Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
160.92 МБ
Камандзірам паўстанцкіх войскаў нельга было так неабдумана прыводзіць сітуацыю да сумнеўнага становішча, бо адна хвіліна можа прывесці да поўнага разладу, як гэта адбылося пасля
перамогі ў баі пад Грахавіскамі. Раз страчаны энтузіязм і страчаная непахіснасць веры ў поспех адрадзіць не проста, а дэмаралізацыя звычайна пашыраецца імгненна і спыніць яе немагчыма.
Вельмі сумна, што сярод нашых цывільных і вайсковых кіраўнікоў на нарадзе цягам бясконцай колькасці гадзін у палацы Хробржа і ў паўторных дэбатах у дарозе да Грахавіскаў і пад Грахавіскамі не знайшоўся ніводзін грамадзянін, які б змог даказаць, што нельга рассейвацца перад атакуючым ворагам і што перш за ўсё трэба ўсім на яго адважна кінуцца, змяць, пабіць, а пасля думаць аб неабходнасці падзелу на шматлікія часткі. Такі грамадзянін павінен быў указаць военачальнікам і цывільным важакам, што і яны павінны неадкладна вырушыць у поле для палягчэння страт. Гэтага не выканалі. Адбылося ўсё наадварот: рабіліся — нібы сакрэтна — нашэпты некаторым кіраўнікам атрадаў аб неабходнасці неадкладна пакінуць нашую вялікую армію, а іншым не былі дадзены адпаведныя інструкцыі, дазвалялася кожнаму дзейнічаць усляпую, без узаемасувязі і інфармацыі пра тое, што вакол іх адбываецца. Галоўнакамандуючы са шматлікім і арганізаваным штабам незаўважна раз’язджаліся, хутка аддаляючыся, каб выратаваць свае вушы ад гукаў стрэлу і ляскату зброі.
Усё тое, што доўгая падрыхтоўка цэлага пакалення здолела ажыццявіць, даводзячы да магчымасці забяспечыць развіццё паўстання, да трыумфу ў барацьбе, было зруйнаванае ў адзін момант. Няздольнасць галоўнакамандуючага прывяла да таго, што перамога ў баі не толькі не прынесла карысці, але і дапамагла зразумець нашаму ворагу, што нас можна перамагчы, карыстаючыся выкліканай дэмаралізацыяй, не дапусціць, каб існуючы да гэтага энтузіязм мог вярнуцца да пачатковага стану. He магу і не хачу абвінавачваць у здрадлівых учынках ці ў рэакцыйных інтрыгах, я веру, што такога не было, і не адважыліся яшчэ выцягнуць на яву з падземных сховаў тое, што я лічыў памерлым назаўсёды для існуючага ўсёмагутнага польскага патрыятызму, але праяўленая няздольнасць кіраўнікоў нашай вялікай арміі, нягледзячы на тое што ніхто з іх не быў здраднікам, прывяла да таго, што яна паралізавала нашы цудоўныя сілы, даючы магчымасць маскалям казаць перад усім светам адносна іх саміх і нас, палякаў, што пад Грахавіскамі атрымалася нас перамагчы, разагнаць паўстанцаў на ўсе чатыры бакі, вымушаючы дыктатара і ўвесь яго штаб уцякаць. Амаль паўсюдна паверылі ў праўдзівасць гэтых выказванняў, як
у нас, так і за мяжой, паралізуючы развіццё паўстання і падтрымку замежжа.
Бітва пад Грахавіскамі, якая павінна была ўрачыста распачаць шматлікія падобныя, а нават і большыя перамогі ва ўсіх мясцовасцях, дзе разгарнуўся сцяг з белым арлом для вызвалення нас з няволі, была апошняй найбольшай нашай страшнай трагедыяй.
Хоць войску, якое знаходзілася на грахавіскіх палях, пасля абуджэння ад сну не было абвешчана ніякага маніфеста, паціху распаўсюджвалася навіна аб тым, што начальнік з усім сваім штабам пакінуў лагер у час бою і даў загад аднаму з атрадаў перадыслакавацца ў больш адпаведнае месца, рэшта атрадаў засталася без кіраўніцтва, якое не маглі прызначыць праз рашэнне неадкладна ехаць у Кракаў, гэта ўсё сталася прычынай жаху і роспачы сярод нас.
