Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль
Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
Падчас даследаванняў такога кшталту мясцовасцяў мы часта сустракалі падарожнікаў, знаёміліся з мясцовым насельніцтвам, а каля фантанаў, звычайна збудаваных на ахвяраванні турэцкіх вяльмож, назіралі за прыгожымі сялянкамі, якія прыходзілі з навакольных вёсак і з палёў, дзе займаліся пасевам, каб набраць
крынічнай вады. Тут мы маглі ацаніць прыгажосць грачанак і балгарак, апранутых у нацыянальныя строі, розных па целаскладзе і дэталях у знешнасці, любуючыся імі ў большай альбо меншай ступені ў адпаведнасці з узростам тых, за кім назіралі, і тых, хто назіраў. Што да мяне, то ўсе былі прыгожыя.
Будучы ў Радоста і іншых гарадках перад гэтым наведаных, мы сустракалі на вуліцах мусульманскіх жанчын з закрытымі паранджой тварамі і вельмі рэдка з адкрытымі галовамі хрысціянак, і тых ужо ў сталым веку, бо хрысціянскія дзяўчаты, каб пазбегнуць нападкаў туркаў, не выходзілі на вуліцу ўдзень, бо яны ўсіх прыгажунь спрабавалі гвалтам зацягнуць у свае гарэмы.
Звычайна толькі ў нядзелі, і тое на золку, хрысціянскіх дзяўчат вялі на службу ў касцёл — адзінай радасці для гэтых нявольніц — пад апекай іх бацькоў і сваякоў. Служба гэтая канчалася звычайна вельмі рана, каб гэтыя жанчыны паспелі вярнуцца дамоў яшчэ давідна. Замужнія хрысціянкі, пакуль былі маладыя, пазбягалі з’яўлення на вуліцах, каб уратавацца ад турэцкіх дачэпак і абараніць сваіх мужоў ад навязлівасці мусульманскіх вяльможаў.
Дабраўшыся з нашай працай да прыгожай адрыянопальскай даліны, нам адкрыўся горад Адрыянопаль, які да гэтай пары доўга хаваўся за халмамі. Пасля таго як мы скончылі сённяшнюю дзённую працу, мы зрабілі невялічкае падарожжа, каб дабрацца да месца нашага адпачынку ў вялікай кватэры, выдзеленай нам муніцыпалітэтам Адрыянопаля. Інжынер п. Легер paHeft скіраваўся ў горад, каб сустрэцца з губернатарам правінцыі і прадстаўнікамі муніцыпальнай улады для перамоў з імі наконт вызначэння адпаведнага месца для збудавання чыгуначнай станцыі. Саветнікі з Міністэрства грамадскіх прац, наўмысна высланыя з Канстанцінопаля, таксама павінны былі ўдзельнічаць у гэтай нарадзе.
У той самы час быў падрыхтаваны вечар для прыняцця гасцей, у якім удзельнічаў п. Легер, трымаючы пры сабе п. Кентрынскага ў якасці перакладчыка. 3 прычыны разыходжання думак пры першай спробе закрануць праблему, было вырашана наведаць прапанаваныя месцы разам, каб больш дакладна іх ацаніць. Погляды дзяржаўных, муніцыпальных і вайсковых уладаў адстойваліся так упарта, што пасля дэбатаў, якія адбываліся на працягу некалькіх дзён, згадзіліся, каб на агульным плане былі
вызначаны тры пазіцыі для размяшчэння чыгуначных станцый, пакідаючы права выбару султану ў момант пацвярджэння ім канцэсіі.
На мяне зваліўся ўвесь цяжар па зняцці плана сярод горада для дэтальнага вызначэння трох пазіцый прапанаваных станцый. Трэба было ўвесь час разганяць разявак, што засланялі від пазіцый, патрэбных для зняцця, а гэта запавольвае працу і звычайна моцна раздражняе інжынера, што са мной тады першы раз і здарылася. Пан Касакоўскі папакутваў значна меней, а п. Легер зусім не, бо з першага дня нашага прыезду ў Адрыянопаль разметка лініі чыгункі была скончаная. Пан Легер, праводзячы дэбаты з прадстаўнікамі турэцкіх уладаў, чакаў, што я і Касакоўскі скончым працу, каб вярнуцца ў Канстанцінопаль і Парыж, дзе праект і каштарыс павінны былі канчаткова выпрацавацца.
