Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
160.92 МБ
Маё прадпрыемства развівалася паспяхова; атрымліваў з кожным разам усё болей замоў, што прымушала мяне павялічваць колькасць практыкантаў, якія працавалі задарма, і працаўнікоў, якім я плаціў заробак, шукаў іх сярод землякоў, якія ведалі кравецкую справу. Поспех майго прадпрыемства прывёў да таго, што мая праца абмяжоўвалася толькі раскроем матэрыялу і наглядам за якасным выкананнем працы. Я не дапускаў, каб зробленая дрэнна шапка пакідала маю майстэрню, у выніку чаго поспех мой увесь час рос, даючы мне вялікі заробак. Mae працаўнікі таксама маглі добра зарабляць, яны ўсё болей вучыліся і паступова ўдасканальваліся. Замест таго каб іх падганяць, я абраў метад рабіць ім заўвагі, каб яны не спяшаліся і стараліся рабіць усё акуратна, выконваць працу паволі. Самая малая памылка прыводзіла да распорвання і паўтору працы.
У хуткім часе я меў столькі дасканалых памочнікаў, што мог пайсці ў горад для закупкі матэрыялаў і наведвання сяброў і знаёмых, каб заставацца ў непарыўнай сувязі з нашай арганізацыяй і даведвацца аб працягу польскага мартыралога. Я падтрымліваў непарыўную сувязь з любімым сябрам, членам аддзела Нацыянальнага ўрада ў Вільні, якога падазравалі ў падтрымцы сувязі з паўстанцамі і які быў сасланы на пасяленне ў Томск на некалькі тыдняў раней за мяне. Наша неспадзяваная сустрэча выклікала асаблівую радасць і прывяла да нечаканага павелічэння маіх даходаў, бо Сулістроўскі514, як вельмі багаты чалавек, змог навязаць шырокія кантакты з выбітным таварыствам шукальнікаў золата ў Табольску, рэкамендуючы мяне як мастака па ўпрыгожанні дамоў васковымі кветкамі, плюшчам і павітухай, а гэта шчодра аплачвалася. Занятак гэтай працай не прыводзіў да заняпаду вырабу шапак і шыцця чахлоў для саф’янавых падушак, бо меў у сваім прадпрыемстве здольных майстроў, якія маглі замяніць мяне ў выпадку адсутнасці.
Фінансавы поспех мог бы хутка ўзбагаціць мяне, але неразумна было заставацца занадта доўга ў Томску, бо маё прозвішча было вядомае многім калегам, з якімі мы разам падарожнічалі і хто застаўся тут, а таксама прыбылым пазней землякам, з якімі даўно быў знаёмы, а сустрэўшы мяне ў горадзе, клікалі пры ўсіх па імені, жадаючы прывітацца з Мінейкам. Таму мне прыходзілася пярэчыць, казаць, што яны памыляюцца, бо мяне завуць па-
іншаму, у што не хацелі верыць, здзіўляючыся такому незвычайнаму падабенству са мной.
Гэта ўсё магло скончыцца для мяне, а таксама для доктара Акінчыца і варшавяка Вашкевіча хуткім выкрыццём і жахлівым пакараннем як збеглых катаржнікаў. Звычайна пасля ідэнтыфікацыі і прызнання ва ўцёках іх выракалі на некалькі сотняў удараў бізуна, інструмента, які складаўся з трох пасаў, на канцах якога былі прымацаваныя алавяныя шарыкі, пасля ўдару размашыстай рукой ката яны глыбока ўпіваліся ў цела з абодвух бакоў пазванковай косткі правапарушальніка, выдзіраючы яе да асновы. Асуджанага на пакаранне бізуном распраналі, прывязвалі да крэсла спецыяльнай канструкцыі для павароту спіны пад вуглом 45° для паступовай працэдуры ката, якая прараблялася ўздоўж усяго хрыбта, пачынаючы ад шыі і да паясніцы. Пасля пакарання не застаецца ні крошкі мышцаў, толькі пазванковыя косткі выразна праглядаюцца, як гэта адбываецца падчас разглядання шкілету. Рэдка пасля такога пакарання асуджаны папраўляецца, амаль заўсёды памірае. Падчас такой экзекуцыі прысутны доктар, заўважыўшы, што асуджаны губляе прытомнасць, мае права спыніць збіццё бізуном і канстатаваць немагчымасць вытрымаць пакаранне, часова вызваліць яго, адсылаючы ў шпіталь, а тыя ўдары, якія засталіся, атрымаць па вылечаным хрыбце і агаліць мышцы толькі загоенага цела.
