Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
160.92 МБ
У той час набліжалася лістападаўская гадавіна 1862 г., якую павінны былі ўрачыста адзначыць у маёнтку спадарства Мыслоўскіх (здаецца, у Залешчыках426), удзельнічаць у якой запрасілі п. Астроўскага, а па яго просьбе, відавочна, таксама і мяне. Шчаслівы і пасвяточнаму апрануты ў касцюм п. Астроўскага, у нас былі падобныя фігуры, я з’явіўся ў святочна ўбранай зале з вялікай колькасцю гасцей, якія ў асноўным належалі да нашай патрыятычнай арыстакратыі. Я адразу адчуў вялікую розніцу з мінулай гадавінай, калі пад стогам сена ў цішыні правёў лістападаўскую ноч. Розніца гэтая дазваляла спадзявацца на большы поспех у будучыні. Пад уплывам такіх уражанняў мы святкавалі гэтую гадавіну.
Пасля прамовы гаспадара і некалькіх іншых гасцей мы пілі віно за адпаведныя да нагоды пажаданні, пасля чаго размова стала
больш жывой. Разнастайныя пытанні абмяркоўваліся з агульнай зацікаўленасцю. 3 гэтай нагоды зрабіў прамову прысутны тут п. Юліюш Грахольскі, якога я два разы бачыў у Ясах, ён ўзгадаў пра нашае знаёмства і вельмі часта падыходзіў да мяне. Нібы працяты перуном, я пачуў з яго вуснаў паклёпы на Зыгмунта Мілкоўскага, камісара Цэнтральнага камітэта, у якіх гучала абвінавачванне ўтым, што ён выкарыстоўвае край у сваіх мэтах і эксплуатуе грамадства Галіцыі і ўсёй Польшчы, доказам гэтага можа служыць пазбаўленая ўсялякай апекі моладзь, якая прыбыла з генуэзскай школы ў Малдавію, на ўтрыманне якой ён мае набітыя кішэні грошай... Прамаўляючы гэтыя словы, ён звяртаўся да мяне. He маючы моцы болей зносіць абразу, а таксама відавочна падрыхтаванага выкліку — магчыма, думаў, што буду маўчаць, каб не скампраметаваць сябе як эмігранта, — я перапыніў працяг размовы, называючы яго бессаромным ілгуном і кідаючы ў твар пальчатку. Выказаў просьбу да гаспадара дома, каб той прабачыў аплявуху нягоднаму паклёпніку і загадаў закласці коней, каб далейшая забава не была сапсаваная маёй прысутнасцю.
Пан Астроўскі адразу сказаў, што яго коні ўжо гатовыя, пасля чаго, пакланіўшыся на развітанне прысутным у салоне гасцям, пакінуў яго. Адначасова вялікая колькасць прысутных гасцей звярнулася да п. Мыслоўскага з тым, каб п. Грахольскі, як аўтар скандалу, таксама ад’ехаў, каб пазбегнуць яго працягу, бо болыпая частка грамадства складалася з асоб прагрэсіўных, якія не хацелі дазволіць трыумфаваць паклёпам рэакцыі. У выніку чаго хутка пасля майго выезду п. Грахольскі быў выправаджаны, пра што я пасля даведаўся. Гэта з’яўлялася доказам таго, што большасць грамадзянаў паўднёвай Галіцыі прытрымлівалася прагрэсіўных поглядаў і адначасова са мной стаяла ў абароне годнасці нашага ваяра і паэта. Я рады сваёй перамозе.
На наступны дзень парадны экіпаж спыніўся перад ганкам дома п. Астроўскага, з якога выйшла двое гасцей: гэта былі п.п. Мыслоўскі і Пеньчыкоўскі, яны прыехалі як секунданты з пажаданнем атрымаць сатысфакцыю за маю аплявуху п. Юліюшу Грахольскаму. Выкліканы п. Астроўскім для адказу, я з’явіўся перад імі, прымаючы выклік і кажучы, што папрашу п. п. Астроўскага і Уладзіслава Урублеўскага, каб ласкавыя былі прыняць на сябе абавязак быць секундантамі, надзяляючы іх паўнамоцтвамі ў вызначэнні месца, дня і зброі для вырашэння гэтай ганаро-
вай справы. Мой гаспадар адразу прыняў на сябе абавязкі майго секунданта, абяцаючы, што звяжацца з п. Урублеўскім, пасля чаго я развітаўся з гасцямі, пакідаючы майму гаспадару свабоду ў вырашэнні далейшага ходу падзей.
