Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль
Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
Прычынай стомленасці падарожных з’яўлялася моцная нязручнасць паштовых экіпажаў, без рэсораў, з-за чаго нас увесь час трэсла, бо дарога знаходзілася ў занядбаным стане, была ў выбоінах і засыпана каменнем. Пакуты нашыя павялічваліся з павелічэннем хуткасці экіпажа, павялічваючы моц трасення. У сваю чаргу, хуткасць залежыла ад велічыні гасцінца, які атрымаў паштальён, бо, атрымаўшы добрую плату, быў гатовы спаборнічаць з ветрам. Мой швагер быў знаёмы з асаблівасцямі расійскай адміністрацыі, нічога не шкадаваў для хутчэйшага дасягнення канца падарожжа.
Часта мы павінны былі трымацца абедзвюма рукамі за аблямоўку экіпажа, каб не зваліцца на падлогу і не пабіцца. Я, як маладзейшы, лягчэй мог пераносіць цяжкасці гэтага падарожжа, толькі ўпартай была патрэба сну, што не жадаючы паддаваўся ёй, нават моцнае трасенне экіпажа не было ў стане мяне абудзіць. Толькі мой швагер павінен быў сачыць, каб з-за гэтага я не вылецеў у паветра, як з рагаткі.
Пасля кароткага адпачынку падчас другой ночы мы дастаткова доўга працягвалі нашае падарожжа вельмі інтэнсіўна, аж да таго моманту, калі мой швагер пачаў адчуваць моцныя болі ў паясніцы, што змусіла стрымаць імпэт. Пасля гэтага мы пачалі начаваць на паштовых станцыях, ехалі павольней і толькі днём. Часам здаралася, што пасля таго як мы несліся са страшнай хуткасцю, мы вымушаны былі ехаць павольней, перасякаючы пясчаную ці багністую мясцовасць, што змушала нас дыхаць пылам альбо моцна трэсла ў экіпажы пры пераездзе па пакладзеных калодах уздоўж дрыгвы. Такога кшталту падарожжа было не менш цяжкім.
На паштовых станцыях амаль заўсёды мы знаходзілі добрае харчаванне і ўтульны адпачынак, бо іх наглядчыкі, акрамя абавязку дзяржаўнага збору платы з падарожных, у залежнасці ад вызначанай таксы за колькасць вёрст дарогі да прыбыцця, былі абавязаны забяспечыць іх харчаваннем за адпаведную суму. Але ў іншых месцах падарожны мог задаволіцца ежай, якую ўзяў з сабой у дарогу, і адпачываць на драўляных тапчанах ці са звычайна зламанымі спружынамі канапах, якія знаходзіліся ў залі чакання.
У кватэры, прызначанай для начальніка станцыі, заўсёды было асобнае памяшканне з некалькімі засланымі ложкамі, дзе за
асобную плату падарожны мог утульна і спакойна адпачыць. Той, хто драмаў на тапчанах у залі чакання, увесь час абуджаўся ад пастаяннага шуму і ўсю ноч пакутваў, бо вельмі часта ўночы з крыкамі з’яўляліся новыя падарожныя, каб адпачыць альбо замяніць коней.
Звычайна начальнікі станцыі — жанатыя людзі, а іх хатнія памочніцы гатуюць разнастайныя стравы, якіх хапае і для таго, каб накарміць гасцей з дарогі. Нежанаты начальнік станцыі быў абавязаны трымаць кухара альбо сам гатаваць ежу для падарожных. У выніку чаго начальнік станцыі быў адначасова і супрацоўнікам гатэля і, акрамя заробку на службе, меў магчымасць павялічыць свае даходы. Пры гэтым ад яго залежыла, добрых ці дрэнных коней атрымае падарожны ці таксама больш альбо менш выгодны экіпаж, што забяспечвала яго магчымасцю атрымліваць хабар.
Мы ведалі пра вышэйапісаныя асаблівасці, таму заўсёды выдатна адпачывалі і добра харчаваліся, бо ўсе мясцовасці, якія мы праязджалі, былі поўныя разнастайнай ежы, свойскіх птушак, дзічыны і рыбы. Праязджаючы праз Свянцяны238, Дзвінск (Дынабург)239 і вялізныя тэрыторыі, якія знаходзяцца ў межах краю і пралягаюць на поўнач за Заходняй Дзвіной, гэта значыць землі, якія знаходзяцца ў межах Літвы і Беларусі, аддаленасць ад хатняга агменю не адчувалася так балюча, бо характар, традыцыі і мова, якія назіраліся ў сустрэтых па дарозе жыхароў, не выклікалі ў мяне ўражання, нібы я знаходжуся на чужыне.
