Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
160.92 МБ
Гасцінны прыём сібіракоў, найлепшыя і шчодрыя пачастункі і ўтульныя начлегі ўзмацнілі нашыя сілы і вярнулі здароўе. Нідзе ад нас гаспадары не ўзялі прапанаваных грошай за панесеныя імі выдаткі. Нас у дадатак забяспечвалі запасам ежы ў дарогу. Гасціннасць у сібірскіх вёсках была такая вялікая, што ўсюды, дзе мы праходзілі падчас падарожжа ад этапу да этапу, выбягалі гаспадыні з булачкамі і ласункамі, адорваючы імі няшчасных асуджаных. Доўгія размовы і гасцінныя прыёмы з сібіракамі прывялі да таго, што мы амаль перасталі займацца рамёствамі і іншымі інтэлектуальнымі заняткамі, якія мы з лёгкасцю выконвалі нашай грамадой. Таксама сціхлі дыскусіі і спыніўся выхад нашых выданняў.
Гэты час мы лічылі вакацыямі, якія мы справядліва заслужылі, нам трэба было адпачыць і набрацца сіл, неабходных для таго, каб вытрымаць далейшыя выпрабаванні. Такім самым чынам мы з поспехам прыйшлі на 8 ці 9 этап, дзе даведаліся ад начальніка, што ён атрымаў загад, перададзены праз кур’ера, затрымаць нявольнікаў на месцы да часу, калі прыйдзе наступны загад да пачатку маршу, які затрымліваўся з-за крыгаходу на вялікіх сібірскіх рэках, дзе не было мастоў, каб іх перайсці.
Вёска, у якой гэтая навіна была нам перададзеная, знаходзілася ў лесе, дзе нас частавалі стравамі з выдатнай дзічыны, а большасць гаспадароў зімой займалася паляваннем, што забяспечвала іх добрым заробкам ад продажу каштоўных скур. Размовы пра паляванне паміж значнай часткай прыроджаных паляўнічых, якія былі ў нашай партыі, і мясцовымі гаспадарамі з’яўляліся галоўнай тэмай, якая цікавалі абодва бакі, што паспрыяла таму, каб запрасіць некаторых з нас паўдзельнічаць у паляўнічых выправах на наступны дзень. Нам выдалі стрэльбы і трошкі куль, а таксама пораху, бо тут не было размовы пра паляванне на птушак і дробных
звяроў. Для гэтага меліся свае сродкі, без марнавання каштоўных патронаў.
На вялікіх стагах са збожжам, зробленых на палянках высечанага лесу, дзе садзілі гародніну, знаходзіліся адтуліны ад узятых у намалот снапоў для штодзённых гаспадарчых патрэб, якія з часам, паступова павялічваючыся, утваралі глыбокія яміны, што з’яўляліся пасткай для цецерукоў, глушцоў і іншых вялікіх птушак, якія падалі ў іх і не маглі выбрацца на волю, кожны дзень іх адтуль даставалі. Пастка гэтая рабілася на версе стога, выкладвалася жэрдкамі на пэўнай адлегласці адна ад адной і прыхоўвалася пластом саломы, праз якую цяжкія птушкі падалі ў яму і не маглі адтуль выбрацца. Так задарма здабывалася заўсёды свежая дзічына.
На зайцаў, якіх паляўнічыя маглі настраляць вялікую колькасць, меўся іншы метад лоўлі — пры дапамозе петляў. Нахілялася ляшчына і яе верхавіна закладвалася ў зробленую засечку пад асновай супрацьлеглага куста ляшчыны праз сцежку, па якой бег заяц, завязвалі пятлю на верхавіне дугі сагнутай ляшчыны. Туды і трапляў заяц, прабягаючы па сцежцы, пры гэтым верхавіна сагнутай ляшчыны вызвалялася з засечкі, ляшчына выпрастоўвалася і паднімала зайца ўверх, які, схоплены пятлёй за горла альбо пасярэдзіне, засільваўся альбо доўгі час пішчаў, пакуль хто-небудзь не прыбяжыць, каб яго дабіць альбо забраць жывым. У звычайных ліс нават шротам пазбягалі страляць, не жадаючы сапсаваць іх скуру; ужывалі атруту са стрыхнінам, які звычайна прымянялі на чорных ліс, калі была канстатаваная іх прысутнасць. Кулі ішлі для палявання на звяроў вялікага калібру, а сібіракі не толькі прыцэльна стралялі, але таксама ўмелі дужацца з мядзведзямі.
