Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
160.92 МБ
Хоць мае секунданты былі вельмі задаволеныя вынікам двубою, але, не жадаючы раздражняць пераможаных, устрымаліся ад віншаванняў. Пасля поціску рук пасвараных пачалася ўрачыстасць, якая доўгі час цягнулася ў маўчанні і штучна ажывілася, калі кілішкі апусцелі. Усе адчувалі нейкую няёмкасць і жадалі як мага хутчэй вызваліць сябе з гэтай пакутлівай атмасферы, праз гэта найбольш пакутаваў гаспадар дому, жадаючы задаволіць нас усіх. Пан Грахольскі са скалечаным пальцам ад’язджаў, шукаючы хатняга адпачынку, а я са шкадаваннем, што замест ранення рукі ў мяне не атрымалася падрэзаць яму язык.
Падчас ад’езду ў Чарткоў, ужо знаходзячыся ў санях, ад сваіх секундантаў я даведаўся, што аб выніках двубою была высланая дэпеша, каб заспакоіць маю апякунку і спадарства Урублеўскіх, дзе ў мой гонар рыхтавалася вялікае свята, гэта ўсё рабілі мае знаёмыя, а асабліва маладыя паненкі, якія арганізавалі спецыяльнае набажэнства, молячыся за тое, каб я не быў паранены і не трапіў у небяспеку.
Гэтая акалічнасць напоўніла маё сэрца асаблівай радасцю, і, каб замацаваць іх добрае стаўленне назаўсёды, я быў гатовы да новых рыцарскіх выступаў. Калі я толькі высядаў з саней, першым падышоў прывітаць мяне п. Караль, які, забыўшы, што ў параўнанні з яго магутнай прыгажосцю я быў занадта малы, замест таго, каб абняць мяне за плечы, схапіў за футраную шапку, агаляючы на холадзе і моцным ветры маю галаву, што развесяліла рэшту грамады, якая спяшалася прывітаць трыумфуючага пераможцу.
Каб выправіць сваю памылку, п. Караль панёс мяне на сваіх моцных плячах у кватэру, і, падтрыманы астатнімі, я трапіў у вялікую залу, дзе пачаліся абдымкі, віншаванні, застолле і танцы з вялікім размахам, нягледзячы на парушэнне правілаў вялікага посту, адвенту, але ўсе разлічвалі на дараванне грахоў дабрадушным капеланам, які ўдзельнічаў у агульным гулянні. За вячэрай для мяне было вялікім гонарам у момант, калі пілі за маё здароўе, пачуць пахвалу ад старога Урублеўскага, ветэрана 1831 г., якая ўзняла мой трыумф да самай высокай вяршыні.
Хутка пасля гэтага сямейнікі і вялікая колькасць гасцей зноў пайшлі танцаваць. 3 усіх ліўся пот. Пасля невялікіх адпачынкаў
і падсілкаванняў у багатым буфеце забава працягвалася з новым імпэтам, маючы намер не спыняцца аж да раніцы. Але да таго, як гэта атрымалася ажыццявіць, музыка раптоўна сціхла, а мне паведамілі аб неабходнасці рыхтавацца ў дарогу, каб пазбегнуць небяспекі быць арыштаваным аўстрыйцамі з-за розгаласу, які можа разляцецца пасля гэтага двубою.
Пасля таго як я высах ад поту і развітаўся, магчыма, апошні раз з вялікай колькасцю людзей, якія без выключэння ўсе шчыра палюбілі мяне, закручаны ў чужое футра, спяшаўся з п. Астроўскім да яго дома, везены двума хуткімі коньмі, каб адтуль, пайалаваўшы на развітанне ручкі гаспадыні і абняўшы гаспадара, забраўшы свае рэчы, вырушыць у далейшае падарожжа абшарніцкай дарогай, добра пракладзенай і бяспечнай дзякуючы п. Мілкоўскаму, каб дабрацца да гарадской заставы ў Міхаленах, дзе памежнік, які працаваў на яго, адкрываў яе для тых, хто паказваў маленькую цыдулку з подпісам Мілкоўскага.
Перасядаючы з экіпажа ў экіпаж на працягу двух дзён, яшчэ да таго, як паспелі знікнуць уражанні ад зведаных чарткоўскіх чараў, амаль не азірнуўшыся, як я раптам апынуўся каля варотаў, якія зноў вялі мяне да выгнання ў край, дзе ад кожнага ўспаміну аб перажытай намі, той моладдзю, якая прыехала з Генуі, нядолі, галечы, голаду і пагардзе, падымаюцца дыбам рэшткі валасоў на маёй галаве.
