Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль
Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
Праз усю зіму я працягваў сваю працу, не маючы намеру яе пакідаць, калі б не здарыўся нечаканы выпадак, які змусіў мяне заняць пасаду кіраўніка прац па будаўніцтве чыгункі ў Балгарыі, якая знаходзілася пад турэцкім захопам і называлася тады Дунайскі вілает602, сталіцай якога быў горад Рушчук.
Кіраўнік публічных прац гэтай правінцыі, упаўнаважаны ўрадам, запрасіў мяне дэпешай з просьбай яму адказаць, ці прымаю я прапанаваную пасаду, каб ён мог упаўнаважыць амбасадара аплаціць мне дарогу, просячы вызначыць дату майго выезду, як мага хутчэйшага. 3 цяжкасцю расчытаўшы напісанае на дэпешы імя дырэктара, я зразумеў, што ім з’яўляецца п. Пшэздзецкі, мой паважаны сябра і далёкі сваяк, у якога некалі даўно жыў у Канстанцінопалі і які, даведаўшыся пра тое, што я скончыў Школу Генеральнага штаба, хадайнічаў аб маім прызначэнні, каб я мог з ім супрацоўнічаць.
Маё рашэнне адносна прапанаванай мне і выдатна аплачанай пасады было станоўчым, але перад адпраўленнем станоўчага рашэння я пабег да Свентаржэцкага, каб падзяліцца з ім радаснай навіной, ведаючы, што змагу стаць карысным для пакутных эмігрантаў, якія шукаюць працу. Свентаржэцкі падзяляў мае погляды і дапамог мне адрэдагаваць дэпешу, якую мы неадкладна даслалі ў Рушчук, паведамляючы, што праз тыдзень буду гатовы да выезду. Рэшту вечара мы правялі разам, складаючы планы на будучыню і шчаслівыя іх вынікі.
Астатні час я прысвяйіў падрыхтоўцы да падарожжа, падаў у адстаўку і папрасіў пасведчанне аб узорна выкананай на працягу двух месяцаў службы. Адміністрацыя чыгункі была ласкавая, выконваючы маю просьбу бясплатна выдзеліць білет на цягнік аж да французскай мяжы, якая знаходзілася за Страсбургам. Канёўскі рыхтаваўся да выезду ў Львоў, каб там знайсці занятак і патрыятычную працу, быў маім неадступным таварышам аж да апошняга моманту развітання на чыгуначнай станцыі.
He магу дакладна сказаць, калі адбыўся мой выезд з Парыжа. У мяне толькі атрымалася знайсці сярод тых нешматлікі папер з той далёкай пары ліст ад Выслауха ад 1 красавіка 1869 г., дасланы мне ў Балгарыю, у якім скардзіцца на Яўфіма, што не адведаў яго, выязджаючы ў Рушчук, куды быў выкліканы мной на пасаду памочніка, а таксама што не напісаў яму з Балгарыі. 3 гэтага вынікае, што тады я ўжо досыць даўно пакінуў Парыж, а згодна з падлікамі, зробленымі цяпер, вынікае, што гэта павінна было адбыцца ў месяцы сакавіку 1869 г., бо ў падарожжы да Страсбурга не адчуваў холаду, як і ў далейшай дарозе да Вены603, адкуль па Дунаі, часта перасядаючы з меншых на большыя караблі, прыбыў у Рушчук, дзе было па-вясенняму цёпла.
Яўфімам, на якога скардзіўся Фелікс Выслаух, начальнік паўстання ў Троцкім павеце пад Вільняй і мой таварыш і вучань адначасова з Генуі ў Італіі, быў Ёахім Жэляшкевіч, мы яго так называлі, адразу пасля майго прыезду ў Балгарыю, я змог перацягнуць яго да сябе ў якасці памочніка пры выкананні праекта чыгункі з Нікопаля604 ў Плеўну605. Ён быў першым, каму я змог знайсці працу ў Балгарыі.
Ліст Выслауха дадаю да апісання, гэта цікавы дакумент з пункту гледжання напышлівасці выказванняў нашага старога салдата, які, трапіўшы ў вялікую нястачу, шукаў магчымасць атрымаць пазыку, вядома на вечнае невяртанне, скіроўваючыся да сябра, у чым, калі не цалкам, то хоцяь бы ў нейкай частцы яму не адмовіў.
Парыж, 1 красавіка 1869
Даражэнькі Зыгмунт!
