Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль
Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
У гэтай школе мы вучылі нямецкую, французскую і рускую мовы, маючы адпаведных настаўнікаў па дзвюх апошніх мовах, бо панна Эльвіра і яе бацька маглі гаварыць па-польску, і гэта давала ім магчымасць вучыць нас нямецкай мове. Шмат выпрабаванняў я перажыў, калі пачаў вучыць рускую мову, бо ні панна Эльвіра, ні настаўнік не маглі растлумачыць значэння вялікай колькасці рускіх слоў, якія не мелі падабенства з польскімі, для перакладу якіх нам не быў выдадзены слоўнік. Нават не ўпэўнены, што тады падобныя слоўнікі існавалі. Таксама цяжка было засвоіць вымаўленне і танальнасць рускай мовы, якія былі зусім іншага характару, чым у нашай. Гэта з’яўлялася прычынай таго, што звычайна ў палякаў замаруджваўся працэс вывучэння рускай мовы, нягледзячы на тое што большасць назоўнікаў і іншых слоў у абедзвюх мовах маюць тыя самыя карані славянскай мовы. Уплыў фінскататарскі быў прычынай такога тыпу адрознення.
Нягледзячы на ўсе цяжкасці, вывучыў рускую мову настолькі, што пасля заканчэння навучальнага года змог здаць экзамен і быў прыняты ў 2-і клас віленскай гімназіі71. Хачу зазначыць, што толькі адзіная патрэба забеспячэння сродкаў для існавання кіравала актыўнай працай строгага Германа і яго шаноўнай дачкі Эльвіры. Ніколі не заўважаў, каб яны хацелі змяніць погляды польскіх дзяцей прапагандай на карысць немцаў альбо іх веравызнанне. Яны абое шчыра апякалі мяне, жадаючы замяніць мне бацькоў падчас маёй нядоўгай хваробы, якая мяне наведала пасля таго, як я пасяліўся ў іх. Заўсёды з задавальненнем узгадваю іх і адчуваю сябе абавязаным за іх клопат, за прынесеную мне карысць у навуках і за прыдатныя маральныя інструкцыі, якія яны мне далі.
Побыт у школе Германа дапамог мне навучыцца будаваць адносіны адразу з вялікай колькасцю людзей, сябраваць з імі, браць
удзел у гульнях падчас перапынкаў і шпацыраў, часам спрачацца, завязваць сяброўства і аб’ядноўвацца ў групы звычайна пад кіраўніцтвам вучняў, якія вылучаліся асаблівымі дасягненнямі ў навуках і здольнасцямі, а часам кіруючыся ростам і целаскладам.
3 прычыны адасобленасці ў школе Германа я стаў незалежным у рашэнні вялікай колькасці праблем, якія мяне датычылі, такім чынам пасля паступлення ў 2-і клас віленскай гімназіі72 адчуваў у сябе здольнасць самастойна вырашаць свае праблемы. Мне здавалася, што я ўжо стаў дарослым.
Mae бацькі жылі ў вёсцы, таму я жыў у кватэры свайго дзядзькі Юзафа Мінейкі73. Тут я адчуў сардэчную гасціннасць, бацькоўскі клопат, а часта і непатрэбную пяшчоту, што адразу паўплывала на ўзурпацыю маёй празмернай незалежнасці.
Я нікому не абавязаны быў тлумачыць, чым я займаюся, вучыўся самастойна ў вызначаны для сябе час і выходзіў у горад, калі хацеў, толькі з абавязкам вярнуцца да абеду, бо дарагі дзядзька Юзаф страшна злаваўся за парушэнні такога кшталту.
Аднак хачу зазначыць, што такая празмерная вольніца ніколі не скіроўвала мяне на дрэнных шлях, бо мая маці моцна прывіла мне маральнасць, якая заўсёды мяне ахоўвала ад няправільных крокаў у жыцці. Я выкарыстоўваў свабоду руху для ажыццяўлення паходаў за горад і для працы над запісамі са школьных заняткаў разам з Баляславам Барэйшам74, маім вялікім сябрам. Ніколі не меў рэпетытара, бо вырашыў старанна вучыцца, каб пазбегнуць цялеснага пакарання, якое неміласэрна адбывалася кожную суботу і якое прымянялі аж да чацвёртага класа.
