Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
160.92 МБ
Далейшае падарожжа, якое распачалося ў другой палове наступнага дня, мы правялі ў таварыстве двух маладых Айвасаў, яны гэта рабілі не па неабходнасці, але для таго, каб даўжэй пабыць з намі і пасля сустрэцца са сваім суседам п. Якубовічам, таксама польскім армянінам, да якога нас везлі. Калі мы ад’язджалі, прыгожыя паненкі доўга махалі нам белымі хустачкамі, жадаючы шчаслівай дарогі і адначасова вяртання, калі гэта будзе магчыма.
Пан Якубовіч, 30-гадовы халасцяк, магутны, нібы дуб на ўрадлівай глебе, імпанаваў сваёй прыгажосцю. Ён з’яўляўся адным з выдатных уладальнікаў Букавіны, дзе ўсё буйна ўзрастала на яе чарназёме. Ён ветліва прывітаўся са сваімі гасцямі, а асабліва з братамі Айвасамі, будучы — як мы меркавалі — прэтэндэнтам на руку адной з іх сястрычак-прыгажунь.
Ён выказваў шкадаванні, што мы не засталіся даўжэй у гасцях у Айвасаў, калі б яго папярэдзілі начной дэпешай, мог бы прыехаць да іх сёння, каб паўтарыць і працягнуць забавы. Раіў нам, каб мы змянілі планы застацца ў яго і, не адкладваючы, вярнуліся на адпачыўшых хуткіх конях. Запэўніваў, што праз пару гадзін мы зробім сюрпрыз гаспадарам і ўзновім забавы з новай сілай. 3 вялікімі намаганнямі Бухавецкі змог адмовіцца ад гэтага выдатнага плана, які падтрымлівалі абодва браты Айвасы, супраць якога не быў і я. Мы правялі наш халасцяцкі вечар у п. Якубовіча, узгадваючы ўчарашнія забавы.
На наступны дзень мы развіталіся, і кожны паехаў у свой бок: Айвасы вярталіся дамоў, а мы разам з шаноўным Якубовічам распачалі наступны этап нашага падарожжа. Менавіта тады
я першы раз убачыў пералёт саранчы. Я бачыў, як чорная хмара засланяе сонца і кідае вялікі цень на засеяныя палі, павольна прасоўваючыся і палохаючы насельніцтва, якое было ў роспачы ад таго, што ўраджай гіне. П. Якубовіч паказаў нам кукурузныя плантацыі, на іх некалькі дзён таму напала саранча, яна падала тоўстым слоем, хутка жэрла ўсю расліннасць, пакідаючы толькі цвёрдыя сцябліны — мёртвых сведкаў страшнай бяды. Біццём званоў, выстраламі і малітвамі капланаў намагаліся спыніць паразу, мы былі сведкамі ўсяго гэтага ў час падарожжа. На знішчаных палях рэшткі саранчы дазволілі мне пераканацца, што яна належыць да таго ж віду нашых палявых конікаў, толькі большых па памерах, няшкодных, тых, што радуюць нас сваім стракатаннем.
Ян Якубовіч адвёз нас на нейкую станцыю, назвы якой — як і папярэдніх — не памятаю, адкуль мы скіраваліся да вялікага польскага маёнтка, які знаходзіўся каля аўстрыйска-румынскай мяжы, недалёка ад гарадка Міхалены325 на Малдавіі, куды мы павінны былі трапіць. Гэты вялікі маёнтак з’яўляўся апошнім памежным польскім уладаннем на Букавіне, а таксама апошнім пунктам арганізаванай там грамадзянскай пошты, і належаў ён спадарству Аходскім (здаецца), маладым спадчыннікам, якія змаглі ўпрыгожыць яго шыкоўным палацам.
Пасля адаслання нашай бруднай бялізны ў пральню і атрымання чыстай пэўнага дня прыкладна ў 10 гадзін мы разам з гасціннымі гаспадарамі паехалі экіпажам на шпацыр па дарозе, якая ішла ўздоўж аўстрыйскай мяжы. Згодна з дадзенай нам інструкцыяй мы павінны былі, адразу як спыніцца экіпаж, хутка прабегчы ў вызначаным кірунку некалькі сот метраў, каб трапіць на супрацьлеглы бок ручая, дзе пачыналася Малдавія, да таго, як вартавыя, якіх называлі аўзэрамі, паспеюць нас убачыць і абстраляць за непадпарадкаванне загаду спыніцца.
