Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
160.92 МБ
Пасля заснавання лагера каля маленькай вёсачкі, недалёка ад дарогі, якая працінала яе ўздоўж, пад ценем дрэў і апекай харугвы з Арлом і Пагоняй, я затрымаўся, даючы дазвол большай частцы жаўнераў разысціся па вёсцы. Толькі я папярэдзіў, каб яны ўстрымаліся ад злоўжывання, рабунку і гвалту, плацячы вяскоўцам за пажаданыя рэчы паводле ўмовы, бо высланы патруль будзе сачыць уважліва, каб не адбывалася злоўжыванняў, арыштоўваючы вінаватых, якія будуць цяжка пакараныя за свае злачынствы.
Каб пазбегнуць магчымай сваркі, я даручыў маёру, каб ён асабіста глядзеў за сваёй дзясяткай, якая не прызвычаілася да маёй дысцыпліны, такім чынам вайсковец, у два разы старэйшы за мяне, станавіўся адказным за іх паводзіны. Так я хацеў паказаць маёру, што я тут гаспадар, якому ўсё павінна падпарадкоўвацца, бо заўважыў пэўныя захады маёра да перацягвання на свой бок жаўнераў і перашэпты са сваімі добраахвотнікамі. Пасля завяршэння гэтых напамінаў голасна прамовіў: «Можаш цяпер ісці выконваць дадзены табе загад». Прыдаўся, відавочна, маёру навык, набыты ў маскалёў, бо спрытна выканаў загад і памаршыраваў у бок рэзерваў, прыспешваючы крок. Было паведамлена, што наш
побыт у вёсцы будзе цягнуцца толькі гадзіну, бо пасля закупкі адміністрацыяй харчавання выправімся ў далейшы шлях, а сілкавацца будзем падчас паўдзённага адпачынку.
Я наўмысна распусціў жаўнераў, каб тыя, хто за намі шпіёніў — у выпадку калі б гэта было сапраўды так, — не маглі палічыць тых, хто сабраўся ў адну групу. Таксама я бачыў, што жаўнеры, адчуўшы свабоду перамяшчэння, сталі бадзёрымі і ў некалькі хвілін разбегліся па ўсім абшары маленькай вёскі, не даючы магчымасці падлічыць самаму здольнаму шпіёну сілы нашага паўстанцкага атрада. У жаўнераў кішэні былі напакаваныя звонкімі манетамі, да гэтай пары не кранутымі, што дазволіла ім закупіць у вяскоўцаў разнастайныя прысмакі без звадак і сварак, тым больш што насельніцтва гэтай вёсачкі паставілася гасцінна, адмаўляючыся браць грошы за прапанаваную страву, малако, сыр і хлеб.
Акрамя патруля, некалькі пікетаў, усталяваных на пазіцыях за вёскай, сачылі за з’яўленнем ворага на далёкіх гарызонтах, каб у пару нас папярэдзіць аб набліжэнні небяспекі. Трубач быў пры мне, каб у час даць сігнал да збораў.
У вёсцы мы засталі габрэя-гандляра, які заклікаў сялянаў купіць дробны тавар, размешчаны на яго аднаконным возе. Ён меў цукеркі, гарэлку і разнастайныя ласункі на продаж. У імгненне вока ўзрадаваны габрэй прадаў свой тавар. У яго засталася толькі бочачка віна, прыгожа акаваная латуневымі абручамі, якую мой ад’ютант Янушэвіч459 купіў для мяне, мяркуючы, што напой, які знаходзіўся ў ёй, стане для мяне лекам ад балотнай ліхаманкі460, набытай у Румыніі, якая пачала наведваць мяне праз кожныя тры дні. Бочачка гэтая змяшчала пару гарнцаў461 віна, зробленага габрэямі з сухіх разынак і спірту. Гэта быў прыемны напой, але дурманны. На пустым возе габрэй ад’ехаў, нізка кланяючыся і пытаючыся, ці ў гэтую самую вёску альбо ў нейкае іншае месца ён павінен вярнуцца з лепш загружаным возам. Ніхто яму не перашкаджаў ад’ехаць, бо ён прыехаў сюды раней за нас, і таму мы не мелі права падазраваць яго ў шпіянажы.
Праз некаторы час, сцягнуўшы пікеты і пераканаўшыся, што ні з якога боку вораг не з’явіўся з намерам нас атакаваць, я знайшоў адпаведнае месца для збору лагера за дарогай, на ўскрайку вялікага лесу, дзе размясціў патруль, каб сачыць за парадкам у вёсачцы, які нічым не быў парушаны. Далёкі водгалас ражка паляўнічага, які стаў вайсковым трубачом, заклікаў да месца збору раскіданых
удальцоў, якія хаваліся ў зарасніках за патрульным картэжам, каб іх не паспелі злічыць цікаўныя асобы.
