Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
160.92 МБ
Пасля ўрывістага развітання з Нарбутам, не маючы сілаў парадзіць са сваёй нецярплівасцю, я зноў пайшоў да панны Пуставойтавай, ведаючы, што яна славілася ўсёмагутнай, я сказаў ёй, што прашу аб неадкладнай аўдыенцыі знаёмага са мной п. Лангевіча не толькі ў сувязі з неабходнасцю ўключэння мяне ў склад арміі, але адначасова як перавозчыка невялікага залатога скарбу, які я абавязаны яму даручыць; карыстаючыся гэтай магчымасцю паказаў на пас, якім быў падперазаны і які даўно ўжо мяне абцяжарваў.
Зноў панна Генрыка, разумеючы апраўданую неабходнасць патурбаваць начальніка, спешна пайшла з канцылярыі, пакідаючы мяне там для перападліку. За час яе нядоўгай адсутнасці я паспеў расперазацца і падрыхтаваць скарб для перадачы ў належныя рукі. Асуджаны на шматлікія перашкоды ад самага ранку, я атрымаў загад чакаць, пакуль не скончыцца нарада, аб чым мне паведамяць, скарб тым часам перадаць у рукі панны Пуставойтавай.
Пасля пералічэння і апісання манет на чвэрці аркуша папрасіў даць падпісаць гэтую цыдулку п. Лангевічу, каб адчытацца аб выкананні абавязку перад тым, хто зрабіў дар. Зноў павінна была клапаціцца панна-ад’ютант беганнем з-за мяне да галоўнакамандуючага. Я моцна прасіў у яе прабачэння, ускладаючы віну на скрупулёзнасць дзядка, які хацеў, каб яго вотум быў ажыццёўлены
цалкам і каб я мог яго запэўніць, што праяўлены да мяне давер не быў памылковым. Атрыманы дакумент з подпісам я добра схаваў, каб не згубіць, а п. Генрыка згарнула ў скарбонку золата, прызначанае выключана на патрэбы паўстання, паведаміўшы, што я павінен чакаць заканчэння нарады ў яе канцылярыі, каб пасля без затрымкі з’явіцца перад дыктатарам.
Вызвалены ад далейшага бадзяння па лагеры, я, супакоены, чакаў моманту, калі будзе вызначана маё месца ў польскай арміі. У гэты час да мяне даходзілі гукі мітусні, якія панавалі ў лагеры, сцвярджаючы аб руху іншых паўстанцкіх атрадаў па прыкладзе таго, да якога належаў мой таварыш Нарбут. Адначасова з гэтым да п. Пуставойтавай з’яўляліся іншыя ад’ютанты, яна прымала іх рапарты і адразу ўсё перадавала дыктатару.
Таксама наведваліся і цывільныя асобы — польскія грамадзяне, жадаючы сустрэцца з п. Лангевічам. Я ім моцна зайздросціў, бо нікому не было адмоўлена ў аўдыенцыі, хоць ніводзін з іх — беручы пад увагу іх сталы ўзрост — не прыбываў з намерам удзельнічаць у барацьбе з ворагам. Адначасова з гэтым я засмучаўся, не маючы смеласці каго-небудзь абвінавачваць за несправядлівую да мяне абыякавасць.
Я быў толькі няшчасным чалавекам, асуджаным на цяжкія пакуты доўгага чакання, але, як узорны жаўнер, без праклёнаў спакойна чакаў.
Сонца ўжо збіралася заходзіць, а дзень, які распачаўся для мяне з пераадолення супярэчнасцяў, паволі мінаў. Я быў здзіўлены, што ўсюдыісная п. Генрыка, якая увесь час з імпэтам забягала ў сваю канцылярыю для камплектацыі даручаных місій, гэтым разам ужо даўно не з’яўлялася. Я падумаў, што яе маглі паслаць у лагер з нейкім асаблівым даручэннем, а можа, для вырашэння пытання, звязанага з маім размяшчэннем у адным з лагераў, аб чым, вярнуўшыся, захоча зрабіць мне сюрпрыз, каб даказаць, што пра мяне не забылі, і ўтаймаваць праяўленую мной дакучлівасць.
Узброены суцяшальнай надзеяй, я сядзеў нерухомы ў сваім кутку, баючыся разгубіць усе мары і рыхтуючыся да падзяк і прабачэнняў маёй сяброўкі з Румыніі за такія клопаты. Мяне з месца не скрануў нават вялікі гармідар, які пачуўся ў калідоры палаца; я выйшаў са своеасаблівага летаргічнага сну ў хвіліну, калі ў канцылярыі з’явілася грамада, адкуль за нейкае імгненне ардынарац забраў паперы, якія належалі службе ад’ютанта.
