Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
160.92 МБ
Пан Легер, цэнячы маю стараннасць, адорваў мяне сваёй дабрынёй, раячы, каб я не перанапружваўся ў працы, і абяцаў, калі будзе патрэбна, мне дапамагчы, калі б я не паспяваў. Але такой патрэбы не было, бо пайшлі дажджы, якія прымушалі цэлымі днямі адпачываць у горадзе Радоста, дзе я назапашваў сілы для працы ў належным тэмпе. Пасля таго як пакінулі горад Радоста, мы дайшлі да тэрыторыі, пазбаўленай папярэдняй разнастайнасці прыроды і ўпрыгожванняў, створаных чалавекам, якія ўзніклі дзякуючы забудовам густа заселенай мясцовасці, што спрашчала маю працу, пазбаўляючы мяне ад самых нязначных клопатаў і дазваляла заставацца ў гармоніі з ходам даследаванняў, якія выконваў галоўны інжынер.
У час нашага побыту ў Радоста, які расцягнуўся на тыдзень як у сувязі з неабходнасцю, так і з прычыны непагадзі, мы праводзілі час надзвычай добра дзякуючы вялікім старанням п. Кентрынскага. Ён выдатна ўмеў падрыхтаваць кватэру: у нас была сталовая, асобны кабінет і два спальныя пакоі, адзін з якіх быў прызначаны п. Легеру.
Багацце ўсялякага роду прадуктаў і казачная іх таннасць дазвалялі гатаваць вытанчаныя стравы, якія спажываліся падчас абедаў
на святочна накрытым стале, гэта адбывалася ў дні непагодныя, і для сняданкаў, калі мы былі занятыя працай у кабінеце, то іх прыносілі адразу туды.
Багаты асартымент рыбы і разнастайных марскіх жывёл у заліве Радоста дазволілі мне першы раз пакаштаваць вельмі смачных малых рачкоў, свежых амараў, вялікую колькасць вустрыц, мідый і многіх іншых невядомых мне да той пары марскіх стварэнняў дзіўнага кшталту і разнастайнымі спосабамі прыгатаваных. Я бачыў тут жывых васьміногаў і каракаціц, калі хадзіў на гарадскі кірмаш.
Праз некалькі дзён пасля аддалення ад Радоста праектаваная чыгуначная лінія пракладалася ўздоўж частых выгінаў ракі Эргенэ405, у лясістай мясцовасці, дзе мая праца значна спрасцілася. Я часта абмяжоўваўся акрэсліваннем некалькіх пазіцый, затрымліваючыся ў месцы знаходжання майго вымяральнага інструмента. Памяшканні для нашых начных адпачынкаў знаходзіліся цяпер у вясковых хатах, без вокнаў і падлогі, былі засланыя нагрувашчанымі дыванамі, потым у гасцінных вяскоўцаў у імгненне вока пераўтвараліся ва ўсходнія будуары, дзе нам забяспечваўся ўтульны адпачынак дзякуючы доўгім падушкам, расстаўленым уздоўж сцяны. Размяшчэнне стала і табурэтак на няроўнай падлозе было немагчымым, і таму вячэраць мы вымушаны былі лежачы, абапіраючыся на адно плячо, вакол круглага покрыва вышынёй у 30 см, якое называлі софрай. Для тых, хто ўмеў сядзець па-турэцку, такі спосаб прыняцця ежы быў зручным, і звычайна ім карысталіся туркі, ад якіх навучыліся грэкі і балгары. Для нас гэта была сапраўдная пакута. Таму, лежачы, мы ўвесь час мянялі сваю позу, каб нашыя плечы не церхлі, спяшаючыся як мага хутчэй скончыць абед.
3 пункту гледжання харчавання, хоць мы знаходзіліся далёка ад густазаселеных цэнтраў, мы нідзе не адчувалі недахопу, бо гэты багаты край паўсюль меў вялікі выбар разнастайных прадуктаў. У кожнай вёсачцы наш кухар знаходзіў адборныя прадукты для прыгатавання розных страў.
Прасоўваючыся ў глыб краю, мы пераправіліся праз раку Эргенэ, каб пасля гарыстай мясцовасці перайсці да басейна ракі Эўрос406, на абодвух узбярэжжах якой размяшчаецца горад Адрыянопаль. Яшчэ да таго, як мы паспелі з нашай працай да гэтай пазіцыі, надышлі асеннія дні. Часта здараліся халады падчас разгортвання нашай працы ў полі і вяртання вечарам на начлег.
