцю, каб не выклікапь падазрэнняў. Мы збіраліся па адным і малой групай, чакалі чаргу паўторнага з’яўлення на вызначаныя пункты, каб выкарыстаць далейшую праграму гэтых заняткаў. Гэтыя шаноўныя настаўнікі не спыняліся, іграючы ролю цыцэронаў84, толькі на аповедах аб значэнні прадметаў, якія засталіся ў музеі і кабінетах пасля рабунку і не мелі ніякай вартасці, а звярталіся пры магчымасці, якая з’яўлялася ўвесь час у выпадку аддалення паліцэйскага агента, да заняткаў на тэмы, якія мелі вартасць навуковую, гістарычную і маральную, каб устанавіць праўду, выявіць фальш і ўзвысіць значэнне цноты, якая павінна кіраваць польскай моладдзю ў будучыні.
Нас таксама вадзілі ў прыватныя віленскія археалагічныя выставачныя залы і карцінныя галерэі, якія мелі вялікую вартасць, дзе вольныя ад прысутнасці паліцэйскіх нашыя настаўнікі маглі без перашкоды выконваць сваю ганаровую місію на карысць прыгнечанай айчыны.
He толькі двое ўзгаданых настаўнікаў, але вялікая колькасць іншых асветнікаў, якія засталіся ва ўніверсітэце, выконвалі місію па ратаванні моладзі ад русіфікацыі, водзячы па горадзе і па-за ім, паўсюль, дзе засталіся сляды нашага слаўнага мінулага і горкіх дзён цяперашняга прыгнёту, каб, абапіраючыся на ўсё гэта, паўплываць на нашае зразуменне таго, што мы страцілі і што нам засталося.
Такім чынам сталеючы і паступова пераходзячы ў старэйшыя класы гімназіі, мы ўсведамлялі багацце нашага мінулага і абсалютную беднасць, з матэрыяльнага і маральнага пункту гледжання, нашай цяперашняй бацькаўшчыны. Менавіта ў такой атмасферы расла моладзь, якая павінна была распачаць паўстанне, ад якога, у выніку падобных абставін, іх бацькі і ўсё старэйшае пакаленне не ў стане было стрымаць ад не зусім арганізаванага выбуху.
Нас агортвала роспач, калі мы бачылі нашыя разбураныя святыні, калі да нас даносіўся лямант катаваных жыхароў, вымушаных адрачыся перад страхам рэкрутчыны — пад ударам бізуна — сваёй веры.
Мы старэлі заўчасна. Віленская школьная моладзь была падобна на падлеткаў, пазбаўленых руху і прызначаных для кляштара. Усе малодшыя і старэйшыя адчувалі сябе, як у вялікай жалобе, бо ведалі пра бядотнае становішча краіны. Цяжка ім было забаўляцца і сваволіць; усе сталі сур’ёзнымі, захоўваючы толькі пачуццё самазахавання ад бяды, якая пагражала, асцярожна паводзілі сябе з бэдэлямі, якія шпіёнілі за імі. Усе вучні ў размовах паміж сабой ужывалі польскую мову, бо маскалі не маглі адразу выкарыстаць усю сваю моц адносна нас, былі вымушаны самі вучыць польскую мову, таму што яны не былі ў стане зразумець і быць зразуметымі навакольнам грамадствам.
Цікавыя адносіны захоўваліся паміж моладдзю старэйшых гімназічных класаў і іх маскоўскімі ўладамі, якія ведалі пра яе негатыўнае стаўленне да Расіі, але не знаходзілі магчымасці для ажыццяўлення зменаў, бо ведалі, што ніякая прапаганда не здольная змяніць сітуацыю. Таму яны лічылі старэйшых вучняў страчанымі і імкнуліся ўплываць на змену пачуццяў сярод дзетак
малодшых класаў. Часта рабіліся тэатральныя паказы адборных сцэн, якія мусілі выклікаць асаблівую любоў і ўдзячнасць да добрага цара, які ўмее шчыра ўзнагародзіць сваіх верных прыхільнікаў. Нас вялі калонай і ўсаджвалі ў фатэлі і ложы, абдорваючы ласункамі ў час антрактаў, і намаўлялі, каб мы імкнуліся заслужыць ласкі цара, калі мы хочам забяспечыць сваю вялікую будучыню. У дзень царскіх імянінаў85 гэтая цырымонія была яшчэ больш пампезная, але ўсе прапагандысцкія намаганні былі марныя. Школьная моладзь, нават самыя малыя вучні, не паддавалася спакусам, ведаючы, што маскаль з’яўляецца нашым тыранам і што яго трэба ненавідзець.
Пасля паразы маскалёў у крымскай вайне86 і раптоўнай смерці цара Мікалая87 нашыя тыраны спалохаліся, што страцяць былую моц, а нават магчымага рэвалюцыйнага выбуху на захопленых землях, і таму неадкладна пачалі патрабаваць прысягі на вернасць спадкаемцу трону Аляксандру II88 ад войска, а пасля ад усіх цывільных грамадзянаў краю. Для гэтай мэты была праведзеная ва ўсіх каталіцкіх касцёлах і іншых жалобная імша за душу памерлага Мікалая, пасля якой сабраная публіка была закліканая да здравіц у гонар новага цара, пад дырыжыраваннем каплана, які зачытваў урадавы рытуал прыняцця прысягі. Тая публіка крычала з усёй моцы, бо думала, што там ідзе гаворка аб абвяшчэнні канстытуцыйных правоў, якія здымаюць путы няволі, і аб амністыі для зняволеных і асуджаных на Сібір. Такога кшталту хлуслівыя чуткі былі спецыяльна распаўсюджаныя агентамі ўрада і мясцовай паліцыяй, каб сабраць у касцёлах вялікую колькасць людзей, ведаючы, што вельмі мала адэптаў адгукнулася б на заклік выразу вернасці і фальшывай прысягі.
