Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
160.92 МБ
На наступны дзень, недзе апоўдні, мы наблізіліся да Неапаля367, Бухавецкі паказаў мне гарадкі Ноцэра368 і Нола369, у якіх пасля вайны за вызваленне Італіі ад іншаземнага нападу і пасля ад’езду
Гарыбальдзі на адпачынак на выспу Капрэра370 былі пакінутыя палякі і венгерскі легіён з загадам пераследу распаўсюджанага разбою ля падножжа Везувія371. Расстрэл і павешанне некалькіх разбойнікаў, якое здзейснілі ў Нола венгры, бо палякі адмовіліся рабіць гэта, хутка ўнармалізавалі сітуацыю ў краі. Пасля венгерскі легіён быў расфармаваны, а жменьцы палякаў было загадана застацца на адпачынку ў Ноцэры, пакуль не створыцца Польская вайсковая школа ў Генуі, куды яны будуць накіраваны для атрымання адукацыі і пераводу ў афіцэры.
Гарыбальдзі, разгледзеўшы просьбу польскай моладзі, захацеў узнагародзіць яе за ўзорныя паводзіны падчас паходу і адразу зажадаў ад італьянскага ўрада рэалізацыі гэтага праекта. Адначасова адвакат Гарыбальдзі доктар Оціпінці372 быў адпраўлены ў Геную, каб там дамовіцца з уладамі аб вызначэнні ў адпаведным будынку памяшканняў для праектаванай школы, а таксама абумовіць адміністрацыйныя сродкі для яе ўтрымання.
Між тым польская моладзь, шчаслівая ад магчымасці атрымліваць вайсковую адукацыю, каб пасля выкарыстаць свае веды на карысць айчыны, на ўтрыманні італьянскіх уладаў, у спакоі адпачывала пасля выпрабаванняў у гарадку Ноцэры.
Паміж гэтай моладдзю, якая складалася са студэнтаў універсітэтаў, а таксама некалькіх асоб, якія скончылі адукацыю, і доктарам Оціпінці яшчэ да таго, як ён выправіўся ў Геную, было заключанае пагадненне аб тым, што адначасова з пошукам казармаў для польскай моладзі і аўдыторый для лекцый, на што дзякуючы энергіі доктара не трэба будзе доўга чакаць, моладзь наладзіць сувязь з часовым польскім урадам у Варшаве адносна прызначэння дырэктара і прафесараў, якія павінны будуць выкладаць розныя прадметы вайсковага кірунку ў генуэзскай Польскай вайсковай школе, каб, не марнуючы часу, магла распачацца яе праца. Такім чынам, наша моладзь, якой належала ініцыятыва стварэння школы, не губляючы часу, выслала ў якасці свайго абранага прадстаўніка Бухавецкага з заданнем узгадніць з Цэнтральным камітэтам усе пытанні.
Цяпер ён вяртаўся пасля выканання сваёй місіі і, паказваючы мне мясцовасць Ноцэра, ведаў, што яго знаёмыя пакінулі горад, бо перабраліся ў Геную373, куды ён і ехаў разам са мной, каб даць справаздачу аб сваёй дзейнасці ўпаўнаважным, аб якой я ўсяго дэталёва не ведаў.
У порце Неапаля мы затрымаліся на некалькі гадзін, не пакідаючы карабля, бо грошай нам хапала толькі для таго, каб высадзіцца ў Генуі, а таксама мы вырашылі — для супакаення голаду, які нам дакучаў з-за таго, што ўсе запасы ежы ў нас скончыліся, — за адзін з двух, якія ў нас заставаліся, франк набыць трошкі фруктаў, сярод якіх былі вялікія персікі і свежыя грэцкія арэхі. Гэтае рашэнне змусіла мяне застацца на караблі пасля яго прыбыцця ў порт Генуі аж да таго моманту, пакуль не вярнуўся Бухавецкі, бо аднаго франка, які ў нас застаўся, было мала, каб заплаціць лодачнікам за нас дваіх.
Паціху карабель пусцеў, а я заставаўся апошнім на борце, апынуўшыся ў прыкрым становішчы, да мяне чаплялася карабельная служба, робячы заўвагі, што тут маё падарожжа ўжо скончылася. Я прыглядаўся да лодак, якія набліжаліся да карабля, шукаў Бухавецкага, але мае надзеі ўбачыць яго не апраўдваліся. Так прайшло болып за гадзіну, я быў у адчаі. Нецярплівасць апанавала мяне, мне прыходзілі ў галаву думкі, што пра мяне забылі альбо апынуліся ў безвыходным становішчы.