У п. 3. Мілкоўскага я нібы знайшоў свой дом і мог бы там заставацца надоўга. Апошнія падзеі зблізілі мяне з ім і з усёй сям’ёй Урублеўскіх вельмі моцна. Аднак я не мог дазволіць сабе карыстацца такім становішчам. Нягледзячы на моцны супраціў, пасля таго, як я правёў адзін вечар у Міхаленах, я выправіўся ў дарогу да Ясаў, просячы п. камісара, каб узяў мяне часова ў свае сакратары, меў ласку даваць да выканання іншыя даручэнні, якія будуць з’яўляцца.
Адбывалася гэта ў снежні, калі пасля адпраўкі ў Галіцыю пазычанага футра, я быў вымушаны, баронячыся ад моцных маразоў, выпраўляцца ў Ясы кароткімі этапамі, затрымлівацца ў Баташанах і каля млына Серэта, дзе з прыемнасцю сустракаўся з таварышамі і сябрамі, сярод якіх была таксама панна Генрыка Пуставойтава.
Некалькі дзён побыту ў кожнай з дзвюх вышэйназваных мясцовасцяў перашкодзілі хуткаму вяртанню ў Ясы, дзе павінны былі арганізаваць кватэру на час майго побыту ў Румыніі. Тая
самая кватэра, толькі больш акуратная і з неабходнай мэбляй, тут быў кабінет і пакой для невялікай колькасці таварышаў, якія там засталіся, да іх далучаўся і я, мяне там сардэчна віталі, узрадаваныя тым, што нашая кампанія павялічваецца.
Паглядзеў з вокнаў нашай кватэры на багністую паверхню Бахлуі, хвалюючыся, што нападкі куслівых камароў паўторацца. Нягледзячы на холад, балота яшчэ не было пакрытае снегам і пакуль заставалася зялёным, але камароў ужо не было, і ад таварышаў я даведаўся, што мы часова вызвалены ад іх нападаў.
Яшчэ не паспеў я добра прызвычаіцца да новага становішча, з вялікім гоманам з’явіўся гр. Шолдрскі, які па некалькі разоў на дзень наведваўся да моладзі, і, узрадаваны нечаканай сустрэчай са мной, моцна мяне абняў. Навіны аб перажытых прыгодах у Галіцыі дайшлі яшчэ да майго прыбыцця ў Ясы. Цяпер я быў вымушаны для цікаўных распавесці ў дэталях пра ўсё, што са мной здарылася, а асабліва пра двубой. Прысутны пры тым гр. Шолдрскі асудзіў учынак Грахольскага, падтрымліваючы слушнасць майго выступу ў абарону Мілкоўскага. Тады ён урачыста заявіў, што хоць іх палітычныя погляды не супадаюць, таксама нікому не дазволіў бы таптаць годнасць нашага паэта, і абняў мяне другі раз.
Гэты выступ шаноўнага дзядулі, які так шчыра нас палюбіў, стаў бальзамам на душы гэтай моладзі, якая, памыляючыся ў ацэнцы вялікай маральнай вартасці нашага камісара, нядаўна зразумела і выправіла сваю памылку. Цяпер узрадаваная моладзь, заўважыўшы, што і г. Шолдрскі сімвалам сваёй веры непарыўна яднаўся з групай, прывітала яго моцнымі апладысментамі. У той момант нядаўна прыбылы пасля сваёй дзённай працы ў каваля Ёахім Жэляшкевіч, шчаслівы ад зробленай дэкларацыі моцна любімага ім графа, дзякуючы чаму рабіўся для яго яшчэ больш дарагім, абедзвюма рукамі выхапіў яго правую далонь, сціснуў нібы жалезнымі абцугамі, што яму прыйшлося вызваляцца з намаганнямі.
Гэтай зімняй парой мы рана збіраліся — у сябе альбо ў гр. Шолдрскага, каб праводзіць доўгія вечары за абмеркаваннем бягучых праблем. Нашыя размовы станавіліся больш жывымі ў тых выпадках, калі часам з розных мясцовасцяў Румыніі вярталіся таварышы пасля выканання задання, даверанага ім п. Мілкоўскім, ад іх мы даведваліся аб падрабязнасцях спраў, якія нас тычыліся.
Такім чынам мы дачакаліся Новага года. Мы адчувалі невыносны цяжар, бо бачылі, што час ідзе, а мы ўсё яшчэ ў выгнанні, а Польшча ў ярме няволі. Мы часта разважалі над тым, ці не з’яўляецца нашым абавязкам выступленне з ініцыятывай вырушыць і па прыкладзе Гарыбальдзі — дзе жменька адважных зрабіла вялікую справу — вызваліць краіну з няволі.
