Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль
Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
Барацьба станавілася ўсё больш гарачай, тым самым пагражала трагічнымі вынікамі, а такія наступствы прыцягнулі б кіраўніцтва да строгай адказнасці, толькі гэта змусіла кіраўніцтва вучылішча ў асобе дырэктара, інспектара і дзяжурных афіцэраў, абыякавых да ўсяго, што адбывалася такі доўгі час, выйсці са свайго схова. Тым, хто нападаў, загадана спыніцца, а тым, хто бараніўся, — адступіць ад барыкады. Была выкліканая вайсковая прыслуга, адразу ж распачаўся разбор перашкод і вынас паламанай мэблі для рамонту.
У вучылішчы стала спакойна нават без падпісання капітуляцыі, бо моладзь, якая была ў асадзе, адносна правілаў дысцыпліны паводзіла сябе ўзорна. Аднак гэта ёй не перашкодзіла, адчуваючы сваю перамогу, паведаміць дзяжурным афіцэрам — пасля сыходу кіраўніцтва, што яны будуць зноў супраціўляцца, нават больш небяспечным чынам, калі старэйшым вучням захочацца зноў іх крыўдзіць і здзекавацца з іх. Перамога паўстанцаў была поўная. У вучылішчы ўсталяваўся ідэальны парадак аж да канца навучальнага года.
Я знаходзіўся ў падрыхтоўчай школе Іванова, калі адбыўся вышэйапісаны скандал, тады ж я і рэшта маіх польскіх знаёмых даведаліся пра агідныя звычаі і пра дэталі прынізлівай паслужлівасці, якім падвяргаюцца кандыдаты ў Інжынернае вучылішча. Мы правялі нараду і вырашылі, што будзем бараніцца да канца і ўсё перакулім дагары нагамі, пойдзем на смерць, каб толькі не быць зняважанымі.
Выбух рэвалюцыі мы лічылі шчаслівым здарэннем, які даваў магчымасць падрыхтавацца да неабходнай абароны, калі каму-небудзь захочацца аднавіць варварскую традыцыю. Каб узмацніць нашыя сілы, мы вырашылі паспрабаваць стварыць своеасаблівую арганізацыю, аб’яднаўшыся з вучнямі рускага паходжання.
Таму мы дамовіліся з астатнімі вучнямі школы Іванова, а таксама з вучнямі падрыхтоўчай школы і прапанавалі ім аб’яднацца ў адзіную абарончую сілу.
Прапагандаваныя намі маральныя прынцыпы і абавязак захоўваць рыцарскую годнасць прынеслі свой плён. Мы заключылі брацкі саюз і далі адзін аднаму слова гонару, што мы будзем абараняцца ад усялякіх нападак старэйшых вучняў, заяўляючы ім аб гатоўнасці пакінуць вучылішча і адмовіцца ад правоў, здабытых здадзенымі экзаменамі, каб пазбегнуць знявагі нашага гонару. Некалькі разоў арганізаваныя банкеты для дэкларацыі нашага братання давялі да фанатычнага стану вялікую колькасць нашых таварышаў, перад гэтым абыякавых і падатлівых да пакорнай паслужлівасці. У нас атрымалася растлумачыць значэнне абавязку абараняць нададзеныя рыцарскія прывілеі.
Зразумела, што менавіта на нас лёг абавязак пільна падтрымліваць прынцыпы беззаганнай годнасці. Таксама нам належала ініцыятыва па распачынанні барацьбы і яе кіраваннем у выпадку неабходнасці, да чаго мы былі добра падрыхтаваныя. Пасля таго як мы з’елі першую вячэру і ўсе пайшлі рыхтавацца да заняткаў за сваімі пісьмовымі сталамі, мы заўважылі, як старэйшыя вучні падазрона пераглядаюцца паміж сабой, гэта пагражала нападкамі, што праз хвіліну было прадэманстравана затрымкай аднаго з нас вучнем перадапошняга курса, які, абкружаны грамадой заўзятых суўдзельнікаў, хацеў пакараць непаслухмянага навічка за адмову скруціць папяросу з выдадзенага яму для гэтага тытуню. He губляючы часу, многія з нас адразу ж кінуліся ў абарону, выдзіраючы ахвяру з рук катаў. У той самы момант другая вялікая група, да якой належаў і я, заўважыла, што па калідоры выпадкова ідзе дзяжурны афіцэр, мы звярнуліся да яго з заявай і просьбай, каб ён быў ласкавы і загадаў нападнікам спыніць сутычку, бо для таго, каб пазбегнуць праліцця крыві і непатрэбнага скандалу, усе мы, новапрынятыя ў Інжынернае вучылішча, гатовыя хутка і добраахвотна яго пакінуць.
