Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль
Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
Пасля нядоўгіх разваг кузэны пашапталіся адзін з адным і, пакідаючы нас у вітальні разам са старой служанкай, накіраваліся ў пакой на сакрэтную размову. Мы засталіся ў вітальні, нас апаноўвала раздражненне ад доўгай адсутнасці таварыша, а таксама ад таго, што нас не паклікалі на размову. У сувязі з гэтым Вашкевіч пачаў думаць, што кузэн нашага таварыша мае намер выдаць нас маскалям, пачаў аналізаваць сітуацыю, каб упэўніцца ў сваім падазрэнні, бо той тросся і быў устрывожаны замест таго, каб узрадавацца сустрэчы са сваім братам і знаёмству з землякамі. Я намагаўся супакоіць Вашкевіча, але гэта было немагчыма. Ён не мог зразумець халоднасці і прабачыць, што нас пакінулі ў вітальні, мне на вуха паўтараў пагрозы, што «не разлічвае кузэн доктара Ахінчыца, што я яго задушу адразу, калі ён нас выдасць». Нарэшце перад намі з’явіўся Аляксандр Акінчыц і, шапнуўшы на вуха, што ўсё ў парадку, вывеў нас з кватэры доктара, які ўвогуле не выйшаў да нас, каб развітацца.
Мы даведаліся аб абяцаных нам грашах на дарогу караблём з Малмыжа ў Казань і адтуль чыгункай да Масквы, а таксама даў нам кузэн нашага доктара дастатковую суму грошай, бо пошук неабходных сродкаў на далейшае падарожжа з Масквы гарантаваў я. Вашкевіч не супакойваўся, абвінавачваючы нашага дабрадзея
ў няпольскіх паводзінах адносна свайго кузэна і нас, землякоў, чым абражаў і нашага таварыша. Ён не мог супакоіцца пасля таго, як даведаўся, што той нядаўна перавёз з Польшчы сваю жонку і дзяцей, а гэта выклікала вялікія выдаткі, і што шмат часу пайшло на тое, каб сабраць рэшту сярэбраных і залатых у сваіх і ў схованках жонкі неабходнай для нас сумы грошай — пасля папярэдніх падлікаў. Гэтая навіна, што ў ахвяраваннях для нас удзельнічала жонка кузэна нашага Акінчыца, яшчэ больш раззлавала Вашкевіча. Абвінавачваў яе ў недахопе польскіх пачуццяў, бо пакінула за дзвярамі землякоў, над галовамі якіх вісела сякера, замест таго, каб пачаставаць і накарміць іх і суцешыць, як гэта зрабіла б сапраўдная полька.
Разумеючы, што далейшая дыскусія не зможа супакоійь Вашкевіча, я загадаў спыніць размову, просячы прабачэння за абразу доктара Акінчыца і яго кузэна, беручы пад увагу, што гэта адбылося не наўмысна, а толькі з-за ўпартасці і жадання Вашкевіча перамагчы ў выкліканай дыскусіі, хоць няслушнай і неадпаведнай. Часта адбываецца так, што самы добры ўчынак замест таго, каб выклікаць удзячнасць, прыводзіцьда несправядлівай ацэнкі панесеных ахвяр, як гэта адбывалася цяпер, калі з намі дзяліліся выратаваным скарбам, які захоўвалі для патрэб сям’і, што знаходзілася ў выгнанні. А асцярожнасць, захаваная перад ворагам, была прынятая за здраду. Для мяне такія паводзіны Вашкевіча былі вельмі назойлівымі, бо я добра ведаў яго сумленную натуру. Я таксама быў упэўнены, што хутка, расчулены, ён будзе патрабаваць прабачэння ў доктара Акінчыца.
Між тым мы ішлі ў бок даліны ракі, дзе была прыстань карабля, на якім мы павінны былі паплысці ў Казань. Пасля таго як мы купілі білеты на параход, які хадзіў паміж Малмыжам і Казанню туды і назад, пра што даведаўся калега Акінчыц ад свайго кузэна, а таксама тое, што адыходзіць ён на золку, мы адразу скіраваліся на борт, каб заняць лепшыя месцы. Хоць многія пасажыры нас апярэдзілі, мы змаглі знайсці адпаведны куток, каб размясціцца разам. Пасля невялікай нарады мы вырашылі, што я з Вашкевічам пайду адпачыць пару гадзін, можа болей, пад наглядам Акінчыца, які меў гадзіннік, аж да той пары, пакуль яго не пачне забіраць сон, бо пасля мы ўдвух па чарзе павінны будзем сачыць за ім, каб не дапусціць яго размоў па-польску. Я забыў дадаць, што перад тым, як пайсці спаць, мы пад’елі закупленымі ў Малмыжы багатымі правіянтамі.