Тады я даведаўся, што дыктатар са сваім атачэннем пакінуў лагер; адначасова я зразумеў, што пачуты гармідар з’яўляўся для мяне страчанай магчымасцю з’явіцца перад ім, заступіўшы дарогу. Захістаўшыся ад млоснасці, я выпаўз з палаца, пазіраючы ва ўсе бакі, каб знайсці шлях, якім можна выбрацца з лабірынта, у які я трапіў. Я не мог зразумець чаму, мяне абышлі, тады калі начальніку польскай арміі я быў добра вядомы і ён мог мяне залічыць у свае шэрагі. Мне здавалася, што нейкі праклён на гэты раз навіс над маёй галавой, будучы адкінутым ад сваіх пасля такога доўгага туляння. Няўжо я зноў асуджаны на бадзянні? Ад роспачы я не мог выдыхаць паветра аж да таго моманту, калі ў мяне не пачалі ліцца буйныя слёзы, якія вызвалілі мой боль.
Мяне несла ў бок, куды былі скіраваны рэшткі лагера, я апынуўся каля моста на рацэ Нідзе, кладка якога была ўжо знішчаная ў шахматным парадку, каб пешыя і рэшткі паўстанцкіх груп яшчэ маглі перайсці праз яго, у некаторых месцах на мосце ляжалі падрыхтаваныя стагі, каб падпаліць іх па сігнале для знішчэння шляхоў. Таксама абмазваліся смалой бэлькі, на якіх трымаўся мост.
Сутыкненне з рэчаіснасцю занадта хутка мяне ацверазіла, сунімаючы не ў пару ўзніклую роспач. Я бачыў раскінутую за мостам шырокую даліну і расцягнутыя ўпоперак польскія вайсковыя часткі, у многіх месцах яны дасягалі яе ўскраін, а часткі зуаваў433 Рохебруна434 ўпіраліся ў мост на Нідзе і засланялі сапёраў, занятых падпальваннем мастоў.
Сутыкненне з фактам, вядомым да гэтай пары толькі з тэорыі, вывела мяне са здранцвення. Я зразумеў, што, нягледзячы на перажытую раўнадушнасць, я змагу і павінен удзельнічаць у абвешчанай барацьбе, хоць бы у якасці добраахвотніка. Я, верагодна, смешна выглядаў, бо меў толькі шаблю, падораную мне ў Кракаве, і самога сябе.
Пасля нядоўгіх разваг я з радасцю зразумеў, што я ні за каго не адказваю і застаюся моцным, аддаючы загады займаць лепшыя пазіцыі адвольна і даючы справаздачу за свае паводзіны пры першым знаёмстве з порахам толькі свайму сумленню. Я запытаўся ў сустрэтага каля моста афіцэра пра пазіцыю, на якой знаходзіцца дыктатар. Ён паказаў у бок нашага правага фланга, а хутчэй, нашага авангарда, кажучы, што ён знаходзіцца на самым перадзе. Гэта было надта далёка, каб дагнаць яго пешкі, жадаючы атрымаць загад.
Хутка да мяне пачаў даходзіць глухі водгук стрэлаў распачатай бітвы з маскалямі, якія хацелі затрымаць наш рух наперад, а ад-
начасова з цэнтра заходняга боку даліны атрымлівалася бачыць чорную збітую масу, якая набліжалася да нас, тых, хто знаходзіўся каля моста. Моцнае полымя ахапіла адразу ўвесь мост, зганяючы ўмомант сапёраў, якія не мелі іншай зброі, акрамя сякеры і рыдлёўкі, і беручы апошнія з сабой, фарміраваліся за зуавамі, гатовыя выступіць у абарону. На гарызонце мы заўважылі шэрую хмару, якая хутка набліжалася да нас і ў якой мы пазналі кавалерыю ў хуткім кроку, што пераходзіў у галоп, з намерам знішчыць нашу пяхоту і сапёраў, якія ішлі за намі.
Нервовыя дрыжыкі хадзілі па ўсім маім целе, міжвольна я знаходзіўся з левага боку фронту зуаваў і на пэўнай аддаленасці, бо не быў уключаны ў іх шэрагі, не маючы адпаведнага мундзіра, не меў права далучацца да іх. Інстынкт самазахавання перад небяспекай нёс мяне да сваіх з разлікам, што знайду надзейную ахову ў толькі што сфармаваных чатырохкутніках нашай пяхоты, якая баранілася ад нападак варожай кавалерыі.
