Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
160.92 МБ
Шмат часу прайшло пасля майго змяшчэння ў шпіталь, а стан мой заставаўся амаль без змены. Я адчуваў сябе бездапаможным. Тым часам трупяры вынеслі некалькіх суседзяў з палаты, прыводзячы да роспачы сваімі варварскімі паводзінамі, гэта пагаршала стан здароўя жывых. Эпідэмія ўсё ўзрастала, кожны другі дзень
рэгулярна запаўняліся месцы, вызваленыя памерлымі, а колькасць сеннікоў, разасланых на падлозе, відавочна павялічвалася, не пакідаючы месца паміж шэрагамі. Праз некалькі дзён змагання са смерцю за жыццё я адчуў моцны голад і спакой, хоць заставаўся яшчэ вельмі саслаблым і не мог утрымацца на нагах. Доктар перастаў мне даваць лекі і выпісваў смачныя стравы для мяне, якія я лічыў недастатковымі і прасіў павялічыць іх порцыю.
Яшчэ да таго, як мае сілы былі адноўленыя, у бездапаможным стане я даведаўся ад доктара, што мяне перавядуць у гарадскую турму адначасова з тымі, хто перажыў крызіс хваробы, дзе мы хутчэй зможам вярнуць здароўе. Шпіталь быў неабходны для змяшчэння хворых, колькасць якіх узрастала.
Я дзякаваў доктару за яго клопат, а ён падчас развітання раіў, каб я ўстрымліваўся ад празмернага спажывання стравы і хлеба, тлумачачы, што страўнік мой яшчэ ў цяжкім стане і што пераяданне можа прывесйі да страты жыцця. Шаноўны доктар паціснуў мне далонь і пажадаў вяртання на радзіму. Відавочна было, што ён сімпатызаваў усім палякам і заўсёды размаўляў з намі па-польску, хоць з такім самым клопатам ён ставіўся да хворых маскалёў, сумленна выконваючы свае абавязкі доктара. У шпіталі хворых размяшчалі побач, не зважаючы на нацыянальнасць.
Мяне прывезлі да турмы Нараўчата500 і, як яшчэ не зусім здаровага, змясцілі ў шпітальнай частцы на нарах, дзе было вольнае месца для мяне каля іншых бездапаможных, якія ішлі на папраўку. Мяне не слухалі ногі, хоць тэмпературы ўжо не было. Абуджаючыся ноччу ў сваім берлагу, я правяраў дотыкам пальцаў іх існаванне. Mae ногі яшчэ доўгі час былі ў стане здранцвення.
Тым, хто ішоў на папраўку, выдавалі два разы на дзень цёплую страву і вялікі кавалак аржанога хлеба. Мы імгненна ўсё з’ядалі, не пакідаючы ніводнай кроплі, такім моцным быў апетыт тых, хто ачуньваў ад тыфу. Хлеб, які нам выдаваўся на цэлы дзень, некаторыя глыталі адразу, я, у сваю чаргу, кіруючыся парадамі доктара, стрымліваў сябе ад пераядання, з’ядаючы часта маленькімі кавалкамі, назіраючы, каб у мяне не скралі мой хлеб галодныя суседзі. Паволі страчаныя сілы вярталіся, і я пачаў адчуваць ногі, што дазваляла мне рухацца. Праз дзесяць дзён я ўжо самастойна мог пакідаць нары і сонечнымі днямі, адпаведна апрануўшыся, выходзіць на шпацыр у турэмны двор.
Калі ў турме канстатавалі, што я абсалютна здаровы, мяне разам з некалькімі іншымі таварышамі той самай катэгорыі далучылі да партыі, якая пакідала Нараўчат, кіруючыся ў Сібір. Я сутыкнуўся з землякамі, якіх выгналі з краю на два месяцы пазней. Мы з цікавасцю прыглядаліся адзін да аднаго, жадаючы пазнаёміцца, але адзенне, якое бараніла нас ад марозу, ператварала нас усіх у аднолькавых снегавікоў і адрозніць нас было немагчыма. Трэба было адкласці цікавасць на пасля, называючы толькі імя і прозвішча ў час сустрэчы.
Першую ноч новага падарожжа ў напрамку да Пярмі мы правялі на маленькім этапе, дзе нельга было навязаць шырокіх кантактаў паміж сабой. На наступным вялікім этапе мы маглі дастаткова добра пазнаёміцца, знайсці знаёмых і пачуць шмат навінаў. Я зноў апынуўся ў кампаніі, якая складалася прыкладна з чатырохсот ахвяр паўстання, сярод якіх гэтым разам прысутнічала група чужаземцаў, якая брала ў ім удзел, складалася яна з французаў, аднаго харвата і венгра. Шмат было паўстанцаў з Падолля, Валыні, Міншчыны і Варшавы. 3 Галіцыі быў Юліуш Косак501, якога везлі на санях, ён быў асуджаны на пасяленне ў нейкім сібірскім горадзе. Большая частка чужаземцаў, амаль усе французы, былі асуджаныя на цяжкія працы ў капальнях. Аднак ніводнага з іх не захавалі ў кайданы, хоць не ўсе з іх былі афіцэрамі, якія маглі даказаць сваё шляхецкае паходжанне.