Пасля мы даведаліся, што замест таго, каб ісці наперад для пераследу разбітага маскаля, было дазволена ўсім атрадам адвольна рассыпацца пад кіраўніцтвам сваіх камандзіраў, што павінна было кантралявацца генералам Смяхоўскім439, якога пакінула для гэтага вайсковая рада Лангевіча падчас рэціравання.
Пра генерала Смяхоўскага ніхто ў лагеры нічога не ведаў, а даведаліся пра яго тады, калі на яго выпала сумная роля кіраваць нашым роспускам і разбурэннем вялікіх ідэалаў. На ажыўленых да гэтага моманту салдацкіх тварах, поўных жыцця і веры ў нацыянальныя ідэалы, гвалтам і штучна ўтвораным сумневам, з’явіўся роспачны смутак. Многія з іх, ведучы ўнутраную барацьбу і не жадаючы згаджацца з узніклай сітуацыяй, клялі ў роспачы сваіх камандзіраў і вінаватых абвешчанага адступлення. Іншыя цягаліся па лагеры з апушчанай галавой, нібы занятыя развагамі над загадкай перад рашэннем, што яны павінны рабіць далей, бо сувязь, якая яднала лагеры ў адно непарыўнае цэлае, ужо зусім аслабла. Кожны меў права рабіць, што яму захочацца. Афіцэры не захоўвалі субардынацыі, бо пад уплывам такой самай роспачы знаходзіліся і яны. Ніхто не меў сілаў у такой сітуацыі сачыць за дысцыплінай, раўназначнай уцёкам.
Як нядаўна прыбылы, я найменш мог зарыентавацца ў прычынах такога хаатычнага перавароту, паколькі я дапытваўся ў незнаёмых мне афіцэраў, жадаючы ўрэгуляваць сваё становішча, хто цяпер з’яўляецца камандзірам войска, якому хачу прадставіцца, каб урэгуляваць маю пазіцыю, у сувязі з чым на працягу двух дзён раблю безвыніковыя спробы, мне ўказалі на чалавека з закрытым
тварам на кані, кажучы, што гэта новы камандзір, які вяртаецца з прагляду ў штаб, і што калі я пайду за ім, хутка дасягну да мэты і змагу заўтра яму прадставіцца.
Прыглядаючыся да чалавека з апушчанай галавой, рысаў твару якога немагчыма было разгледзець, нерухомая постаць была падобна на статую без прыкмет жыцця, штучна умацаваную на кані, мне падавалася, што я іду за містычнай постаццю, пасланай для таго, каб прадрачы нам нешчаслівы лёс, які выракаў нас на знішчэнне. Панурае асяроддзе, з-за якога падавалася, што я назіраю за пахавальнай працэсіяй, узрушыла мяне, выклікала нястрымны азноб. Я лічыў, што мы асуджаны на няшчасці без рацыі і падстаў і што нейкі праклён вісіць над усімі, хто тут сабраўся.
Я звярнуўся і назваў усе свае кваліфікацыі аднаму з ад’ютантаў, пасля чаго мне было загадана чакаць адказу. Праз некалькі хвілін, неабходных для правядзення хуткай нарады, з’явіўся нейкі афіцэр і, звяртаючыся да мяне па імені, перадаў загад генерала сабраць разам схопленых палонных, якія знаходзіліся пад вартай тых атрадаў, якімі яны былі ўзятыя ў палон у час бітвы, і сцерагчы, каб яны не ўцяклі ў паходзе, які павінен быў распачацца, заняцца падрыхтоўкай адпаведнага канвою, фарміруючы яго з людзей касінерскага атрада, з якімі я ўдзельнічаў у бітве. Афіцэр, развітваючыся са мной, сказаў, што ў наступны раз я атрымаю новы загад, які павінен будзе пасля правядзення адпаведнай нарады ўрэгуляваць маю сталую пазіцыю ў войску. Я, у сваю чаргу, радасны ад таго, што мяне прызналі, ляцеў да касінераў, каб знайсці іх камандзіра і атрымаць некалькі дзясяткаў салдатаў, сярод якіх знаходзіліся б тыя, што маюць таксама маскоўскія карабіны і амуніцыю, кінутую ў час уцёкаў. Камандзір касінераў, волат непараўнанай моцы, прозвішча якога я не памятаю, выканаў маё патрабаванне, аддаючы маёй варце некалькіх палонных, схопленых дзень таму.
Я абышоў увесь лагер і дастаткова хутка змог сабраць пад сваёй камандай усіх палонных і прывесці ў парадак, з’явіцца ў поўнай гатоўнасці паблізу стаўкі, чакаючы загаду да абвешчанага выступлення.