Гэтым разам такога кшталту асцярожнасць была празмерная, я рабіў так толькі для таго, каб гэта ўвайшло ў звычку, бо за намі пачынаўся вялікі лес, які ў самай глыбіні яднаўся з Белавежскай пушчай, а з супрацьлеглага боку — з Балванішскай. Цяпер нас маглі чакаць атакі на ўзбярэжжы гэтай вялікай лясной прасторы, у глыбіню якой маскаль не меў адвагі ўвайсці.
3 гэтага моманту знік страх сустрэць у чыстым полі маскалёў нам, тым, хто яшчэ не меў штыкоў на дубальтоўках і аднастволках. Стрэльбы, якія мы мелі, забяспечвалі нам адступленне, кідаючы ворага на смерць прыцэльнымі стрэламі з дубальтовак. Перад намі адкрываюцца недасягальныя для маскалёў абшары, які гарантавалі нам недатыкальнасць і магчымасць выбрацца за Літву да Кангрэсоўкі462, а нават пад Варшаву і паўсюль, дзе толькі працягваецца барацьба, каб узяць у ёй удзел, несучы далейшую службу на карысць бацькаўшчыне. Магчымым таксама будзе адшуканне новага бяспечнага цэнтра недалёка адсюль, дзе нам больш пашанцуе ў зборы 400 адважных рыцараў для ажыццяўлення вялікага паходу на ворага. Я загадаў маім афіцэрам, каб паволі ўкаранялі ў лагеры перакананне аб нашай недатыкальнасці, ведаючы, што адразу нельга выклікаць энтузіязм пасля дэмаралізацыі, якая ўзнікла са з’яўленнем сярод нас маёра.
Пасля атрыманага дакладу аб тым, што ўсе сабраліся, мы вырушылі вузкімі сцежкамі ў глыб лесу, кіруючыся ў бок Расолішак, для гэтага ў мяне былі планы мясцовасці і магнітная стрэлка, змешчаная ў скрыначцы, куды можна было ноччу змясціць светлячка, каб яе асвятліць. Гэта маё вынаходніцтва, пры дапамозе якога можна было адмовіцца ад выкарыстоўвання запалак, бляск ад якіх выдаў бы нашыя пазіцыі ў час пераследу моцнымі атрадамі ворага. У дадзеным выпадку, маршыруючы белым днём і не хвалюючыся, што за намі гоняцца, я ўзгадаў пра сваё вынаходніцтва, хоць яно і не мае вялікага значэння, я не хацеў бы, каб яно забылася, бо магчыма, што і ў будучыні можа з’явіцца нагода да выкарыстання, хоць бы нават для тых, хто заблукаў у лесе ноччу.
У дадзеным выпадку, маючы ў правадніках лесніка, які ведаў, дзе знаходзяцца Расолішкі, мне не трэба было глядзець у планы і арыентавацца па магнітнай стрэлцы. Нягледзячы на гэта, жадаючы ўпэўніцца, што сцежкі, якімі мы ішлі наперад, вядуць у бок
Расолішак, я правяраў пры дапамозе стрэлкі. Часта атрымлівалася так, што напрамак нашага маршу быў памылковы, тады праваднік тлумачыў, што гэта было выклікана патрэбай абысці забалочаныя мясціны. У час вызначэння мясцовасці па магнітнай стрэлцы я склікаў афіцэраў, каб набывалі ў гэтым практыку.
Пасля таго як мы рушылі наперад, распачалося спяванне нашых патрыятычных маршаў пад кіраўніцтвам арганізатараў хору, створанага ў першым лагеры самымі таленавітымі спевакамі. У той час, пасля завяршэння штодзённых малітваў, пачыналіся набожныя спевы, а пад кіраўніцтвам самага таленавітага ляцела на досвітку ў неба рэха псалмоў Каханоўскага «Kiedy ranne wstaj^ zorze»463, словы якіх з вуснаў прыхільнікаў неслі шацунак Стваральніку бязмежнаму ў сваёй прасторы і велічыні сусвету. Я імкнуўся трымацца весела сярод вайскоўцаў, каб даказаць, што мы выратаваліся ад небяспекі і ў шчаслівай будучыні мы здзейснім вялікі паход.