Перад пачаткам вымярэнняў у горадзе Адрыянопаль, дзе пасля са мной здарылася непрыемнасць, якая перапыніла маю працу, я адчуваў сапраўдную раскошу. Знаходзячыся ў даліне ракі Эўрос у час асенняга пералёту птушак, я мог паляваць, каб не марнаваць час, за што меў шчодрую ўзнагароду, і назіраць за невядомымі мне да гэтай пары феноменамі багатай фаўны з вялікай колькасцю разнастайных відаў пералётных птушак, а асабліва качак, якія засланялі сонца ў час палёту над нашымі галовамі, кідаючы цень, нібы ад хмары, на адрыянопальскую даліну.
Шматлікія паляўнічыя, страляючы па густой масе гэтых птушак, няшчадна забівалі і калечылі іх. Можна было зблізку назіраць сярод ахвяр, якія падалі пасля кожнага стрэлу, разнастайныя віды качак, якія адрозніваліся памерам і колерам. Наяўнасць водаў пад Адрыянопалем скіроўвала чароды пералётных птушак туды для адпачынку і падмацунку, сярод іх былі гусі і жураўлі, толькі ў значна меншай колькасці, хоць яны і часта з’яўляліся.
Пасля завяршэння палявых работ у мяне заставаўся час дэтальна вывучыць усе закуткі Адрыянопаля, я разглядаў высокія муры мясцовай цытадэлі, прыгожыя мячэці, пераробленыя з хрысціянскіх храмаў, на іх крыжы былі замененыя паўмесяцамі на прыбудаваных да іх мінарэтах. Наведаў могілкі, іх было шмат у горадзе і за яго межамі, якія сведчылі аб доўгачасовай турэцкай навале. Я назіраў за турэцкім вяльможам, які пампезна шпацыраваў вольным крокам па вуліцы са світай і слугамі, якія ішлі ззаду за
ім, і таксама я заўважыў чалабітныя паводзіны хрысціянаў, грэкаў і балгараў, якія ім кланяліся.
Я ўзгадаў у той час польскі паход у Варну, калі Адрыянопаль яшчэ быў турэцкай сталіцай у Еўропе, і планы, якія павінны былі прывесці да вынікаў, адрозных ад цяперашніх, калі б шчаслівы выпадак дазволіў замест непланаванай паразы ўвянчаць яе перамогай. Мне думалася, што і я не быў бы вымушаны туляцца па свеце і хрысціяне не адчувалі б шматвекавой варварскай знявагі, застаючыся ў пакутлівай няволі.
Пасля вырашэння пытанняў з мясцовымі ўладамі і спакаваўшы матэрыялы, якія служылі для падрыхтоўкі праекта чыгункі, мы пакінулі Адрыянопаль, скіраваўшы экіпажы ў Канстанцінопаль, вяртаючыся іншым шляхам, праз Люлебургас407 і мясціны, аддаленыя ад горада Радоста і ўзбярэжжа Мармуровага мора. Пасля прыбыцця ў Канстанцінопаль інжынер п. Легер атрымаў інструкцыі з Парыжа аб неабходнасці скласці дэтальны план узбярэжжа заліва Залаты Рог408, каб можна было лягчэй вызначыць адпаведную пазіцыю для збудавання там вялікай чыгуначнай станцыі. Гэтыя абставіны дадалі працы, якую я лічыў ужо амаль завершанай, мне заставалася толькі перанесці на паперу здымкі планаў, зробленых у час апошніх дзён побыту ў Адрыянопалі.
У дні, калі было добрае надвор’е, я быў заняты вымярэннямі ў цікавых месцах Залатога Рогу, а ў непагадзь — чарцяжамі ў канторы п. Легера. Вечары былі вольныя, я праводзіў іх з землякамі і сваім знаёмым Алыпэўскім, узрадаванымі маім вяртаннем, яны дазволілі мне адпачыць пасля доўгага расстання са сваімі і даведацца аб цяжкай сітуацыі на радзіме. Пайшло каля дзесяці дзён на дапрацоўку патрэбных пытанняў да ад’езду п. Легера ў Парыж, дзе павінен быў выпрацавацца канчатковы праект чыгункі. Перад расстаннем ён прапанаваў — будучы задаволеным маёй працай, якую я прарабіў у полі і ў канторы, а асабліва рэдагаваннем тапаграфічных чарцяжоў, — застацца ў Канстанцінопалі пад кіраўніцтвам таварыства і неадкладна скіравацца ў правінцыю для вывучэння возера ў Буюкчэкмеджэ409, называючы адзін з гарадскіх банкаў горада, дзе мне павінны былі выдаць патрэбныя грошы. Пасля высылкі гэтай працы ў Парыж, я павінен быў чакаць далейшых указанняў па выкананні іншых дадатковых заданняў у выпадку неабходнасці альбо выкліку ў Парыж, будучы заангажаваным да сталай службы ў таварыстве.
