Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
160.92 МБ
Пакуль ішоў гандаль, вязням дазвалялі вольна шпацыраваць па ўсёй тэрыторыі турмы, што цягнулася да позняга вечара, каб не пазбаўляць даходаў гандлярак. Толькі пасля таго, як яны перасталі заклікаць і прыбралі рэшткі непрададзеных прадуктаў, нам загадалі ісці спаць. Усе ціснуліся ў адзіныя дзверы нашай залы, узбіраючыся на абодва паверхі і залазячы па падлозе пад нары, каб заняць сваё месца дзе знаходзіўся наш багаж, уладкаваць свае ложкі.
Пры святле аднаго ліхтара, водбліск якога не мог дасягнуць ва ўсе закуткі нашага памяшкання, мы навобмацак рыхтаваліся да сну, штурхаючы адзін аднаго. Калі мы ўсе сабраліся ў зале для арыштантаў, салдафоны ўнеслі вялікі цэбар, які павінен быў нам служыць прыбіральняй, замкнуўшы дзверы з закратаваным акенцам, праз якое турэмная ахова, што мянялася кожную гадзіну, магла зазіраць у нашае памяшканне, наталяючыся духмяным пахам усё больш поўнага цэбра, які стаяў адразу за дзвярамі.
Калі на абодвух паверхах нараў і на падлозе пад імі ўсе ўклаліся ў два шэрагі, яны знаходзіліся адзін ад аднаго настолькі блізка, што самы малы рух адчувалі ўсе адразу. Нас можна было параўнаць з размяшчэннем сардынак у бляшанцы. У дадатак да гэтага многія з нас, не знайшоўшы месца на нарах, размясціліся на вольнай плошчы блізка ад цэбра, пакідаючы праход для тых, каму трэба было наведацца да яго, у сувязі з гэтым пакутавалі нашы жанчыны, яны звычайна скіроўваліся туды па некалькі разам, каб засланяць адна адну ад кампраметуючай сітуацыі, чаго маскоўскі звычай не адчуваў.
Усе нашы жанчыны размясціліся глыбока пад нарамі на падлозе, маючы для сябе больш прасторы, бо ніхто каля іх невялікай групы не меў права размяшчацца. Перад імі пад нарамі, уяўляючы з сябе ахову і апекуноў ад шкодных выбрыкаў моладзі, размяшчалася некалькі ксяндзоў і вялікая колькасць сталых грамадзянаў, высланых на пасяленне.
Надышоў момант, калі стомленыя доўгім падарожжам пасля прыгатавання сваіх пасцеляў хацелі наталіцца адпачынкам, але ўсталяваная цішыня ў гэтай зале жорсткага прыгнёту панавала нядоўга. Вылазячы са шчылін усіх дошак разнастайныя насякомыя пачалі атакаваць арыштантаў, якія рыхтаваліся да сну. Пачалася жорсткая барацьба супраць агідных стварэнняў, якія шчасліва множыліся тут на працягу шматлікіх пакаленняў, выклікаючы сверб і агіду. Сон зусім знік, мы былі занятыя ратаваннем атакаваных адразу ўсіх частак цела, не паспяваючы бараніцца ад наслання; хоць вялікая колькасць насякомых і гінула ад нашых рук, новыя плоймы з’яўляліся бясконца і атакавалі нас яшчэ мацней. Мы былі гатовыя пакінуць памяшканне, правесці ноч на двары, але нашы просьбы заставаліся без адказу. Мы вымушаны былі заставацца паслухмянымі. Такой была воля ўсёмагутнай Расіі, а колькасць яе жыхароў была такая велізарная, што ў стане была засяліць Сібір, не звяртаючы ўвагі на тое, што значная колькасць арыштантаў загіне падчас пераходу праз пакуты і нездаровыя ўмовы. Доказам гэтага могуць служыць умовы першага этапу за Масквой, дзе мы ўтульна правялі першую ноч. На працягу ўсяго далейшага падарожжа мы больш такога камфорту не бачылі.
У нашым памяшканні, дзе была толькі адна вентыляцыя праз дзвярное акенца з кратамі, стала страшна душна і невыносна горача, мы вымушаны былі распрануцца да кашуль. У такім пякельным стане мы знаходзіліся на працягу ўсёй ночы, змагаючыся з насякомымі, сілы нашы заняпалі, і мы сталі іх здабычай. Па ўсім целе поўзалі гэтыя абрыдлівыя істоты, жывячыся крывёй асуджаных царызмам. У такім здранцвелым стане мы знаходзіліся на працягу рэшты ночы аж да пабудкі, калі нам было загадана рыхтавацца ў дарогу. Пабудка гэтая адбылася з адкрыццём насцеж турэмных дзвярэй крыклівым ключнікам, дзякуючы якому да нас з імпэтам уварвалася свежае і халоднае паветра, абуджаючы нас, ажыўляючы і змушаючы апрануць нашы голыя целы, з якіх спалохана разляталіся насякомыя.
