Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль
Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
Сабраўшыся ў пакінутай кватэры ў Ясах з трох розных пунктаў, мы дзяліліся перажытым у час прысягі Мераслаўскаму, якую ўсе мы без выключэння прынеслі. Усе былі задаволеныя праяўленай гасціннасцю і шчаслівым падарожжам.
Перад графам Шолдрскім з’явілася ўся моладзь, запаўняючы сабой абодва пакоі, каб урачыста яму падзякаваць, пры гэтым было зроблена некалькі прамоў з асаблівым энтузіязмам. Пан граф, напэўна, быў папярэджаны і прыгатаваў вялікі запас закусак, спажытых за шклянкай мясцовага віна.
Камісару Мілкоўскаму, які рэпрэзентаваў тайны польскі ўрад, была дасланая за маім пасярэдніцтвам у спецыяльна складзеным лісце падзяка за яго пастаянны клопат пра нас і ахвяраванні на будучыню. Пытанне аказання дапамогі на наша ўтрыманне выклікала вялікія дэбаты. Шмат маладых людзей стала падазраваць п. камісара ў жаданні абмежаваць нашую волю, абавязваючы нас застацца на яго паслугах у якасці наймітаў, на Мультаніі, тады калі мы хацелі заставацца незалежнымі ў бягучых падзеях, змяняючы па сваёй волі месца побыту. Ліст рэдагаваўся некалькі разоў, пасля вырашылі змясціць дадатак, адмаўляючыся ад усялякай дапамогі, за выключэннем маральнай, матывуючы тым, што моладзь, якая прыбыла з Італіі, не мае права падвяргаць краіну вялікім выдаткам, а павінна жыць са сваіх працоўных даходаў.
He згаджаючыся з такімі выступамі, я стараўся пераканаць таварышаў у тым, што гэта несправядліва пакрыўдзіць заслужанага чалавека, які, дапамагаючы нам, не кіраваўся жаданнем выкарыстаць нас, таксама ведаючы, што матэрыяльная дапамога для польскай моладзі, якая знаходзілася ў нястачы, не будзе аказаная дзеля таго, каб абавязаць іх у будучыні. Mae заўвагі, падтрыманыя меншасцю галасоў, нічым не дапамаглі.
Да п. Мілкоўскага быў высланы ліст, які — згодна з маімі меркаваннямі — на доўгі час перапыніў адносіны з намі. Гэты неабачлівы выступ прывёў да вялікіх праблем, ускладніў усталяванне кантактаў унутры краіны, абцяжарыў пошук занятку, які мог бы запэўніць існаванне тых, хто не меў магчымасці пакінуць Румынію. Рэкамендацыі п. Мілкоўскага мелі вялікі ўплыў, яны пазбавілі б ад вялікіх цяжкасцяў і нястачы. Разрыў адносінаў з камісарам Польшчы павольна аддаліў нас ад яе, апускаючы нас у абсалютную цемру, бо з прыватных лістоў, якія атрымлівалі ад сваякоў і бацькоў, мы не маглі даведацца, што ў нас адбываецца, і сачыць за развіццём падзей.
Я заўважыў, што граф Шолдрскі ўхваляў учынак моладзі, верагодна, гэта было выклікана зайздрасцю, мяркуючы, што яго аднаго хопіць, каб паклапаціцца пра нас, трэба таксама ўлічваць разыходжанні ў поглядах, якія.існавалі паміж арыстакратамі і тымі, хто прыняў дэмакратычныя погляды. Але я ніколі не хацеў дапусціць, каб п. Шолдрскаму, дыскрэдытаванаму і разбітаму, было даверанае выкананне нейкай палітычнай місіі. Адкуль вынікае, што яго выступ, непрыхільны адносна Мілкоўскага, быў звязаны толькі з зайздрасцю і дэманстрацыяй рэакцыйных арыстакратычных поглядаў.
3 гэтага моманту мы апынуліся ў зусім новым становішчы, у сувязі з якім многія з нас перажылі вялікую колькасць цяжкіх прыгод у жыццёвай барацьбе, каб здабыць кавалак паўсядзённага хлеба. Рэшта грошай забяспечвала аплату нашых патрэб на працягу некалькіх месяцаў запар, не выклікаючы вялікіх клопатаў.