Пішу Табе, што, відавочна, Цябе здзівіць на першы погляд — таму, абмінаючы ўсялякія ўступы, — чуласці, кампліменты, падыду адразу да сутнасці. Грашовая афера — падумаеш Ты сабе і не памылішся. Справа такая, некалькі месяцаў я знаходжуся ў Парыжы і працую ў аднаго фатографа, клеячы, круцячы кола, абразаючы паперу, але гэта ўсё прыносіць мне так мала, што ледзьве магу дыхаць — гэтымі днямі я знайшоў месца на 130 фр. у месяц, але атрымаць яго змагу з малой умовай, што дам хабару 300 фр. Вось з-за чаго ўсё разбіваецца, а трэба ведаць, што седзячы каля чатырох гадоў у вёсцы, да пераезду ў Парыж, так сталася, што я пазбавіўся ўсіх даўнейшых знаёмых і сяброў, калі мне француз забіў такі цвік са сваімі праклятымі 300 фр., што, добра пашукаўшы, я ўпэўніўся, што гэтая маленькая кучка знаёмых, якая ў мяне засталася і, зразумела, да якіх я мог бы звярнуцца па пазыку, бо гэта сур’ёзная ўмова, так кажу пра гэта ўсё адразу, што і 30 фр. мне цяжка было б выціснуць.
Што рабіць і да каго звярнуцца, а таму давай думаць пра тых, з кім раней былі добрыя адносіны, а таго, хто мае пасады і столькі сэрца і розуму, што зразумеюць, што тут справа ідзе пра такую-сякую будучыню, і захочуць, маючы магчымасць дапамагчы свайму даўнейшаму таварышу і сябру. Я доўга пра гэта думаў, узгадаў я не аднаго, гэта праўда, але дзе яны, не маю ніводнага адраса, акрамя Твайго, ды і гэты даведаўся выпадкова. He хачу тут абвінавачваць
гэтых шэльмаў за тое, што, выехаўшы недзе ў чужыя краі, нікому ў галаву не прыйшло напісаць пару слоў пра сябе, усе недзе зашыліся і да іншых ім справы няма. Напрыклад, не робячы прамоў да пэўнага Яўфіма, — сапраўдны Яўфім! — перад яго выездам не бачыўся з ім, але наперад прасіў, каб прыехаў да мяне ў вёску развітацца і, зразумела, напіцца, а пазней, каб напісаў адтуль, дзе будзе, як у яго справы, і нашым іншым агульным знаёмым — яго б перуном агрэла, калі ён хоць раз пра гэта нават падумаў, што, абяцаючы нешта, трэба трымаць слова.
Менавіта такім чынам разважаў, калі мне прыйшла ў галаву думка звярнуцца да Цябе. Ведаю, што Ты маеш добрае месца, што для Цябе 300 фр. не такія вялікія грошы. Што мне перашкаджае паспрабаваць: атрымаецца — добра, не атрымаецца — дрэнна і вельмі дрэнна, але ж ці раз гэта ў маім жыцці было? Справа толькі ў тым, ці Ты мне давяраеш і ці верыш у тое, што, атрымаўшы пасаду, я Табе аддам гэтую пазыку з удзячнасцю такім чынам, якім сам захочаш, ці праз 10 месяцаў выслаць Табе ўсё адразу, ці раскласці на часткі; толькі на працягу першых 3 месяцаў, калі дашлеш, не змагу нічога адсылаць. Стаў умовы. He хачу зноў моцна ціснуць і сыпаць пераканаўчыя аргументы, бо гэта нічога не дасць.
Апісаў справу проста, ясна. Калі зможаш зрабіць, зрабі, і ў любым выпадку я лічу, што мне адкажаш, гэта абавязкова і галоўнае, бо там, дзе адшукаў гэтае месца, паабяцаў, што прыйду праз тры тыдні і дам станоўчы адказ. Разумееш, што гэта вельмі важна для мяне, і таму я ўпэўнены, што Ты захочаш адразу мне адказаць. Я б у скрайнім выпадку, можа, знайшоў якога паляка, што валодае гэтай сумай, і сам быў уладкаваў. Вось пра што я Цябе найсардэчней прашу, не пакінь мяне без адказу хоць якога. Што датычыць Жэляшкевіча, ведаю, што ён цяпер з Табой, а таму спадзяюся, што і ён захоча напісаць мне некалькі слоў.
