Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль
Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
Але ўсяго гэтага не было дастаткова, каб змяніць мой погляд на гэтую справу і рабіла з мяне бездапаможнага чалавека як у час абеду за сталом, так і на забаве ў салоне, дзе сабралася вялікая колькасць сваякоў і сяброў, каб пазнаёміцца з Тыдманам, кузэнам Тодлебэнаў. Я ведаў, што быў дарэмным і непатрэбным дадаткам у гэтай кампаніі, як паляк, які хітрасцю хоча ўціснуцца ў іх чароўнае кола, у якім і сам Тодлебэн, не з’яўляючыся натуральным маскалём, мог падпасці пад падазрэнне ў сакрэтных кантактах з палякамі.
Усе былі вельмі ветлівыя са мной, да мяне часта звярталіся ў размовах, але яны заўсёды перапыняліся заўчасна. Мне стала зразумела, што я для ўсіх і ўсе для мяне назаўсёды застануцца чужымі. Швагер ведаў мяне як умелага і спрытнага да танцаў, якія ўжо даўно распачаліся, ён вырашыў выцягнуць мяне з гэтага недалужнага стану і прывалок мяне да гаспадыні дома245, каб
я заангажаваў яе на вальс. Я не паспеў зарыентавацца ў гэтай непрадбачанай сітуацыі, танец не атрымаўся, і, пацярпеўшы фіяска, я з упэўненасцю быў бы прылічаны да неабчасаных правінцыялаў, падвяргаючы майго швагра асуджэнню, што ён звязаўся з неадпаведнай для яго сям’ёй, калі б у хуткім часе не зайгралі мазурку. Пад уплывам звонкіх гукаў нацыянальнай музыкі мой прыгнечаны дух закіпеў. Я першым кінуўся таньчыць. Вялікая колькасць пар пайшла танцаваць следам за мной, але, адчуваючы няздольнасць паўтараць мае рухі, саступілі для мяне месца ў залі, каб я змог прадэманстраваць усё сваё ўменне. Праз некаторы час я заўважыў, што танцую сола, а ўсе шчыра мне апладзіруюць, і гэта змусіла мяне спыніць танец. Мой швагер быў вельмі рады, што я змог сябе рэабілітаваць, сардэчна мяне віншаваў і разам з генералам Тодлебэнам угаворваў, каб я пакіраваў мазуркай з некалькіх пар, якія ў Польшчы пазнаёміліся з нашым танцам.
Мой швагер, ведаючы, што я з’яўляюся адборным танцорам і магу выканаць нават самыя цяжкія па, будуючы прыгожыя фігуры і рухі, хацеў забяспечыць мне трыумф і прыёмы ў пецярбургскіх салонах, менавіта для гэтага ён падтрымліваў просьбу генерала. Цяжка было адмовіцца. Я не змог не пагадзіцца. Пад рэха гукаў зноў загучала мазурка, мы пачалі танчыць з новым уздымам энергіі ў тых, хто браў удзел, і з заўважнай цікавасцю ў тых, хто за намі назіраў. На гэты раз у мяне была больш спрытная партнёрка, у мяне ўжо не было патрэбы запавольваць свае рухі з-за яе. Яна прадбачыла іх і, захоўваючы ў сваіх рухах належную гармонію, пачынала адпаведна выконваць абдуманую фігуру. Часта некаторых гледачоў выклікалі, каб папоўніць створаныя групы багатага на фігуры танца, дзякуючы чаму рух быў амаль суцэльным. Усе бралі ўдзел у забаве, надаючы ёй урачысты характар.
Поспех быў абсалютны, яшчэ доўга мы весяліліся. Польскі TaHeu усіх ажывіў, а я з недарэчнага стаў жаданым госцем. Варта зазначыць, што тады «катыльён» не быў яшчэ вядомы, а і сёння, калі ён стаў папулярным, мае вялікую колькасць цікавых рухаў, ніколі не дасягне вяршыняў мазуркі, хоць і мае права падабацца больш, чым усе астатнія танцы.
Усе адорвалі мяне падзякамі і запрашалі паўтарыць візіт. У той самы вечар генерал даручыў свайму брату, маёру інжынерыі, заняцца спрашчэннем справы майго паступлення ў Вайсковае інжынернае вучылішча, для чаго перш за ўсё было патрэбна пад-
рыхтавацца да экзаменаў, якія прымаліся ў двух упрывілеяваных пансіянатах, дырэктары якіх абавязаліся ліквідаваць усе існуючыя перашкоды за вялікі хабар, не гарантуючы, аднак, прыняцця ў вучылішча, бо гэта залежала ўжо ад здольнасці кандыдатаў і конкурсу ў час экзаменаў, у якім амаль заўсёды ўдзельнічала ў два разы болей жадаючых, чым было вакантных месцаў у вучылішчы.