Ведаючы, якія жорсткія наступствы нас могуць чакаць, мы ўсе ўтрох стараліся паскорыць час нашых уцёкаў, для ажыццяўлення якіх неабходныя грошы збіраліся з вялікім поспехам, павялічаныя за кошт значнай сумы высланай маёй маці пану Міхалоўскаму515, ужо даўно сасланаму ў Томск, з просьбай перадаць грошы мне, як толькі я прыбуду ў гэты горад. За гэтыя грошы мы купілі тарантас і пару коней, неабходных для нашых уцёкаў, якіх мы перадалі часова землякам, што займаліся гандлем. Тады ж Вашкевіч, маючы ў горадзе знаёмствы, змог даць хабар мясцовым чыноўнікам і дастаць пашпарты для нас трох як для сібіракоў, якія едуць у Маскву і Пецярбург для вырашэння пэўных спраў.
Доктар Акінчыц, які тут хаваўся пад змененым прозвішчам нябожчыка, сасланага на пасяленне ў Томску і які не быў лекарам, займаўся перапіскай дакументаў у нейкай прыватнай канторы, перадаючы заробак у нашу агульную касу, якой павінна было
хапіць на падрыхтоўку і неабходныя выдаткі ў час падарожжа. Мы ўсе ўтрох напружана працавалі, аб’яднаўшы нашы сілы і ўсё, што было неабходна для ажыццяўлення нашага прадпрыемства. Мы вырашылі ў тым выпадку, калі нас схопяць, не будзем прызнавацца, што мы беглыя катаржнікі, нават калі знойдуцца сведкі, якія будуць абвяргаць нашую хлусню, дзеля таго, каб пазбегнуць катаванняў; гэта адзіны сродак, паводле маскоўскіх законаў, які вымагае прызнаць віну асуджанага для ажыццяўлення адпаведнай кары.
Праз два месяцы побыту ў Томску і разлікаў паспяховасці нашых уцёкаў, а таксама пасля рэгістрацыі ў паліцыі, пад наглядам якой знаходзіліся, у першы дзень кожнага месяца, у той самы вечар мы пакінулі Томск, уцякаючы той самай дарогай, па якой нас гналі на катаргу.
Цяпер лічу адпаведным апісаць дэтальна эпізод, які тычыцца смерці таварыша з віленскай гімназіі Струмілы, і наступствы, якія сустрэлі мяне ў сувязі з гэтым выпадкам.
У дарозе паміж гарадамі Цюмень516 і Томск Струміла, жахліва змучаны тыфам на адным этапе, дзе мы адпачывалі, памёр. Да таго як надышла смерць, ён зразумеў, што смерць непазбежна, паклікаў мяне да сябе, просячы, каб я даслаў пры пасярэдніцтве маёй маці кнігу для набажэнстваў яго маці, што жыве ў Вільні, адзіную памятную рэч, якую ёй пакідаў пасля сябе. Падчас гэтага ён упаўнамоцніў мяне, каб я забраў сабе сто рублёў, якія ён зарабіў падчас падарожжа, з умовай, што гэтыя грошы верне яго маці, якая жыла ў нястачы, мая сям’я. Я намагаўся супакоіць яго, надаць упэўненасці, што ён зможа выратавацца, як гэта адбылося са мной, але ён быў перакананы, што не пазбегне смерці, змушаючы прыняць грошы і кнігу для набажэнстваў і абяцаць, што я выканаю ўсё, што тычыцца яго маці. У хуткім часе на маіх руках ён развітаўся назаўсёды са сваімі пакутамі.
Як стараста, я змог з лёгкасцю адаслаць пры пасярэдніцтве начальніка этапу ліст сваёй маці разам з кнігай для набажэнстваў, просячы падрыхтавацца да паведамлення аб панесенай страце — аб смерці яе першароднага сына, перадаючы па ім кнігу ў спадчыну і сто рублёў. Зразумела, што ў гэтым лісце, які маглі праглядаць, я не ўзгадваў аб сваёй метамарфозе і ператварэнні ў Струмілу. Пра гэта мая маці не ведала таксама, як і пра тое, што я пасяліўся ў Томску і рыхтаваў уцёкі.