У гэты адчайны момант да мяне наблізіліся два невядомыя чалавекі, якія прыбылі на карабель, па-польску прывіталіся і сказалі, што яны ад Бухавецкага і будуць суправаджаць мяне да казармаў Польскай школы. Так скончыліся апошнія пакуты і прыгоды маіх доўгіх уцёкаў з радзімага краю, адкрываючы новую старонку ў маіх перадпаўстанцкіх вандраваннях.
Раздзел VIL
Побыт у генуэзскай школе
3 людзьмі, якія вызвалілі мяне з карабельнай няволі, я пазнаёміўся па дарозе; гэта былі п. Бразевіч374, капітан, і п. Міхалоўскі375, унтэр-афіцэр, абодва з часоў паўстання 1831 г. і абодва ліцвіны, яны прапанавалі свае паслугі, бо хацелі пазбавіць Бухавецкага ад клопатаў і жадалі як мага хутчэй пазнаёміцца з суайчыннікам. У іх мілым таварыстве я прыбыў да будынка, у якім размяшчалася перавезеная нядаўна моладзь з Ноцэры, якая складала аснову створанай Польскай вайсковай школы ў Генуі.
Сардэчна вітаны будучымі таварышамі, імёны значнай часткі якіх мне былі вядомы, я адчуваў сябе шчаслівым чалавекам, першым, хто прыбыў з бацькаўшчыны, каб павялічыць колькасць вучняў. Хутка паміж намі завязалася сяброўства. Яны былі са мной, калі я еў сняданак, прыпасены для мяне ў вялікай колькасці, бо ведалі ад Бухавецкага, што я быў моцна галодны. За сняданкам мы доўга размаўлялі, я адказваў на мноства пытанняў адносна падзей у Польшчы, а таксама пра студэнтаў у Пецярбургу, да якіх залічаліся некаторыя з нашых гарыбальдзістаў.
Паволі знаёмячыся з сітуацыяй, у якой тады знаходзілася школа, я даведаўся, што дзякуючы намаганням доктара Оціпінці італьянскі ўрад для размяшчэння прыехаўшых з Ноцэры выдзяліў будынак, займаны афіцэрамі, што жылі ў Генуі, вядомы пад назвай Каса Біянчэці376, у якім было дастаткова месца для пары дзясяткаў асоб — у тым ліку і для мяне, — выдаючы адпаведны крэдыт на іх утрыманне, неабходнасць у якім расла па меры павелічэння колькасці вучняў у будучыні.
Увогуле італьянскі ўрад паводзіў сябе велікадушна, бо, акрамя афіцэрскага будынка, былі выдзелены грошы на польскія мундзіры для моладзі, якая адразу ж апранулася ў венгеркі377 шэрага колеру, абшытыя чорнай тасьмой. Добра пашытыя, нізенькія канфедэраткі378 малінавага колеру з чорным каракулем упрыгожвалі галовы вучняў Польскай школы.
Каб не губляць часу, моладзь выклікала ветэранаў, якія былі ў эміграцыі з 1831 г.: маёра379, імя якога я не памятаю, і капітана Бразевіча, каб першы распачаў лекцыі па статуце пяхоты на польскай мове, а другі кіраваў муштрой. Пасля вяртання Бухавецкі, які абавязаны быў паведаміць аб выніках перамоў з Цэнтральным Камітэтам і пастанове адносна дырэкцыі школы, павінен быў уключыцца ў далейшае яе развіццё.
Тым часам у вялікай зале афіцэрскіх казармаў, якая выконвала ролю сталовай і аўдыторыі пасля таго, як адтуль выносілі сталы і лавы, праходзілі заняткі па карыстанні зброяй, якія праводзіліся італьянцамі пад кіраўніцтвам Бразевіча. Хутка пасля гэтага ён накіроўваў рэкрутаў, якія ўжо ўмелі абыходзіцца са зброяй, на пляц, вызначаны італьянскімі вайсковымі ўладамі спецыяльна для палякаў, дзе праходзіла штодзённая муштра, за выключэннем святочных дзён. Пану Міхалоўскаму было даверана займацца адміністрацыйнымі справамі па харчаванні вучняў школы разам з двума іх выкладчыкамі. Ён распараджаўся касай, куды траплялі выплаты за правіянт і грашовае забеспячэнне вучняў школы, якія скіроўваліся выключна на выдаткі кухні і мыццё бялізны, бо моладзь адмовілася ад грашовага забеспячэння, задавальняючыся выплатамі з Польшчы для набыцця вопраткі і на забавы. Пан Міхалоўскі быў адначасова эканомам і кухарам, маючы за памочніка італьянскага кухціка, які суправаджаў яго на кірмашы для закупу прадуктаў і дапамагаў на кухні, сачыў за прыгатаваннем звычайна дзвюх страў на сняданак і абед. 3 кухцікам размаўляў болыіі жэстамі, чым словамі, бо не ведаў італьянскай мовы, аднак гэта не перашкаджала захоўваць дысцыпліну і неабходную вайсковую субардынацыю.
