Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль
Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
Гэты парк быў засаджаны адпаведнымі раслінамі для хуткага росту на мокрых грунтах, быў дастаткова цяністы для тых, хто тут шпацыраваў гарачым летам, таксама тут можна было адпачыць на зручных лавах, размешчаных у розных месцах, аднак ён амаль заўсёды быў пусты па той прычыне, што публіка знаходзіла свежае паветра ў садах прадмесцяў, а таксама на розных выспах у вусці Нявы. Таксама казалі, што злачынства, якое здзейснілі ў Летнім замку, што месціцца побач з паркам, дрэнна ўплывае на настрой людзей, з агідай іх адштурхоўваючы ад гэтай мясцовасці. Парк цікавы толькі для замежнікаў, якія часта яго наведваюць,
узіраюцца ў палац, шэпчучы пра страшную таямніцу нядаўняга мінулага.
Летні Замак, прызначаны для нашага вучылішча, меў вялікія пакоі для размяшчэння сотні вучняў. Спальня ўяўляла з сябе доўгі зал і некалькі меншых, дзе размяшчаліся ложкі, якія стаялі далёка адзін ад аднаго, а каля іх камодка і табурэтка, на якой складалі вопратку, калі клаліся спаць. Сталовая размяшчалася ў круглай зале, яна была вельмі зручнай для нашай сотні і для такой самай колькасці жаўнераў, якія неслі службу ў нашым вучылішчы. Яны маглі свабодна перамяшчацца, разносячы стравы і змяняючы посуд.
Каб даць лепшае разуменне аб вялізных памерах круглай залы сталовай, я павінен дадаць, што сотка вучняў піла ў ёй раніцай і днём гарбату са ста самавараў, пастаўленых асобна для кожнага з нас, каля іх змяшчаліся ў асобнай скарбонцы прыборы, сярод якіх былі паднос, пара шклянак, посуд для іх паласкання, гарбатнік, цукарніца і іншыя патрэбныя дадаткі, каб мы маглі піць гарбату, абслугоўваючы самі сябе.
Наш умывальны пакой быў вельмі нязручным; ён знаходзіўся ў цесных калідорах, дзе на сценах былі прымацаваныя вялікія латуневыя пасудзіны, напоўнены вадой, якая сцякала ў рукі, калі націснеш на кнопку,змешчаную ўнізе. У гэтым царскім будынку былі і лазні, дзе раз на тыдзень мы абавязкова мыліся, наш шпіталь быў забяспечаны вялікай колькасцю ложкаў, бо пецярбургскі клімат зусім не быў карысны, і нашыя вязніцы, у якіх замыкалі вучняў за нязначныя парушэнні, асабліва за спазненне на заняткі ці ў сталовую.
Усё гэта адбывалася пад рэха ўдараў у барабан, пад гукі якога нас будзілі і ўкладалі спаць. Аднак тым вучням, якія хацелі лепей падрыхтавацца да заняткаў, было дазволена ісці ў асобную залу, дзе мы маглі заставацца да поўначы, пасля чаго трэба было абавязкова ісці спаць.
У Летнім замку была яшчэ адна вялізная зала, якая прызначалася да шыхтовых вайсковых трэніровак падчас дажджу, дзе нас адначасова муштравалі ў фехтаванні на шпагах і палашах, а таксама для заняткаўтанцамі, нават не выключаючы з іх каталога мазурку, якую неміласэрна скакалі. У гэтым жа будынку не толькі знаходзілася памяшканне для салдатаў, якія служылі тут паганятымі, але тут змяшчаліся казармы для батальёнаў сапёраў і працоўныя пакоі,
зробленыя на самым высокім паверсе палаца для вялікай колькасці тапографаў, занятых рэтушоўкай вайсковых картаў для генеральнага штаба. Пасля таго як браніраваная брама Летняга замка замыкалася на ноч, будынак ператвараўся ў маленькую цытадэль.
Да сабраных у вызначаны дзень прынятых у Інжынернае вучылішча новых вучняў прыйшоў яго тоўсты дырэктар са спісам у руцэ, ён чытаў па чарзе нашыя прозвішчы ў залежнасці ад набраных на экзаменах балаў і рабіў агляд вучня. Хутка падышла мая чарга, бо ў спісе я быў трэцім, мяне выклікалі да яго. Дырэктар разгледзеў мой твар, бо хацеў праверыць, ці рожа не пакінула слядоў, і запытаў, ці не жадаю я быць скіраваным на далейшае лячэнне ў шпіталь вучылішча.