Спадарства Аходскія дастаткова часта шпацыравалі ўздоўж мяжы, і час для пераходу мяжы быў выбраны не выпадкова, бо звычайна памежнікі ў гэтую пару адпачывалі, падазрэнне на нас не падала, без перашкод мы перайшлі мяжу і зайшлі дастаткова далёка ў глыб краю, за малдаўскай мяжой было бяспечна, ідучы праз пустыя палі, дзе-нідзе зарослыя невысокім ядлоўцам, да бачнага здалёк гарадка Міхалены.
У гэтай мясцовасці знаходзіўся заслужаны муж Польшчы, ваяр і пісьменнік, які не змог знайсці прытулак у захопленай, прыніжанай бацькаўшчыне, ён, як паўстанец і паэт, павінен быў шукаць прытулак у чужых. Ён знайшоў яго на румынскай зямлі, у гарадку Міхалены, найменш аддаленага ад Польшчы, які знаходзіўся блізка каля Букавіны, жадаючы мець гэтым наколькі магчыма даступную сувязь, каб хутка задавольваць патрэбы, выконваць неабходную працу на карысць пакутнай бацькаўшчыны.
Гэтым чалавекам быў Зыгмунт Мілкоўскі, афіцэр, які ўдзельнічаў у паходзе Польскага легіёна ў Венгрыю пад кіраўніцтвам генерала Высоцкага326 ў 1848 г., і наш пісьменнік з псеўданімам Т. Т. Еж. За некалькі месяцаў да нашага прыезду ён пачаў выконваць абавязкі генеральнага камісара Цэнтральнага камітэта ў Румыніі і Турцыі, яго прызначыў паўнамоцны прадстаўнік Леон Франкоўскі327, які з гэтай мэтай прыехаў з Варшавы.
Мілкоўскаму тады было прыкладна 40 гадоў, яго жонкай была дачка былога эмігранта з 1831 г. п. Урублеўскага328, які жыў у горадзе Чарткове329, на паўднёвай Галіцыі. Зыгмунт Мілкоўскі быў заняты літаратурнай працай, якая магла сціпла забяспечыць сям’ю, дзякуючы гаспадарлівай жонцы.
Аздоблены прыгожымі раслінамі, а таксама адборнымі кветкамі палісаднік перад домам спадарства Мілкоўскіх дадаваў чароўнасці ў іх адасобленасці ад сусветнага руху. У сваю чаргу, прысутнасць іх маленькай дачушкі дапаўняла сямейнае шчасце закаханай пары, якая знаходзілася ў цішы чужога краю. Там яны павінны былі задавольвацца прысутнасцю адно аднаго, не маючы адпаведнага таварыства для радасці альбо нейкай забавы.
Толькі ў рэдкіх выпадках яны мелі радасныя клопаты, да якіх залічваліся дапамога распачатаму эмігранцкаму руху і падрыхтоўка да хуткага паўстання з частымі праблемамі і намаганнямі ў працы. Нашае з’яўленне, а асабліва Бухавецкага, вядомага п. Мілкоўскаму па папярэднім падарожжы і місіі, якую павінен быў выканаць, выклікала вялікую зацікаўленасць і гасцінны прыём.
Гаспадары частавалі нас сняданнем з вялікай пашанай, пытаючы пра прыгоды ў час падарожжа. Маленькая дачушка, якую пасадзілі на высокае крэселка паміж мной і яе маці, праявіла асаблівую зацікаўленасць, жадаючы гуляць толькі са мной, што прывяло да агульнай радасці прысутных. Цяпер гэтая дзяўчынка,
якую завуць Валерка330 (здаецца), 60-гадовая бабулька. Пасля снядання я доўга гуляў з ёй у садзе, а Бухавецкі ў супрацьлеглым яго канцы даваў справаздачу аб выніках місіі ў Варшаве.
Паколькі мы не маглі адразу ж атрымаць неабходныя паперы, каб мець магчымасць далей падарожнічаць па Малдавіі, мы павінны былі застацца тут да наступнага дня, і ў нас з’явілася магчымасйь правесці дастаткова шмат часу з п. Мілкоўскім, які заняўся пытаннем нашых дакументаў, бо падтрымліваў адносіны з мясцовымі ўладамі. Ён хацеў лепей пазнаёміцца са мной і з вялікай цікавасцю пытаў пра дэманстрацыі на Літве ў непасрэднага іх сведкі і ўдзельніка; таксама я павінен быў расказаць спадарству Мілкоўскім пра мой побыт у Пецярбургу і прыгодах, што са мной адбыліся.