Дзяжурны афіцэр зразумеў, што праз гэтую неспадзяваную сітуацыю новы канфлікт будзе непазбежны, толькі таму загадаў усім, хто збіўся ў кучу, разысціся па сваіх месцах і паведаміў інспектару пра інцыдэнт. Праз хвіліну прагучаў барабан пабудкі, і ўсім нам, сабраным у вялікай залі, было загадана паводзіць сябе
спакойна, нам пагражалі пазбаўленнем шляхецкіх правоў і высылкай на Каўказ у якасці простага салдата кожнага, хто адважыцца парушыць парадак. Пасля звярталіся да нас, вучняў першага года, указвалі на неабходнасць падтрымкі дысцыпліны, загадвалі паводзіць сябе ўзорна, бо за самыя нязначныя парушэнні мы будзем падвяргацца строгім пакаранням.
Нашая перамога была поўнай, мы разышліся з упэўненасцю, што спакойна і з годнасцю будзем тут вучыцца. Гэтая перамога забяспечвала болыную маральнасць гэтай карыснай установы. У сваю чаргу, нашыя расійскія знаёмыя былі шчаслівыя з прычыны перамогі, атрыманай у гэтай барацьбе, прывязаліся да нас з поўным сапраўдным даверам па-брацку на працягу ўсяго часу вучобы.
Курсы Вайсковага інжынернага вучылішча, заснаванага царом Мікалаем I, закончыў паляк Эдвін Вжэснёўскі261, ён быў першым на той момант, калі я паступіў туды. Я пазнаёміўся з ім трошкі пазней, калі ён займаўся ўдасканальваннем ведаў у Інжынернай акадэміі, каб пачаць службу ў званні капітана. Сярод польскай моладзі існавала думка, што Эдвін страціў сваё нацыянальнае аблічча, хоць нічым не падважыў свае маральнасці ў вучылішчы. Гэтае крыўднае падазрэнне абапіралася на той факт, што брат яго быў на жандарскай службе ў Варшаве, да таго ж павышаны да звання палкоўніка.
У бліжэйшай будучыні аказалася, што такія здагадкі будаваліся на памылковых фактах, бо Эдвін з пагардай таптаў выгодныя прапановы Масквы, ён адзін з першых кінуўся на барацьбу падчас паўстання 1863 г., чым пацвердзіў сваю вернасць і самаадданасць. Я сустрэў яго ў Турцыі, і мы пасябравалі. У сваіх дзённіках я буду ўзгадваць заслугі і высакароднасць гэтага чалавека, а таксама напішу пра яго трагічную і заўчасную смерць.
У той час, калі я паступіў у Інжынернае вучылішча, там на апошнім курсе вучыўся мой знаёмы па віленскай гімназіі Міхал Гірдвойн, брат Казіміра. Ён вельмі радаваўся, што мы змаглі ўз’яднацца на чужыне, і быў шчаслівы, бо ў нас атрымалася пазбавіцца ганебных пераследаў, якія сам раней перажыў. Пра Міхала Гірдвойна я шмат пісаў у папярэднім томе майго дзённіка. Апошняя вайна262 перапыніла сувязь з Літвой, аднак я спадзяюся, што ён і яго брат Казімір жывыя і здаровыя.
(Сённяшняя дата 8 лістапада 1919 г.)
He ведаю, ці, акрамя тых двух, які-небудзь паляк змог закончыць гэтае нядаўна заснаванае Мікалаеўскае інжынернае вучылішча, мне здаецца, што гэта атрымалася яшчэ ў капітана Ёхера263, зусім маладым ён выконваў абавязкі прафесара палявой фартыфікацыі. У расійскай арміі было некалькі палякаў, якія служылі вайсковымі інжынерамі, толькі вучыліся яны ў іншых установах; імёны іх я не памятаю. Я не ўпэўнены, ці належаў да войска слаўны інжынер Кербедзь264, які нарадзіўся ў Вільні, менавіта ён пабудаваў знакаміты мост на рацэ Няве ў Пецярбургу і прыгожую царкву Св. Ісаака265 побач з ім.