Пасля службы ў касцёле Св. Яна89, які суседнічаў з будынкам віленскай гімназіі90, былі сабраныя вучні разам з настаўнікамі і дырэкцыяй школы для ўдзелу ў незразумелай для ўсіх цырымоніі, пасля нас прывялі ў будынак гімназіі, дзе вучні ўсіх класаў, без выключэнняў, былі абавязаныя роспісам на вялікіх аркушах асабіста пацвердзіць дадзеную прысягу. Тады мне было трынаццаць гадоў91 і я разумеў маштаб гвалту і агіднасць падману, які ажыццявілі ўлады, каб вымаганым подпісам абцяжарыць сумленне моладзі ілжывай прысягай, якую добраахвотна ніхто б з нас не даў, і зрабіць яе адказнай, як і кожнага індывідуальна, у выпадку здрады ёй.
Нам усім, больш дарослым, падавалася, што чорт змушае нас падпісацца на продаж яму душы, але мы былі не ў стане супраціўляцца, ведаючы, што кожнага, хто наважыўся б адмовіцца падпісваць, закатавалі б да смерці. У кожным класе былі рассаджаныя вучні, якія пад наглядам прызначаных настаўнікаў, у маўчанні падпісвалі акт сваёй знявагі, пасля чаго кожны мог пакінуць школу, бо гэты дзень нам зрабілі вольным ад заняткаў. Нават дзяцей першага класа не вызвалілі ад гэтага агіднага прымусу. Кожны, хто вяртаўся дамоў, разважаў над невыносным цяжарам, які яго змусілі ўзваліць на сябе: «які даў прысягу ў вернападданасці цару Усяе Русі», але адначасова адчуваў ціск і мукі сумлення, якія рабілі кожнага гатовым да вызвалення ад здзейсненай памылкі ў выпадку новага паўстання.
Пад уплывам раптоўнай ідэі, у момант, калі да мяне падышла чарга падпісвацца пад прысягай, я накалякаў неіснуючае імя і прозвішча і, ашчасліўлены гэтым фортэлем, пабег дамоў, каб распавесці бацькам пра сваю ідэю. На хвіліну мне падалося, што такім чынам я пазбег ганьбы, але пасля болып глыбокіх pasBar зразумеў, што, не асмеліўшыся на выразны пратэст, не маю ніякага выключнага права да апраўдання сваёй адрознасці ад іншых вучняў. Адначасова я зразумеў, што прымусіў сваіх бацькоў непакоіцца, яны лічылі, што подпісы маглі кантралявацца, і праз гэта некалькі дзён знаходзіліся ў стане жахлівага хвалявання.
Мой учынак можа служыць толькі доказам, што з дзяцінства моладзь, якая павінна была распачаць паўстанне 1863 г., адчувала патрэбу хітраваць, не маючы магчымасці расці і вучыцца па маральных прынцыпах, якія можна было практыкаваць у шчаслівых краінах, дзе ўладарыць незалежнасць, якой не хапала нам у Польшчы.
Няўдача маскалёў у крымскай вайне моцна паўплывала на зніжэнне імпэту, які яны праяўлялі ў спробах асіміляваць Літву, насельнікі якой радаваліся гэтай паразе, шкадуючы, што не змаглі выкарыстаць гэтую магчымасць, каб вызваліцца ад путаў няволі. Мы павінны былі толькі ўсвядоміць, што Расію можна перамагчы.
I тады мясцовыя ўлады пачалі паводзіць сябе менш нахабна да ўсіх слаёў грамадства, відавочна маючы адносна гэтага спецыяльныя інструкцыі з Пецярбурга, дзе баяліся выклікаць хваляванні. У Вільні пачаліся распаўсюджвацца чуткі, што новы цар хоча
адарыць край шматлікімі дабрадзействамі за вернасць і г. д. Адначасова перасталі паляваць на аднадворцаў, гэта значыць на хадачковую шляхту, а таксама на ўніятаў, не змушаючы іх бізуном пераходзіць у праваслаўе.
Параза маскалёў падняла дух віленскага грамадства настолькі, што адважыліся ў муніцыпальным тэатры92 зрабіць прадстаўленне чыста польскага характару і нават толькі што напісаную п’есу’3 Кандратовіча (Сыракомлі)94, у якой акцёры на сцэне з’явіліся ў польскіх строях, выклікаючы вялікі энтузіязм у гледачоў, вялікая колькасць якіх сабралася. Гэтая п’еса ўказвала на абавязак ахвяраваць сабой на карысць айчыны, асабліва моцна ўплывала на школьную моладзь, гарнула яе да гэтага літоўскага паэта, але змушала знішчаць некаторыя таемна перапісаныя яго паэтычныя творы, забароненыя друкаваць. Улады, якія свядома дазволілі такія змены, ставіліся да гэтага пасіўна, толькі адзначаючы альбо стрымліваючы занадта выразныя праявы патрыятызму.