Асабліва мяне ўразіла з’яўленне п. Мыслоўскага ў ролі секунданта, які, паводле маіх меркаванняў, павінен быў захоўваць нейтралітэт. Пазней я даведаўся, што ён быў далёкім сваяком Грахольскага, але гэта не магло апраўдаць яго ў дадзенай недарэчнай сітуацыі, бо мы абодва былі яго гасцямі і не я, а пан Грахольскі стаў прычынай выкліканага скандалу.
Пасля праведзенай нарады з п. Астроўскім узнікла неабходнасць пакінуць яго дом, каб пазбегнуць магчымага арышту аўстрыйскай паліцыяй, якая з лёгкасцю магла ведаць аб гэтым здарэнні. Яшчэ ў той самы дзень я павінен быў пакінуць гасціннае зацішша і, пацалаваўшы ручкі шаноўнай гаспадыні, вырушыць у дарогу з п. Астроўскім, каб знайсці новае сховішча.
Каб нас не вылічылі ў час уцёкаў, п. Астроўскі выконваў абавязкі кучара, каб такім чынам хто-небудзь з непрыхільных слугаў не стаў сведкам. Таму ён, пакідаючы свой фальварак, накіраваў экіпаж у супрацьлеглы бок, каб, схаваўшыся за гарызонтам, павярнуць на дарогу, якая вядзе ў вызначанае месца.
Познім вечарам мы прыбылі ў маёнтак, які належаў адной з нашых вялікіх жанчын, паведамленая п. Астроўскім аб прычыне нашага візіту, прыняла мяне пад сваю шчырую апеку, яна праяўляла да мяне асаблівую цікавасць, выкліканую, відавочна, маім дзіцячым выглядам, нягледзячы на тое што мне было тады ўжо 22 гады. Яна, відаць, лічыла незразумелым, каб з 18-гадовым дурнем п. Грахольскі павінен быў выходзіць на двубой, не ведаючы, што я ўжо дастаткова дарослы і ўжо даўно бяру ўдзел у падзеях палітычнага значэння. На прывітанне, калі я цалаваў ручкі, ласкавая гаспадыня з цеплынёй абняла мяне, даўно нешта падобнае я адчуваў, калі мяне абдымала матуля. Мая гаспадыня была даўно ўдовай бабуляй. Магчыма, я нагадваў ёй кагосьці з яе сыноў, якога тут цяпер не было.
Пан Астроўскі перад ад’ездам сказаў, што вернецца прыкладна праз два-тры дні, каб адвезці на вызначанае месца двубою. Мая гаспадыня, імя якой я не памятаю, запэўніла п. Астроўскага, што я знаходжуся ў бяспецы, жадаючы даць зразумець, каб з двубоем надта не спяшаліся, яна прасіла паспрабаваць неяк адмяніць
паядынак, каб пазбегнуць нікому не патрэбнага праліцця крыві. Нягледзячы на канстатацыю майго паўнагоддзя, мяне ўсё роўна лічылі падлеткам. Мяне ўвесь час кармілі разнастайнымі прысмакамі, і, адчуваючы такі мацярынскі клопат, я павінен быў падрабязна расказваць пра ўсё сваё жыццё.
У вялікім садзе каля палаца, ужо засыпаным снегам, часта бавіў вольны час страляннем па пералётных птушках, дастаткова паспяхова, пра што садоўнік паведаміў гаспадыні замка, сцвярджаючы, што я дзеля забавы падкідаю яблыкі і б’ю па іх. Я заўважыў, што гэтая акалічнасць выклікала задавальненне на яе твары. Без развагі казала, што ў мяне ёсць шанец абараніць сябе ад ворагаў.
Да гэтай пары мы не ведалі, якая зброя будзе выбраная для двубою. Да мяне прыходзілі думкі аб магчымасці быць параненым куляй Грахольскага і аб неабходнасці падрыхтавацца да верагоднай смерці, у сувязі з гэтым я адразу пасур’ёзнеў і ў той самы вечар, атрымаўшы вялікі скрутак паперы, напісаў доўгі развітальны ліст да сваёй маці, просячы прабачэння за ўсе перажыванні, якія прынёс ёй, а таксама да ўсіх дарагіх мне людзей.