Праз некалькі дзён адпачынку і ўрэгулявання некаторых службовых пытанняў у нашым вучылішчы пачаліся заняткі, а таксама вайсковыя вучэнні. У нас былі выключныя настаўнікі, бо расійскі ўрад не шкадаваў грошай, хацеў забяспечыць вучылішча ўсім самым найлепшым, што толькі існавала ў краіне, а таксама вялікую колькасць прафесараў прывозіў з замежжа. Асаблівую ўвагу ў вучылішчы звярталі на ўдасканальванне ведаў па матэматыцы; для кожнага яе раздзела ў нас быў асобны настаўнік, сярод якіх быў знакаміты сваімі адкрыццямі Астраградскі266.
Тут працаваў адзін паляк, інжынер у званні маёра, ён з вялікім талентам выкладаў аналітычную геаметрыю. Прозвішча яго я не памятаю. Асаблівым гонарам Інжынернага вучылішча і любімцам усіх яго вучняў быў малады інжынер у званні капітана п. Ёхер, ён быў сынам прафесара былога Віленскага ўніверсітэта і выкладаў палявую фартыфікацыю. Назаўсёды застанецца ў нашай памяці магутнай прыгажосці палкоўнік інжынерыі, аздоблены, акрамя густых аксельбантаў, вялікай колькасцю дэкору, п. Ліндэ-Квіст267, мастак па ілюстраванні гор на тапаграфічных картах. Настаўнік быў абавязаны навучыць нас гэтай цяжкай і далікатнай аперацыі, ён падсаджваўся да кожнага з нас па чарзе, каб дапамагчы нам у штрыхоўцы тонкім пяром паводле прыкладу.
Неабходнасць удасканалення ў такіх аперацыях, неабходных для ўяўлення рэльефу тэрыторыі, была патрэбна кожнаму інжынеру, чаго большасць вучняў не разумелі і замест таго, каб трэніравацца ў гэтым складаным мастацтве, зусім яго закідвалі, вучні аддавалі палкоўніку для выпраўлення малюнкі, падрыхтаваныя тапографамі, якія працавалі ў паддашшы Інжынернага вучылішча
і за невялікую плату капіравалі патрэбныя ім мадэлі. Такім чынам падманвалі п. Ліндэ-Квіста, праводзячы час за чытаннем раманаў, да моманту, калі надыходзіла чарга і ён скіроўваўся да наступнай парты.
Гэтыя тапографы таленавіта і дакладна капіравалі прапанаваныя мадэлі, а нават яшчэ лепей, але кожны вучань, замаўляючы такога кшталту кантрабанду, папярэджваў іх, каб малюнак меў большую альбо меншую колькасць памылак для выпраўлення, бо ад гэтага залежала адзнака прафесара. Яны баяліся замаўляць занадта прыгожыя копіі, каб пазбегнуць падазрэнняў прафесара, які мог загадаць неадкладна выканаць новы малюнак.
Я навучыўся карыстацца ўменнямі, атрыманымі на занятках п. Ліндэ-Квіста, якія прыносілі мне карысць у час войнаў і пры падрыхтоўцы тапаграфічных і геаграфічных картаў. Таксама ў нас быў упарты прафесар па ваеннай геаграфіі — імя яго я не памятаю, — які моцна нас мучыў, і ніводзін невук не мог яго падмануць, бо трэба было дэтальна, па памяці маляваць крэйдай на дошцы ўсе еўрапейскія дзяржавы і Царства Расійскае, а менш падрабязна астатнія часткі свету.
Зімой з прычыны надта доўгіх начэй большая частка заняткаў праходзіла пры святле газніц і свечак, бо газ і электрычнасць яшчэ не былі вядомыя. Гэтая акалічнасць нам моцна перашкаджала ў маляванні картаў, рашэнні матэматычных задач і архітэктурных малюнкаў на вялікіх дошках, гэтыя перашкоды знікалі летам, калі сонца нам свяціла амаль увесь час.
Таксама я павінен узгадаць яшчэ пра аднаго прафесара, француза, які хоць і быў ужо ў сталым веку, штучным напружваннем хацеў даказаць юнацкую гнуткасць усіх частак свайго цела, ён вучыў нас выконваць розныя крокі, патрэбныя для танцаў, і гэтым нас змушаў выбухаць нястрымным смехам, у дадатак у яго не было ні барады, ні вусоў, таму ён быў падобны да маладога дзядка. Мы да знямогі танчылі кадрыль, каб у танцы адрозніваць кавалераў ад дам, даму пазначалі белай хусткай, завязанай на правым перадплеччы. Вышэйшыя ўлады вучылішча хацелі даць моладзі больш свабоды ў забавах, таму даручалі назіраць за парадкам аднаму з дзяжурных афіцэраў, які звычайна энергічна ўдзельнічаў у агульным вяселлі.