Смерць Струмілы выклікала неадкладнае галасаванне паміж тымі, хто быў асуджаны да цяжкіх прац і меў падобны з нябожчыкам рост і рысы твару. Знайшлося пяць прэтэндэнтаў на гэта. Галасаванне прайшло на маю карысць, мяняючы маё наканаванне.
Гэтая смерць паўплывала таксама на далейшыя лёсы ў маёй сям’і. Для таго каб іх апісаць, я вымушаны папярэдзіць гэта апісаннем выпадкаў, якія адбыліся пасля маіх уцёкаў і ў пазнейшы час. Мая маці разам з маёй малодшай сястрой Разаліяй, тады ва ўзросце гадоў дваццаці, пасля атрымання майго ліста наведалі пані Струмілу, каб паволі падрыхтаваць яе да балючага ўдару ў сувязі са смерцю сына, паведаміць ёй аб атрыманні ліста ад мяне, у якім пішу пра тыф, на які хварэе яе сын, і пра атрыманае распараджэнне ад яго, бо не ў стане сам напісаць ліст, каб не пакутавала з-за часовага перапынку перапіскі. Візіты, паўтораныя некалькі разоў не супакойвалі пані Струмілу, якая пачала думаць, што крызіс павінен ужо прыйсці і што яе паволі хочуць падрыхтаваць да жорсткага ўдару, выкліканага смерцю сына, які высланы ў Томск толькі па падазрэнні, мог хутка вярнуцца і далей працягваць утрымліваць сваю сям’ю.
Мая маці таксама зразумела, што немагчыма і непатрэбна далей захоўваць сакрэт, паведаміла спакутаванай маці аб панесенай страце, супакойвала яе, наколькі гэта магчыма, яднаючы ў тую хвіліну слёзы, выплаканыя разам. 3 тае пары знаёмства гэтых жанчын было непарыўнае, тым больш што завязалася каханне паміж малодшым сынам п. Струмілы і маёй сястрой, чаго яна і не хавала. У сваю чаргу, мая маці, не маючы падстаў быць супраць яе замужжа, хацела толькі знайсці месца працы будучаму зяцю, бо тады ён не меў адпаведнага занятку для забеспячэння сям’і, а выдзелены пасаг мог заўчасна змарнавацца, прыводзячы ў выніку да беднасці.
Пасля двухбаковай сямейнай нарады, было вырашана, каб заручаны з маёй сястрой малады Струміла паехаў у Пецярбург, дзе з вялікай колькасцю рэкамендацый і некалькімі тысячамі рублёў, выдадзеных маёй маці ў кошт пасагу, мог забяспечыць сабе пражыванне і даць у выпадку неабходнасці хабар, каб атрымаць дзяржаўную пасаду ў Вільні, на што меў права разлічваць, маючы дыплом аб заканчэнні гімназіі, а месцы там звычайна забяспечваліся подкупам. Малады Струміла пры ад’ездзе ў Пецярбург выказаў надзею на хуткае і паспяховае завяршэнне справы з дапамогай навязаных кантактаў, але час ішоў, а розныя перашкоды для вяртання ўсё не знікалі.
Урэшце праз год маёй сястры паведамілі аб хуткім вяртанні нарачонага, які прасіў перанесці дзень шлюбу і абавязкова выканаць яго просьбу. Жаданне нарачонага было выкананае, і ўсе, хто павінен быў прысутнічаць на вяселлі, сабраліся ў кватэры маёй маці разам з густоўна апранутым Струмілам, адкуль усе павінны былі выправіцца ў касцёл на шлюб. Аднак у апошні момант нарачоны папрасіў, каб яго пачакалі, бо забыў у кватэры сваёй маці нейкі падарунак, з якім хутка вернецца. Час ішоў, нецярплівасць тых, хто чакаў вяртання нарачонага, узрастала ўсё мацней, вымусіла іх выслаць сватоў для таго, каб як мага хутчэй прывесці яго. Стукалі ў замкнёныя дзверы доўгі час, не дастукаўшыся, выклікалі паліцыю, каб выбіць дзверы; хутка было канстатаванае самазабойства нарачонага і прачытаны ліст ад яго, у якім ён паведамляў, што, будучы выкарыстаным прайдохамі, якія акалялі яго ў Пецярбургу, выдаткаваў усе грошы, не атрымаўшы абяцанай яму пасады. У выніку лічыць, што ён не мае права на шлюб, забівае сябе стрэлам у сэрца, просячы прабачэння ў дарагіх яму людзей.