Польскія зуавы, апранутыя ў новыя парадныя мундзіры, з чырвонымі эфескамі, на якіх віднелася мёртвая галава для доказу, што прысягнулі змагацца да канца, былі разведзеныя ў два шэрагі, фарміруючы доўгі фронт, чакалі загадаў свайго мужнага начальніка Рохебруна. У адпаведны момант, калі можна было ўжо ўбачыць колер мундзіраў кавалерыі, якая набліжалася, наша пяхота атрымала загад скіраваць зброю ў бок атакуючых, пасля прыцэліцца, а праз хвіліну, калі яна яшчэ болып наблізілася да нас, па камандзе «Палі!» пачалі страляць у збітую густую масу маскоўскай калоны, якая, працятая наскрозь перакрыжаваным агнём, несла страты, многія былі забітыя, параненыя, іх коні ціснуліся да зямлі, страціла свой імпэт ісці наперад, раптоўна прыпынілася, не дабегшы да вызначанай мэты, нібы спаралізаваная апаплексічным ударам.
На месцы паразы падняліся густыя клубы пылу, не дазваляючы даведацца пра існуючую сітуацыю на працягу дастаткова доўгага часу. А мы чакалі і не бачылі выніку барацьбы, глядзелі ўперад уважліва, як паляўнічыя пасля стрэлу ў птушку падчас палёту, каб упэўніцца, ці трапіў стрэл у цэль, і каб адзначыць месца, куды будзе падаць здабыча. У той момант, калі ўсе стралялі, я таксама вызваліў свой рэвальвер ад куль. Гэты былі першыя стрэлы, звернутыя ў бок нашага прыгнятальніка. Я адчуваў сябе шчаслівым ад таго, што ўдзельнічаў у барацьбе.
Лёгкі павеў вечаровага ветру разагнаў пыл, які засланяў ад нас поле бою, дазволіў нам убачыць раскіданыя на зямлі трупы і на вялікай адлегласці згрупаванага ворага, зноў у руху наперад, відавочна, жадаючага паўтарыць няўдалы напад. Шэрагі нашых зуаваў нібы ўраслі ў займаныя пазіцыі, заставаліся без руху, яны пільна прыслухоўваліся, каб не прапусціць новую каманду, вочы іх былі звернутыя ў бок ворага, і толькі час ад часу кідалі позіркі ў той бок, дзе ўсё мацней разгараўся мост, адкуль чуўся трэск ахопленага агнём дрэва, які перапыніў паноўную вакол цішыню адначасова з рэхам ад выбуху гармат з аддаленых пазіцый, дзе ішла бітва з ворагам, кіраваная асабіста дыктатарам.
Рохебрун быў на кані і лепш за ўсіх астатніх сачыў за рухам маскоўскай арды, прагнай крыві і ў сваёй жа крыві выкупанай хвіліну таму, падыходзячы ўсё бліжэй да нас, але не змяняў аднойчы прынятай тактыкі, не даючы загаду нашым фарміравацца ў квадраты, відавочна, з намерам пачаставаць захопніка на ўзор, выкарыстаны толькі што. Праўдападобна, той, хто кіраваў маскоўскімі захопнікамі, ацэньваў наступствы і не жадаў атрымаць новых гузакоў, бо ў масе, якая ішла наперад, было заўважанае запаволенне рухаў. Далей мы бачылі, што маскоўская калона разгарнулася шырокім фронтам, а адначасова з гэтым мы заўважалі водбліскі агеньчыкаў ад карабінаў, скіраваных на нас, і свіст куль, якія не мелі сілаў нам зрабіць шкоду з-за вялікай адлегласці.
Адказу на свае стрэлы маскаль не атрымаў, нягледзячы на тое што наша зброя пераўзыходзіла іхнюю. Верагодна, таму, што Рохебрун ашчаджаў яе, ужываючы толькі на невялікай адлегласці. У маскалёў нічога не атрымалася, а смеласці на новую атаку не хапіла. Праз нейкі момант мы бачылі, як маскалі зніклі за гарызонтам, вырашыўшы адступіць. Мост ужо згарэў. Над паверхняй ракі Ніды дагаралі яго слупы, нібы жалобныя знічы, якія ўспыхвалі ярчэй пры кожным мацнейшым павеве ветру і з наступленнем ночы. Атрад Рохебруна і жменька сапёраў заставаліся яшчэ на даўнейшай пазіцыі, маючы свабоду руху. Напэўна, ім было загадана дачакацца канчатковага знішчэння маста.