Мясповыя сібірскія качавыя народнасці зімой займаліся толькі паляваннем, ужываючы найчасцей для гэтага лук, у чым мелі выключную трэніроўку. Падпарадкоўваючыся міграцыі звера, качавыя плямёны пераносілі намёты, каб забяспечыць сваё існаванне і неабходны заробак для закупкі пораху, гарэлкі і некаторых еўрапейскіх прадуктаў.
Жахлівую лоўлю арганізоўвалі плямёны качэўнікаў, палюючы на вавёрак, якія ў Сібіры змяняюць колер на папялісты; скуркі іх у гандлі называюцца папялец. Вялікімі зграямі яны мігруюць з поўначы на поўдзень, пераскокваючы па галінах дрэў. У гэты перыяд качэўнікі страляюць у іх з лукаў стрэламі, зробле-
нымі з дрэва, у якіх замест вастрыя меўся маленькі шарык, каб не прадзіравіць скурку, ад удару якога вавёркі падалі на зямлю. Выстралы былі настолькі меткія, што страла падала разам з вавёркай і магла быць выкарыстанай яшчэ раз. Вельмі рэдка здаралася, каб гэтая страла згубілася, бо яна мела болыпую вартасць у параўнанні з вавёркай і павінна служыць яшчэ доўгі час. Жанчыны, якія звычайна суправаджалі сваіх мужоў падчас палявання на вавёрак, здзіралі скуркі з забітых альбо аглушаных ударам вавёрак. Качэўнікі забіваюць шмат вялікай жывёлы; ловяць і атручваюць ліс, дастаўляючы каштоўнае футра ў Еўропу.
Праз некалькі дзён нашага побыту ў гэтай лясной мясцовасці мы вялі жыццё на зайздрасць. Хто мог падумаць, што польскія катаржнікі ператворацца ў турыстаў, якія будуць мець магчымасць паляваць на дзікага звера ў сібірскіх лясах? Калі я гэта пішу цяпер, баюся, што мяне будуць падазраваць у хлусні. Аднак усё гэта неаспрэчная праўда, гэта могуць пацвердзіць іншыя, маладзейшыя за мяне, яшчэ жывыя ўдзельнікі падарожжа гэтай партыі.
Я таксама рабіў недалёкія выправы ў зарасніках гэтай вёскі, палюючы на малых звяроў і птушак, не маючы магчымасці знікаць надоўга, бо выконваў абавязкі старасты. Упаляваў цікавыя і невядомыя мне віды жывёл і птушак, жадаючы разгледзець іх бліжэй. Сярод іх мне ўзгадваецца бурундук, спрытны звярок такіх самых памераў, як шашок, са скуркай карычневага колеру з белымі крапінкамі. Я назіраў за спалоханымі зайцамі, яны скакалі ў розных напрамках, у іх я не страляў, жадаючы зэканоміць патроны. Паводле парад жыхара аднаго з дамоў, які суправаджаў мяне, каб я не заблукаў, я рабіў пятлю.
Такі лад жыцця, добрая ежа і знаходжанне на свежым паветры добра ўплывалі на стан нашага здароўя, а ў некаторых на вяртанне бадзёрасці, што было відаць па іх знешнасці. У сваю чаргу, па-асабліваму паўплываў наш побыт на дадзеную вёску у выдатнай лясной мясцовасці. Прыкладна праз 5 дзён начальнік нам паведаміў аб атрыманні загаду з Табольска на адпраўку нашай партыі да гэтага горада, дзе мы застанемся да той пары, пакуль не ачысціцца ад ільду рака Об5'°. Адносіны, завязаныя падчас гэтага дастаткова доўгага побыту, былі вельмі сардэчныя, гэта прывяло, да таго, што расстанне для многіх было вельмі цяжкое. На золку сяляне грамадой правялі нас за вёску, пры гэтым там была вялікая колькасць жанчын; шмат развітальных слёз было выплакана.
Праходзячы з поспехам ад этапу да этапу паводле прынятага метаду, мы паволі набліжаліся да вялікага горада Табольска, дзе была вялікая турма, па памерах прыкладна, як маскоўская, такія былі чуткі. Мы ведалі, што нам было б немагчыма вольна размясціцца ў кватэрах Табольска, бо моцны гарнізон, які там быў, пастраляў бы нас усіх без выключэння. Таму, перад тым як мы дайшлі да месца, дзе ахова з Табольска павінна была нас прыняць пад нагляд, катаржнікі начапілі кайданы на ногі, а пасяленцы б далі прымацаваць сябе да прутоў, і палову дарогі мы ішлі згодна з правілам, каб выканаць усе патрабаванні перад уваходам да вялікай брамы турэмных будынкаў Табольска.
