Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
160.92 МБ
Праз некалькі тыдняў на заклік генерала паступіць на вайсковую службу пачала з’язджацца моладзь, пакідаючы навучанне ў розных універсітэтах, і дзякуючы таму, што колькасць вучняў павялічылася ўдвая, узрасла і павага да нашай школы, якая ў добрым святле паўставала перад генуэзскім грамадствам падчас удзелу ў патрыятычных дэманстрацыях, якія працягвалі адбывацца і далей у сувязі з разнастайнымі памятнымі датамі.
Такога кшталту акцыі з’яўляліся адзінай прыкметай існавання генуэзскай школы, у якой і далей працягвалася гультайства. Нарэшце з’явіўся п. Лангевіч у ролі выкладчыка артылерыі, прадстаўленага ў званні палкоўніка, але заняткаў яшчэ ніхто не пачаў, а на дошцы — павешанай у абяцаны дзень — моладзь крэйдай малявала розныя карыкатуры, выклікаючы смех і агульную забаву, а таксама часты гнеў і раздражненне Міхалоўскага. Такім чынам мы перажылі Каляды, далейшыя святы пасля Новага года і карнавальныя забавы, не маючы часу думайь пра вучобу, тым больш што ніхто з кіраўнікоў не нагадваў пра яе.
Тым часам колькасць вучняў увесь час узрастала, даходзіла да сямідзесяці з нечым. Моладзь, якая толькі прыехала, не хацела спяшацца з навукай, хацела адпачыць і засвоіцца ў горадзе, а тыя, што сюды прыехалі даўно, мелі абыякавае стаўленне, хацелі пазбегнуць турбот і былі перакананыя, што абяцанае генералам паўстанне павінна дасягнуць мэты, забіраючы ў яго ўвесь час на больш пільныя патрэбы, чым школьнае навучанне.
Тыя, хто быў у гэтым перакананы, лічылі, што час, які застаўся да паходу ў Польшчу, каб удзельнічаць у паўстанні, быў настолькі абмежаваны, што распачынаць заняткі ў школе было ўжо позна. Акрамя Лангевіча, ніхто з абяцаных выкладчыкаў не з’явіўся. Мы думалі, што ўсе яны былі занятыя выкананнем больш значных заданняў, вымушаны працаваць у іншых месцах, назапашваючы вайсковы матэрыял альбо выконваючы дыпламатычныя місіі згодна з загадамі генерала Мераслаўскага.
Хадзілі пагалоскі, іх распаўсюджвалі некаторыя яго павераныя, што п. Лангевіч быў памочнікам у канцылярыі генерала, у якую меў вольны доступ, працаваў там цэлымі днямі і не меў часу для распачынання курса артылерыі. Сакрэтнасць ахінала гэтую працу, падвышаючы яе значэнне патрабаваннем захоўваць абсалютную таямніцу, хоць ніхто ні пра што не ведаў.
Забяспечаныя з фінансавага пункту гледжання, мы жылі ўвесь час паводле сваіх упадабанняў, найчасцей у забавах, і рэдка аддавалі час на нешта карыснае. Нікога сумленне не мучыла, бо ўсе былі гатовыя да выканання загадаў і ўказанняў сваіх кіраўнікоў, ускладаючы на іх адказнасць за марнаванне часу. Знаходзячыся ў такім бестурботным становішчы, мы перажылі зіму і вясну.
Летам, не маючы магчымасці рабіць далёкія прагулкі за горад, моладзь, якая жыла на прыватных кватэрах, часта збіралася
ў казармах, больш заселеных старэйшымі таварышамі, на размову, дзе ў вялікай зале — у якой павінны былі праходзіць заняткі — мы мелі адпаведнае памяшканне для вялікай кампаніі. Там абмяркоўваліся разнастайныя праблемы, якія датычыліся тагачасных падзей, і перадаваліся свежыя навіны з радзімы. 3 акон нашай залы мы прыглядаліся да рэдкіх мінакоў у гэтай зацішнай частцы горада, а таксама назіралі забіццё валоў у прылеглай да нашага будынка бойні, дзе забіццё жывёл праводзілася асаблівым чынам. У момант, калі падведзеным да вызначанага месца валам закідвалі пятлю на адну з задніх ног і пры дапамозе пад’ёмніка зацягвалі яе ўверх, што змушала жывёлу трымаць баланс на трох нагах, выцягваючы морду наперад у гарызантальнай пазіцыі, тады вялікай сілы мяснікі прыносілі на голых мускулістых плячах цяжкія молаты, наносілі смяротны ўдар сваім ахвярам. Жывёле адразу ж пераразалі горла, а пад’ёмнік падцягваўся ўверх і туша падвешвалася, каб можна было здзерці скуру і пачвартаваць мяса, гатовае ўжо да адпраўкі на продаж.