Словам, пішыце, мне гэта будзе вельмі прыемна, як я сказаў, ужо сёння з нашых даўнейшых знаёмых амаль нікога не магу ні дапытацца, ні дашукацца. Таму амаль ніякіх навінаў не магу Вам перадаць: дапускаю, што там чытаеце перыёдыку, а таму ведаеце столькі ж, колькі і я; пра нашых палякаў таксама нічога сур’ёзнага, патроху пераязджаюць у Галіцыю, іншыя працуюць, тыя зноў памяшаліся на лекцыях, дзе адзін доктар чытае пра святое зачацце, а ксёндз пра кровазварот і г. д... Словам, усё як раней. Часам паліцыя замыкае каго-небудзь за падробку маскоўскіх і, бадай,
французскіх і нямецкіх крэдытных білетаў. Ад д’ябла жаданне так узбагачацца.
Вось і ўсё, а цяпер з нецярплівасцю чакаю адказу і сардэчна Цябе абдымаю.
Твой Фелікс Выслаух
Мой адрас: Passage de Commerce 24.
Завяршаючы апісанне доўгага побыту ў Францыі, я павінен хоць бы ў некалькіх словах распавесці пра лёсы Польскай вайсковай школы ў Тулузе.
Неадкладна пасля ад’езду трох выкладчыкаў у Парыж касцельная адміністрацыя, не жадаючы пакінуць моладзь без справы, якая там вучылася, паслала выкладчыкаў на чытанне даўно чаканых лекцый па разнастайных навуках, уводзячы адначасова кляштарную дысцыпліну: частыя малітвы, пасты і прымусовыя споведзі. Усё гэта выклікала непаразуменне і паніку сярод моладзі, даючы падставу падазраваць, што хочуць перарабіць іх у семінарыстаў, у выніку чаго некалькі вучняў адразу пакінулі школу, знайшоўшы працу ў Тулузе. Ад поўнага распаду ратаваў п. дырэктар, прадстаўляючы, што хутка вернуцца двое выкладчыкаў з Парыжа, бо толькі адзін з іх затрымаўся ў Школе Генеральнага штаба і што сістэма Польскай вайсковай школы ў Тулузе будзе захаваная.
На жаль, сітуацыю не атрымалася выратаваць нават пасля вяртання Русецкага і Рушчэўскага. Нядоўга працягваліся іх лекцыі, сістэма кляштарнай дысцыпліны ўмацавалася, што прывяло да закрыцця ўстановы.
Нічога не ведаю пра далейшы лёс п. дырэктара і маіх таварышаў. Да мяне даходзілі чуткі, што Русецкі ў роспачы скончыў жыццё самагубствам, але я не ўпэўнены, ці гэта сапраўды так. Трэба даведацца дзе-небудзь.
Каментары
Першае выданне ўспамінаў Зыгмунта Мінейкі на польскай мове, якое выйшла ў 1971 г. у апрацоўцы Элігіуша Казлоўскага і Казіміра Альшанскага, утрымлівае каля 160 каментараў. 3 улікам іх інфарматыўнай каштоўнасці, атаксама адсутнасці ў некаторых выпадках іншых крыніц інфармацыі ў дадзеным выданні яны былі часткова выкарыстаныя. У некаторых выпадках каментары названага выдання патрабавалі ўдакладненняў і дапаўненняў. Каментары, якія ўтрымлівае дадзенае выданне, уяўляюць з сябе найбольш поўную і шырокую апрацоўку тэксту ўспамінаў Зыгмунта Мінейкі.
1 Міністэрства грамадскіх прац у Грэцыі адказвала за інфраструктуру краіны.
2 Празерпіна Манарыс, у замужжы Мінейка, жонка Зыгмунта Мінейкі.
3 Андрамаха Мінейка (1877-1939), узамужжы Патоцкая, дачка Празерпіны і Зыгмунта Мінейкаў. Памерла ў Бурштыне каля Рагаціна (у часы Другой Польскай рэспублікі сталіца Рагацінскага павета, цяпер горад ва Украіне).
4 Караль Патоцкі (1867-1937), граф, належаў да знакамітага роду Патоцкіх, муж Андрамахі Мінейкі. Сын Людвікі Ябланоўскай і Нікадэма Патоцкага.
5 Людвіка (Люня) Патоцкая (1905-1994), дачка Андрамахі і Караля Патоцкага. Выйшла замуж за Зыгмунта Ёрдана. У час Другой сусветнай вайны знаходзілася ў Полыпчы. У чэрвені 1945 г. уцякла разам з сынам у Грэцыю.
6 Станіслаў Мінейка (1875—1924), сын Празерпіны і Зыгмунта Мінейкаў. З’яўляўся доктарам медыцыны і служыў у грэцкім войску, пакінуў пасля сябе некалькі кніг паэзіі на грэцкай мове. Памёр у Салоніках, заразіўшыся ад параненых жаўнераў сухотамі.