Мы па чарзе кіравалі гаспадаркай, гатуючы сняданкі і абеды ў маленькай кухні нашай кватэры з танных прадуктаў, купленых на кірмашы, звычайна гатавалася адна багатая страва. Акрамя працы на кухні, абавязкам часовых гаспадароў было таксама захаванне ў чысціні нашай кватэры, яе старанна падмяталі, мылі талеркі
і рондалі, а таксама набіралі ваду са студні ў двары. Толькі хвароба магла вызваліць ад гэтых абавязкаў.
Наведванне графа з’яўлялася адзінай забавай, забяспечанай кожнаму з нас пароўну, бо да ўсіх нас ён быў надзвычай ветлівы, падтрымліваючы размову для лепшага знаёмства і распавядаючы цікавыя анекдоты з мінулых часоў, калі ён узначальваў арганізацыю агнявой абароны ў Пазнанскім княстве. Тады ён меў магчымасць паказаць нам загнутую шаблю, апраўленую ў шчыгрын, і выдатны пазалочаны шалом з нейкай сярэбранай птушкай, якія ўпрыгожвалі яго ў час парадаў добраахвотных пажарных суполак, якія ён узначальваў. Цяпер гэтыя рэгаліі, павешаныя на шчыт, зроблены ў Ясах, служылі адчувальным доказам страчаных высокіх званняў.
Побач знаходзілася дубальтоўка і разнастайныя паляўнічыя прылады, якія даказвалі, што граф Шолдрскі хоць трошкі і кульгаў, але захапляўся паляваннем, што часта яму дазваляла заводзіць размовы аб выправах на паляванне, упрыгожваючы аповед разнастайнымі гісторыямі, дзе бравада і бясстрашнасць перад небяспекай асабліва падкрэсліваліся. Тады п. граф гладзіў старую суку Цытру, якая верна суправаджала яго паўсюль, распавядаючы, што і яна з гонарам удзельнічала ў гэтых аблавах.
Хоць гр. Шолдрскі ўвесь час збіраўся на паляванне, аднак у яго так і не атрымалася гэта здзейсніць на пракгыцы ў сувязі з непрадбачанымі перашкодамі. Як казалі злыя языкі, што ўжо немалады век графа, які хацеў заставацца заўсёды маладым, паралізоўвала выкананне гэтага плана. Гэта выходзіла на карысць Ёахіма Жэляшкевіча, які меў абсалютны давер і часам атрымліваў дазвол на паляванне ў суправаджэнні Цытры, якое звычайна завяршалася з поспехам, бо ён быў выключным стралком.
Дзічына, за невялікім выключэннем, звычайна заставалася нам. Жэляшкевіч у знак падзякі старанна чысціў стрэльбу, заяўляючы аб гатоўнасці паўтараць гэтую аперацыю кожны тыдзень, дзякуючы гэтаму ён мог лёгка дамовіцца аб дазволе папаляваць. Для астатніх таварышаў адзінай забавай з’яўляліся далёкія шпацыры, якія праходзілі ў розных напрамках.
Пра тое, каб знайсці працу, не мог нават падумаць, бо ўсе працы ў полі, шчодра пакрытым снегам, былі спыненыя, тое самае было і ў іншых знаёмых, яны чакалі вясны, каб знайсці сабе занятак.
Такім чынам перажывалі мы гэтую цяжкую зіму, бо вымушаны былі нашы невялікія запасы грошай доўгі час эканоміць. Мы ні разу не купілі апалы, каб сагрэць нашыя пакоі, спалі на падлозе і тахтах, пастаўленых каля сценаў, дзе, каб сагрэцца, прыціскаліся адзін да аднаго.
Было нам цёпла і мякка, хоць нам і падаслаць не было чаго, выкарыстоўвалі вопратку, каб накрыцца зверху, хаваючыся з галавой, калі трэба было лепей сагрэцца. Хутка нас пакінулі Гіляры Альшэўскі і Густаў Рэут, тайна скіраваўшыся ў Польшчу, а таварыш Штох412, самы старэйшы з нас, ён удзельнічаў у венгерскім паходзе 1848 г., скіраваўся да земляка Юзафа ў Баташаны, куды быў запрошаны на сталы побыт.
Ад’езд трох асобаў не паўплываў на паляпшэнне нашага становішча, бо з ад’ездам Рэута мы страцілі вялікую фінансавую дапамогу ў нашу агульную касу, дасыланую яму з Віцебскага павета. Большая частка тых, хто застаўся, былі пазбаўлены ўсялякай дапамогі.