Памятаю, што аднойчы, прамоклыя ад нечаканага дажджу, замест таго, каб скіравацца да прыгатаванай п. Кентрынскім кватэры, мы вырашылі пераначаваць у трапіўшым на палове дарогі заезным двары, каб не змокнуць ужо зусім. Пан Касакоўскі дамовіўся з гаспадаром двара, балгарынам, яны (балгары. — М. 3.) мяшаліся з грэцкім насельніцтвам усё часцей, даўшы яму неабходныя інструкцыі для прыгатавання вячэры і падрыхтоўкі аднаго з некалькіх пакояў, якія былі ў гэтым будынку, вядомым пад назвай хан, дзе не было вокнаў, а меліся толькі дзверы. Падлога, засланая рагожай мясцовага вырабу, з’яўлялася пасцеллю для тутэйшых падарожнікаў, якія не патрабавалі лепшых умоў. Hi пра якую мэблю не магло быць і гаворкі. У сувязі з непазбежнай неабходнасцю мы павінны былі таксама прыстасавацца да гэтых умоў.
Навіна аб інжынерах, якія робяць замеры для вызначэння месца праходжання чыгункі, разышлася па ўсёй ваколіцы, зацікавіўшы яе жыхароў. А наша з’яўленне ў гэтым маленькім заезным двары настроіла гаспадара да незвычайнай паслужлівасці, ён баяўся, каб мы, узлаваўшыся, не вырашылі разбурыць яго хан. Згодна з пажаданнем п. Касакоўскага ў прыбраны ў імгненне вока і засланы новымі рагожамі пакой, двума хлопцамі з двара была ўнесеная медная пасудзіна, падобная да вялізнай місы, поўная гарачага вуголля, вакол гэтай місы мы ўселіся і пачалі сушыць сваю вопратку, бо іншай на змену мы не мелі.
Адначасова ў другой падобнай пасудзіне, званай мангалам, смажыліся парэзаныя на кавалкі куры ў вялікай колькасці масла, каб такім чынам хутка прыгатаваць страву, каб нас, зазяблых і галодных, накарміць. Тым часам нам прынеслі гарэлку, п’ючы якую мы саграваліся, закусвалі запечанай на вуглях пастрамой, казіным ці валовым мясам, высушаным на сонцы і спецыяльна запраўленым усходнімі пахучымі алеямі.
Адначасова з гэтым запякаліся кавалкі качкавалу, гэта значыць сыру, зробленага з казінага малака, які з’яўляўся смачнай закускай да масцікі — напою, падобнага да нашай анісаўкі, — якая станавілася белай пасля дадавання ў яе вады. Пастрама і качкавалы былі асноўнымі прадуктамі для падарожнікаў у гэтым краі, гэтыя стравы заўсёды ў вялікай колькасці былі ў заезных дварах (ханах). Што тычыцца напояў, то падарожнікі пілі масціку і віно. Першая для туркаў, якія пілі яе празмерна, а віно выключна для хрысціянаў. Пра піва яны нават не ведалі. Мясцовае віно, зробленае
грэкамі і балгарамі, доўгі час не атрымлівалася кансерваваць, што не дазваляла наладзіць масавую вытворчасць. Такім чынам, яно заставалася адборным і найлепшым у параўнанні з тымі, якія рабіліся ў краях далей на поўнач.
Пан Касакоўскі забыў папярэдзіць балгара, які смажыў кавалкі курэй, каб той моцна не пасыпаў іх парашком здробленага турэцкага перцу, з-за чаго падчас спажывання мы, непрызвычаеныя да гэтага, адчувалі сапраўдны пажар у роце. He маючы нічога іншага на замену прыгатаванай стравы, каб заспакоіць нашыя апетыты, мы былі вымушаны есці ў малых дозах гэты паліўны матэрыял з вялікай порцыяй хлеба, гасячы полымя ў горле вялікай колькасцю віна.