Запячатаны ліст я даручыў маёй шаноўнай апякунцы, выклікаючы гэтым патокі яе слёз, як неацэнны дар для мяне. Яна лічыла неабходным вызваліць сябе ад маральнай адказнасці, якая каменем вісела на ёй, таму вырашыла запрасіць капелана, каб я мог прычасціцца і паспавядацца, але гэтага не атрымалася здзейсніць у сувязі з тым, што на золку наступнага дня з’явіліся секунданты, з якімі я павінен быў ехаць на вызначанае месца двубою.
Ад прыбыўшых я даведаўся, што зброяй былі абраны шаблі. Гэта значна супакоіла маю апякунку, бо я пазбягаў такім чынам небяспекі быць параненым куляй, у той час калі бой шаблямі звычайна завяршаецца лёгкімі ранамі. Нягледзячы на гэта, яна паўтарыла секундантам просьбу аб адмене двубою, яны ёй растлумачылі, што гэта залежыць ад абражанага боку, да якога належаць мае супернікі, якому мы не можам адмовіць у жаданай сатысфакцыі.
Маіх секундантаў суправаджаў, акрамя доктара, п. Караль Урублеўскі з намерам сустрэцца, каб па-сяброўску расцалаваць мяне. Выкарыстоўваючы такую магчымасць, адвёў мяне ўбок, з настойлівасцю ўгаворваў, каб напачатку я атакаваў ніз рукі Грахольскага, кажучы, што ён прадчувае жаданы вынік. Я з ахвотай
даў яму абяцанне зрабіць так. Пан Караль, які не ўдзельнічаў у двубоі, павінен быў чакаць весткі аб яго выніках і, запрошаны на сняданне, застаўся ў маёй апякункі, каб неадкладна выехаць у Чарткоў і там усіх супакоіць.
На развітанне мяне па-мацярынску абнялі і блаславілі, з гэтым я пакінуў маёнтак і, сеўшы ў санкі на месца, якое займаў п. Караль, у таварыстве двух маіх секундантаў і доктара з Чарткова, выправіўся на месца бойкі. Пасля завяршэння гэтага невялікага падарожжа, мы затрымаліся ў маёнтку багатага халасцяка, які прапанаваў нам свой дом. Хутка пасля нашага прыезду з’явіліся абражаныя. Пасля часу, вызначанага на адпачынак, надышоў момант з’явіцца на месца бою, якое ўяўляла з сябе вялікую залу, засланую палатном, каб не было слізка падчас двубою.
Але яшчэ да таго, як ён пачаўся, секунданты адышлі на апошнюю нараду, паводле маіх меркаванняў, гэта было зроблена з намерам палюбоўна скончыць справу. Тады мне падумалася, як чалавеку, які першы раз выходзіць на паядынак, што цяпер не ідзе гаворка аб вядзенні звьгчайнага фехтавання, аб атрыманні ранаў, а значыць, неабходнасці захоўваць спакой, не толькі каб пазбегнуць удараў суперніка, але і для належнага супраціву. Гэта апошняя думка ўзбудзіла ў мяне жаданне помсты, бо я лічыў няслушным задавольваць пажаданне чалавека, які заслужыў, хутчэй, лупцоўкі, да той пары, пакуль ён не выбраша ўсе свае паклёпы. Вяртанне секундантаў назад даказвала, што план па прымірэнні быў сарваны, і мы адразу пачалі двубой, захоўваючы ўсе правілы, свята трыманыя і замацаваныя дзякуючы частай практыцы паядынкаў сярод нашай шляхты ў нямецкай акупацыі.
Пасля сігналу ў барацьбу з імпэтам кінуўся п. Грахольскі, жадаючы такім чынам зрабіць уражанне, накіроўваючы сваю шаблю ў маю галаву. Парой зразумеўшы, што гэты манеўр павінен будзе паўтарыцца, выкарыстаў у сваю абарону ўдар у ніз рукі, згодна з абяцаннем, дадзеным п. Каралю. Удар шаблі, скіраваны знізу ўверх, не мог моцна параніць суперніка, але, на бяду, канец маёй шаблі заблытаўся ў дзяржанні шаблі паклёпніка, параніўшы яго вялікі палец. Выбітая зброя сплыла на паркет, а секунданты засланілі п. Грахольскага ад верагоднага яшчэ мацнейшага ранення ў маім нястрымным імпэце. На гэтым скончылася барацьба. Дактары заняліся стрыманнем крывацёку і бінтаваннем параненага пальца.
Адначасова з гэтым лёкаі пачалі ставіць стол у цэнтры поля бітвы, накрываючы сняданак, прыгатаваны гасцінным гаспадаром, каб пачаставаць падарожных і прымірыць пасвараных.