Замест таго, каб сачыць за пераходамі войскаў на размешчанай непатрэбнай дошцы ў вялікай зале нашых казармаў, моладзь марнавала каштоўны час, назіраючы за сцэнамі забойства. Каб пазбегнуць летняй спёкі, мы не спалі па начах, днём нас будзілі на сняданне, а пасля на вячэру, перад гэтым у нас быў час, каб паплёскацца ў моры.
Так, праводзячы час у гультайстве, мы дачакаліся ў Генуі паўтарэння восені, калі пачалі даходзіць навіны з краю, паводле якіх аказалася, што генерал Мераслаўскі не меў іншай місіі для выканання, а павінен быў займацца выключна ўрэгуляваннем належнага функцыянавання вайсковай школы. Таксама мы даведаліся, што вызначаны час будучага паўстання перад наступленнем новай гадавіны 29 лістапада не мае ніякіх падстаў. 3 чаго таксама вынікала, што выкліканая на каленях прысяга польскіх гарыбальдзістаў была толькі эфектыўным прыёмам, непрыгожым і незразумелым, кампраметуючым кіраўніка ў вачах гэтай адукаванай моладзі, верыць і заставацца паслухмянымі якому лічыла сваім святым абавязкам.
Са стратай веры зарадзілася крыўда да чалавека, які змарнаваў нам цэлы год, на працягу якога можна было шмат чаму навучыцца. Адначасова з’явілася перакананне, што Мераслаўскі відаць здзяцінеў, бо нельга было інакш растлумачыць бяздзейнасць,
у якую ён пагрузіўся, замыкаючыся ў сваёй містычнай канцылярыі, не маючы ніякай працы як асоба, пазбаўленая ўдзелу ў справах Цэнтральнага камітэта, ва ўнутранай адміністрацыі краю, у дыпламатычных аперацыях за мяжой, якіх нікому з эмігрантаў не хацеў давяраць, дзейнічаючы праз пасярэдніцтва спецыяльных агентаў, ім прызначаных і якія былі пад яго кантролем. Гэта не паходзіла з недахопу даверу, але для таго, каб забяспечыць сябе ад непатрэбнага распылення цэнтральнай улады.
Цярплівасць, якую захоўвалі да бяздзейнасці Мераслаўскага адносна генуэзскай школы, паходзіла ад пераканання ў тым, што ён выконвае абавязкі вышэйшага значэння, і ад боязі, што найменшая навязлівасць можа перашкодзіць вялікай народнай справе, цяпер змянілася на пачуцце моцнай крыўды, раздражнення школьнай моладзі, якая да гэтага моцна любіла і паважала генерала за яго незвычайныя якасці, а цяпер страціла да яго павагу, не жадаючы вызначаць прычын і значэння сваёй віны, а кіравалася толькі пачуццём крыўды з-за знішчэння інстытута вялікага значэння і страшнага расчаравання.
Хадзілі чуткі, што скіраваны ў мінулую зіму і бяздзейны да апошняга моманту прадстаўлены нам палкоўнікам Лангевіч не быў ніколі ў гэтым званні і не меў дастатковых ведаў, каб пачаць курс па артылерыі.
Таксама казалі, што абяцанкі аб скіраванні іншых здольных польскіх афіцэраў былі не выкананыя праз звадкі паміж двума варожымі эміграцыйнымі лагерамі — дэмакратычным і арыстакратычным, да першага з якіх належаў Мераслаўскі і ў якім не было нашых вайскоўцаў з вышэйшай адукацыяй.
Мераслаўскаму, які старанна прытрымліваўся дэмакратычных прынцыпаў і называў сябе кіраўніком партыі, было прыніжэннем прасіць дапамогі ў сваіх ненавісных супернікаў. У жаданні знайсці неабходных выкладчыкаў дзе-небудзь у іншым месцы ён заставаўся бяздзейным, не жадаючы ў адзіноце пачынаць заняткі па абяцанай стратэгіі. Зачыніўшыся разам з п. Лангевічам у сваёй містычнай канцылярыі, кожны дзень на працягу некалькіх гадзін працаваў над стварэннем асаблівага ранца, які на спінах нашых паўстанцаў і пастаўлены на зямлю ў час бою, павінен быў служыць шчытом, які засланяў кожнага жаўнера ад варожых куль, і крэпасцю для ўсіх разам, гэта значыць для лагера, які змагаецца з нічым не абароненым ворагам, падвергнутым абсалютнай паразе'87.
