Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль


Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
160.92 МБ
У маім жыцці адбываўся вялікі пераварот, да якога трэба было прызвычайвацца. Я бачыў бездань, якая адкрывалася перада мной, і нечаканы разрыў з цяперашнім станам, які штурхаў мяне да абсалютнай адзіноты. Ужываючы адзіны вядомы на той час сродак хуткай камунікацыі, я сеў у паштовы экіпаж у вызначаны час у вызначаным пункце горада, дзе жыў эмігрант Бухавецкі. Адтуль мы пакінулі Вільню, так пад бомканне званочкаў і ляскат бізуна мы ехалі ў напрамку Ліды304.
Гэтыя гукі прыпынілі развіццё пачатых роздумаў аб няпэўнай будучыні і небяспецы, якая нам будзе пагражаць. Бухавецкі, старэйшы за мяне на некалькі гадоў, імпанаваў сваёй даросласцю
і прыгажосцю, а таксама жыццёвым досведам, які ў яго ўжо быў. Усё вышэйпералічанае выклікала ў мяне неабмежаванае жаданне прыслухоўвацца да яго парад і падпарадкоўвацца яго рашэнням. Дзякуючы гэтаму цяжар ад майго становішча трохі спаў, бо я цалкам перакінуў яго на свайго спадарожніка. Гэта мне дазваляла, пасля таго як я супакоіўся, заняцца разглядам невядомых да гэтай пары ваколіц, якія пачыналіся пасля таго, як мы праехалі пэўную частку дарогі ад Вільні, дзе заканчваўся агульны паштовы тракт Ашмяны — Ліда, а пачынаўся выключна той, які вёў у той апошні горад.
Падарожжа пачалося ўначы, пры святле месяца, у час летняй спёкі, калі ўсё асвяжалася прахалодай і прыгажосцю, пазбаўляючы нас пачуцця патрэбы сну. У такім настроі мы дабраліся да Ліды позняй ноччу, адкуль, не затрымліваючыся і трацячы магчымасць разгледзець горад, скіраваліся далей, пралятаючы дзве наступныя паштовыя станцыі, каб затрымацца і адпачыць на золку ў апошняй з іх.
Падчас адпачынку, на наступны дзень, мы атрымалі магчымасць пазнаёміцца бліжэй. Я даведаўся ад Бухавецкага, што шлях гэтага падарожжа добра яму вядомы, бо гэтай самай дарогай ён ехаў з Камянца-Падольскага ў Вільню і Варшаву для перамоў з Цэнтральным камітэтам па пытанні праўлення і адміністрацыі Польскай вайсковай школы, яна стваралася ў Генуі ў Італіі, дзе ў афіцэрскіх казармах гэтага горада ўжо была размешчаная польская моладзь, якая павінна была стаць зародкам навучальнай установы, як удзельніца вайсковага паходу Гарыбальдзі, да якой таксама належаў і Бухавецкі. Дзеля гэтай моладзі, у склад якой уваходзілі ў асноўным студэнты ўніверсітэтаў, Бухавецкі здзяйсняў сваю місію і, усё выканаўшы, цяпер вяртаўся, каб даць справаздачу. Я даведаўся ад яго, што ён таксама з’яўляецца студэнтам Пецярбургскага ўніверсітэта, што ўдзельнічаў у паходзе Гарыбальдзі і што разам з моладдзю, якая чакае яго вяртання, будзе вучыцца ў будучай Польскай вайсковай школе, створанай італьянскім урадам па жаданні Гарыбальдзі.
Тады ж я даведаўся, што ў гэтай школе будзе сабраная польская моладзь, якая знаходзіцца ў эміграцыі і вучыцца ў замежных універсітэтах, для вывучэння вайсковай справы на патрэбу будучага паўстання. Гэтая акалічнасць давала мне магчымасць наведваць гэтыя заняткі і засвойваць польскія каманды ў час муштры.
Адначасова магчымасць стаць калегам Бухавецкага яшчэ больш цягнула мяне да яго без рызыкі расчаравацца ў асобе, старэйшай за цябе і аточанай арэолам эмісара і змагара.
Бухавецкі шчодра плаціў паштоваму фурману, за што той хутка нас вёз ад станцыі да станцыі, адкуль, змяняючы коней, мы несліся далей, затрымліваючыся па жаданні, каб адпачыць і паесці. Гэта дазваляла нам кожны дзень праязджаць вялікія адлегласці, пакідаючы дастаткова часу на адпачынак і спажыванне сняданкаў і абедаў, на якія Бухавецкі не шкадаваў выдаткаў, ратуючы нашыя сілы ад знямогі. Зрэшты, у тыя часы, а дакладней, у 1861 г. вартасць рубля была вялікая, а разнастайныя харчы прадавалі за бясцэнак.