Мы спалі вельмі доўга, прачнуліся толькі на наступны дзень. Пасля мы ўгаворвалі Вашкевіча, каб ён прыкідваўся, што спіць на працягу ўсяго падарожжа, каб пазбегнуць размоў з пасажырамі і не выдаць сябе, Вашкевіч казаў, што нашыя страхі пустыя і што ён па-маскоўску гаворыць лепей, чым мясцовыя жыхары татарскай расы, але паслухаў нас, удаючы, што дрэмле, хоць выспаўся празмерна і вельмі пакутаваў ад бяздзейнасці і нерухомасці. Гэтая пасіўнасць раздражняла і нас з Акінчыцам, мы прызвычаіліся да руху і пастаяннай дзейнасці, але мы былі вымушаныя пазбягаць кантактаў і заставацца незаўважанымі для аматараў завязаць размову, якія жадалі такім чынам пазбегнуць нуды ў час падарожжа. У іх некалькі разоў атрымалася заангажаваць да гэтага доктара Акінчыца, да гаворкі ўважліва прыслухоўваўся Вашкевіч. Гэта прымусіла мяне ўзяць у ёй удзел з намерам працягнуць распачатую дыскусію, як таму, хто добра ведаў мову і нават сібірскія акцэнты. Аднак я заўважыў з вялікім здзіўленнем, што, нягледзячы на мае аратарскія здольнасці, вельмі хутка завяршаліся нават самыя цікавыя дэбаты, звязана гэта было з маёй цынгой. Гэтая зараза, якую я падхапіў, вымушала хутка ўцякаць аматараў размоў. Усвядоміўшы гэта, мне было дастаткова звярнуцца да пасажыра, які набліжаўся да нас, ці нават дзьмухнуць на яго, каб вымусіць уцячы. Галоўнае было, каб на нас не звярталі ўвагі. Найлепшым сродкам было засынаць альбо ўдаваць, што мы спім. Мы настолькі былі перанасычаныя сном, што страцілі здольнасць назіраць за цікавымі краявідамі ўзбярэжжа ракі.
Доўга наш карабель несла плынь ракі, што ўпадае ў Аку, магутную і хуткую, параход усё яшчэ ішоў без неабходнасці выкарыстоўваць пару, аж да моманту, калі пасля доўгага падарожжа рака Ака ўпадала ў іншую вельмі шырокую і вялікую рагу Волгу ніжэй Казані. Пачынаючы з гэтага месца выкарыстоўваць пару было ўжо неабходна, каб капітан нашага парахода змог перамагаць сустрэчную плынь, манеўруючы каля ўзбярэжжаў вялікай ракі. Я не памятаю, як доўга мы плылі на гэтым караблі, ведаю толькі тое, што самае меншае на працягу двух сутак мы на ім пакутавалі, перанасычаныя сном і змучаныя адсутнасцю рухаў.
Яшчэ адны абставіны, якія забыў апісаць раней, павялічвалі нашыя пакуты. Гэта было звязана з тым, што ў нас былі кароткапастрыжаныя валасы насуперак існуючай модзе. Звычайна мужыкі, як у Сібіры, так і ў Расіі, маюць доўгія валасы, роўна пастрыжаныя
ніжэй шыі, якія шчодра вылазяць з-пад шапкі, насунутай на галаву. У нас валасы былі кароткія, нас маглі прыняць за арыштантаў альбо рэкрутаў ці таксама жаўнераў, што вымушала нас насоўваць нашыя шапкі ажно за вушы, каб пазбегнуць падазрэнняў і не займець клопатаў з паліцыяй. На шчасце, насоўванне шапак за вушы практыкавалася ў Расіі, прыкладна як і ў Польшчы галаўны ўбор зацягваўся набакір. Як у іх, так і ў нас гэта рабіла моладзь, якая хацела прадэманстраваць сваю прыналежнасць да сапраўдных удальцоў. Гэты метад нам сапраўды дапамог захаваць у сакрэце нашыя абстрыжаныя галовы, бо пры глыбока схаваных галовах у вялікіх шапках падавалася, што нашыя валасы хаваюцца пад імі. Толькі ноччу, праверыўшы, ці ўсе, хто знаходзіцца паблізу ад нас, спяць, мы маглі на нейкі час здымаць шапкі, каб асвяжыцца ветрам і зноў іх надзець, працягваючы далей драмайь і спаць пад прымусам.