Дзіўнае ўражанне выклікаў у нас маскаль, што знаходзіўся ў нашым палоне, які заўсёды паводзіў сябе нахабна і груба, усё і ўсіх распіхваў; цяпер ператварыўся ў лагодную істоту і прыніжаўся як мог, кланяўся, ведаючы, што шмат у чым перад намі вінаваты, і ця-
пер поўзаў, жадаючы вызваліцца ад заслужанага пакарання. Аднак аказалася, што ніводзін маскаль не быў абражаны нікім з нас як у час захопу ў палон, так і тады, калі заставаўся з намі ў лагеры, хоць многія мелі сур’ёзную падставу адпомсціць. Гэта даказвае, што стан цывілізацыйнага развіцця ў нашых людзей быў на высокім узроўні, якія ўмелі стрымліваць раз’юшанасць супраць безабаронных.
Прымаючы пад сваё камандаванне групы палонных, што знаходзіліся ў нашых лагерах, я пытаўся, ці не маюць яны якіх-небудзь скаргаў да кіраўніцтва. Паўсюль выказвалі ўдзячнасць за аказаную ім дабрыню польскімі афіцэрамі, а таксама салдатамі, і таму цалкам дасведчаны ў тым, што напісаў адносна нашай паблажлівасці да жорсткага ворага, які, узяўшы ў палон польскага салдата, забівае альбо калечыць яго, бязлітасна здзекуючыся. Польскі народ мае высокія якасці, а наколькі яны стануць грунтоўна даследаваны, настолькі падымецца ўзровень іх вартасці. I таму так моцна захоўваецца ў нас любоў да радзімы. Мы любім бліжняга, і касмапалітамі, як габрэі і немцы, станавіцца не хочам, разумеючы наша маральнае пераўзыходжанне.
Сярод 80 палонных былі тры афіцэры, адзін з іх у званні капітана. Перад тым як мы вырушылі ў дарогу, у мяне быў час папярэдзіць іх, што яны не павінны выкарыстоўваць дадзеную ім свабоду ад кайданоў, якія абмяжоўвалі б іх рухі, што можа даць ім адвагу для спробы ўцёкаў, якая прывядзе да немінучай смерці кожнага смельчака, бо наша пільнае вока абавязкова заўважыць яго, а дальнабойная каса імгненна паваліць, наносячы яму смяротны ўдар, разам з куляй з іх уласнага карабіна. У маўчанні яны слухалі маю прамову, пакорліва прыгнуўшыся.
Крыху пазней, назіраючы за пачаткам усеагульнага руху ў лагеры, без атрымання больш дакладнага загаду ці якога-небудзь указання, каб не застацца аднаму, я павёў услед за іншымі паўстанцкімі атрадамі даручаных маёй варце палонных ва ўзорным парадку, з вызначэннем адпаведных пазіцый для трох маскоўскіх афіцэраў, скіроўваючыся на поўдзень. Падчас падарожжа мы заўважылі аслабленне сувязі паміж атрадамі і іх незразумелыя рухі. Колькасць нашых паўстанцаў усё змяншалася. Мяне здзіўляла, што гэта адбывалася таемна, бо ніякай абвесткі ці загаду днём не было зроблена.
Як афіцэр ніжэйшага рангу, я не меў права выпытваць, у чым тут справа, але я ўвесь час непакоіўся, назіраючы за гэтым роспускам
нашых цэлых атрадаў і паасобку. Многія перабіраліся за Віслу, карыстаючыся рыбацкімі ці іншымі лодкамі, якія знаходзіліся на яе левым беразе, уздоўж якога пралягаў наш маршрут. Ніхто іх не затрымліваў, ніхто не пытаў тых, хто ішоў на Любельшчыну, згодна з якім распараджэннем яны пакідаюць лагер, што з’яўлялася дазволам дэзерціраваць.
Сустрэтыя па дарозе вяскоўцы, прыглядаючыся да такога кшталту беспарадкаў, не маглі зразумець, што тут адбываецца. Яны толькі радаваліся, заўважыўшы ведзеных мной у строгім парадку палонных, якія ў дадзенай сітуацыі вымушаны былі крочыць парадным маршам перад нашымі гледачамі, якія да гэтай пары не прызвычаіліся назіраць нешта падобнае. Прысутнасць палоннага, заўважны знак, доказ перамогі, супакойвала мясцовы люд, не звяртаючы ўвагі на паслабленне ў нашых шэрагах.