Я падзякаваў яго за клопат, а пасля сказаў, што адчуваю сябе абсалютна здаровым і што не хачу марнаваць час на пропускі заняткаў, якія павінны ўжо пачацца. Было відавочным, што п. дырэктар, які захоўваў кіслую міну, хацеў сцерці дрэннае ўражанне, зробленае на мяне з-за прычэпак перад пачаткам экзаменаў. Генерал дырэктар таксама моршчыўся, калі ў спісе падыходзіла чарга да польскіх прозвішчаў, тым больш што амаль усе канкурэнты вылучаліся сваімі ведамі і ў яго не атрымалася іх зрэзаць.
Выклікаючы іх да сябе, ён падрабязна распытваў пра сямейныя сувязі і пра ваколіцы таго краю, дзе яны жывуць. Відаць, яму было цяжка пагадзіцца з тым, што мы напралом трапілі ў Інжынернае вучылішча. Але пакуль п. дырэктар хацеў бліжэй пазнаёміцца з тымі, хто атрымаў права на дасягненне вышэйшых уганараванняў пры троне і ў дзяржаве.
Пасля кароткай выхаваўчай прамовы дырэктар перадаў нас пад нагляд інспектара вучылішча ў званні падпалкоўніка і некалькім афіцэрам ніжэйшага рангу, якім мы павінны былі ўвесь час падпарадкоўвацца. Інспектар, імя якога не памятаю, быў душой і гаспадаром вучылішча. Яго рашэнням павінны былі ўсе падпарадкоўвацца. Пасля таго як дырэктар пайшоў у сваю кватэру, якая знаходзілася ў тым жа палацы, інспектар скіраваў нас у спальныя пакоі, каб мы апрануліся там у вайсковую форму, пашытую паводле знятых некалькі дзён таму мерак і пакладзеную на табурэтках, якія стаялі побач з ложкамі, у якіх залатымі літарамі былі напісаны нашыя прозвішчы.
Побач з ложкам размяшчаліся пісьмовыя сталы, дзе мы павінны былі трымаць свае кніжкі, канспекты, пісьмовыя матэрыялы, бо
там мы мелі права рыхтавацца да заняткаў, пры неабходнасці сыходзячы да асобнай залы пасля адбою, каб не перашкаджаць адпачываць астатнім вучням, якія паспелі падрыхтавацца да заняткаў своечасова.
Нашая вопратка і бялізна змяшчаліся ў асобных залах, за ёй сачыла асобная вайсковая служба, прызначаная для гэтага. Штодзённая вопратка, якую мы перад сном складалі на табурэтцы, забіралася вайсковай прыслугай, яны чысцілі яе і ціха, каб нас не абудзіць, вярталі на месца. Тое самае рабілі і з нашым абуткам. Нашу зброю, прызначаную для муштроўкі і для парадаў, таксама чысціла вайсковая прыслуга.
Балюча было адчуваць цяжар маскоўскай вопраткі на плячах паляка, якая сведчыла, што ў будучыні ён будзе абавязаны выступаць у ёй супраць землякоў, якія хочуць змагацца за вызваленне з няволі. Я разважаў над гэтым цяжкім становішчам, якое вымушае мяне хітраваць і прыслухоўвацца да парадаў, дадзеных нашым вялікім паэтам у песнях пра Валенрода260. Пад уплывам такіх настрояў павінны былі знаходзіцца мае польскія знаёмыя, вымушаныя крывадушнічаць, хоць і былі гатовыя кожную хвіліну прыносіць карысць сваёй бацькаўшчыне.
Я вельмі баяўся, што землякі, якія жывуць у Пецярбургу, не ведаючы пра нашыя погляды і калі сустрэнуць нас у гэтай ганебнай вопратцы, будуць думаць, што мы прадаліся Маскве. 3 такімі думкамі мы перажылі першы дзень нашага побыту ў Інжынерным вучылішчы, нас вызвалілі ад заняткаў, цёпла апранулі і добра накармілі, мы рана пайшлі спаць, каб на наступны дзень прачнуцца ў 5 гадзін раніцы.