Калі мы набліжаліся да дэбаркадэра, на караблі ўзнік інтэнсіўны рух, усе збіралі свае пасцелі і вопратку, мы, у сваю чаргу, заставаліся ў нерухомым стане, робячы выгляд, што спім, бо толькі тое, што было апранутае на нас, з’яўлялася ўсім нашым скарбам. Мы падняліся з нашага логавішча, выпростваючыся на здранцвелых ад адсутнасці руху нагах, тады, калі карабель быў прышвартаваны, а падарожныя ціснуліся да дэбаркадэра; тады і мы разам з іншымі пакінулі карабель, накіроўваючыся адразу ўслед за іншымі на чыгуначную станцыю, каб дабрацца да Масквы.
Вялікую палёгку мы адчулі, маючы магчымасць вольна рухацца і шпацыраваць. Ніхто не цікавіўся мужыкамі, ніхто не пытаў у нас, ці маем мы пашпарты. Паўсюль, праходзячы каля царквы і месцах, дзе былі святыя абразы, мы на момант затрымліваліся, каб адбіць паклоны. Спыніліся мы толькі раз, беручы прыклад з іншых, каб купіць неабходны правіянт, бо той, што мы мелі, ужо скончыўся. Мы прыехалі на станцыю і, даведаўшыся, калі ад’язджае цягнік, вымушаны былі чакаць продажу білетаў, таму ў нас быў час, каб падсілкавацца толькі што закупленай ежай у зале чакання.
Раздзел XVII.
У дарозе да Масквы і Пецярбурга і побыт там
Мы былі сярод першых пасажыраў, якія ціснуліся ў вагон апошняга класа, дзе, апынуўшыся побач, мы глыбока нацягнулі на вушы шапкі і зноў працягвалі драмаць, каб пазбегнуць размовы, хоць мы і не былі абыякавыя да ўсяго, што вакол нас адбывалася. Вагон хутка напоўніўся і часта падчас падарожжа пусцеў, напаўняўся новымі пасажырамі, асабліва ў ваколіцах Казані, дзе было многа татарскіх вёсак. Мы ўзгадвалі пакуты, якія перажылі нядаўна падчас падарожжа па гэтай зямлі ў супрацьлеглы бок, цяпер была зусім іншая сітуацыя, гэтая дарога несла нас да збаўлення. Нам хацелася радавацца і паказваць свае пачуцці, дзякаваць Богу, але мы павінны былі захоўваць абыякавасць, нас скоўвала немагчымасць дэманстраваць свае эмоцыі.
He магу ўзгадаць, калі мы пакінулі Казань і як доўга мы ехалі чыгункай, ведаю толькі тое, што ў першай палове дня мы без перашкод прыбылі ў Маскву і, нікім не патурбаваныя, пайшлі ў горад, каб, вылупіўшы вочы, разглядаць розныя мясціны, выдаючы сябе за сялянаў, якія першы раз наведалі гэты горад. У хуткім часе мы згубіліся ў натоўпе, не здзіўляючыся, што ніхто намі не зацікавіўся, бо ўсе звярталі ўвагу на саноўнікаў і вяльможаў, якім намагаліся саслужыць чыноўнікі і паліцэйскія ўлады. Тады я зразумеў, што пераапрананне ў сялянскае адзенне найлепей нас ратавала ад выкрыцця.
Цяпер для нас было важна знайсці грошы на далейшыя ўцёкі, бо тое, што ахвяраваў нам кузэн Акінчыца скончылася, у нашай касе засталося толькі пару капеек, за якія мы купілі трошкі балабашак520, каб спаталіць голад. Я ведаў, што цяпер на мне ляжыць абавязак знайсці сродкі на далейшыя ўцёкі, і не страціў веры, што змагу гэта зрабіць.
Яшчэ да таго, як пакінуць Томск, я дамовіўся з Юзафам Сулістроўскім, які, з’яўляючыся членам Нацыянальнай рады ў Віленскім
аддзеле, падтрымліваў сувязь з арганізацыяй у Маскве і Пецярбургу і, ведаючы, што я планую ўцячы, адразу перадаў мне неабходную інфармацыю адносна адрасоў кватэр і імёнаў людзей, да якіх я павінен быў звярнуцца, калі прыеду ў Маскву і мне будзе патрэбна дапамога. Гэтыя адрасы і імёны я захоўваў у памяці, узгадваючы і паўтараючы іх у час штодзённых малітваў, каб яны не забыліся. Гэта былі адрасы польскіх студэнтаў, якія працягвалі вучобу ў Маскоўскім універсітэце, бо нашыя польскія пасля падзелаў былі ліквідаваныя. У сваю чаргу, наша моладзь, сярод якой была вялікая колькасць студэнтаў, кіравала паўстаннем 1863 г., з невялікім удзелам старэйшага пакалення.