Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль
Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
Сардэчна Цябе абдымаю і ўсёй Тваёй сям’і перадаю шчырае прывітанне.
Твой Ізыдор Ромер
Выпіскі з шостага ліста
Пагрыжаў 19 мая / 1 чэрвеня 1906 г.
Я нібы трошкі падлячыўся, але значных паляпшэнняў няма. Цяжка мне гэта даецца. Гэты перапынак у нашай карэспандэнцыі мне баліць, бо я хацеў сабраць цэлую вязанку ўспамінаў, каб імі падзяліцца з Табой. He ведаю, ці дам сабе рады з гэтым — магчыма? Але, можа, пазней. Замала ў мяне сілаў, а можа, пасля будзе і бадзёрасць.
Нас з Табой яднаюць агульныя ўспаміны і памяць пра тых, каго мы любілі, а сёння захоўваем у сэрцах памяць пра іх. Ты ў першым
сваім лісце змястоўна мне апісаў прыгоды свайго жыцця, у прыгожай і цікавай форме. Я хацеў цябе адцзячыць, наколькі ў мяне было магчымасці, а маючы меней асабістых успамінаў, я збіраў успаміны аб людзях і здарэннях, якія адбываліся цяпер.
Я на працягу твайго шматгадовага туляння па чужыне жыў у асноўным у краі, і нават на адным месцы. Разнастайнасці ў маім аповедзе, магчыма, не шмат, яе не было і ў жыцці; але ў нашым грамадскім жыцці, не зважаючы на яго абмежаванасць, я ўдзельнічаў, і вялікая колькасць людзей на працягу гэтага часу мне сустрэлася, а цяпер жыве ў маёй памяці. У размовах усплываюць успаміны, нібы нітка ў прадзіве. Пісаць мне цяжэй. Але, можа, калі-небудзь да гэтага вярнуся.
Будзь здароў, абдымаю Цябе ад усяго сэрца.
Твой стары
I. Ромер.
Гэта быў апошні ліст ад I. Ромера, які я атрымаў з краю. Нашае ліставанне з прычыны пагаршэння стану яго здароўя на доўгі час перапынілася, пакуль нечакана я не атрымаў ад яго паштоўку — якую змясціў тут у дадатку — з Берліна (з непазначанай датай), а пасля ліст са Швейцарыі, на якім была напісана дата 31 кастрычніка 1906 г., у Мантро, з паведамленнем аб прыездзе Ромера ў гэты горад, з намерам правесці там зіму, больш лагодную, чым наша літоўская, якая давала яму надзею на вяртанне страчанага здароўя.
Пасля я атрымаў другую паштоўку, датаваную 19 студзенем 1907 г., якую таксама тут далучаю. У апошнім лісце ад 4 сакавіка 1907 г. п. Ізыдор у сваім лісце піша пра сваё здароўе, якое вяртаецца: «Я бачу Цябе шчаслівым, Ты можаш рухацца і працаваць, хоць і трошкі старэйшы за мяне. У гэтым прыгажосць жыцця. Я нібы вярнуў сілы. Але на колькі? Вось з вялікай цяжкасцю ў добрыя дні магу прайсці пару тысяч крокаў, і на гэтым усё. Самае малое адступленне ад правілаў жыцця змушае мяне пакутаваць, і не абыходжуся без доктара і аптэкі з лацінскай кухняй. Адным словам, нікуды не годнае. Але жыву, думаю, адчуваю і Богу за гэта дзякую.
Зіма ў нас была вельмі доўгая і суровая, з незвычайнымі маразамі і снегам. Mary сказаць толькі тое, што яна мне новых хвароб не нагнала, але стаміла і замучыла».
Дарма я думаў, што ліставанне з маім дарагім сябрам будзе працягвацца, я пісаў яму ў Швейцарыю і не атрымліваў адказаў, тады даслаў некалькі лістоў у Пагрыжаў, але адтуль мне ніхто не адпісаў.
Аказалася, што ліст Ізыдора Ромера ад 4 сакавіка быў апошнім лістом да мяне, праз некаторы час я прачытаў у нейкай газеце аб тым, што ён памёр і адбылося гэта ў Літве. Край страціў годнага грамадзяніна, а я — дарагога сябра. Пераканаўшыся, што чужы клімат не дапаможа яму вярнуць страчанае здароўе, Ізыдор паспяшаўся вярнуцца дамоў, каб знайсці вечны спакой у сваёй зямлі. Бессмяротны дух гэтага вялікага грамадзяніна не перастане ажыўляць будучыя пакаленні Літвы, скіроўваючы іх з бездаражы цяперашняга падману і фальшу на вяршыні сапраўднага развіцця.