Каб вылезці на свет Божы, усе хутка сабраліся да маршу, вызваляючыся ад прыкрасцей, пра якія да гэтага нават не падазравалі, што нешта такое існуе на зямлі. Апынуўшыся на свежым паветры, мы сквапна глыталі яго, каб прачысціць лёгкія ад бруду, якім мы дыхалі ноччу. Па сумных тварах тых, хто выпраўляўся, адчувалася трывога, што пад уплывам існуючых пакутаў яны не змогуць перамагчы іх атак. Доўгі час панавала цішыня, усе думалі пра страчаную для іх радзіму і пра дарагіх сэрцу людзей, якія там засталіся, прадбачачы заўчасны сыход у магілу.
Пад уплывам такіх настрояў мы прайшлі палову сённяшняй дарогі, дзе па вядомых ужо нам правілах адбылася змена варты, якая нас суправаджала, кароткі адпачынак без асаблівых здарэнняў і працяг падарожжа на наступны этап, куды, стомленыя, мы прыбылі ўжо познім вечарам, напалоханыя тым, што пакуты мінулай ночы зноў напаткаюць нас.
Начальнік этапу паведаміў мне як старасту, загадваючы, каб я перадаў усім, што добры цар, жадаючы запэўніць камфортныя ўмовы нявольнікам, высланым у Сібір, пастанавіў, каб яны два дні былі ў дарозе, а трэці адпачывалі, у сувязі з чым мы застанемся ў яго ў гасцях сённяшнюю ноч, дзень і наступную ноч, маючы магчымасць купіць тут заўсёды свежыя прадукты і добра спечаны хлеб. Таксама ён мне казаў, што ў касе маюцца грашовыя дэпазіты, якія суправаджаюць арыштантаў, і яны змогуць атрымліваць па 7 рублёў кожны тыдзень, грошы пачнуць налічвацца з сённяшняга дня. Адначасова з гэтым прасіў мяне, каб мы паводзілі сябе спакойна, разлічваючы на яго прыхільнае стаўленне да нас, няшчасных, ведаючы, што за ўсялякія злоўжыванні мы будзем сурова пакараныя.
Пасля таго як у нас праверылі наяўнасць камплектаў выдадзенай уладамі вопраткі, мы трапілі ў памяшканне турэмнага этапу і здзівіліся нечаканым зменам. Замест цеснага памяшкання, падзеленага на паверхі, мы атрымалі вялікую колькасць светлых пакояў з вялікімі тапчанамі, на якіх зручна мог размясціцца кожны. Зразумела, на ноч дзверы нашых пакояў замыкаліся, а ўвесь будынак, вокны якога выходзілі ў двор і які быў абнесены высокімі мурамі, ахоўваўся знешняй вартай, пільнуючы, каб каму-небудзь з нас не захацелася ўцячы, выскачыўшы праз вокны, якія мы мелі права адкрываць для асвяжэння паветра.
Уразлівую розніцу паміж памяшканнямі нявольнікаў, асуджаных на Сібір, кінутых на хуткае выміранне яшчэ ў дарозе, і тут
жа стваранымі для іх асабліва камфортнымі ўмовамі, цяжка было растлумачыць. Некаторыя мяркуюць, што тады адбыўся вялікі крадзеж праз тых, хто кіраваў будоўляй турэмных этапаў, якія сказілі праекты паловы гэтых гмахаў. У сувязі з тым, што ў гэтым крадзяжы ўдзельнічала вялікая колькасць саноўнікаў, справу замялі, а ўлады не змаглі выправіць сітуацыю, выдзяляючы новыя сродкі на пашырэнне тых этапаў, дзе нявольнікі вымушаны размяшчацца падчас адной ночы.
Яшчэ ў той самы вечар начальнік этапу вылічыў мне па 7 рублёў для некалькіх дзясяткаў людзей, якія мелі ўклады, зробленыя ў Вільні іх сваякамі перад нашым высланнем адтуль да Пецярбурга. Да гэтых шчаслівых залічаўся і я, бо 100 рублёў, зашытыя ў ладанку і якія хацела перадаць мне мая маці, былі пакладзеныя ў касу, якая нас суправаджала, грошы выдаваліся часткамі, каб не хапіла на ўцёкі.
