Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль
Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
Мы былі вымушаны аддавацца працы, каб нашыя бацькі не панеслі вялікіх страт у плаце за кароткатэрміновую падрыхтоўчую адукацыю, выдаткаў гэтых хапіла б на аплату некалькіх гадоў вучобы пры звычайных абставінах. У гэтых падрыхтоўчых школах павінны былі сачыць за настроямі ўсіх кандыдатаў, запісваць усе вартасці і хібы. Настаўнікі, рэпетытары і падначаленая служба кожны дзень складаюць рапарт дырэктару, непрыхільнасць якога магла замкнуць дзверы Інжынернага вучылішча. Мы ведалі пра гэта і стараліся пазбегнуць дрэннай характарыстыкі тых, хто за намі сочыць.
Штогадовае аднаўленне праграмы экзаменаў з увядзеннем непрадбачаных змен, якое давалася толькі дырэктарам падрыхтоўчых школ, рабіла іх усёмагутнымі ў забеспячэнні поспехаў вучняў. Кожны іншы быў асуджаны на непазбежную няўдачу.
Нашыя прафесары з узгаданай праграмай у руцэ вучылі нас даваць адказы на дадзеныя пытанні, не закранаючы іншыя, нават тыя, якія могунь мець вялікае значэнне, каб не марнаваць час і не абцяжарваць нас. Такім чынам, мы ўсвядомілі сакрэты пераадолення перашкод. Такім чынам, мы разумелі нюансы барацьбы з цяжкасцямі, якія ўзнікалі падчас экзаменаў. За два тыдні я змог асвяжыць свае веды, а дзякуючы парадам прафесараў і дапамозе рэпетытараў — дагнаць тых вучняў, якія трапілі ў гэтую ўстанову раней.
Зразумела, што мне было гэта зрабіць не зусім проста. Я адстаў толькі ў ведах па сусветнай гісторыі ў параўнанні з маімі знаёмымі, якую напісаў і адлітаграфаваў наш прафесар, які змушаў нас даслоўна яе вывучаць, ён патрабаваў, каб мы нават захоўвалі знакі прыпынку, як у яго. Трэба было пераказваць гэтую не заўсёды праўдзівую гісторыю дакладна так, як чытаецца штодзённая малітва. Таксама не было магчымасці ўратавацца ад надакучлівых прэтэнзій гэтага гісторыка, бо ён быў кузэнам дырэктара і яго дрэнная характарыстыка магла падставіць пад небяспеку любога вучня.
Праз некаторы час у мяне атрымалася вывучыць агромністы талмуд па гэтай цікавай гісторыі, я ведаў нумары старонак, на якіх
знаходзіліся артыкулы, а таксама памятаў словы, з якіх пачыналася кожная старонка. Дзякуючы гэтаму я заслужыў прыхільнасць прафесара, які прыводзіў мяне ў прыклад. Натуральна, што так цяжка атрыманыя веды не надоўга засталіся ў маёй памяці.
Прайшло тры месяцы, і набліжаўся час экзаменаў, якія распачаліся пасля Калядаў. Я ніколі пра іх не забуду, бо некалькі нашых расійскіх знаёмых нечакана захварэлі, гэта здарылася праз тое, што яны абжыраліся блінамі з грэчкавай мукі, смажанымі на масле, якія яны елі яшчэ гарачымі і мачалі ў празмернай колькасці тлушчу альбо смятаны. Гэтая нацыянальная страва вельмі смачная, але павінна спажывацца ў меру. Гэтае недамаганне нашых знаёмых не дазволіла ім здаваць экзамены, тым самым дало больш шанцаў тым, хто меў не такую моцную падтрымку, а асабліва палякам.
У вызначаны дзень, перад пачаткам экзаменаў, дырэктар і генерал інжынерыі, якога накіравала сюды спецыяльная камісія, зрабілі агляд кандыдатаў у Інжынернае вучылішча. Воляй выпадку, праз тое, што я з’явіўся на экзамен з забінтаваным тварам, бо ў мяне праявілася хвароба — рожа, якая некалькі дзён таму напала на левы бок майго носа, я быў змушаны рэпрэзентаваць сябе перад магутным дырэктарам менавіта ў такім выглядзе, дырэктар таксама не марнаваў часу і выклікаў вайсковага доктара, каб той сказаў, ці не паўплывае мая прысутнасць на распаўсюджванне эпідэміі.