Мы праходзілі праз двары вялікай колькасці будынкаў, да таго як мы дайшлі да прызначанага для нашай партыі, часткова ўжо запоўненых іншымі партыямі польскіх выгнаннікаў, раней за нас прыведзеных у Табольск, дзе знаходзіліся вялікія этапы, для нашага свабоднага размяшчэння, вядома, што не на ложках, а на нарах і падлозе, дзе мы адразу асвоіліся, робячы сабе пасцелі са сваіх манаткаў. 3 усіх вялікіх этапаў, якія былі паблізу Табольска, не выключаючы і нашага, былі размешчаны ў турме гэтага горада да таго часу, пакуль рака Об не вызваліцца ад ільду і па ёй можна будзе плысці на чаўнах.
Мы засталі ўсе будынкі табольскай турмы ўжо перапоўненымі, бо і крымінальныя былі ўжо туды прыведзеныя. Вялікая частка палякаў, асуджаных на пасяленне ў вёсках Табольскай губерні, а таксама маскалі павінны былі пакінуць турму, яны не ўдзельнічалі ў далейшым падарожжы па Сібіры. Таксама многія з палякаў, высланыя ў горад Табольск на пасяленне, павінны былі развітацца з намі, пакідаючы турму пасля ўрэгулявання некаторых фармальнасцяў, і перабрацца ў горад, дзе будуць заставацца пад наглядам паліцыі.
Тым часам мы, асуджаныя 5 ці 6 партый, былі сабраныя ў шырокіх залах вялікага будынка, рэпрэзентуючы сабой усе правінцыі Польшчы. Доўгі час мы былі занятыя знаёмствам паміж сабой; часта адбываліся кранальныя сустрэчы сваякоў і знаёмых. Для нас было шчасцем, прызвычаеных да камфорту падчас падарожжа па Сібіры, што турэмны будынак Табольска быў не толькі вялікі, але і трымаўся ў чысціні, і ўжо не так складана было бараніцца ад нападу невялікай колькасці насякомых, а таксама ўсталяваць нашыя майстэрні, бо, паводле пачутых падказак, побыт у турме асуджаных на працяг падарожжа ў глыб Сібіры павінен быў пра-
цягнуцца дастаткова доўгі час. Зноў пачаліся лекцыі, заняткі, выданне перыёдыкі і вячэрнія канферэнцыі не толькі ў нашай партыі, але з невялікімі адрозненнямі і ў іншых, у якіх мы ўдзельнічалі. Дзякуючы такой магчымасці ажыццяўляліся крытыка і канкурэнцыя, а перш за ўсё знаёміліся людзі і наладжваліся кантакты паміж магутнымі людзьмі, бо ва ўсіх партыях знаходзіліся вялікія палякі. Такім чынам, у далёкім выгнанні інтэлектуальная праца не пераставала падмацоўваць нашыя розумы для таго, каб увесь час захоўваць бадзёрасць і быць гатовымі да выратавання ад найменшай заганы польскага імя ў гэтым краі, дзе існавала адметная сібірская цывілізацыя. [...]
Мы даведаліся, што кіраўнік Табольскай губерні быў палякам511, а разам з тым сумленным чалавекам і што пад яго апекай і кіраўніцтвам знаходзіцца адміністрацыя табольскай турмы, ён меў складаную задачу, бо тут ішла справа аб арганізацыі засялення правінцыі пасяленцамі і кіраванні тысячамі зняволеных, якія амаль заўсёды перапаўнялі турэмныя будынкі тых самых памераў, што і ў Маскве. Таксама, як і ў Маскве, акрамя турэмных будынкаў прызначаных для разнастайнага кшталту асуджаных, знаходзяцца кабінеты адміністрацыі, кухня і г. д. і нават вялікая царква, з якой амаль кожны дзень вывозяць на могілкі памерлых, тых, хто ўжо вызваліўся з турмы. Падчас побыту ў Табольску нашай партыі мне надарылася суправаджаць памерлага паўстанца з іншай партыі аж да турэмных варот, калі нашыя капланы чыталі над ім жалобныя малітвы. Нам не дазволілі далей суправаджаць нябожчыка; ён быў вывезены папом да мясцовых могілак, дзе з агульнай для ўсіх памерлых труны былі вынятыя яго парэшткі і засыпаны чужой зямлёй. [...]