Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
160.92 МБ
Наш французскі прафесар вучыў нас рабіць па з мазуркі, якія на практыцы атрымліваліся смешным нумарам з адкідваннем
назад нагі ў час імпэтнага бегу. Гэта была няўдалая прафанацыя нашага танца. Я падказаў нашаму прафесару розныя па, якія выкарыстоўваюцца ў мазурцы, і сказаў пра неабходнасць іх частых зменаў падчас выканання розных фігур. Паказаў яму, як выбіваюцца галубцы268 і нават як выконваюцца адначасова, у такт з музыкай, з правай і левай нагі, якія выкарыстоўваліся асабліва падчас танца сола ці калі знаходзіліся на чале карагода. Спрабаваў п. прафесар паказаць мне гэтае вывучанае ім апошняе па, але ніякім чынам не змог яго выканаць, у яго запляталіся ногі. Урэшце ён мне заявіў, што такія выбрыкі адносяцца да балета і не павінны выкарыстоўвацца ў салонным танцы. Я адказаў яму, што трэба быць палякам, каб навучыцца танцаваць мазур.
Да нашых настаўнікаў трэба таксама залічыць 12 фехтавальшчыкаў, якія з вялікім клопатам вучылі нас фехтаваць шпагамі і шаблямі. Кожны з іх вучняў мог шмат атрымаць дзякуючы навуцы абароны ў час нападаў і двубояў.
Акрамя развіцця інтэлекту, мы павінны былі фізічна развівацца ў вайсковай муштры. Неабходна было на працягу дзвюх гадзін трэніравацца ў выкананні маршу паводле нямецкай методыкі, напружваючы мускулы і падтрымліваючы забойчы такт у руху наперад. Таксама трэба было трэніравацца ўжываць зброю. Карабіны тады былі пістонавыя, з гладкімі трубамі, набіваліся зверху порахам, а пасля закладалася куля. Шмат часу марнавалася на выкананне гэтай цяжкай аперацыі, якую мы выконвалі пад падрабязныя каманды. Вінтовак тады яшчэ не было. Пакутам трэніровак па муштры і ўжыванні зброі мы падвяргаліся прыкладна праз два месяцы.
Пасля гэтага дырэктар рабіў кожную пятніцу агляд. Мы павінны былі праходзіць каля яго і па-вайсковаму аддаваць чэсць. Ад акуратнасці выканання гэтага вітання залежыла рашэнне аб вызваленні нас ад іншых нясцерпных трэніровак. Часта здаралася, што п. дырэктар рабіўся несправядлівым адносна некаторых вучняў, з-за чаго і я пакутаваў, бо даўжэй, чым астатнія, заставаўся рэкрутам, мне адкрыта выказвалі свае спачуванні за несправядлівае пакаранне. Гэтага было дастаткова, каб схаваць сваю крыўду.
Застаючыся рэкрутам, я не меў права апранаць парадны мундзір з сярэбранымі галунамі і насіць шалом з вялікім, таксама сярэбраным забралам і густым чорным хвастом з конскіх валасоў, такім чынам вучань быў прыніжаны, бо тады, калі таварышы рэкрута
выходзілі ў горад і дэманстратыўна гулялі па Неўскім праспекце, Марской і Казанскай вуліцах, ён павінен быў задавальняцца накрыццём звычайнага плашча і непачэснай шапкай на галаве.
Туга па радзіме ні на хвіліну мяне не пакідала, а самыя нязначныя непрыемнасці даводзілі мяне да стану роспачы. У доўгіх і частых лістах дамоў я падрабязна распавядаў пра свой балючы смутак, які не адпускаў мяне. Гэта страшна спалохала маю маці, якая звышмеры мяне любіла, таму яна вырашыла вытрымаць цяжкую дарогу, як у свой час давялося мне, і прыехаць у Пецярбург.
Пасля таго як тарантас быў напханы рознай ежай і мноствам літоўскіх прысмакаў, прызначаных выключна сыну-пестуну, мая мама выехала ў Пецярбург дзяржаўнай поштай разам з Аляксандрам Тыдманам. Я пра гэта нічога не ведаў, бо яны хацелі зрабіць мне сюрпрыз, які таксама выкліча надзвычай добрае ўражанне ў момант, калі ў Інжынерным вучылішчы з’явяцца самыя дарагія мне людзі. 3 абдымкаў маёй маці я кідаўся абдымаць швагра, паўтараючы гэта доўгі час, я не мог спыніцца. Я атрымаў звальненне на тры дні і ўвесь гэты час быў з імі. Пасля, калі ўжо больш не мог прапускаць заняткі, кожны дзень наведваў сваіх дарагіх гасцей, мы хадзілі ў тэатр і наведвалі сям’ю Тодлебэнаў.
