• Часопісы
  • Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

    Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль


    Выдавец: Лімарыус
    Памер: 568с.
    Мінск 2017
    160.92 МБ
    Заснавальнікі генуэзскай школы спачувалі малодшым, што яны не ўзбагацілі свае веды з-за Мераслаўскага, яны раілі, каб, застаючыся ў школе далей як вучні, якія не давалі прысягі, хутчэй пачалі вывучаць вайсковыя дысцыпліны і пазбягалі рызыкі застацца невукамі ў паўстанцкім руху, як былыя вучні генуэзскай вайсковай школы.
    Паколькі выбух паўстання мог наступіць яшчэ няхутка, раілася як мага хутчэй скіраваць здольных афіцэраў, пад кіраўніцтвам якіх было б магчымым шмат чаму навучыцца, каб пасля з годнасцю паслужыць бацькаўшчыне. Моладзь, якая ўдзельнічала ў паходзе Гарыбальдзі, дала зразумець, што хоць і не змаглі атрымаць жаданай вайсковай адукацыі, аднак дзякуючы сваёй практыцы, атрыманай на палях баёў у Італіі, і знаёмству з агнём яны могуць быць карыснымі ў паўстанцкіх шэрагах.
    Таму гэтая моладзь угаворвала сваіх малодшых таварышаў спыніць далейшыя спробы змяніць свае перакананні, лічачы іх дарэмнай абразай. Мераслаўскі, папярэджаны аб цвёрдай пастанове гэтай моладзі пакінуць Геную і аб парадах, дадзеных астатнім таварышам аб тым, што неадкладна трэба пазбавіць яго пасады дырэктара, страшна абразіўся і, разумеючы, што добрае становішча, якое гарантавала такі адпачынак, можа змяніцца, моцна скампраметаваць яго як у краі, так і за мяжой, вырашыў змусіць моладзь быць паслухмянай альбо зусім яе прыціснуць, каб не змагла яму
    шкодзіць. Маючы ўплыў на моладзь, што прыехала ў школу пазней і давярала яму, генерал змог — дзякуючы таленту свайго незвычайнага красамоўства — пераканаць яе ў вялікай шкодзе, якая пагражае ў будучым генуэзскай школе, калі хоць бы невялікая колькасць вучняў яе пакіне. Адначасова ўвёў абавязак ужываць гвалтоўныя меры супраць меншасці, якая бунтуе, змушаючы яе прытрымлівацца дысцыплінарных абавязкаў, аддаючы іх у выпадку неабходнасці ў рукі італьянскіх вайсковых улад для зняволення.
    Варожасць Мераслаўскага пад уплывам яго прыбліжаных паўнамоцнікаў, якія мелі пастаянныя зносіны з ім, сталася прычынай разрыву прыязных да гэтай пары адносінаў з нашай групай. Яны лічылі, што мы дзейнічаем на шкоду бацькаўшчыне і што нас, як непакорных, трэба знішчыць, калі будзе такая патрэба. Моладзь, падзеленая на дзве варожыя партыі, перастала вітацца пры сустрэчы. На нас глядзелі як на ворагаў.
    Бразевіч і Міхалоўскі хацелі ўлагодзіць канфлікт і вярнуць даўнейшую згоду паміж пасваранымі, але не змаглі гэтага зрабіць з прычыны вялікага раздражнення падбухторанай моладзі і нашага нежадання саступіць. Толькі ад іх мы даведваліся пра небяспеку, якая нам пагражала і аб верагоднасці быць арыштаванымі па просьбе Мераслаўскага, якому італьянскія ўлады, як былому кіраўніку сіцылійскай рэвалюцыі, не адмовяць у паслузе.
    Тым часам мы ўжо падрыхтаваліся да ад’езду. У нас былі білеты на французскі карабель «Месажры», які плыў у Канстанцінопаль, куды мы і хацелі скіравацца. Час выезду быў вызначаны.
    Пасля апошняга сняданка, шчыра нам прыгатаванага Міхалоўскім, які частаваў мяне зэканомленымі прысмакамі, захоўваючы асаблівую чуласць праз немагчымасць больш клапаціцца пра мяне, мы скіраваліся ў свае пакоі, каб разабрацца з багажом, рыхтуючыся пакінуць школьныя будынкі. Адначасова з гэтым сталовая напоўнілася вялікай колькасцю моладзі, нядобразычлівай да нас, з панурымі тварамі, яны хацелі гвалтам спыніць нас. У час збораў мы пачулі, як у зале пачалі стукаць прыкладамі аб паркет, мы зразумелі, што нам не пазбегнуць сутычкі з моладдзю, якая будзе спрабаваць затрымаць нас.