У дзень адпачынку на вялікім этапе аказалася, што ў рамесніцкай справе адбыўся значны прагрэс: не толькі настаўнікі, але і іх вучні рабілі выдатны абутак, шылі вопратку і бялізну і выконвалі мастацкія працы, малюнкі, партрэты і карціны. Ставала сярод іх мастакоў, журналістаў і музыкаў. Некалькі месяцаў практыкі, набытай у дарозе маімі новымі таварышамі, дазволіла ім удасканаліцца і апярэдзіць даўнейшых. Я не сумняваюся, што і даўнейшыя таварышы, якія вымушаны былі са мной разлучыцца, не меней ад іх удасканаліліся на працягу гэтага часу. Праца гэтая рабілася для забеспячэння сваіх патрэб і для магчымасці ў дарозе зарабіць на продажы вырабаў жыхарам вёсак, праз якія мы вымушаны былі праходзіць.
He марнуючы часу, я вырашыў навучыцца якому-небудзь карыснаму рамяству, якое забяспечыла б мяне грашыма для ўцёкаў. Мяркуючы, што, навучыўшыся добра шыць, я змагу зрабіць шмат карысных і неабходных для людзей рэчаў, я паступіў вучнем да
краўца, які шыў навалачкі з рознакаляровых скурак саф’яну, набітыя пухам альбо воласам, яны ператвараліся ў добрыя падушкі для сядзення падарожнікаў, а мы выкарыстоўвалі іх для падкладання пад галаву ў час сну.
Мне далі напарстак, адпаведную іголку і кавалак саф’яну, на якім па вызначанай рысе і паводле ўзору, дадзенага майстрамземляком, я павінен быў працягваць вышыўку. Напачатку праца ішла цяжка, не мог асвоіцца з напарсткам, а без яго іголка супраціўлялася і часта збівалася з прамой рысы. Швы трэба было выпраўляць. Я страчваў веру ў свой поспех, але цярплівасць і ўпартасць перамаглі гэтыя перашкоды. Шыў пару гадзін, аж пакуль працу не скончыў пан майстар, які, паглядзеўшы на яе, пахваліў мяне, перапыняючы яе да прыбыцця на наступны вялікі этап.
Вечарам праходзілі лекцыі, урокі, спевы і канцэрты з ігрой на скрыпках, флейтах, гітарах і кларнетах такім жа чынам, як гэта адбывалася ў першай партыі. А яшчэ пазней ствараліся маленькія групы, дзе размаўлялі, абмяркоўвалі пытанні, расказвалі анекдоты, а таксама байкі. Часам сустракаліся людзі, захопленыя малітвай і слязамі, выкліканымі ўспамінамі пра страчаных у далёкім краі блізкіх людзей. Мы мелі на працягу дня дастаткова часу для адпачынку, таму цішыня ноччу запанавала не хутка. Нам таксама трэба было змагацца з атакай надакучлівых насякомых, што перашкаджала спакойна заснуць.
Мы цяпер праходзілі мясціны хмурныя, населеныя дзікімі плямёнамі, якія не мелі нічога агульнага са славяншчынай, яны размаўлялі на незразумелай мове і з’яўляліся паганцамі. Каля дарогі мы сустракалі павешаных ахвяр, прызначаных для бостваў, на адасобленых разложыстых дрэвах. У сувязі з тым, што паганства пераследвалася расійскім урадам, яго вернікі шчодра аплачвалі папоў, якія праводзілі набажэнствы ў вясковых цэрквах і за кошт вяскоўцаў прыкрывалі паганцаў, якія прыкідваліся хрысціянамі і ўнікалі адказнасці.
Гэтыя землі, хоць і мелі халодны клімат, павінны былі быць урадлівымі, тут была багатая расліннасць і лясы з вялікай колькасцю звяроў, птушак, а асабліва цецерукоў, якіх мы зганялі з месца, сустракаючы па дарозе на маршы. Мы вельмі танна набывалі хлеб і ежу на турэмных этапах. Праз гэты край мы ішлі вельмі доўга, кіруючыся ў бок Пярмі і паднімаючыся ўсё вышэй да поўначы.