У гандлярак былі закупленыя неабходныя прадукты, мы мелі значны капітал, таму закупілі розных прысмакаў, каб падзяліцца імі за гарбатай, прыгатаванай у самавары, з таварышамі, якія не мелі грошай. Да позняй ночы мы шпацыравалі па ўнутраных дварах, сустракаючыся з цывільнымі нявольнікамі, якіх асобная ахова суправаджала толькі падчас падарожжа, усе паводзілі сябе ўзаемаветліва.
Адыходзячы спаць, у дадатак да добрага асвятлення нашага пакоя, мы забяспечыліся вялікай колькасцю свечак з лою, каб з дапамогай святла вылавіць у нашай бялізне рэшткі вошай, а таксама бараніцца ад нападу насякомых, праводзячы ў выпадку неабходнасці бяссонную ноч, бо ў нас для адпачынку была наступная ноч. Гэта дадавала нам мужнасці для змагання з супярэчнасцямі. Прынесенае паскудства з папярэдняга этапу, і ўжо моцна памножанае, раздражняла нас, вымушаючы да пільнай абароны. Калі хто з нас, стомлены барацьбой, здаваўся ва ўладу сну, таварышы побач баранілі яго, разганяючы нападніцкія плоймы клапоў. Так усталявалася ахова і апекаванне нядужых, якая працягвалася аж да раніцы групай філантропаў нашага выгнанніцкага грамадства, курсуючы па ўсіх этапах для ратавання тых, хто заснуў.
3 самага золку нашая каманда, якая была на адпачынку, свой вольны час выкарыстоўвала для таго, каб памыць бялізну, высушыць яе і хутка апрануцца ў старанна вычышчаную вопратку. Больш багатыя, тыя, хто меў дастаткова бялізны, змянялі яе адра-
зу, аддаючы брудную для мыцця салдацкім гаспадыням, якія рабілі гэтую справу. Пасля гігіенічных працэдур кожны павінен быў заняцца чым-небудзь адпаведным яго адукацыі, каб задаволіць свае патрэбы і быць карысным для іншых.
Перш за ўсё важную ролю сярод нас мела іголка. Тыя, хто ўмеў добра шыць і хутка спраўляўся, рэшту часу прысвячалі на карысць іншых, атрымліваючы за гэта грошы і задавольваючыся падзякай ад тых, хто грошай не меў, але быў гатовы аддзячыць якім-небудзь іншым чынам, калі выпадзе магчымасць. Тое самае можна было сказаць і адносна шаўцоў: яны ратавалі ад калецтва нашыя ногі, якія былі ў нязручным абутку, выдадзеным нам уладамі. Адукаваныя былі гатовы вучыць тых, хто хацеў атрымаць веды, а тыя, хто ўмеў пісаць і чытаць, — навучыць невукаў. Усе мелі і адчувалі патрэбу не спыняць працу, дзякуючы чаму ўзнікала пачуццё ўзаемападтрымкі. 3 першага моманту сярод нас узнікла патрэба братняга яднання, што абяцала шчаслівыя вынікі.
У гэтай сумнай сітуацыі мы адчувалі неабходнасць ратаваць адзін аднаго, з’яўляючыся братамі, якіх кінулі на згубу бездаражы. Мы ператварыліся ў дарагіх сэрцу братоў адзін для аднаго і складаліся з маладзейшых і старэйшых без розніцы ў паходжанні і становішчы. Усе былі гатовыя дапамагаць адзін аднаму і дзяліцца сваёй маёмасцю і маральна дапамагаць. Любоў і туга па радзіме ўсё больш узрасталі, а жылі мы і зносілі ўсе пакуты толькі дзякуючы надзеі на вяртанне дамоў. Па-іншаму можна было проста звар’яцець і забіць сябе.
У вялікіх залах з тапчанамі, у якіх было дастаткова месца, каб арганізаваць там кравецкую і шавецкую майстэрні, збіраліся тыя, хто жадаў навучыцца гэтым рамёствам, якімі б маглі добра забяспечыць жыццё, а ў першую чаргу тых, хто быў асуджаны на пасяленне ў сібірскіх вёсках. У іншых месцах каля настаўнікаў збіраліся тыя, хто хацеў навучыцца чытаць, яшчэ некаторыя вучылі французскай і нямецкай мовам, ігралі ў шахматы і шашкі, варылі і пілі гарбату і закуплялі неабходныя прадукты ў латках, якія былі адкрытыя для ўсіх. Толькі апоўдні ўсе збіраліся ў залах у вызначаны час для падмацавання прыгатаванай альбо купленай цёплай стравай.