    Замкнуўшыся ў двух прылеглых памяшканнях, імгненна перамовіўшыся, моладзь, гатовая ў дарогу, вырашыла пераадолець гэтую перашкоду. У такі крытычны момант, кіраваны інстынктам,
    я прыняў на сябе рызыкоўную ініцыятыву выступіць і паўстрымаць абураную грамаду ад непапраўнай трагічнай памылкі. Выскачыўшы ў залу, я з натхненнем пачаў заклікаць: «Замест праліцця братняй крыві вы павінны кінуцца ў нашыя абдымкі, бо вы ведаеце, што аднолькавыя пачуцці мы носім у нашых сэрцах і захоўваем іх ўзнёсласць, гадаваную рыцарскай моладцзю, якую вы павінны лічыць авангардам, што пракладае вам дарогу да самаадданасці і славы». Адначасова з гэтым, расхрыстаўшы свае грудзі і рызыкуючы падставіць іх пад багнет, кінуўся ў абдымкі бліжэйшага таварыша да таго, як яны ўсе далі адказ на мой заклік.
    Нічым не пераможная сімпатыя раптоўна адрадзілася ў нашых сэрцах, хвіліну таму яны былі ворагамі, якія цяпер перадавалі мяне з рук у рукі, адорваючы гарачымі абдымкамі. У той самы момант падарожнікі, якія знаходзіліся ў вялікай занепакоенасці, зразумеўшы шчаслівы вынік майго раптоўнага ўмяшальніцтва, пакінулі свой схоў, нечакана трапіўшы ў братэрскія абдымкі шматлікіх таварышаў, якія хацелі такім чынам папрасіць прабачэнне за хвіліннае, беспадстаўна ўзніклае пачуццё нянавісці.
    Агульныя, узаемныя, доўгія і чулыя абдымкі, арошаныя слязой з-за неабходнасці развітацца — магчыма, назаўсёды, — з цяжкасцю скончыліся. Я, у сваю чаргу, адораны ўдзячнасцю за сваё энергічнае выступленне, трыумфаваў, атрымліваючы ў знак падзякі братнія абдымкі ад усіх без выключэння. Гэта быў адзін з самых шчаслівых момантаў у маім жыцці, пасля школьная моладзь нас правяла, і мы пад абаронай польскага сцяга вырушылі ў порт.
    Генерал Мераслаўскі адразу ж быў праінфармаваны аб прымірэнні моладзі, інфармаваў італьянскія улады, што наш выезд звязаны з неабходнасцю распачаць патрыятычны рух на польскай тэрыторыі і што для выканання гэтай місіі нас трэба пераправіць праз мяжу. Тады, калі, рассаджаныя па некалькіх лодках, мы адплывалі ад прыстані, скіроўваючыся да французскага карабля, з’явіўся генерал з пажаданнямі шчаслівай дарогі, намагаючыся такім чынам пераканаць моладзь, якая заставалася ў школе, што ён падзяляе з імі тыя самыя пачуцці, з якімі яна развітвалася з намі, і адначасова легалізаваць наш ад’езд перад італьянцамі388.
    Хоць мы і не былі прасякнутыя нянавісцю, аднак адчувалі, што не ад нас залежала дадзенае Мераслаўскім разграшэнне за здзейсненае. Таму мы былі абыякавымі, аддаючы яму чэсць як генералу адпаведна з правіламі і мелі вялікую крыўду за змарнаваны цэлы
    год, якога было б дастаткова для ўзбагачэння і ўдасканальвання нашых ведаў па вайсковых дысцыплінах на карысць радзімы, калі б ён нас не прымусіў прысягай заўчасна пакінуць школу, мы мелі б яшчэ такую магчымасць.
    Калі французскі карабель выйшаў, пакідаючы генуэзскі порт, стрэламі з гармат італьянцы праводзілі польскі сцяг, які ўдзельнічаў у цырымоніі нашага ад’езду. Маскоўскі ўрад яшчэ не прызнаваў правамоцнасці аб’яднання ў адну вялікую дзяржаву Італьянскага Каралеўства.
    Хутка з відавоку зніклі таварышы, якія з намі развітваліся, а таксама ў вячэрнім змроку мы згубілі прыгожыя ваколіцы горада, у якім нас добра прынялі і адкуль мы везлі незабыўныя прыемныя ўспаміны. Мы выехалі ў жніўні 1862 г.389. Хутка пасля гэтага школа была перанесеная з Генуі ў Кунэа390, а кіраўніцтва яе перайшло ў рукі генерала Высоцкага.