Шыць навалачкі для скураных падушак з саф’яну ў мяне атрымлівалася ўсё лепей. Усе звычайна мелі шмат часу, таму з вялікай стараннасцю выконвалі сваю працу. Праз некалькі тыдняў швы з-пад маёй іголкі былі падобныя на вышыўку, а лініі абсалютна прамыя. У дадатак я стаў шыць хутка, каб з вучня ператварыцца ў памочніка і стаць вольным майстрам. У адным гарадку, які сустрэўся па дарозе, з дапамогай унтэр-афіцэра этапу я закупіў некалькі саф’янавых скурак за зэканомленыя рублі, якія я забіраў з падарожнай касы, і пачаў рабіць з іх навалачкі на продаж, дзякуючы чаму вярталіся грошы, патрачаныя на закупку матэрыялу і яшчэ столькі ж зарабляў. Гэтыя навалачкі, пераробленыя на падушкі пасля таго, як іх набівалі валасамі, куплялі нашыя багацейшыя таварышы, а ўсе тыя, хто ехаў на вазах, выкарыстоўвалі днём для сядзення, а ноччу для сну. He прададзенае сваім прадаваў вяскоўцам у час пераходу праз вёску, вывешваючы на кій. Продаж адбываўся адразу ж у час падарожжа, яшчэ да таго, як мы даходзілі да начлегу на турэмным этапе.
Адзін таварыш мяне моцна прасіў, каб я сшыў яму шапку, я паддаўся на яго ўгаворы пад умовай, што не буду адказваць за сапсаваны матэрыял, дадзены на яе выраб. Спроба мая была паспяховая, таварыш быў задаволены; я атрымаў шмат замоў ад іншых таварышаў, якім былі патрэбныя больш адпаведныя галаўныя ўборы. Я не мог ім адмовіць, але перш за ўсё я пашыў шапку сабе, каб пазбыцца афіцыйнага строю катаржніка, які ў нашай зімовай вопратцы не быў заўважны. Так пачалося развіццё справы па вырабе шапак у нашай партыі. 3 купленага па дарозе сукна я без перапынку шыў шапкі, закінуўшы выраб навалачак для падушак, у выніку гэтага перастаў утвараць канкурэнцыю майму майстру, маючы сабе працу, якая давала большы прыбытак. Я пашыў шапкі розных формаў сваім таварышам, пасля пачаў рабіць на продаж па вёсках мясцовым жыхарам, вешаючы іх на сукаты кій і знаходзячы купцоў, якія плацілі згодна з коштамі маскоўскіх фабрык.
Я імкнуўся зарабіць шмат грошай, заўсёды думаючы пра ўцёкі, хоць ніякага плана пакуль не прыдумаў, аднак я хацеў быць гатовым у любую хвіліну, калі надарыцца магчымасць. Я таксама добра ведаў, што без грошай уцячы не атрымаецца і што лепей мець іх у дастатковай колькасці. Таму я выкарыстоўваў кожную магчымасць, каб павялічыць свае заробкі, бо быў гатовы на любую рызыку для таго, каб вызваліць сябе з выгнання, якое раўнялася
з ганебнай смерцю. Паводле майго меркавання і разлікаў, нашае сумленне захавала б раўнавагу, калі б поспех у ажыццяўленні быў магчымы. У сувязі з гэтым я з напругай працаваў над павелічэннем сваіх капіталаў. Я таксама знайшоў час, каб даваць урокі французскай мовы двум багатым памешчыкам, якія падарожнічалі разам з катаржнікамі на пасяленне ў адзін з сібірскіх гарадоў.
Пазней мне надарылася знайсці вялікі кавалак воску на дарозе. Я лічыў гэта падарункам лёсу, які неабходна было выкарыстаць. Пачаў на першым вялікім этапе, на якім затрымаліся, тапіць яго і спрабаваць вырабляць з яго кветкі. Мне было вядома з дзіцячых гадоў пра тапленне тонкіх лісткоў воску, якія можна было пасля лёгка згінаць, дадаўшы спецыяльны гатунак шкіпінару, я рабіў з іх разнастайныя кветкі: ружы, гваздзікі, фіялкі і фантастычныя, якіх не існавала ў прыродзе, якія выклікалі найбольшую цікавасць. Колеры гэтым кветкам я надаваў за кошт павольнага націрання пылку розных магчымых колераў, паступова надаючы ім адценне (маё вынаходніцтва), робячы іх, дзякуючы гэтаму, больш далікатнымі. Букеты, зробленыя з такіх кветак, давалі магчымасць добра зарабляць. Лісты для аздобы гэтых букетаў рабіў абсалютна падобнымі да сапраўдных, надаючы ім адпаведную форму і разгалінаванні жылак пасродкам выразання на драўляных лыжках розных дэталяў, існуючых у прыродзе. Гэтыя разнастайныя лісты вытапліваліся з воску пафарбаванага ў розныя адценні зялёнага колеру. Гэтая працэдура прараблялася хутка, бо ў мяне была вялікая колькасць лыжак з адпаведнымі выразанымі малюнкамі.