Звычайна інспектар гімназіі з’яўляўся ў дзвярах першых трох пачатковых класаў з запісамі вучняў, якія атрымалі нулі ў настаўнікаў, і выклікаў іх у калідор, каб рушыць на чале вялікай грамады ў асобны пакой для вызначэння кары за невуцтва і за свавольства ў залежнасці ад колькасці атрыманых на працягу тыдня нулёў. Адзін з ахоўнікаў гімназіі, магутнага целаскладу, па імені Віктар, па чарзе хапаў хлопцаў правай рукой за карак і, клаўшы на столік, адлічваў левай рукой вызначаную інспектарам неміласэрную колькасць удараў мокрымі бярозавымі бізунамі па аголеным целе, змушаючы няшчасных дзяцей страшна крычаць ад болю. Гэтыя крыкі разносіліся па ўсім будынку, выклікаючы жах сярод тых, каму ўдалося пазбегнуць гэтай экзекуцыі.
У выпадку, калі нехта з больш моцных хлопцаў супраціўляўся Віктару, на загад інспектара пачыналі дапамагаць астатнія дзеці, асуджаныя на розгі, пакуль канчаткова не скруцяць няшчаснага, падвяргаючы яго падвойнай колькасці ўдараў, нашмат цяжэйшых, бо цяпер ужо адмераных раззлаваным і скампраметаваным нямогласцю Віктарам.
Ён быў накшталт ката, заўсёды знаходзіўся ў калідоры, займаючы пазіцыю ў адным з яго кутоў, каля дзвярэй, дзе побач у збане, напоўненым вадой, мачыліся бярозавыя розгі. Казалі, што гэтая вада змешвалася з вапнай, каб розгі рабіліся больш пругкімі. Інспектар гімназіі займаў пазіцыю каля стала, які знаходзіўся на супрацьлеглым баку, мог у любы момант выкарыстаць паслугі Віктара для пакарання вучня, якога настаўнік выгнаў на калідор за свавольства. Гэты калідор, які ўзімку абаграваўся, служыў інспектару і Віктару сталым месцам дзеянняў.
Гэтую двойку гімназісты ўспрымалі як адну постаць у дзвюх асобах, толькі з той розніцай, што першая была заўсёды няўмольная, а другую атрымлівалася ўлагодзіць за ахвяраванні, ціха перададзеныя вучнямі і іх бацькамі для таго, каб зменшыць імпэт да налічэння ўдараў.
Вучні змаглі пралічыць некаторыя слабасці сваіх катаў, каб пазбягаць цяжкіх пакаранняў, чым карысталіся ўсе сталыя кліенты кожную суботу, кладучыся добраахвотна на столік з папярэдне спушчанымі штонікамі. He толькі ў Віктара пакора такога роду стрымлівала імпэт, але і п. інспектар, як маскаль, быў у стане ацаніць выключнасць сітуацыі. Таксама часта здаралася, што ўзорная пакора вучня ўзнагароджвалася памяншэннем колькасці вызначаных удараў.
Віктар быў добразычлівым да вучняў, якія не забывалі часам даваць яму хабар, які напэўна з’яўляўся падмуркам яго дабрабыту. Ён умеў пазбегнуць падазрэнняў інспектара ў хабарніцтве, бо паднімаў розгі вельмі высока, а вучні крычалі асабліва моцна, каб замаскаваць слабыя ўдары. Страшна мяне ўражваў увесь гэты працэс біцця, старанна імкнуўся выратаваць сябе ад гэтай працэдуры.
Абставіны ўплывалі на тое, што значная колькасць дзяцей вельмі рана станавілася дарослымі. Многія з нас, якія спазналі ціск і прыгнёт маскалёў, лічылі сябе дарослымі, гатовымі — калі спатрэбіцца — да адкрытай барацьбы і памерці за бацькаўшчыну,
пазбягаючы розных падстаў для сваёй знявагі і заслугі справядлівага пакарання за гультайства альбо за свавольства ў школе.
Памятаю, што адразу пасля майго паступлення ў гімназію вучань чацвёртага класа, імя якога мая памяць не захавала, быў асуджаны на кару, вымералі яму сто бізуноў на публічнай плошчы, прывязанаму да эшафоту за патрыятычныя пачуцці і за гонар, праяўлены перад суддзямі падчас экзекуцыі. Падчас катавання няшчаснай ахвяры вакол стаялі яго калегі і вучні старэйшых класаў; нам, меншым, не дазвалялася глядзець, напэўна таму, што не хацелі, каб мы пачалі ўсведамляць існаванне патрыятычнага руху. Аднак мы назіралі за наступствамі гэтага выпадку, нам стала вядома, што два разы знепрытомленага аглядаў доктар і што ахвяра атрымала толькі палову прызначаных удараў плёткай, адвозячы раздзертага да мяса ў шпіталь з намерам рэшту прысуджаных удараў нанесці пасля таго, як хлопец паправіцца.