Рух экіпажа і пакуты ад трымання абедзвюма рукамі за парэнчы і скрыні нашых брычак, а таксама іх грукат па кругляках калод, якімі пакрывалі дарогі на пінскіх балотах, узмацнялі наш апетыт. Такі вялікі імпэт у перасячэнні прасторы краю, якая адцзяляла Ліду ад Слоніма305, і адтуль далей праз Беларусь аж да пачатку Піншчыны, павінен быў змяніцца павольнай яздой з неабходнымі для адпачынку коней перапынкамі. Часта, трапляючы ў балота, мы павінны былі ісці пешкі па небяспечных месцах дарогі, якая ўвесь час псавалася. Знаёмячыся з разнастайнымі асаблівасцямі нашай вялікай бацькаўшчыны, дзе розныя элементы выключна дамінавалі сярод іншых, рабілі іх у свеце асаблівымі, як гэта мела месца ў час гэтага падарожжа сярод зыбучых пяскоў і пінскіх балот, мы ўзбагачалі нашыя веды, думаючы пра неабходнасць выкарыстання адпаведных сродкаў для паляпшэння сітуацыі.
Як бы там ні было, Піншчына ўяўляла з сябе рай для паляўнічага, яна была ўзбагачаная мірыядамі птушак і вялікай колькасцю водных жывёл, а таксама і для рыбака, забяспечваючы яго багатым уловам адборнай рыбы. Таксама мы з Бухавецкім елі лукулусавыя306 стравы з дзічыны і рыбы, прыгатаваныя хатнімі работніцамі паштовых станцый. Мясцовае насельніцтва гэтага дрэнна заселенага рэгіёна пакутавала з пункту гледжання здароўя, у сваю чаргу, мы, прыезджыя, ад нападаў камароў.
Пасля таго як мы праехалі Палессе307, у якое ўваходзіў Пінск, і дабраліся да Валыні308, мы зноў маглі хутка ехаць, пралятаючы край, адораны інакшымі асаблівасцямі прыроды. Адбывалася тое самае ў час пераезду горнага краю, які аддзяляў Валынь ад Падолля309, дзе кожную хвіліну паўставала багатая панарама прыгожых
карцін, якая дазваляла адкрываць у маіх уяўленнях страчаныя — магчыма, назаўсёды — краявіды ваколіц дарагой Вільні, да якой увесь час ірвалася засмучанае сэрца яе прыхільніка, а няўмольны лёс зносіў яго ўсё далей у супрацьлеглы бок.
Пад уплывам гэтых роспачных разваг аб тым, якім выпрабаванням падвяргалася толькі польская моладзь, яна, пазбаўленая выбару, выконвала місію, якая належала старэйшым, аднаўляў у памяці страчаныя адносіны з сябрамі Інжынернага вучылішча, з суўдзельнікамі арганізаваных дэманстрацый, аб магчымым іх пераследзе маскалямі, якія хочуць спыніць працяг выступаў, аб маёй сям’і, пазбаўленай навінаў пра мяне, і аб пакутах маці, якая так моцна любіць, увесь час падвяргаючыся пакутам і трывогам з-за мяне.
Набліжэнне да Камянца, які знаходзіцца на ўскраіне Падолля, дзе ў нас падыходзіў да заканчэння першы этап падарожжа, якім кіраваў Бухавецкі, перапыніла мае развагі. Пасля прыбыцця ў Камянец-Падольскі мы пасяліліся ў нейкім гатэлі, там на першым паверсе мы атрымалі пакой, ён меў уваход і вокны, якія выходзілі на вялікі ўнутраны двор; фіранкі засланялі нас ад тых, хто хацеў бы за намі падглядаць. У момант, калі мы, абчышчаныя ад пылу, выходзілі ў горад, супрацоўнік гатэля пажадаў праверыць нашыя дакументы, каб паведаміць у паліцыю.
Пасля выезду з Вільні першы раз мы падвергліся такога кшталту фармальнасці, бо дазвол на падарожжа паштовымі даваўся толькі давераным асобам, і гэта абараняла нас ад усялякіх падазрэнняў. Гэта для нас арганізаваў Эмануэль Юндзіл, які змог дастаць для нас такія дакументы. Бухавецкі, падаўшы свой пашпарт выдуманага грамадзяніна Падольскай губерні і маё пасведчанне неіснуючага ў тых ваколіцах студэнта, пайшоў спакойным крокам у горад у маёй кампаніі, каб знайсці свайго знаёмага, які павінен быў заняцца арганізацыяй далейшых уцёкаў за расійска-аўстрыйскую мяжу, што знаходзілася зусім блізка.