Што тычыцца мяне, то, раняючы горкія слёзы з прычыны страты сябра, я вымушаны скончыць аповесць пра гімназічныя часы, бо не маю матэрыялаў, каб працягваць.
Афіны, 20 верасня 1919 г.
Раздзел IV.
3 часоў побыту ў школах Пецярбурга
Дакладна не памятаю, але мне падаецца, што ў месяцы верасні 1858 г. я пакінуў 7-ы клас віленскай гімназіі, не давучыўшыся да канца, каб падацца — не марнуючы часу — у Пецярбург з намерам паступіць у Вайсковае інжынернае вучылішча, якое там знаходзілася.
На сямейным савеце, які складаўся з маёй маці, п. Алькімовіча233 і п. Аляксандра Тыдмана, з якіх першы быў маім хрышчоным бацькам, а другі муж маёй сястры Альберціны, было вырашана пастарацца мяне ўладкаваць у Вайсковае інжынернае вучылішча, каб я змог там вывучыцца на добрага афіцэра, забяспечыць сабе добрую будучыню і падпарадкавацца патрабаванням урада, якія былі абвешчаныя некалькі гадоў таму і паводле якіх адзін з двух братоў быў абавязаны несці вайсковую службу, пад пагрозай пазбаўлення шляхецкіх прывілеяў нашай сям’і.
Гэты абавязак выпала выконваць мне, бо ў майго старэйшага брата Яўстахія былі хворыя вочы. Прапанова паступіць у Вайсковае інжынернае вучылішча прагучала ад майго швагра Тыдмана234, які быў кузэнам генерала Тодлебэна235, і была прынятая ўсімі з вялікім энтузіязмам, тым болын што ён адказна паставіўся да дастаўкі мяне ў Пецярбург і пратэкцыі тады ўсёмагутнага абаронцы Севастопаля. На гэтым сямейным савеце не хапала майго бацькі, якога я страціў два гады таму, ён быў яшчэ малады і выконваў карысную для краю працу.
У прыняцці рашэння, якое тычылася майго лёсу, я браў пэўны ўдзел. Нягледзячы на ўсе перспектывы, мне было сумна пакідаць віленскую гімназію, не скончыўшы 7-га класа, так я пазбаўляўся права на атрыманне дыплома і карыстанне вялікай колькасцю прывілеяў, у тым ліку паступлення ва ўніверсітэт. Я вырашыў прынесці гэтую ахвяру, каб не марнаваць часу, бо аказалася, што для паступлення ў Вайсковае інжынернае вучылішча не трэба мець дыплом і што мог гэта ажыццявіць яшчэ год таму.
Як бы там ні было, мне падавалася, што я пацярпеў крушэнне і жорсткі лёс прыгаварыў мяне на шматгадовую працу без шанцаў на якую-небудзь узнагароду. Калі я развітваўся са сваімі сябрамі, я адчуваў сябе скампраметаваным у іх вачах праз тое, што не змог пратрымацца да канца, быць з’яднаным у адно цэлае аж да моманту, пакуль усе не разлятуцца ў пошуках вышэйшых ведаў. Мне падавалася, што яны на мяне глядзелі са здзіўленнем і што я пакрываўся румянцам сораму ў час развітання.
Такое ж уражанне меў, калі развітваўся з прафесарамі і адміністрацыяй школы, якія адорвалі мяне пажаданнямі шчаслівай дарогі і ўдачы ў намерах. Я часта думаў над тым, каб застацца ў гімназіі, бо ведаў, што і пасля ўніверсітэта меў права распачаць сваю вайсковую службу, але ў мяне атрымалася пазбавіцца сваіх ваганняў — прыняць канчатковае рашэнне і падрыхтавацца да спешнага выезду
Быць прынятым у Вайсковае інжынернае вучылішча было вельмі складана. Толькі сыны генералаў і вышэйшай арыстакратыі, якая адпавядала польскай радавітай шляхце, мелі права канкураваць падчас штогадовых экзаменаў для прыняцця ў гэтае вучылішча, якое складалася са ста вучняў ва ўсім яго 4-класным складзе. У выніку гэтага з вялікай колькасці кандыдатаў, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, прымалі толькі 25, каб замяніць тую ж лічбу вучняў, якія пакінулі вучылішча і атрымалі званні падпаручнікаў, а пасля працягвалі сваю адукацыю ў Вайсковай інжынернай акадэміі. Праз тры гады атрымлівалі званне капітана, забяспечваючы сабе ў бліжэйшай будучыні добрую вайсковую кар’еру, генеральскія званні, царскую добразычлівасць і вялікія ўзнагароды.