Такое пачуцце да мяне прыйшло, калі я апынуўся за межамі Віцебскай губерні, а нават трошкі далей, там, дзе знаходзілася ліквідаваная паштовая станцыя, вядомая пад назвай «Цыганкі», за якой пачынала ўжывацца ўжо велікаруская мова, а ваколіцы належалі да правінцыі Пскова240. Мясцовыя жыхары, якіх мы пыталі, сцвярджалі, што да «Цыганкоў» пралягалі ўладанні Ягайлы241 і што за станцыяй ужо пачынаўся край, чужы для Польшчы, ці менавіта Велікарусь. Знаходзячыся ў Пскове, не меў уражання, якое мог бы атрымаць, калі б кантактаваў з неграмі, татарамі, чувашамі і г. д., знешні выгляд якіх значна адрозніваецца ад рысаў славянскіх твараў. Я ведаў, што знаходжуся ў краіне, якая мае слаўнае мінулае, але ўжо даўно заняпалай ад цяжкага татара-мангольскага іга242, дзе жыхароў перасталі збіраць звонам «колокола» (звона) на рады і дзе сёння яго б’юць святатацкай рукой, каб
зрабіць іх нявольнікамі, каб выбіць паклоны і ператварыць у вернападданых служак дэспатычнага цара.
Бадзяючыся па вуліцах Пскова, я заўважыў кантраст, які існаваў паміж навалай маскоўскіх чыноўнікаў... і мясцовым насельніцтвам, якое вылучалася выключнай прыгажосцю і зграбнымі рысамі твару, як і целаскладу, гэта адпавядала індаеўрапейскай pace, што даказвала нашую з імі еднасць. Але насуперак вышэйапісаным прыкметам, з маральнага пункту гледжання, край гэты знаходзіцца ў гаротным заняпадзе. Даўно ўжо перасталі адчуваць патрэбу ў звоне «колокола» для таго, каб сабрацца на раду народных прадстаўнікоў па вызваленчых справах. 3 той пары, як воля была страчана, ніводнае наступнае пакаленне не дарасло да рашэння паспрабаваць падняць паўстанне; запаўшы ў глыбокі сон, яны з’яўляліся прыладай у руках маскоўскіх цароў для агульнага пераследу, разам з ардой сваіх катаў, нас, ліцвінаў і палякаў, якія хацелі вярнуць страчаную ў час падзелаў незалежнасць краіны, і для задушэння нашых паўстанняў.
Для мяне было відавочным, што пскоўскія славяне не разумелі прыніжанасці сітуацыі, у якой апынуліся. Таксама невядомым застаецца, колькі часу павінна прайсці да іх адраджэння. Я бедаваў праз тое, што пскоўская публіка, якую я сустрэў падчас майго падарожжа, не навучылася разумець сакрэтаў, якія знаходзіліся ў маёй маладой душы, каб паскорыць момант вызвалення сябе з агіды, у якой загразла. Ведаю, што я меў бы іншае ўражанне, калі б там з даўніх часоў была ўжо страчаная Рэч Паспалітая.
Аднак, нягледзячы на жудасны стан, у якім на сёння яны знаходзяцца, я не адчуваў сябе тут абсалютна адасобленым, ведаючы, што знаходжуся ў славянскім краі, жыхары якога хоць і маюць меншую сувязь з Польшчай, ад Белаі асабліва ад Маларусаў маюць дыялект, які вымаўленнем больш блізкі да нашай мовы, тым не менш з’яўляюцца чыстым славянскім народам. [...]
У Пскове мы заставаліся паўтара дня, маючы неабходнасць навесці парадак у нашай бялізне і вопратцы. Карыстаючыся гэтай магчымасцю, мой швагер змог закупіць падчас правядзення аўкцыёну зручны экіпаж, які называлі тарантасам, у яго хоць і не было рэсораў, бараніў падарожнікаў ад моцнага трасення дзякуючы таму, што заднія колы знаходзіліся далёка ад сядзенняў. Наяўнасць асабістага экіпажа пазбаўляла нас неабходнасці на кожнай станцыі перацягваць багаж і не змушала нас мітусіцца.