Гэтым знаёмым быў п. Дзікоўскі310, прыгожы юнак, Цэнтральным камітэтам прызначаны камісарам, Бухавецкі прадставіў яму мяне як кандыдата на ўцёкі ў Вайсковую школу ў Італіі. Даведаўшыся, што ў нас прасілі паказаць дакументы, п. Дзікоўскі сказаў, што ў выпадку, калі яны не пацвердзяцца і будуць вернуты супрацоўнікам гатэля, нам трэба будзе рыхтавацца да хуткіх
уцёкаў, каб пазбегнуць падазрэнняў паліцыі і арышту, бо фальшывыя дакументы не змогуць нас абараніць ад катастрофы.
Мы вырашылі адразу заняцца падрыхтоўкай да ўцёкаў, і таму слугі Дзікоўскага правялі кожнага з нас у асобныя кватэры, у якіх мы маглі знайсці ратунак без рызыкі быць схопленымі разам удвух. Пасля гэтага мы зноў сустрэліся з Бухавецкім і пайшлі ў гатэль, дзе нас чакала паведамленне аб выкліку да камісара паліцыі.
Момант быў крытычны, але Бухавецкі, не трацячы самавалодання, першым чынам зажадаў, каб нам падалі сняданне, кажучы, што пасля таго, як мы падсілкуемся, адразу ж пойдзем у паліцыю. Супрацоўнік гатэля, радасны ад таго, што прыбыло жадаючых паснедаць, хутка заняўся сервіроўкай стала, падчас якой у нас была магчымасць раскласці па кішэнях патрэбныя дробязі з нашага туалета, а мне — дастаць маленькую валізку з цывільным адзеннем, каб, пераапрануўшыся, пакінуць студэнцкі мундзір, які вылучаў мяне сярод іншых.
Так прайшла гадзіна, і калі прыслуга гатэля прыбірала стол пасля снядання, мы прыгожа выйшлі з нашага гатэля, замкнуўшы нумар на ключ і пакінуўшы рассунутымі фіранкі, каб звонку былі відаць нашыя расцярушаныя валізкі, мой студэнцкі мундзір, урачыста павешаны на крэсле, жменя медзякоў і пару рублёў, пакінутых на стале; гэта ўсё павінна было азначаць спешныя зборы ў паліцыю з намерам хутка вярнуцца і супакоіць ўсіх тых, хто хацеў з намі сустрэцца.
Разам з пакінутымі на стале грашыма знаходзілася цыдулка, дзе тлумачылася, што гэта плата за сняданне і нумар, ключ ад якога мы забралі, каб наш пакой змаглі адамкнуць як мага пазней. He забылі мы напісаць у цыдулцы пра ўзнагароду для служачых гатэля за абслугоўванне, не падвяргаючы нікога фінансавым стратам. Мы засталіся перакананыя, што пакінутыя грошы заспакояць жандараў, якія чакаюць нашага вяртання, і выратуюць нас ад хуткага пераследу, мы без мітусні пакінулі браму гатэля, а пасля скіраваліся кожны ў свой схоў, які для нас знайшоў камісар Нацыянальнага ўрада3".
Перад заходам сонца гэтага ж дня я падасланым да мяне змоўшчыкам быў праведзены за браму Камянец-Падольскай цытадэлі, ад яго я атрымаў інструкцыю крочыць павольнай хадой па шырокім гасцінцы на захад аж да таго часу, калі экіпаж,
якім будзе ехаць п. Дзікоўскі, не нагоніць мяне, каб забраць для далейшага падарожжа разам з ім і са сваім таварышам па ўцёках. Пасля незнаёмы змоўшчык пажадаў шчаслівай дарогі і, шчыра паціснуўшы руку, развітаўся са мной.
Гэта быў кірмашовы дзень, і вялікая колькасць сялянаў з прылеглых камянецкіх вёсак пасля гандлю пехатой і на вазах спяшаліся, каб да ночы вярнуцца дамоў. На гасцінцы я апынуўся сярод сялянаў і сялянак, што кідалі на мяне злыя позіркі, бо палічылі, што я разбэшчаны гараджанін, які спецыяльна выправіўся ў дарогу, каб разгледзець гожых вясковых дзяўчат, таму мяне мог чакаць дрэнны прыём. Мая павольная хада давала падставу для такіх падазрэнняў. Як бы там ні было, я звяртаў на сябе ўвагу ўсіх гэтых вяскоўцаў, якія ішлі хутка і павінны былі мяне абмінаць. Таксама часта да мяне даляталі непрыхільныя заўвагі, асабліва ад маладых парабкаў, якія дапамагалі жанчынам і сваім нявестам. Каб пазбегнуць непажаданай сутычкі, адварочваў галаву ў супрацьлеглы бок, не даючы магчымасці ўсім цікаўным сябе разглядаць. Гэтая непрыемная сітуацыя вывела мяне з раўнавагі, а вялікая колькасць экіпажаў усё абмінала мяне.