Толькі мы з панам Легерам падвергліся такому выпрабаванню, бо п. Касакоўскі быў прызвычаены да ўжывання перцу з часоў венгерскага паходу і побыту ў Турцыі. Пад’еўшы такім чынам, пасля таго, як ежу прыбралі і мы папілі турэцкай кавы, стомленыя ад перажытых клопатаў, мы хутка пайшлі адпачываць, выцягваючыся на рагожах і кладучы свае галовы на доўгія і цвёрдыя падушкі, якія нам прынёс карчмар. Каб падаслаць і накрыць сябе, у нас не было нічога іншага, акрамя высахлага ўжо на нас адзення. Два мангалы забяспечвалі нас цяплом у гэтую асеннюю ноч.
Ніхто нават не падумаў, што так можна ўчадзець, думаючы, што вугаль меў дастаткова часу, каб усе шкодныя газы зніклі. Аднак здарылася па-іншаму: пасля страшных начных кашмараў я абудзіўся расцягнутым на двары, заўважыўшы каля сябе яшчэ соннага п. Легера і Касакоўскага разам з карчмаром, які яму дапамагаў. Аказалася, што той апошні, падазраючы, што ад вялікай колькасці вугля, якім для аказання гасціннасці былі распалены мангалы, мы маглі ўчадзець, увайшоў у наш пакой і змог абудзіць Касакоўскага, з якім пасля заняўся намі.
Надвор’е зноў усталявалася, мы хутка — хоць трошкі адурэлыя — вярнулі нашыя сілы і вырашылі выправіцца ў дарогу на золку, каб знайсці кватэру, прыгатаваную для нас Кентрынскім, дзе мы змаглі б радыкальна паправіць нашае здароўе. Сеўшы на коней, якіх даглядалі ў вялікай стайні хана іх гаспадары, праз гадзіну мы паспелі дабрацца да вёсачкі, дзе занепакоены п. Кентрынскі з нецярплівасцю чакаў нас.
Нашая хвароба, выкліканая чадам, мучыла нас нядоўга, а ўжыванне бадзёрлівых напояў і адпачынак хутка вярнулі нам звычай-
ны добры настрой. Пан Легер выказваў свой гнеў толькі пры дапамозе эмацыйных французскіх фраз, каб выказацца наконт непрадбачаных выпадкаў, якія могуць прывесці да смерці персаналу, што працуе над праектаваннем чыгункі, і супраць падвяржэння п. Кентрынскага вялікаму клопату, бо ў яго абавязкі не ўваходзіла арганізацыя нашага ўрачыстага пахавання і ўзнясенне труны тром інжынерам на вяршыні аднаго з высокіх халмоў, якія падзялялі басейны рэк Эргенэ і Эўрос, дзе мы цяпер знаходзіліся.
За размовай і жартамі мінуў амаль цэлы дзень; толькі пасля поўдня мы трохі заняліся працай у канторы, каб на наступны дзень выйсці ў поле і працягнуць далейшую працу па нівеліроўцы і зняцці планаў. Ранішнія туманы моцна нам перашкаджалі падчас спешнай працы. Часта мы павінны былі доўга чакаць, пакуль добра развіднее, а п. Легер, раздражнёны, павінен быў задавольвацца затрымкай на недалёка размешчаных кватэрах.
Мы спускаліся да адрыянопальскай даліны, зямлі, засеянай вялікай колькасцю пагоркаў, адоранай буйной расліннасцю і старанна дагледжанымі ўрадлівымі землямі. Кожную хвіліну перад намі адкрываліся новыя пейзажы, шчодра адораныя разнастайнымі раслінамі і вялікай колькасцю жывёл. Часта над нашымі галовамі праляталі чароды дрофаў; таксама мы сустракалі — у час змены пазіцыі — іх групкамі, што хадзілі па палях, маючы магчымасць без страты часу ўпаляваць пару штук, каб зрабіць нашую кухню больш разнастайнай. Нашыя памочнікі, узброеныя прутамі, часта запускалі іх у чараду недалёка ад нас, якая толькі пасля прабежкі магла падняцца ў неба.
Таксама мы сустракалі пакалечаных дрофаў (гэта адбывалася з-за дакранання іх крылаў у час туманаў да тэлеграфных дратоў), якія заставаліся побач з дарогай на пажытак шчаслівых падарожнікаў. Дрофаў тут называюць дзікімі індыкамі. Тэлеграфнымі дратамі калечыліся і меншыя птушкі ў час пералёту, а часцей вялікая колькасць качак, што мы заўважалі туманнымі раніцамі, ідучы гасцінцам на працу альбо праводзячы замеры ўздоўж існуючых дарог, якія вялі з розных гарадоў у Адрыянопаль.