Праз некалькі гадзін, каб не знясільваць моладзь, тым больш што да Расолішак, дзе планаваў спыніцца на ноч, было ўжо недалёка, мы затрымаліся на адпачынак у прыгожым месцы каля невялічкага ручая і неадкладна заняліся прыгатаваннем ежы. Пасля таго як мы падсілкаваліся, да пасляабедзеннага адпачынку лагера, я загадаў падзяліць віно з разынак, якое з энтузіязмам пілася за маё здароўе. Я, у сваю чаргу, прызвычаены да гатунковых вінаў, з агідай толькі змачыў свае вусны гэтым прадуктам габрэйскай вытворчасці. Гэты напой, нягледзячы на тое што быў падзелены паміж вялікай колькасцю людзей, выклікаў ва ўсіх пачаставаных глыбокі і занадта доўгі сон.
У той час, калі ўсе мае таварышы паснулі, я застаўся зусім адзін і мог паддацца роспачы без хвалявання, што яна каму-небудзь перадасца. Роспач мая была агромністая, бо я заставаўся ўпэўненым у магчымасці ажыццявіць свой вялікі паход да перамогі, якая неспадзявана ў апошні момант была выбітая з маіх рук, а цяпер я мог выратаваць толькі сябе і групку добраахвотнікаў ад палону, а таксама гарантаваць нашу недатыкальнасць і перанясенне ў іншыя цэнтры, дзе працягваецца паўстанне, але без надзеі знайсці магчымасць выкарыстаць на практыцы мае вялікія праекты. Я лічыў іх выканальнымі не толькі тады, але і цяпер, калі маю адукацыю акадэміка генеральнага штаба і доўгую вайсковую практыку.
Цяпер мне падаецца, што той, хто чытае мой дзённік, будзе мяне абвінавачваць у несур’ёзнасці праз тое, што я застаўся ў лагеры,
дзе было ўсяго 28 добраахвотнікаў, у той час каді разважней было б паехаць разам з п. Юзафам Сулістроўскім, каб схавацца ў якімнебудзь закутку да таго моманту, пакуль не збярэцца 400 абяцаных добраахвотнікаў, на чале якіх мне было б прасцей змагацца з маскалямі. Адкажу ім на гэта, што яны не маюць рацыі, забываючыся, што я з’яўляюся адным з тых ініцыятараў паўстання, якія, не маючы сілаў выносіць цяжараў агіднай няволі, вырашылі пайсці ў бой з маскоўскім калосам насуперак волі сваіх бацькоў, якія не перашкаджалі нам у гэтай справе, хоць і перасцерагалі нас, толькі таму, што мы былі іх сынамі. Аднак знайшліся — папраўдзе ў малой колькасці — бацькі, у якіх правадыром быў Велёпольскі, і яны разам з маскалямі кінуліся ў барацьбу супраць сваіх дзяцей. Такім чынам узнікла рэакцыя, якая знішчыла вынік пераможнага бою пад Грахавіскамі, сказіўшы дзейнасць Лангевіча, завёўшы яго на заганныя дарогі і якая садзейнічала ўвядзенню тэрору Мураўёва на Літве. Я адкажу, што мы, ініцыятары паўстання, добра ведалі, што кідаемся ў бой з магутным калосам, застаючыся безабароннымі, і што кожная перамога з’яўлялася цудам; кіравацца разлікамі нам нельга, а заўсёды ствараць шмат з нічога.
Таму 28 добраахвотнікаў, якіх я знайшоў у першым лагеры, з’яўляліся вялікай колькасцю для ініцыятараў паўстання, абавязаных рабіць шмат з нічога. Таксама я павінен прызнацца, што адчуў задаволенасць, лічачы, што я змагу сфармаваць неабходныя кадры для ажыццяўлення маіх стратэгічных планаў, якія запэўняць у выніку беспамылковую і вялікую перамогу. Сярод 28 добраахвотнікаў, якія належалі да лепшай моладзі, я выбраў дзесяць, паміж якімі я хацеў падзяліць усіх 400 чалавек, даручаючы кожнаму кіраўніцтва над 40 жаўнерамі, каб скіраваць адначасова 10 атрадаў такога кшталту ва ўсе бакі Ашмянскага павета з абавязкам вярнуцца пасля абходу ўсіх вёсак і ваколіц краю праз тыдзень, у вызначаны дзень раніцай на зборным пункце ў мястэчку Гальшаны, дзе я чакаў бы на іх прыбыццё. Кожны з дзесяці паўстанцаў, павышаны да афіцэрскага звання, меў дэтальны план ваколійы і вёсак, у якіх павінен быў з’явіцца, зачытваючы пракламацыю і заклікаючы ахвотнікаў да неадкладнага далучэння да іх згодна з распараджэннем кіраўніка павета Мацея Баравога (мой псеўданім), дасланага Нацыянальным урадам.