Паціху мы прызвычаіліся да правілаў вучылішча, яны не былі складанымі, бо мы былі дагледжаны па-панску, а можа, нават і лепей, бо сярод вучняў часта сустракаліся князі. He шкадавалі грошай на забеспячэнне вопраткай і гатаванне страў. Нас вучылі фехтаваць, танцаваць і рабіць рэверансы, каб зрабіць з нас салонных франтаў. Мы раздражняліся толькі на грукат барабана, пад гукі якога нас клалі спаць і будзілі.
Існаваў звычай тэрарызаваць вучняў першага года навучання, рабілі гэта таварышы са старэйшых класаў на працягу цэлага года, ператвараючы малодшых у паслухмяны інструмент па выкананні патрабаваных паслуг, таксама вучні падвяргаліся фізічнаму пакаранню, гэта рабілася наступным чынам: асуджаны павінен быў
сагнуцца так, каб пальцамі абедзвюх рук ён змог абаперціся на пальцы абедзвюх ног. Застаючыся ў такой ненатуральнай пазіцыі правапарушальнік атрымліваў у выгнутую частку спіны жорсткія ўдары кантам доўгай лінейкі, прызначанай для тэхнічных малюнкаў. Такога кшталту жахлівая працэдура практыкавалася на чалавечым целе — татарская ідэя, можна было б параўнаць з высяканнем агню сталёвым прутком з крэменю. Каб пазбегнуць такой жорсткай кары, няшчасная ахвяра рабілася інструментам у руках тырана і не толькі была паслухмянай ва ўгодлівых выкананнях розных паслуг, але і падпарадкоўвалася агідным жаданням садомскіх паскудстваў.
Вучні старэйшых курсаў мелі першынства ў ажыццяўленні такога кшалту непрыстойнасцяў. 3 упэўненасцю магу сказаць, што колькасць садомскіх грэшнікаў была невялікай у параўнанні з агульнай колькасцю вучняў, але бясспрэчным застаецца факт існавання гэтага бессаромнага абыдлення ў тэхнічнай навучальнай установе — дзе павінны былі вучыцца вайсковыя інжынеры, — каб выклікаць жах у цнатлівай супольнасці.
Для тых, хто ў нашым краі выхоўваўся ў маральнай чысціні і пунцавеў праз самую нязначную непрыстойнасць, было страшна знаходзіцца сярод распуснай і нахабнай моладзі, якая не мела сораму і замест цноты шанавала ліхадзейства. Большасці з нас аб існаванні ў свеце такога кшталту злачынстваў не было вядома.
Сярод тых, хто не браў удзел у непрыстойнасцях, усе — за выключэннем некалькіх вучняў — шукалі для сябе вучня з першага года і змушалі яго выконваць розныя лакейскія паслугі, абавязвалі іх купляць за свае грошы розныя дарагія рэчы, а асабліва цыгары, ласункі і напоі. Самае нязначная непаслухмянасць падвяргала злачынцу фізічнаму пакаранню, якое ажыццяўлялі скопам у выпадку патрэбы, каб зламаць супраціў і падтрымаць узорнае рабаўласніцтва.
Такое становішча трымалася амаль да самага канца навучальнага года, пакуль моладзь першага класа не распачала бунтаваць, не жадаючы быць прыніжанай да апошніх дзён перад іх пераходам на наступны курс. Бунтаўнікі забарыкадаваліся ў адным са спальных пакояў, выкарыстоўваючы для гэтага ложкі, пісьмовыя сталы і матрацы. Узброеныя крэсламі і нават вострай зброяй малодшыя вучні адбівалі атакі, якія прадпрымаліся ў тры разы магутнейшым
ворагам. Напад, як і абарона, распачаўся вечарам, цягнуўся ўсю ноч і безвынікова працягваўся да другой паловы наступнага дня, нягледзячы на раны і пашкоджанні, атрыманыя змагарамі з абодвух лагераў пры сутычках на барыкадах і пры кіданні адзін у аднаго цяжкімі прадметамі. Неабходнасць медыцынскай дапамогі параненым, а асабліва тым, якія знаходзіліся сярод тых, хто забарыкадаваўся, змусіла дырэкцыю вучылішча яскрава прадэманстраваць сваю абыякавасць, якой яны, без сумневу, даказвалі сваю лаяльнасць да тыраніі і нявольніцтва ў Інжынерным вучылішчы.