    He памятаю, як доўга існавала гэтая школа і ці моладзь, якая там вучылася, магла атрымаць дастатковыя веды, каб з поспехам несці вайсковую службу ў час паўстання. Як недастаткова кампетэнтны, я пакідаю непасрэдным сведкам абавязак дакладна апісаць усе выпадкі адносна далейшага існавання Польскай школы ў Італіі. Італьянскі ўрад для афіцыйнага прызнання маскалямі аб’яднання іх краю ў адну вялікую дзяржаву падпарадкаваўся іх жаданню ліквідаваць узамен Польскую вайсковую школу.
    Добра не памятаю даты, калі адбыўся гэты факт уручэння належнай узнагароды Польшчы за адданыя паслугі Італіі.
    Афіны, 19лютага 1921 г.
    Раздзел VIII.
    У дарозе з Генуі да Канстанцінопаля і побыт у Турцыі
    Пасля абуджэння ад вялікай колькасці ўражанняў мы зразумелі, што непрадказальны лёс гнаў нас у далейшыя бадзянні, скіраваныя гэтым разам на ўсход, бліжэй да родных ваколіц. Збітыя ў кучу, на вялікім караблі, дзе нам было вызначанае памяшканне, мы глядзелі на Геную і ваколіцы, якія паволі знікалі з відавоку, каб праз момант страціць іх зусім у цемры бязмесячнай ночы месяца жніўня.
    Мы былі ўсхваляваныя апошнімі падзеямі, не хутка мы адчулі патрэбу ў сне, замяніўшы яго доўгай размовай і дэбатамі, аднаўляючы самыя цікавыя ўспаміны з трагічных хвілін, перажытых у апошнія дні. Калі падышла чарга абмеркавання выпадку, у якім збунтаваная моладзь, гатовая жорстка выступіць супраць групкі сваіх таварышаў, адмовіўшыся ад зброі, кінулася ў іх абдымкі, усе мае таварышы па падарожжы другі раз абнялі мяне, паказваючы сваю ўдзячнасць за мой учынак.
    Тады я адчуваў сябе вельмі шчаслівым чалавекам, якога ўсе любілі і якому неабмежавана давяралі. 3 таго моманту мяне адарылі імем «цыцэрона», пасля вельмі часта ў розных выпадках мяне так называлі. Працягваючы размову, мы ўзгадвалі чулае развітанне на ўзбярэжжы порта з двума інструктарамі па пяхотным статуце — адзінымі настаўнікамі, што былі да гэтай пары ў Польскай вайсковай школе, яны вымушаны былі развітацца з моладдзю, якая складала яе аснову, каб выконваць далей сваю місію на карысць рэшты моладзі, не звязанай прысягай заўчасна вярнуцца на зямлю бацькаўшчыны.
    Маёр, прозвішча якога я не памятаю, і капітан Бразевіч, які ўдзельнічаў у лёсе школы з моманту яе заснавання групкай моладзі, якая цяпер ад’язджала з Генуі, расчулена заліваліся слязамі. П. Міхалоўскі, які знаходзіўся з імі разам, з цяжкасцю развітаўся з моладдзю, якую палюбіў усёй душой. Узгадваючы апошнія хвіліны
    развітання з ім, я адчуваў страту бацькоўскай апекі, якой ён увесь час мяне атуляў.
    На караблі, не здраджваючы сваёй пазіцыі, мы доўга працягвалі нашую размову пра апошнія дні побыту ў Генуі, але колькасць суразмоўнікаў пачала змяншацца, ажно пакуль не паснулі ўсе, маючы замест ложкаў голыя дошкі палубы, а замест падушкі — плячо суседа альбо падарожныя вандзэлкі.
    У нас не было вялікіх грошай на лепшае размяшчэнне, і хоць выдаткі на закуп білетаў трэцяга класа былі нам вернутыя на загад Мераслаўскага з фонду школы, мы палічылі лішнім выкарыстоўваць гэтыя грошы на лепшыя ўмовы, маючы магчымасць мець цэлую палубу.
    Нашая грамадка адпачывала, а ў глыбокім сне назапашвала спакой, каб мець неабходныя сілы для ажыццяўлення сваіх намераў, пераадольваючы ўсялякія перашкоды на працягу ўсіх сваіх будучых падарожжаў. Спакойны сон, дасяжны толькі справядлівым, заплюшчыў іх павекі аж да ўзыходу сонца, промні якога іх абудзілі, зазіраючы ў вочы маладых польскіх рыцараў, якія, абудзіўшыся, пачалі напяваць Спрадвечнаму ранішні гімн, які застаўся нам у спадчыну ад Каханоўскага391.