Апынуўшыся ў такім крытычным стане, моладзь не страчвала бадзёрасці, упарта трымаючыся перад усімі выпрабаваннямі. Часта вечарамі вакол нашага адасобленага памяшкання раздавалася рэха польскіх песень, незразумелыя для чужога вуха, яны гінулі ў прасторы. Так мы перажылі зіму і дачакаліся вясны, увесь час безвынікова шукаючы працу. Але ніхто ніколі не стаў прасіць дапамогі, прытрымліваючыся прынятага рашэння.
Таварыш Навацкі Леон413, студэнт медыцыны чацвёртага курса, змог атрымаць пасаду памочніка ў адной з гарадскіх аптэк, якая забяспечвала добры заробак, але праз некалькі дзён страціў яе з прычыны непадпарадкавання загаду, аптэкар патрабаваў, каб прапісаныя лекі ён замяняў іншымі — хімічнымі, якія маглі замест таго, каб вылечыць хворага, забіць яго. У сувязі з гэтым узнікла спрэчка паміж Навацкім і аптэкарам, які, жадаючы апраўдаць сябе, казаў, што ўсе аптэкары вымушаны фальсіфікаваць лекі, каб не збанкрутаваць, бо кліентура іх, якая галоўным чынам складалася з габрэяў, у пошуках таннейшых лекаў аббягае ўсе аптэкі і заказвае іх у таго, хто прапаноўвае найменшы кошт. Навацкі звольніўся, бо на такіх умовах больш працаваць там не мог.
Іншыя таварышы хацелі знайсці сабе працу ў мясцовых сталяроў, там іх высмеялі і насварыліся за няздольнасць да фізічнай працы праз хуткую стомленасць падчас пілавання дрэва альбо
габлявання дошак. У шаўцоў і краўцоў тым, хто не ўмеў шыць, нельга было атрымаць працу. Некаторыя з таварышаў гатовыя былі ангажаваць сябе ў ролі практыкантаў, згодныя толькі на сталаванне і без цялеснага пакарання, што часта ў тыя часы выкарыстоўвалі адносна маладых хлопцаў, якія хацелі навучыцца рамёствам. Але на падобныя ўмовы не пагаджаўся ніводзін майстар, пры тым мяркуючы, што мы занадта старыя для гэтага. Тады ўЯсах не было ніводнай фабрыкі, дзе можна было б знайсці працу. Толькі Ёахім Жэляшкевіч змог забяспечыць сябе добрым заробкам у каваля, дзе з абсалютным поспехам ён біў вялікім молатам, дакладна апускаючы яго на гарачае жалеза. Але больш ніхто не меў адпаведнай фізічнай моцы, каб атрымаць такую выдатную пасаду.
3 пачатку вясны надышла пара для працы на будаўніцтве чыгункі, дарог і мастоў, у гэтай галіне панаваў суцэльны застой з прычыны палітычных зменаў у краіне, якія ажыццяўляліся князем Куза414 па аб’яднанні Малдовы і Валахіі ў адно непадзельнае румынскае каралеўства са сталіцай у Бухарэсце415, тады гэта ўсё не дазваляла яму падумаць аб другарадных пытаннях, ад якіх залежыла ўнутранае развіццё краіны. Сітуацыя гэтая не спрыяла маім надзеям адшукаць працу, звязаную з вымярэннямі альбо будовай дарог і мастоў. Няведанне румынскай мовы стаяла перашкодай у атрыманні пасады настаўніка французскай і нямецкай мовы, хоць некаторыя з нас ведалі іх дастаткова добра.
Такое агульнае фіяска паўплывала на настрой і дэмаралізавала нас, адкрываючы перад намі толькі жахлівую прорву, што змусіла нас яшчэ больш абмежаваць нашыя штодзённыя выдаткі, спажываючы толькі хлеб і вараную бульбу.
Кожную суботу мы далучалі тыднёвы заробак кавальскай службы Жэляшкевіча да рэшты фондаў нашай касы і часам нечакана дасланымі рублямі ад бацькоў некаторых багацейшых з нас — гэта павінна было забяспечыць нас у будучыні. Ніхто з тых, у каго былі болып багатыя бацькі, не асмельваўся прасіць у іх высылаць часцей больш значныя сумы грошай, каб не падвяргаць іх празмерным ахвярам. Таму ўсё залежыла толькі ад выпадковасці.