Пан Легер быў здзіўлены пачуўшы аб адмове на такую заманлівую прапанову, якая магла забяспечыць камфортнае жыццё маладому эмігранту. Я павінен быў яму патлумачыць, што да 29 лістапада я абавязкова павінен трапіць на польскую зямлю. Падумаўшы некалькі хвілін, гэты высакародны француз пахваліў польскую моладзь і сардэчна паціснуўшы маю далонь, пажадаў хуткага аднаўлення спакутаванай Польшчы.
Перад канчатковым развітаннем з п. Легерам, у час разліку з усім персаналам, калі акрамя свайго заробку я атрымаў у падарунак шчодрую ўзнагароду, я меў магчымасць аддзячыць яго за такія добрыя адносіны да мяне, тым больш што, беручы пад увагу мае рэкамендацыі, ён хацеў прызначыць інжынерам п. Пшэздзецкага для правядзення прац у Буюкчэкмеджэ і іншых, калі б у гэтым узнікла патрэба.
Пазней я даведаўся, што праект пабудовы чыгункі ўздоўж берага мора Радоста, а адтуль да Канстанцінопаля заняпаў з-за перавагі нямецкіх уплываў. Яна была пракладзеная ў іншым напрамку, далей ад берага мора. Ад Альшэўскага я даведаўся аб тым, што генуэзскія таварышы сабраліся ў Ясах на Мультаніі410, і аб сканчэнні яго місіі ў Канстанцінопалі, якая дазволіла сабраць невялікую суму грошай, дасланых некаторымі багатымі бацькамі з радзімы. Далучыўшы да іх заробленыя мной напалеандоры — першы мой заробак, на французскім караблі тэрмінова скіраваліся ў Румынію, мы не маглі марнаваць часу, бо ўжо распачынаўся месяц лістапад, а да польскіх межаў нам было яшчэ далёка.
Раздзел IX.
Побыт у Румыніі
Без перашкод мы хутка дабраліся морам з Канстанцінопаля ў Румынію і дастаткова хутка па сушы трапілі ў сталічны малдаўскі горад — Ясы, дзе нас радасна сустрэлі генуэзскія таварышы, якіх мы знайшлі дзякуючы адрасу, што ў нас быў, нас набілася цэлая кватэра. З’яўленне нас двух апошніх, з’яднанне нашай групы ў адно цэлае ажывіла пачуцце вялікай радасці, умацавала нашае перакананне ў несумнеўным дасягненні нашай мэты.
Мы знаходзіліся недалёка ад польскіх абшараў, маючы дастаткова сродкаў, каб наблізіцца да іх межаў і часова перайсці іх. Мы рады былі сустрэцца з таварышамі, з якімі даўно не бачыліся, перажыць пачуцці, якія аб’ядноўваюць самых блізкіх сваякоў, не маючы сілаў спыніць абдымкі і размовы, каб даведацца пра ўсе дэталі выпрабаванняў, выпалых на кожнага з нас за час доўгага расстання.
Члены кожнай партыі, якія прайшлі доўгі пакутлівы шлях па незнаёмых мясцінах, што знаходзіліся пад дзікім строем, мелі невычэрпныя матэрыялы для расповедаў пра цікавыя і жахлівыя выпадкі, слухаць якія можна было без перапынку з неаслабнай цікавасцю на працягу вялікай колькасці вечароў. Падчас нашага першага спаткання мы вымушаны былі задавольвацца толькі павярхоўным аповедам пра некаторыя прыгоды, пакідаючы больш падрабязную размову на пазнейшы час. Таму Гіляры Альшэўскі і я мелі магчымасць у некалькіх словах распавесці пра нашыя дзеі і атрыманыя ўражанні. Мы рады былі бачыць адзін аднаго і дзяліліся братнімі абдымкамі падчас спеваў і радаснымі выкрыкамі ў гонар таннага прыёму, які замяніў нам вячэру.