Вучням школы, якія ведалі слабыя месцы Міхалоўскага і спрабавалі яму выказаць сваё захапленне паваротлівасцю кухціка і яго здольнасцю размаўляць з ім жэстамі, з гневам адказваў: «Калі будзеш ведаць італьянскую мову лепей, чым я, будзеш мець права рабіць мне заўвагі. Калі ты такі разумны, размаўляй з кухцікам жэстамі альбо закрый рот, каб не атрымаў адказу па мордзе».
Ведаючы ад равеснікаў Міхалоўскага, што ён трымае вялікую крыўду на Напалеона380 за аб’яўленне сябе царом Францыі і здраду дэмакратычным прынцыпам, якія ён паважаў, моладзь, у сваю чаргу, хваліла мудрую палітыку ўзурпатара, што прыводзіла яго ў нервовае раздражненне. Тады, не маючы магчымасці перака-
наць упартых прыхільнікаў, якія былі больш здольныя з пункту гледжання рыторыкі, хапаўся за вяхотку для чысткі катла, гонячы іх з кухні і дарэмна гонячыся за тымі, хто своечасова ўцякаў.
Пан Міхалоўскі, як былы унтэр-афіцэр, кухціка трымаў у дысцыпліне, хацеў яго навучыць правілам вайсковай субардынацыі. Таму, ідучы кожную раніцу на кірмаш для закупу прадуктаў, ён важна крочыў наперадзе, а кухцік цягнуўся за ім на некалькі крокаў ззаду з вялікім кашом на карку. Аднак па характары ён быў вельмі добры, часта забываў аб субардынацыі і, калі стомлены кухцік нёс вялікі перапоўнены кош з правіянтам, вяртаючыся з кірмашу, дапамагаў яму несці гэты цяжар. Жадаючы ашчадзіць выдаткі, якія магла панесці адміністрацыя школы, аплачваючы італьянскую абслугу, п. Міхалоўскі ўвёў спецыяльны рэгламент, прыняты і пацверджаны ўсімі аднагалосна, паводле якога вучні самі павінны былі прыбіраць у памяшканнях, засцілаць ложкі і чысціць боты. Вышэйапісаныя абавязкі за двух выкладчыкаў Міхалоўскі прымаў на сябе разам з кухцікам, а таксама павінен быў падтрымліваць парадак у вялікай зале.
Паводле гэтай праграмы штодзённа і па чарзе для абслугоўвання стала вызначаліся два вучні на разнос талерак са стравамі для сваіх таварышаў, якія сядзелі на лавах за вялікім сталом, і выкладчыкаў, што сядзелі ў крэслах з абодвух тарцоў стала. Пасля таго як стол прыбіралі і паўторна накрывалі другі раз, за яго садзіўся Міхалоўскі разам са сваім памочнікам, яго абслугоўваў кухцік, які звычайна еў раней за ўсіх астатніх.
Уведзеныя Міхалоўскім ў практыку правілы забяспечвалі добрае ўтрыманне вучняў школы і пакідалі задаволенымі яе стваральнікаў тым, што атрымалася арганізаваць побыт і належнае назапашванне сілаў для тых, хто рыхтуецца выступіць на полі бітвы непазбежнага паўстання.
Два разы на тыдзень, па чацвяргах і нядзелях, а таксама ў асабліва ўрачыстыя нацыянальныя святы на стол падавалі трэцюю страву, якая была прыгатаваная з вялікім кулінарным талентам і складалася з даўно забытых намі хатніх прысмакаў. На стале заўсёды былі фрукты, на якія была багатая Італія і выдатна дагледжаныя генуэзскія сады, а таксама шкляначкі віна.