У сваю чаргу, дарога, па якой мы ехалі тарантасам з Пскова ў Лугу243, пасля доўгага адпачынку была ўжо не такой цяжкай, а праз тое, што была карацейшая, мы хутка даехалі да мясцовасці, дзе ўпершыню ўбачылі чыгунку, пра яе мы ведалі толькі з аповедаў і апісанняў, па якой і дабраліся да Пецярбурга. Мой швагер перад ад’ездам з Лугі меў час на размяшчэнне свайго тарантаса, каб вярнуцца на ім у Вільню без асаблівых пакутаў.
Ведаючы, што буду вымушаны на доўгі час застацца ў Пецярбургу, я ўважліва прыглядаўся да новага асяроддзя. На кожным кроку аказвалася, што я чужы і што знаходжуся сярод тых, хто меў іншыя традыцыі, да якіх мне будзе цяжка прызвычаіцца. У гатэлі, дзе мы затрымаліся, слугі ўсё рабілі не так, як у Вільні, а ў рэстаране нас кармілі па-іншаму прыгатаванымі стравамі, якія былі не ў нашым гусце.
На вуліцах, дзе праходзіў паказны шпацыр, у сваю чаргу, асабліва на Неўскім праспекце, быў сведкам выканання ненатуральных і вымушаных рухаў як у мужчын, так і ў жанчын. Усе намагаліся атрымаць прэмію ў конкурсе парадных выстаў. Найбольш напружанае спаборніцтва было паміж жанчынамі лёгкіх паводзінаў і афіцэрамі, якія з бразгатаннем цягалі па тратуарах свае палашы. Усё гэта выглядала нацягнута і ненатуральна, а ім ўсім падавалася, што яны належаць да вяршыні цывілізацыі. Яны шпацыравалі не для таго, каб дыхаць свежым паветрам. Зусім іншыя прычыны выцягвалі пецярбургскую публіку на вуліцы горада.
У горадзе быў моцна развіты гандлёвы рух, дзе фінска-татарская набрыдзь нахабна пёрлася, каб прапанаваць закуп альбо продаж харчоў, падвяргаючы мінакоў частым і балючым штурханням. Сярод падобнай навалачы, побач з непазбежным хамствам мінакі абкрадаюцца дасканалымі ў сваім рамястве маскалямі, якія, каб зняважыць нашае імя, называлі сваіх злодзеяў «мазурыкамі», гэта значыць мазурамі, хоць вядома, што ў Польшчы ўсе крадзяжы — справа маскалёў, якія там аселі, і амаль ніколі палякаў.
Каб зарыентавацца ў Пецярбургу, мне не трэба было шмат часу, але і гэтага мне было дастаткова, каб пераканацца, што не варта чакаць прыкмет вялікага развіцця ад мясцовага грамадства... Адсюль вынікае, што пецярбургскае грамадства, ад вышэйшага класа яго жыхароў да апошняга падзёншчыка, не выключаючы афіцэраў,
чыноўнікаў, зладзеяў і распусніц, уяўляе з сябе адну агульную масу прыхільнікаў дэспатызму, якая гатова падняць меч ці замахнуцца нажом на тых, хто трапіў у няволю да белага цара. [...]
Я хутка зразумеў, што ўвесь час свайго побыту тут буду нязменна сумаваць па радзіме і што ніякія сілы не дазволяць мне тут асвоіцца. У выніку чаго я вырашыў адасобіцца ад мясцовай публікі і шчыра заняцца здабыццём ведаў для спецыяльнасці, якую абраў.
Мой швагер адразу пасля прыбыцця ў Пецярбург наведаў і пазнаёміў мяне са сваім кузэнам п. Тодлебэнам, куды запрасілі на абед і мяне, дзе адбылося прадстаўленне і знаёмства з сям’ёй п. генерала. Мой швагер быў курляндцам244, знаходзіўся ў сваёй скуры, у той самы час я адчуваў, што надзея на ласку і пратэкцыю кампраметавала мяне, прыніжала да становішча жабрака. Адчуваючы, што сілаў для пераадолення экзаменаў у мяне дастаткова, я не пераставаў шкадаваць, што здзейсніў такі неабдуманы ўчынак і прасіў падтрымкі.
Швагер мяне запэўніваў, што тут гаворка ідзе толькі пра дапамогу сваякоў, якую ён мае права атрымаць ад свайго стрыечнага брата Тодлебэна, бо іх маткі былі роднымі сёстрамі, але гэта не пераконвала. Жадаючы мяне супакоіць, мой швагер паўтараў, што паслуга, якую мы маем ад Тодлебэна, не будзе ісці ад маскаля, бо яго сям’я ў Курляндыі належала да польскага лагера і што ў час паўстання 1830 г. яна падтрымлівала нашыя патрыятычныя справы.