Адчуваючы вялікую небяспеку, з заміраннем сэрца я чакаў рашэння, і хоць яно было на маю карысць, не пазбавіла ад далейшых пакут, бо тоўсты дырэктар, які з цяжкасцю змяшчаўся ў агромністым фатэлі, сказаў хрыплым голасам, што адно з маіх вачэй, вольнае ад бінту, мае мутны водбліск блакітнага колеру, прыкмету дрэннага зроку. Гэтая заўвага прагучала, як выбух перуна, выклікала хваляванне сярод членаў камісіі, якая, параіўшыся паміж сабой, вырашыла праверыць яснасць майго зроку. Я думаў, што мне ўжо нічога не дапаможа, і са страхам адказваў на пытанні, звязаныя з колерам тых ці іншых прадметаў, а таксама мне давялося чытаць розныя надпісы, якія расплываліся ў вачах з прычыны моцнага хвалявання і з прычыны таго, што чытаць мне прыходзілася адным вокам. Аднак мой добры малады зрок, які мог угледзець рабчыка, які хаваўся ў глыбіні лесу, і дапамагаў паспяхова страляць у спалоханых на літоўскіх багнах бакасаў, змог пераадолець усе перашкоды і пераканаць камісію ў тым, што заўважаная дырэктарам мутнасць у маіх вачах існавала толькі ў яго ўяўленні.
Нарэшце гэтае выпрабаванне скончылася і я атрымаў дазвол на ўдзел у экзаменацыйным конкурсе, які пачаўся ў другой палове гэтага ж дня. Я павінен адзначыць, што мы не бачылі, каб прафесары, што прымалі экзамены, камусьці дапамагалі ці дэманстравалі сваю прыхільнасць. Кожны, хто здаваў экзамены, адказваў на пытанні з выцягнутых білетаў і паводле гэтага, не кансультуючыся ні з кім, экзаменатар выстаўляў адзнаку. Hi ў каго не ўзнікала сумневу, што ўсе прафесары былі людзьмі адукаванымі, сумленнымі, якія не дазвалялі выкарыстоўваць сябе.
За першыя два дні экзаменаў у мяне не было ніводнай няўдачы, і я быў упэўнены, што дасягну шчаслівай мэты, бо на ўсе пытанні адказаў без запінкі і на дошцы правільна рашыў матэматычнае заданне. На трэці дзень у нас застаўся экзамен па сусветнай гісторыі, толькі дакладныя веды матэрыялу ўпэўнівалі мяне ў выключных выніках экзамену. Я вельмі спакойна чакаў надыходу раніцы, такі ж настрой ахапіў і ўсіх маіх землякоў. Яны таксама не мелі цяжкасцяў пры адказах на пытанні па гэтай вымучанай, асаблівай гісторыі.
Аднак нас, палякаў, здзіўляла тое, што рускія таварышы мучыліся такім жа чынам, а можа, нават і з большымі намаганнямі, што і ў папярэднія дні, у выніку чаго мы мелі права падазраваць, што памяць іх тупейшая, чым у нас.
Аднак перад тым, як ісці спаць, я даведаўся ад аднаго са знаёмых родам з Фінляндыі, што заўтра будзе экзамен не толькі па гісторыі, але таксама і па статыстыцы, якую нам не выкладалі і пра якую не мелі ўяўлення. Тады ж я даведаўся, што матэрыялы былі раздадзены дырэктарам Івановым усім пратэжэ, гэта значыць расіянам, за два тыдні да экзамену, вучням было загадана авалодаць матэрыялам пад сакрэтам і без дапамогі настаўнікаў. Усе, хто быў пазбаўлены такога прывілею, а асабліва мы, палякі, былі асуджаны на правал у конкурсе, атрымаўшы дрэнную адзнаку па статыстыцы.
Даражэнькі фін вельмі добра ставіўся да мяне і не хацеў пазбавіцца майго таварыства, таму ён даў мне познім вечарам свае матэрыялы па статыстыцы, каб я мог пачытаць іх ноччу, што-небудзь вывучыць і пазбегнуць адмоўнай адзнакі.
Я ўжо даўно падтрымліваў добрыя адносіны з фінляндцам, які заўсёды дзяліўся са мной рознымі прысмакамі, якія яму дасылалі
з дому, бо ведаў, што такія рэчы з далёкай Літвы даходзяць з вялікай цяжкасцю. Я сардэчна яму падзякаваў за аказаную мне незабыўную паслугу і пасля вячэры, калі маскалі пайшлі спаць, я папярэдзіў польскіх таварышаў, каб яны ціха сабраліся ў пустой чытальні. Замкнуўшыся, я распавёў, у чым заключалася сутнасць пратэкцыі вучняў з прывілеямі, і аб шчаслівым здарэнні, які мне дазволіў здабыць кантрабанду, якая перадавалася пры дапамозе дырэкцыі Інжынернага вучылішча пры пасярэдніцтве Іванова.