Гэта цягнулася два тыдні, пасля чаго нам неабходна было расстацца. Я павінен быў пагадзіцца з непазбежнасцю гэтай неабходнасці, бо вялікая колькасць абавязкаў змушала маці вярнуцца дамоў, тым больш дарагі швагер Тыдман па пратэкцыі генерала Тодлебэна быў прызначаны падпалкоўнікам інтэнданцтва і цяпер з’яўляўся не цывільным, а вайсковым чыноўнікам. Яму трэба было спяшацца ў Рэвель269, каб там як мага хутчэй заняць гэтую пасаду. 3 болем у сэрцы мы павінны былі адзін з адным развітацца.
Выглядала на тое, што пецярбургскі клімат шкодзіў майму здароўю, бо пасля хваробы рожай я праз некаторы час пасля ад’езду дарагіх майму сэрцу людзей захварэў на жаўтуху. He думаю, каб расстанне з імі магло стаць прычынай маёй слабасці. Я разумеў, што ўрэшце застануся адзін, каб атрымліваць вялікую карысць ад прафесійнай адукацыі ў Інжынерным вучылішчы. Мяне змясцілі ў шпіталь з правам хадзіць на заняткі, бо хвароба, відаць, не пагражала вялікай небяспекай. Мяне вызвалілі толькі ад вайсковых трэніровак.
У пакоі Летняга палаца, дзе разыгралася страшная сцэна задушэння цара Паўла, кожны год у дзень забойства праводзілі жалобнае набажэнства з удзелам цара270. Тое самае паўтаралася і цяпер у прысутнасці цара Аляксандра, які ўдзельнічаў са сваёй світай у вышэй апісаным набажэнстве, у якім бралі ўдзел толькі навучэнцы Інжынернага вучылішча і яго дырэкцыя, бо на большую колькасць людзей не было адпаведнага памяшкання. Цырымонія гэтая адбывалася без шуміхі, каб не выклікаць успамінаў у грамадстве аб палацавых злачынствах. Усёмагутнаму манарху гэта павінна было таксама нагадаць, што яго будучыня залежыць ад непрадбачлівых выпадкаў, беручы пад увагу тое, што амаль ніводзін з пануючых у Расіі цароў не памёр сваёй смерцю.
Пасля набажэнства цар звычайна наведваў вучылішча, бо хацеў схіліць у свой бок моладзь, якая ў будучыні павінна была падтрымліваць цесныя кантакты з дваром. Таксама з вялікай зацікаўленасцю ён разглядаў унутраную адміністрацыйную частку ўстановы, наведаў аўдыторыі, нашыя спальні і, зразумела, падаўся ў шпіталь вучылішча, дзе ўбачыў некалькіх хворых, сярод якіх знаходзіўся і я. Праходзячы ўздоўж шэрагу ложкаў, дзе знаходзіліся цяжкахворыя, пытаў, на што яны хварэюць і якія лекі ім даюць.
Кажуць, што цар валодаў некаторымі медыцынскімі ведамі і, калі быў яшчэ вялікім князем, вывучаў медыцыну. Я не з’яўляўся цяжкахворым, таму стаў каля ложка і выцягнуўся перад падыходам цара, які, убачыўшы мой жоўты твар, звярнуўся да доктара, які знаходзіўся побач з ім: «Ikterus»271, у той жа момант запытаў у мяне: «Как пожнваешь?». Я адказаў яму стандартнай фразай, прадугледжанай на такі выпадак, а прысутны ў царскай свіце генерал Тодлебэн неадкладна прадставіў мяне як сваяка яго кузэна, які нядаўна быў прызначаны начальнікам інтэндантуры ў Рэвелі. Такога кшталту рэкамендацыя моцна ўразіла кіраўніцтва Інжынернага вучылішча, якое адразу перастала мяне пераследваць дзякуючы такому ганароваму прадстаўленню.