Мой швагер для ўзмацнення ўплываў і значэння роду пастараўся забяспечыць мяне годнасцю такога кшталту, таму што ён разам з маёй сястрой Альберцінай клапаціліся і вельмі мяне любілі, тым больш што я стаў хрышчоным бацькам іх першага дзіцяці — дачкі Валерыі.
Пачаліся зборы дакументаў, якія пацвярджалі мой індыгенат236 і дазвалялі б адбыць з Вільні ў Пецярбург паштовымі экіпажамі, бо чыгунак тады было яшчэ мала, а ажыццяўленне такога падарожжа ўласным экіпажам і коньмі прывяло б да вялікай страты часу і грошай.
Майго швагра адпусцілі толькі на месяц, ён працаваў ў інтэнданцтве, на працягу якога павінен быў паспець з’ездзіць з Вільні
ў Пецярбург і назад. Толькі паштовай дарогай, падзеленай на станцыі з адлегласцю 25—30 вёрст адна ад адной і забяспечанай некалькімі дзясяткамі экіпажаў, можна было ажыццявіць гэтае падарожжа за вызначаны час, і тое з вялікім клопатам. Дзякуючы вялікім намаганням швагра ўсе перашкоды былі пераадоленыя і мы былі гатовыя ехаць у вызначаны дзень, што і было выканана. Назаўсёды ў памяці застануцца чуллівыя сцэны, якія разыграліся ў час развітання з маёй сям’ёй, якая спецыяльна для гэтага прыехала з вёскі ў Вільню. Абдымкі сясцёр, хворага на вочы брата і блаславенне залітай слязамі маці, якая нас усіх шчыра любіла ў роўнай ступені і звычайна захоўвала суровасць, але цяпер праявіла да свайго малодшага сына незвычайную чуласць. Вісклівы гук званочкаў паштовага экіпажа, які набліжаўся, нас раздзяліў і змусіў заняцца пагрузкай валізак і розных пакункаў.
Пасля своечасовага ўмяшання майго швагра і дадзенай ім інструкцыі абмяняцца з усімі апошнімі пацалункамі, мы селі ў экіпаж, а паштальён замашыста секануў коней і з імпэтам рушыў у дарогу. 3 цяжкасцю і толькі на адно імгненне ў нас атрымалася, аддаляючыся, памахаць наўзаем хустачкамі.
Мы пакідалі Вільню ў маўчанні, а мне здавалася, што, губляючы з відавоку свой любімы горад, я стаў асуджаны на выгнанне з раю. Шмат часу мінула, каб пасля ўтаймавання эмоцый можна было пачаць размаўляць. У сваю чаргу, мой швагер, п. Аляксандр, зразумеў сітуацыю, увогуле не адгукаўся, а чакаў маёй ініцыятывы ў гэтым.
Нарэшце мы апынуліся на вялікім тракце, які вёў у Пецярбург, і незнаёмай мне мясцовасці. Увесь час змяняліся пейзажы, дамы і вёскі, гэта выклікала ў мяне жаданне даведацца пра іх назвы, што змушала нас завязаць размову з вознікам, каб атрымаць бягучую інфармацыю, а часта слухаць цікавыя расповеды з мясцовых паданняў і цяперашніх здарэнняў, якія давалі магчымасць пазнаёміцца з мясцовасцю, мы задавольваліся гэтай сумнеўнай вартасці інфармацыяй, бо дакладнага апісання накшталт сённяшняга «Бедэкера»237 тады ў нас не было.
Я адчуваў сябе абдзеленым падчас начной язды, гэтулькі цікавых мясцін у мяне не атрымлівалася ўбачыць, бо мой швагер спяшаўся — наколькі гэта было магчыма — скараціць час падарожжа. Першую ноч мы правялі, дрэмлючы, у экіпажы, і толькі моцная стомленасць, якую мы адчулі на другі дзень падарожжа,
змусіла яго на другую ноч дазволіць некалькі гадзін адпачыць на адной з паштовых станцый.