Згодна з дадзенай маёрам, п. Тодлебэнам, рэкамендацыяй, мой швагер дамовіўся з дырэктарам аднаго з вышэйапісаных пансіянатаў, п. Івановым246, таксама маёрам інжынерыі, аб маім ў ім размяшчэнні, заплаціўшы ўперад вызначаную суму. Маё размяшчэнне ва ўстанове маёра Іванова адбылося праз тры дні пасля візіту ў генерала Тодлебэна і пасля пяшчотнага развітання з маім любімым шваграм Тыдманам, з якім мы за апошні час неразлучна перажылі доўгую вандроўку і ў сувязі з чым я да яго моцна і шчыра прывязаўся. Ён выехаў у Вільню, а я, зусім асірацелы, замкнуўся ў інтэрнаце Іванова, аддаючыся шчырай працы і шукаючы ў ёй суцяшэння і супакаення.
Расійскі ўрад жадаючы, каб яшчэ да паступлення ў Інжынернае вучылішча кандыдаты маглі праслухоўваць курс вышэйшай матэматыкі і ўжываць яе на практыцы, арганізаваў дзве падрыхтоўчыя ўстановы, дзе вучні атрымлівалі неабходную дапамогу ад выдатных прафесараў. Такога тыпу ўстановы для прыліку называліся прыватнымі, былі арганізаваны згодна з афіцыйным загадам людзьмі, якім давяралі ва ўрадзе і падтрымлівалі пры двары. Дырэктары гэтых устаноў былі пасярэднікамі ўрада ў дачыненні да дырэкцыі Вайсковага інжынернага вучылішча, каб пазбавіць магчымасці ўціснуцца туды дзецям з падазроных сем’яў, а таксама для таго, каб вырашаць праблему паступлення фаварытаў у выпадку, калі яны не змогуць атрымаць дастатковай колькасці балаў на экзаменах.
Кожны год такіх фаварытаў была палова ад усёй колькасці кандыдатаў, якія больш-менш былі знаёмыя паміж сабой. Часта здаралася, што і сярод фаварытаў знаходзіліся здольныя юнакі, якім не была патрэбна чужая дапамога. Фаварыты не менш, чым астатнія, простыя смяротныя, былі вымушаны цяжка працаваць, часта павінны былі вучыцца да позняй ночы, каб быць падрыхтаванымі да адказу на занятках.
У гэтых падрыхтоўчых школах хацелі пераканаць вучняў у тым, што на статус ніхто разлічваць не павінен і што нават сыны князёў
будуць адлічаны, калі не змогуць добра здаць экзамен, бо, згодна з частым выказваннем дырэктара п. Іванова, «Расіі неабходна мець здольных і прафесійных інжынераў у сваёй арміі, і ніводзін невук і недарэка не зможа трапіць туды».
Тут ніхто не меў прывілеяў, у роўнай ступені гэта ўсім служыла на карысць як у інстытуце Іванова, так і ў іншым, імя дырэктара якога я не памятаю. Нас строга вучылі: той, хто не падрыхтаваўся добра да заняткаў, павінен быў падрыхтаваць заданне і разам з наступным адказаць на наступны дзень. Ніякага пакарання, акрамя маральнага прыніжэння, не выкарыстоўвалі.
Нас усіх добра кармілі, а настаўнікі і рэпетытары з ахвотай нам дапамагалі. Ва ўстанове п. Іванова размяшчалася каля 30 кандыдатаў з усіх куткоў вялізнай Расійскай імперыі, якіх рассялялі па пакоях у вялікай кватэры.
Дырэктары дзвюх падрыхтоўчых устаноў, якія лічыліся прыватнымі, беручы вялікія грошы ад кандыдатаў, мелі дастаткова фінансавых сродкаў, каб выдаткоўваць вялікія сумы на ўтрыманне вучняў і плату настаўнікам, але ў іх заставаліся вялікія грошы, якія легальна мелі права выкарыстаць для асабістых патрэб. Яны таксама былі фаварытамі ўрада, якіх жадалі шчыра ўзнагародзіць. 3 некаторых крыніц было вядома, што дзеці, высланыя ў такога тыпу ўстановы, былі з багатых сем’яў, якія пры гэтым былі гатовыя прынесці любыя ахвяры, каб толькі забяспечыць іх пашанай і наблізіць да трона.