Што датычыць мяне, то я адчуў, што апынуўся перад усёмагутным манархам, увасабленнем дэспатычнай улады, хітрасць якой раздзерла на кавалкі значную частку Польшчы, мне было балюча, бо я не мог выказаць цару, што мы бачым у ім нашага ворага і што верна служыць яму не буду; мне было цяжка ад таго, што я павінен крывадушнічаць, бо калі б палякі паводзілі сябе па-іншаму, іх бы цалкам вынішчылі. У тую ж хвіліну я сам сабе тайна прысягнуў,
што выкарыстаю нават самую малую магчымасць агульнага выступу, каб удзельнічаць у паўстанні і здрадзіць маскалям, бо іначай здрадзіў бы сваёй бацькаўшчыне.
Для нас, пераможаных хітрасцю і гвалтам, змушаных заставацца вернымі нявольнікамі маскалёў і татараў, «крывадушнасць» і «здрада» замяніліся на «абавязак» і «дабрачыннасць» — адзіныя сродкі для вяртання волі. Кожны паляк падчас выбуху паўстання, які застаўся верным маскалям, становіцца здраднікам сваёй айчыны. Пад такога кшталту заклікам падрастала моладзь, якая рыхтавалася да паўстання 1863 г. Я тады быў 19-гадовым юнаком. На фальшы, падмане і злачынстве будавалася аснова дэспатычнага ўрада нашага ворага. Нам была дазволена толькі крывадушнасць, за якой мы сачылі ў нашым сумленні як за адзіным сродкам выратавацца, бо без яе мы загінулі б.
Летам і пасля гадавых экзаменаў моладзь Інжынернага вучылішча, якая паступіла на наступны курс, пераводзілася ў летні лагер, уладкаваны пад Пецяргофам272 для адпачынку і для выкарыстання атрыманых тэарэтычных ведаў на практыцы. Толькі ў выпадку фізічнай слабасці дазвалялася паехаць дамоў, каб паправіць здароўе. Усе астатнія былі абавязаныя праводзіць летні адпачынак у намётах, адначасова набываць практычныя тэхнічныя веды і ўдзельнічаць у вялікіх ваенных вучэннях, бо на палях Пецяргофа для гэтага знаходзілася вялікая колькасць вайсковых частак з розным узбраеннем, асабліва сапёрных батальёнаў і артылерыйскіх батарэй рознага калібру. Звычайна падчас гэтых вялікіх вучэнняў войска аглядаў сам цар, што ім надавала асаблівую ўрачыстасць.
У некалькіх доўгіх намётах змяшчалася каля 20 ложкаў, пастаўленых у два шэрагі. Паміж імі быў праход пасярэдзіне. Усе мы былі выгодна размешчаныя. У асобным малым намёце было памяшканне нашага інспектара. У іншым, большым па памерах, знаходзіліся дзяжурныя афіцэры. Далей ад нашых знаходзіліся салдацкія намёты для абслугі. Яшчэ далей былі намёты і склады для слуг адміністрацыі, харчовых запасаў, вопраткі, бялізны і г. д.
У вялікіх шалашах, накрытых палатном, каб засланіцца ад сонца, мы сталаваліся, там з’ядалі нашыя сняданкі і абеды. Побач знаходзіўся будынак, зроблены з лёгкага матэрыялу, пакрыты дахоўкай, які прызначаўся для сталавання на выпадак дажджлівых дзён. У ім таксама праходзілі песенныя выступы
і канцэрты філарманічнай музыкі, якія арганізоўвалі адораныя талентам вучні.
Недалёка ад нашага лагера знаходзіўся такога ж тыпу, а нават трошкі болыпы, лагер Артылерыйскага вучылішча, у ім былі размешчаныя гарматы, якія займалі вялікую тэрыторыю. Артылерыйскае вучылішча273 складалася з такой самай колькасці вучняў, што і ў нас, яно было арганізаванае для выпуску прафесійных афіцэраў. Вялікага поля, якое займалі два суседнія лагеры гэтых прафесійных школ, хапіла б для размяшчэння цэлага мястэчка.
На працягу ўсяго часу існавання лагера вайсковая дысцыпліна была не такой строгай: нас будзілі нашмат пазней, чым звычайна, дазвалялася адпачываць пасля абеду, гуляць і ісці спаць позна ўначы, толькі мы павінны былі вяртацца ў намёт, захоўваючы цішыню, каб не абудзіць тых, хто пайшоў спаць раней. Кармілі нас яшчэ лепей. Нам заўсёды ўсяго хапала, дзякуючы чаму мы пазбягалі дадатковых выдаткаў, хоць усе мы мелі свае грошы.