Паводле далейшых навінаў сцвярджалася, што хлопец не даў сябе лячыць, а іншыя казалі, што яго вывезлі на Каўказ75 і змясцілі ў дысцыплінарнай установе, каб ужо дарослага выкарыстаць у войску для барацьбы з чаркесамі76, некаторая частка якіх яшчэ абаранялася ад маскоўскай навалы. Але дакладна толькі тое, што знік ён з Вільні назаўсёды, а яго бедная мяшчанская сям’я не смела хвалявацца за свайго сына і распытваць пра лёс бунтара, каб пазбегнуць высылкі ў Сібір за непрыхільнае стаўленне77.
Гэта быў не першы і не апошні выпадак. Часта дзяцей каралі за самае малое падазрэнне ў непрыхільным стаўленні да ўлад. Гімназічныя бэдэлі78, замест таго каб сачыць за амаральнымі паводзінамі гімназічнай моладзі, мелі загад шпіёніць — асабліва гэта тычылася вучняў старэйшых класаў — за прыналежнасць да тайных таварыстваў, нават калі іх увогуле не існавала. Кідаліся на першага, хто наважваўся прадэманстраваць непрыхільнасць да ўрада, каб катаваць, так, як узгаданы вышэй закатаваны вучань.
Нашыя бацькі выкарыстоўвалі ўсе магчымыя сродкі, каб супакоіць сваіх дзяцей, якія лічылі справай гонару прайсці разнастайныя катаванні, думаючы, што гэтым яны далучацца да вызвалення краіны ад прыгнёту. Бацькі і апекуны тагачаснай школьнай моладзі прыклалі шмат намаганняў, каб стрымаць яе ад небяспекі, якая чакала іх з прычыны бессэнсоўнай дэманстрацыі патрыятычных поглядаў, і пераканаць яе, што трэба дзейнічаць асцярожна, хаваючы іх перад ворагам, каб не дапамагаць яму ў знішчэнні самых
шляхетных і самых патрэбных у будучыні грамадзянаў краіны. На шчасце, дзеці прынялі гэтыя парады, што стрымлівала іх ад паказу сваіх сапраўдных поглядаў і вучыла быць тайнымі ворагамі маскалёў аж да таго моманту, пакуль не настане хвіліна вызвалення.
Неабходнасць у падобнай двухаблічнасці зусім рана прымусіла нас стаць сур’ёзнымі, скіроўваючы нас на шлях канспіратыўных зносінаў і пазбаўляючы нас жадання да дзіцячых гульняў і свавольстваў, такіх звычайных і неад’емных у першыя гады нашага жыцця. Мы пастарэлі да пары; дванаццацігадовыя хлопцы ўжо былі дарослымі, старэйшыя былі панурымі старцамі, а малеча не вельмі актыўна ўдзельнічала ў гульнях, дазволеных на школьным падворку ў час перапынку. Усе ведалі, што знаходзяцца ў маскоўскай няволі і што перажываюць вялікую бяду. [...]
Разуменне патрэбы затойвання нашых патрыятычных пачуццяў і захавання цярплівасці да моманту вялікага прызначэння ў будучыні скіроўвала моладзь на шлях навуковай працы з прыкладаннем усіх намаганняў, каб атрымаць адукацыю і здабыць веды. Застаўся ўплыў ветэранаў, былых прафесараў Віленскага ўніверсітэта, які моцна ўздзейнічаў на ўзмацненне духу як настаўнікаў, якія вучыліся ў гэтым універсітэце ў гэтых выкладчыкаў, так і ў школьнай моладзі, якая захавала да іх давер і павагу. Т ымі настаўнікамі былі Тамулевіч79, Гарбачэўскі80 і канонік Берасневіч81.
Акрамя рэлігіі, усе астатнія прадметы выкладаліся на рускай мове. Настаўнікам забаранялася адказвайь па-польску на пытанні вучняў, зададзеныя на сваёй мове, з абавязкам пакарання іх за такога кшталту злачынства. Натуральна, што ніколі ніхто з нас не даў падставы ім нас пакараць, але мы хутка зразумелі, што нашая пільнасць загадвала нам быць асцярожнымі, каб не скампраметаваць настаўнікаў-палякаў, наш неацэнны скарб, і страціць іх назаўсёды, бо дырэкцыя гімназіі, якая складалася з маскалёў, магла перавесці іх у Расію альбо пазбавіць службы. Атрымалася наадварот, з-за вучняў-шкоднікаў, якія апраўдваліся няўменнем гаварыць па-руску, задавалі пытанні на польскай мове маскоўскім настаўнікам, жадаючы лепшага тлумачэння нібы незразумелых пытанняў. Тады разгаралася дыскусія і ўсеагульны галдзёж на вялікую пацеху ўсім нам, бо маскоўскія настаўнікі, перакручваючы нашую мову, якую трошкі вывучылі за час нядоўгага пабыту ў Вільні, хацелі нам растлумачыць незразумелыя пытанні папольску.