Ва ўстанову Іванова на паўтара месяца раней за мяне прыехаў Казімір Гірдвойн, мой школьны знаёмы з дзіцячых гадоў. Я ведаў пра тое, што ён мяне апярэджвае, але не быў гатовы ехаць з ім разам. На нашую агульную радасць, тут мы зноў былі разам. Толькі я павінен быў даганяць як Гірдвойна, так і ўсіх астатніх вучняў, якія абагналі мяне ў навучальных дасягненнях, гэтая акалічнасйь пазбавіла мяне магчымасці ўдзельнічаць у гульнях і адпачываць у нядзелю, як гэта рабілі мае новыя знаёмыя на працягу ўжо доўгага часу.
Быў вельмі міла ўражаны, калі пазнаёміўся дзякуючы К. Гірдвойну з некалькімі землякамі, якія знаходзіліся ў інтэрнаце п. Іванова. Гэта былі: Баляслаў Дабравольскі247 з Вількамірскага, Шашкевіч248 з Падолля, Сіпянскі249 з Віцебска, Ібянскі250 са Жмудзі, Шпырко251 з Полацка і Межаеўскі252 з Гродзенскага. Такім чынам мы былі рэпрэзентантамі шматлікіх земляў Рэчы Паспалітай
Польскай, не хапала нам толькі прадстаўніка з так званай Кароны. Адразу паміж намі завязалася цеснае сяброўства, якое з’яднала нас на ўсё жыццё.
Калі мы дзяліліся ўспамінамі, прынесенымі з радзімы, мы не маглі спыніць размову пра яе, бо ў аднолькавай ступені моцна любілі наш край. Часта гэта адбывалася за кошт часу, прызначанага на начны адпачынак. Сярод нас былі тыя, хто меў вакальны талент, спяваў нацыянальныя песні, дазволеныя і забароненыя, якія пад кіраўніцтвам Шашкевіча спяваліся кожны вечар. У яго быў вялікі талент і звонкі голас тэнара.
Найстарэйшы з нас Межаеўскі, які, каб выглядаць маладзей, быў вымушаны галіць свае вусы, якія з’яўляліся перашкодай для прыняцця яго ў Інжынернае вучылішча, падпяваў Шашкевічу магутным басам. Астатнія належалі да хору, мы дапамагалі як маглі, часта змушаючы Шашкевіча крывіць твар альбо на нервовае маханне рукой для ліквідацыі фальшы ці з-за парушэння гармоніі. Шашкевіч выпраўляў памылкі і не траціў надзеі ўдасканаліць наш вакальны талент. Часамі ён напяваў сола, сур’ёзным і чуллівым голасам, невядомыя нам, ліцвінам, украінскія думы. Нягледзячы на свой узрост, да гэтай пары памятаю адну з іх, я ціха напяваю яе час ад часу так, як вучыў нас Шашкевіч:
Nu ty dity wychod’ z chaty Wemyhory253 czest’ wyddaty! Jednaj dumka, jednaj sprawa Stolyceju bd’ Warszawa254.
Шашкевіч спяваў яе, нашчадак апошняга з «балагулаў»255, з асаблівай інтанацыяй.
Нашыя маскоўскія таварышы не перашкаджалі нам у гэтых забавах, бо не разумелі патрыятычнага сэнсу нашых песень, што нам дазваляла часам напаўголаса спяваць наш нацыянальны гімн, каб загартаваць пачуцці!
Маскалі забаўляліся тым, што елі і пілі гарэлку альбо данское віно, у чым мы іх перамагчы не маглі. Калі казаць пра штодзённыя дачыненні, то мы ставіліся адзін да аднаго з элегантнай ветлівасцю. Так незаўважна для нас мінаў час.
Кароткачасовая забава ператваралася ў кайданы напружанай працы, яна была неабходна праз пачуццё абавязку, якое вісела над галовамі ўсіх выхаванцаў установы Іванова, каб за некалькі
месяцаў — якія засталіся да экзаменаў — асвяжыць у памяці свае веды і вывучыць дадатковы матэрыял, які ўваходзіў у праграму Інжынернага вучылішча і штогод аднаўляўся і не выходзіў у друк, а перадаваўся ў копіях дырэктарам дзвюх падрыхтоўчых устаноў з прывілеямі.