He марнуючы часу на дыскусію, як нам выбрацца з гэтай пасткі, мы пачалі неадкладна чытаць статыстыку, занатоўваючы розныя дадзеныя з устаноўкай пазнаёміцца, на колькі хопіць моцы, з незнаёмым прадметам за такі кароткі час. Да раніцы мы змаглі павярхоўна азнаёміцца з матэрыяламі і радасна пайшлі на экзамен з упэўненасцю, што суцэльнага маўчання на экзамене не будзе, і, разлічваючы на атрыманне высокіх адзнак па іншых прадметах, мы спадзяваліся прайсці па конкурсе.
Дырэктар Інжынернага вучылішча быў спалоханы тым, што палякі ўдзельнічаюць у экзаменах, не пратэстуюць з-за таго, што ў падрыхтоўчай школе статыстыку не выкладалі, гэта ўпэўніла яго ў хітраваннях Іванова, якога, відаць, падазраваў у хабарніцтве, бо матэрыялы па статыстыцы ён даў усім без выключэння. Пасля праслухоўвання некаторых з нас, тых, якія дастаткова добра справіліся з пытаннямі, цытуючы шмат лічбавых дадзеных з вялікай дакладнасцю, п. дырэктар сарваўся са свайго месца і накіраваўся ў суседні кабінет, выклікаўшы на размову Іванова, які знаходзіўся ў камісіі. Адтуль да нашых вушэй далятала глухая сумятня крыкаў раззлаванага звера з татарскай пашчай, які хацеў аблаяць падазраванага дырэктара падрыхтоўчай школы за здраду, а таксама пісклявы лямант Іванова, які спрабаваў даказаць сваю нявіннасць.
Відавочна, у яго не атрымалася апраўдацца, што стала зразумелым у наступным годзе, бо дырэктарам падрыхтоўчай установы стаў іншы чалавек. Іваноў стаў нашай ахвярай і, напэўна, так і не змог даведацца, як мы даведаліся пра гэты сакрэт.
Экзамены паспяхова скончыліся для ўсіх палякаў, а асабліва для мяне, бо, узброіўшыся сваімі здольнасцямі па рыторыцы, на экзамене па статыстыцы мой адказ быў вельмі доўгі і падрабязны, парушаючы ўсе правілы, расказваў нават пра тое, чаго ў мяне не пыталі, каб зрабіць добрае ўражанне на членаў шматлікай камісіі,
якая, нягледзячы на тое што прафесар па гэтай дысцыпліне шматразова скіроўваў мяне да пытання, якое яго цікавіла, здаецца, паставіла мне добрую адзнаку, бо праз некалькі дзён у спісе вучняў, прынятых у Вайсковае інжынернае вучылішча, я знаходзіўся на трэцім месцы. Таксама і ўсе палякі пераадолелі ўсе перашкоды. Усё гэта сталася магчымым дзякуючы дапамозе майго сябра з Фінляндыі, імя якога я, на жаль, не памятаю, і таксама праз тае, што некаторыя нашыя таварышы спажылі празмерную колькасць «бліноў». Забыў адзначыць, што ў другой падрыхтоўчай установе ніводнага паляка не было.
Адразу ж пасля прыняцця мяне ў вучылішча я накіраваўся з візітам удзячнасці да спадарства Тодлебэнаў, хоць жа меў права падазраваць іх у тым, што ніхто з іх для мяне нічога і не спрабаваў зрабіць, да такой высновы можна было прыйсці, гледзячы на паводзіны Іванова і дырэктара-варвара.
Было відавочным, што мой поспех іх вельмі здзівіў. He затрымалі таксама з запрашэннем, каб я іх як мага часцей наведваў, а асабліва па суботах, днях калі яны прымаюць у сябе візіты.
Вайсковае інжынернае вучылішча было заснаванае царом Мікалаем 1, знаходзілася яно ў так званым Летнім замку256, ён у свой час быў пляцам цара Паўла257, якога там і задушылі. Гэта вялікі будынак з вялікім дваром усярэдзіне, дзе адбываліся шыхтовыя трэніроўкі вучняў. Перад палацам знаходзіўся вялікі парк, які называўся Летнім садам258, упрыгожаны вялікай колькасцю статуй з белага мармуру, скрадзеных маскалямі ў Варшаве259, якія праз неспрыяльны клімат счарнелі, зрабіліся непрыцягальнымі і страцілі сваю даўнейшую чароўнасць.