Я выглядаў на некалькі гадоў маладзейшым за свой узрост, ім падавалася, што яны маюць справу з хлопцам, які несвядома трапіў у плынь непрадказальных выпадкаў. Калі мы пазнаёміліся бліжэй, яны пранікліся да мяне болыпай сімпатыяй, выкарыстанай у будучыні для нашай добрай справы. Калі казаць пра мяне, то я быў шчаслівым ад таго, што меў магчымасць пазнаёміцца з нашым пісьменнікам і бачыць постаць заслужанага чалавека на полі бітвы, які ўжо распачаў арганізацыйную працу народнага паўстання, а таксама літаратара, твор якога «Handzia Zahomicka»331 апошнім часам чытаў.
Правёўшы ноч у кватэры некалькіх польскіх тэхнічных працаўнікоў, якія знаходзіліся на заробках у Міхаленах, на наступны дзень, забяспечаныя пропускамі ад румынскіх улад, вядомымі пад назвай «rawaz di drum»332, якія гарантавалі нам недатыкальнасць у краі, і з пажаданнямі шчаслівай дарогі, мы накіраваліся ў горад Баташаны333, а адтуль у Ясы334, дзе, згодна з даўно прынятым рашэннем Бухавецкага, мы павінны былі застацца даўжэй, каб прывесці ў парадак і аднавіць нашыя гардэробы.
Аднойчы ў гатэлі ў Ясах, дзе мы жылі, Бухавецкі пазнаёміўся з дырэктарам артыстычнай канцэртнай трупы, рэпетыцыі якой павінны былі пачацца ў той жа вечар. Падчас вячэры п. дырэктар, прыкідваючыся палякам, хоць па акцэнце і рысах твару было відаць, што ён габрэйскага паходжання, каб выказаць нам сваю сімпатыю запрасіў нас да ўдзелу ў рэпетыцыях, у якіх маюць права ўдзельнічаць людзі з асаблівымі прывілеямі.
Усцешаныя такой дабрынёй п. дырэктара і запрошаныя за кулісы тэатральнай залы перад тым, як пачалася рэпетыцыя, мы мелі
магчымасць лепей пазнаёміцца з артыстамі. Нас прадставілі вялікай колькасці артыстаў, якія ветліва прывіталіся з намі і прасілі адчуваць сябе як дома. Яны былі розных нацыянальнасцяў, размаўлялі на шматлікіх мовах і былі апранутыя ў багатыя касцюмы асаблівага крою, нібы, акрамя спеваў, павінны былі яшчэ танцаваць балет на гэтай сцэне.
Для мяне тыя строі былі асабліва чароўнымі. Беручы прыклад з Бухавецкага, які распачаў размову з нейкай паўнацелай артысткай, я наблізіўся да маленькай брунэткі, каб заваяваць яе прыхільнасць. Яна ведала французскую мову, хоць была малдаванка. Я даведаўся, што на сцэне яна спявае народныя песні, і, каб прадэманстраваць вартасць свайго артыстычнага таленту, ціха, каб іншыя не чулі, праспявала мне некалькі такіх, выклікаючы ў мяне захапленне і шчырую ўдзячнасць за яе дабрыню.
Такім чынам мы пранікліся сімпатыяй адно да аднаго і знайшлі тэму для далейшай размовы, якая вялася сур’ёзным тонам, які дазваляў захапляцца значнасцю артыстычнага таленту гэтай вельмі маладой прыгожай пані. Я быў зачараваны шчаслівай магчымасцю знаходзіцца сярод такіх цікавых людзей, час ішоў хутка, не дазваляючы зразумець змену сітуацыі. Са здзіўленнем заўважыў, што наша таварыства павялічылася за кошт з’яўлення некалькіх афіцэраў і людзей у цывільным. У хуткім часе з’явілася вялікая колькасць гасцей, якая складалася са сталых і маладых, у суправаджэнні служачага ўстановы, які ад імя дырэктара паведаміў аб пераносе на заўтрашні дзень прэм’еры канцэрта і пажадаў вясёлай забавы артысткам і прысутным кавалерам. [...] Адначасова з гэтым пачалі стварацца пары і раздавацца звонкія прывітанні паміж знаёмымі, тым часам канцэртная прыслуга, якая з’явілася ў вялікай колькасці, выконвала загады кліентаў, прыносячы на падносах разнастайныя напоі.