Рэшту часу Мераслаўскі павінен быў прысвячаць рашэнню важных палітычных пытанняў, звязаных з польскай справай, з гэтай мэтай нястомна перамаўляўся з тымі, хто прыбываў з розных мясцін.
Так хацелі прадставіць дзейнасць генерала некаторыя з нашых таварышаў, якія былі яго фаварытамі і хацелі яго абараніць. 3 іншых крыніц мы даведваліся, што Мераслаўскі праводзіў бяссонныя ночы ў халасцяцкай кампаніі сваіх італьянскіх сяброў, яны праводзілі дэбаты па грамадскіх справах, але ніякай сувязі з польскай справай не мелі, дзе сам вылучаўся талентам цыцэронаўскага красамоўства. Стомленасць пасля такой бяссоннай ночы змушала яго спаць на працягу дня і рыхтавацца да працягу дэбатаў, дазваляючы сабе забыць пра школу і іншыя абавязкі. Узніклі таксама і больш сур’ёзныя абвінавачванні ў спробах перавароту і змове Мераслаўскага з сіламі, якія імкнуліся пазбавіць Цэнтральны камітэт улады, каб узяць яе ў свае рукі.
Моладзь, якая з’яўлялася асновай школы, не надавала значэння гэтым абвінавачванням, якія прыніжалі годнасць Мераслаўскага, а таксама не хацела выносіць прысудаў, якія маглі зашкодзіць яго даўнейшым заслугам, спыняючыся на перакананні, што генерал не быў здольны кіраваць школай, што, нягледзячы на добрыя памкненні, не зможа знайсці адпаведных выкладчыкаў і што праз старасць страціў сілы і неабходную для працы вытрымку. Мы бачылі, што пад яго кіраўніцтвам школа непазбежна загіне. Гэтая моладзь, якая налічвала дваццаць з нечым чалавек, вырашыла пакінуць Геную, каб адпаведна ўрачыста дадзенай прысязе наблізіцца да мяжы Польшчы, перайсці яе і правесці там гадавіну паўстання 29 лістапада, якая ўжо набліжалася.
Мы вырашылі паехаць у Румынію, каб пасля правядзення лістападаўскай ночы на польскай зямлі мець магчымасць вярнуцца, калі б паўстанне яшчэ ў вызначаную хвіліну не пачалося, паўтараючы гэты чын кожны год, каб не здрадзіць прысязе.
У хуткім часе навіна аб пастанове заснавальнікаў пакінуць школу была перададзеная рэшце малодшых таварышаў і дайшла да генерала, былі зробленыя спробы паўплываць на змену рашэння, ім распавядалі пра адказнасць за справу развіцця неабходнай польскай навучальнай установы ў Генуі. Абяцалі ў хуткім часе распачаць заняткі па вайсковых дысцыплінах, неабходных для будучых паўстанцаў.
Яны далі зразумець, што ад’езд маленькай часткі моладзі са школы не прывядзе да заняпаду і што вучні, якія пакідаюць яе, жадаюць установе толькі поспехаў, а таксама раяць абавязкова змяніць дырэкцыю ў асобе Мераслаўскага, бо пераканаліся ў тым, што з ім школа не будзе развівацца. Сваім таварышам сказалі, што з ахвотай засталіся б тут і далей, але калі б у школе змянілася кіраўніцтва і яны змаглі вывучаць вайсковыя дысцыпліны, і што, верныя дадзенай клятве, вымушаны выконваць абавязак. На заўвагі, што гэтая прысяга не мае сілы і што сумнеўная з пункту гледжання некаторых таварышаў, якія былі бліжэй да генерала, што Мераслаўскі аб’явіў гатоўнасць вызваліць ад яе, яны адказалі, што ўжо надта позна, бо тыя, хто даваў прысягу, тады мелі магчымасць адмовіцца ад гэтага ў момант, калі іх заклікалі. He зрабіўшы гэтага, павінны лічыць дадзеную прысягу святой і неадваротнай, нават тыя, хто бяздумна і напаказ зрабіў гэта. Цяпер ім заставалася выканаць свой рыцарскі абавязак.