Да нашай невялічкай групы, якая знаходзілася на Мультаніі, прыходзіла думка дзёрзка напасці на Камянец-Падольскі, каб нечакана захапіць сярод ночы мясцовую цытадэль, ліквідаваць вайсковыя і цывільныя ўлады гэтага горада і, замацаваўшы там аснову паўстанцкага руху, пашырыць яго на ўсю Полыпчу. Захопленыя такога кшталту думкамі, мы планавалі іх ажыццяўленне. Нам не раз снілася, што мы незаўважна набліжаемся да муроў высокіх крэпасцяў, рыхтуючыся ціха паставіць драбіны, каб не пабудзіць пагружанага ў глыбокі сон ворага, захапіць іх. Калі мы прачыналіся, мроі знікалі і ператвараліся ў нішто. Аднак наяве мы не спыняліся абмяркоўваць план выканання нашай задумы.
Таму адразу пасля ўзнаўлення нашых адносінаў з п. Мілкоўскім мы дэтальна распавялі пра распрацаваны намі праект, прапаноўваючы яго ажыццявіць, бо мы ведалі, што ён загадвае вялікімі сіламі ў Канстанцінопалі і ўсіх мясцовасцях Турцыі, дзе знаходзілася размешчаная польская эміграцыя з 1831, 1848 гадоў і дэзерціры расійскага войска з часоў крымскай кампаніі. Мы разлічвалі, што яго падтрымка забяспечыць удалае ажыццяўленне нашага плана.
Пан Мілкоўскі, пасміхнуўшыся і пахваліўшы нас за гатоўнасць да рызыкоўных учынкаў, узгадаў, што ўжо даўно планавалася падобная выправа на Палангу на ўзор гарыбальдзійскай, у якой удзельнічала б нашая генуэзская моладзь. Цяпер праз сваіх людзей, Рэута і Бухавецкага, высланых у край, каб даведацца пра настроі і волю народа адносна такой выправы, яна, як немагчымая да выканання, была адкінутая як жыхарамі Літвы, так і Цэнтральным камітэтам.
Пан Мілкоўскі патлумачыў нам, што план нашай выправы ў Камянец-Падольскі мае яшчэ менш шанцаў на поспех, таму мы не павінны чыніць падобныя авантуры, якія маглі б прывесці да непатрэбнага праліцця крыві і кампраметаваць рацыянальную падрыхтоўку да паўстання, якая не толькі на адным пункце, а адначасова на ўсёй тэрыторыі Польшчы, захопленай Масквой, павінна
распачацца адпаведна ў месцах, вызначаных нядаўнімі народнымі дэманстрацыямі.
Узгадаў, што Бухавецкі, вярнуўшыся ў маім таварыстве з Літвы, паведаміў яму, што заўзятыя патрыёты ў Вільні, сярод якіх цэнтральную пазіцыю займаў Эмануэль Юндзіл, не прынялі праект высадкі добраахвотнікаў у Палангу, бо гэта скончылася б непазбежнай паразай, вялікімі бедамі для мясцовасці і кампраметацыяй патрыятычнага руху ў краіне, які развіваўся дастаткова добра. Бухавецкі і Рэут выехалі з Літвы рознымі дарогамі, задавольваючыся пастановай зацверджанай Цэнтральным камітэтам усталявання вайсковай школы ў Генуі, заснаванай Гарыбальдзі і італьянскім урадам, куды польская моладзь была пераведзеная з Нола, яшчэ да таго, як яе пасланцы паспелі туды вярнуцца. Такім чынам праект, звязаны з Палангай, праваліўся.
Пан Мілкоўскі даказаў, што калі план паходу ў Польшчу праз Палангу быў правальным, то Камянец-Падольскі абяцае яшчэ меншы поспех. Несумненна, што апытаныя жыхары Падолля адмовіліся б удзельнічаць у гэтым, як гэта было зроблена ў Літве. Заўвагі п. Мілкоўскага былі настолькі пераканаўчымі, што мы перасталі думаць аб высланні эмісара да п. Дзікоўскага, камісара Цэнтральнага камітэта, які жыў у Камянцы, і нам ужо не марылася аб правядзенні за межамі краю штучнай аперацыі, асуджаючы сябе на цярплівае чаканне развіцця ўнутранага выбуху, які адзіны дасць нам права дзейнічаць, адначасова абавязваючы ўзяць удзел у распачатай барацьбе.